Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
 

ДАРОГА ДА ЯСЛЯЎ

Адвэнтавая п’еса

 

7 дзейных асобаў:

зорка (фігура на палачцы, зорны шлейф, які рухаецца з дапамогаю шплінта), маленькі кароль, дзяўчынка, стары чалавек, тры Каралі.

(Гэтая п’еса падыходзіць для пастаноўкі ў лялечным тэатры. З невялікімі зменамі яе можна паставіць і па ролях.)

Сцэна 1

(На заднім плане — горы і пустыня. Наперадзе — кало­дзеж з вядром, пачэпленым на ланцужок. Злева ўзносіцца зорка і застаецца вісець высока над калодзежам. Памахвае зорным шлейфам).

Маленькі кароль (спачатку чуецца толькі яго дыханне. Ён выходзіць злева, у каралеўскай мантыі і з залатой каронаю на галаве). Ну, ты і ляціш, мая даражэнькая! Як страла!.. Дзе ты? Ужо зноў над наступнаю гарою? (Азіраецца, але ўверсе яе не шукае.) О, калодзеж! Калодзеж! (Заглядвае ў яго.) Гэй, зорка, што ты робіш там, унізе? (Здзіўляецца, глядзіць уверх, бачыць зорку, якая памахвае зорным шлейфам.) Ага, ты там, наверсе! А гэта толькі твой адбітак!.. Прывітанне, зорачка! Як добра, што ты прывяла мяне да калодзежа! (Ён падымае вядро з вадой наверх, п’е, між тым працягвае гаварыць.) Я не змог бы ісці далей! Ад стомы і смагі... О, вада зорнага колеру!.. Якая смачная! Ну вось, прагнаў смагу. Але ж як ногі баляць! Няма сумневу, што ў мяне на кожнай назе па дзесяць мазалёў. Дзе ж гэта бачана для караля, мая дарагая зорачка! Я не прывык хадзіць пешкі. Але з таго часу як аддаў свайго вярблюда... (Зорка радасна гайдаецца.) Ну так! Я пра­вільна зрабіў, што падарыў яго... Таму беднаму чалавеку з хворым хлопчыкам ён быў больш патрэбны, чым мне... І правільна, што я пакінуў свайго слугу з аслом той старой жанчыне, цяпер яна не будзе чуцца такой бездапаможнай і безабароннай. Але павер мне, дарагая зорачка, кароль без слугі, без жывёліны для верхавой язды, кароль, які падарожнічае зусім адзін і пешкі — гэта ўжо дзіўны кароль, і калі б у мяне не было каралеўскай мантыі і кароны, хто ведае, ці паверыў бы хто-небудзь, што я кароль! (Ён сядае побач з калодзежам, пазяхае.) Кароль, які шукае нованароджанага Збаўцу свету. Кароль, які бяжыць за зоркай, пешкі, з дваццаццю мазалямі... (Зорка гайдаецца.) Дзіўна, часам у мяне бывае такое адчуванне, што ты махаеш мне. Вось ізноў! Раней я гэтага не заўважаў, едучы на вярблюдзе. Ты падміргваеш і махаеш, калі я размаўляю з табой... Ну так, раней я размаўляў са сваім слугой, а не з табой, чаго ж табе было б падміргваць... Я стаміўся... Крыху пасплю... (Задрамаў.)

Дзяўчынка (з вядром, выходзіць справа. Падымаючы з калодзежа вядро з вадою, заўважае хлопчыка, які спіць). Так, зноў хтосьці. Гэта ўжо чацвёрты! Але ён вандруе зусім адзін, без слугі і паклажы. Ён не зможа падарыць нам, бедным вясковым дзецям, так шмат, як іншыя тры, што праходзілі тут на мінулым тыдні... Ну, крыху золата ў яго, напэўна, будзе... Калі б толькі ён прачнуўся, і я магла папрасіць... (Яна кашляе, кароль мармыча ў сне, яна кашляе мацней.) Кашаль яму зусім не перашкаджае. Тады паспяваю. (Яна спявае «Ах, які цудоўны вечар...» і заклікае дзяцей, калі яны ёсць сярод гледачоў, спяваць разам з ёю.)

Маленькі кароль (нарэшце прачынаецца). Хто там так прыгожа спявае?

