Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
 

МАЛЕНЬКІ ПАСТУХ
І ВЯЛІКІ
РАЗБОЙНІК

 

Той ноччу, калі па ўсёй авечай пашы разлілося ззянне нябеснага пасланца, маленькі пастух таксама пачуў вестку пра нараджэнне Божага Сына. Ён устаў з зямлі, скруціў сваю коўдру, наліў поў­ны збан малака і завязаў у клуначак хлеб з шынкаю. Усё гэта ён хацеў прынесці ў дар Божаму Сыну. Поўны радасці, пайшоў ён у Бэтлеем.

У гэтай мясцовасці драпежнічаў вялікі разбойнік. Са сваёй пячоры ён бачыў яркае святло над пашай для авечак. Чуў радасныя спевы, але не мог зразумець іх словаў. Таму зноў задумаў нядобрае: «Яны адзначаюць свята, а я сяджу адзін у сваёй пячоры, ды страўнік бурчыць ад голаду. Можа, падкрасціся да іх і разнюхаць, што там
украсці».

 Ледзьве разбойнік выйшаў з сваёй пячоры, адразу ж яму давялося схавацца за дрэвам, бо паўз яго адзін за адным ішлі пастухі. Яны цягнулі кошыкі з сырам і мёдам, неслі за плячыма мяхі, поў­ныя воўны, а адзін нават вёў з сабою ягня. Апошнім ішоў маленькі пастух. Ішоў павольна, бо меў цяжкую ношу. У адной руцэ ён нёс клуначак з ежай, у другой — збан, а скрутак з коўдраю па­клаў сабе на плечы. Разбойнік заўважыў, што адлегласць паміж маленькім пастухом і яго спадарожнікамі ўсё больш павялічвалася.

«Гэта мне даспадобы», — падумаў вялікі разбойнік. І стаў красціся за маленькім пастухом, чакаючы зручнага моманту, каб напасці на яго.

Але гэтаю ноччу на ўсіх дарогах панавала дзіўнае ажыўленне. Самыя бедныя жыхары краіны не маглі спаць. Многія выходзілі са сваіх хацінаў, глядзелі на неба і пыталіся, ці не здарылася штосьці асаблівае. Калі маленькі пастух праходзіў каля аднае такой хаціны, пры дзвярах ён заўважыў скурчанага гаспадара. Ён абшчапіў сябе рукамі і ляскаў зубамі.

— Што з табою? — спытаў маленькі пастух.

— Я мерзну, — сказаў стары чалавек. — Ад холаду не магу спаць.

Тады маленькі пастух зняў са сваіх плячэй коўд­ру і аддаў старому.

— Вазьмі, — сказаў ён. — Маленькаму Сыну Божаму напэўна спадабаецца, калі ў цябе будзе Яго коўдра.

Вялікі разбойнік, што падкрадваўся да маленькага пастушка, раззлаваўся. «Ён дорыць коўдру, якую я хацеў украсці!» — падумаў ён. Неўзабаве пасля гэтага маленькі пастух напаткаў дзяўчынку, якая сядзела перад сваёй хацінай і плакала.

— Што з табою? — спытаў ён.

— Я хачу піць, — паскардзілася дзяўчынка. — Ад смагі я не магу заснуць. А ісці да калодзежа далёка і цёмна.

Маленькі пастух даў дзяўчынцы збан з ма­лаком.

— Вазьмі, — сказаў ён. — Маленькаму Божаму Сыну напэўна спадабаецца, калі ты будзеш піць Яго малако.

Дзяўчынка ўзрадавалася, а разбойнік, які краў­ся за маленькім пастухом, раззлаваўся яшчэ больш. «Ён дорыць малако, якое я хацеў украсці! — падумаў ён. — Мне трэба спяшацца, каб здабыць ха­ця б клунак».

Яго галодны страўнік вельмі моцна бурчаў у ціхай ночы. Каля наступнае павароткі разбойнік наважыўся і скочыў на маленькага пастуха.

Пастушок здзіўлена паглядзеў на яго.

— Гэта ў цябе ў жываце так жудасна бурчыць? — спытаў ён. — Увесь час я чую за сабою гэтае буркатанне. Бедны чалавеча, як мне шкада цябе. Вось, вазьмі і з’еш! Маленькаму Божаму Сыну напэўна спадабаецца, калі я пачастую цябе Яго падарункам.

Разбойнік з’еў хлеб з шынкаю, не пакінуўшы ні кавалачка, але яму было прыкра, што ён атрымаў ежу ў дарунак.

— Цяпер мне давядзецца з пустымі рукамі стаяць перад маленькім Сынам Божым, — крыху сумна сказаў маленькі пастух. — Але ўсё ж такі я хачу пайсці прывітаць Яго і сказаць, што я рады Ягонаму нараджэнню.

І ён расказаў разбойніку пра тое, што аб’вясцілі нябесныя пасланцы.

Той скеміў: «Калі нарадзіўся Сын Божы, напэўна там збяруцца ўсе багатыя людзі і будзе шыкоўнае свята. Можа, і мне штосьці перападзе?»

— Хадзем са мною! — сказаў маленькі пастух як бы ў адказ на думкі разбойніка, і той пайшоў з хлопчыкам.

Але, прыйшоўшы ў Бэтлеем, разбойнік вельмі здзівіўся, бо там яны знайшлі толькі хлеў, у які заходзілі і выходзілі пастухі, маладую Маці, якая ткала з воўны, прынесенай пастухамі, маленькую коўдру і беднага чалавека, што збіваў дошкі, майструючы маленькі ложак. Божае Дзіця ляжала ў яслях, дзе нічога не было пасцелена, акрамя жменькі сена і некалькіх пялюшкаў.

«А я з’еў хлеб і шынку гэтага Дзіцяці», — падумаў разбойнік і засаромеўся.

— Глядзі, Маё Дзіцятка Езус, — сказала Маці Марыя, — да Цябе прыйшоў маленькі пастух
і прывёў з сабою вялікага разбойніка.

Маці Марыя ўсміхнулася маленькаму пастуху, і той раптам зразумеў, што прыйшоў усё ж такі не з пустымі рукамі. А Маці Марыя ўсміхнулася вялікаму разбойніку, што зусім збіла таго з панталыку, і ён падумаў: «Тут штосьці не так! Вялікіх разбойнікаў ніхто не шкадуе, ім нічога не дораць і ім ніхто не ўсміхаецца. Мне здаецца, што я ўжо зусім не вялікі разбойнік».

— Мне здаецца, ты мог бы стаць вялікім пастухом, — сказала раптам Маці Марыя. — Ты такі дужы. Дужыя пастухі заўсёды патрэбныя.

— Я паспрабую, — прабурчаў вялікі разбойнік, які, уласна кажучы, ужо не быў разбойнікам. Яны развіталіся і выправіліся ў дарогу, назад, на авечую пашу — два пастухі: маленькі і вялікі.

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.