Дзяўчынка. Ах, дарагі кароль, ты, напэўна, такі ж добры, як іншыя тры Каралі, што праходзілі тут да цябе, і штосьці падорыш нам, бедным вясковым дзецям? Бачыш, сёлета зямля не ўрадзіла, а салдаты забралі нашых кароў, таму ўсе дзеці ў вёсцы галадаюць.

Маленькі кароль. Зразумела, я вам што-небудзь падару... Гэй, слуга! (Ён апамятаўся, адкашліваецца.) Ой, гм... ведаеш, у мяне цяпер няма слугі, вярблюда і, на жаль, таксама няма грошай.

Дзяўчынка (расчаравана). А...

Маленькі кароль. Як недарэчна... Кароль, які нічога не можа падарыць. Праўда, зорка? Такога ты яшчэ ніколі не бачыла са сваёй нябеснай вышыні. (Зорка моцна гайдаецца.) Што? Здаецца, ты хочаш мне штосьці сказаць? Чаго ты так гайдаешся?

Дзяўчынка. Як прыгожа адблісквае твая карона, калі зорка гайдаецца над табою...

Маленькі кароль. Карона... мая карона... (невялікая паўза.) Дзяўчынка, такая карона дорага каштуе, прынамсі дваццаць кароў і ежы на некалькі тыдняў. (Ён здымае карону і працягвае яе дзяўчынцы.) Вось, вазьмі маю карону і абмяняй яе на збожжа і кароў!

Дзяўчынка. Але... але...

Маленькі кароль. Ніякіх «але»! Нашто мне карона ў дарозе праз пустыні і горы! Ведаеш, як яна сціскала мне галаву... Наогул, з таго часу як я ха­джу пешкі і... гм! Шчыра кажучы, карона — гэта адзінае, што я магу табе падарыць!

Дзяўчынка. О, ты добры, вельмі добры, ты самы лепшы кароль! Яшчэ лепшы, чым іншыя тры Каралі!

Маленькі кароль. Іншыя тры?

Дзяўчынка. На мінулым тыдні яны праходзілі тут. Яны шукаюць Збаўцу.

Маленькі кароль. Ах, калі б я сустрэў іх! Калі б я дагнаў іх!

Дзяўчынка. Яны пайшлі ў гэтым напрамку, (паказвае направа) і насы ўвесь час падымалі да зорак. (Паказвае на зорку.) Над імі стаяла такая ж зорка, адна ў адну, можа, гэта была тая самая! (Зорка памахвае шлей­фам.) Дзякуй табе за карону, маленькі кароль, чацвёрты кароль! Усе дзеці ў вёсцы будуць успамінаць цябе, кожны вечар, калі з’яўляюцца зоркі! (Адыходзіць.)

Маленькі кароль. Ну, цяпер яна радуецца!.. Але мне трэба ісці далей... А можа, яшчэ крыху адпачыць? Зорачка, як ты думаеш?

(Зорка пачынае танцаваць, гучыць адпаведная музыка.)

Маленькі кароль. Ого! Такога я яшчэ не ба­чыў! Зорка — танцуе! Ты танцуеш для мяне? (Зорка ківае.) Ты разумееш, што я кажу? (Зорка ківае.) Ах, са мной адбываецца нешта дзівоснае — быццам музыка гучыць ува мне... Дзіўна, раней я такога не заўважаў, калі яшчэ насіў на галаве карону... (Кі­ваецца туды-сюды, зорка ў танцы плыве направа, кароль — за ёю, заслона апускаецца для змены дэкарацый.)

Сцэна 2

(На заднім плане — горы. Наперадзе — амаль што голае дрэва: голая галінка з рэдкімі папяровымі лістамі.)

(Зорка выплывае злева, зачэпліваецца за галінку, гайдаецца ў левы бок.)

Маленькі кароль (спачатку чуваць яго голас, крык, по­тым ён з’яўляецца злева). Ужо іду... Памятай, што я іду пешкі, з дзесяццю мазалямі на кожнай ступ­ні... Дзе ты схавалася? Ага, вунь — наверсе, на дрэве. Як добра, што ты прывяла мяне да гэтага дрэва. Прыхінуся сваёю стомленаю спінаю да камля і крыху адпачну. (Сядае.) Ведаеш, я цэлы дзень цешыўся тым, што надыдзе вечар і я ўбачу цябе зноў! (Утульна ахінаецца сваёй мантыяй.) О-ой! З гор дзьме халодны вецер... Як добра, што ў мяне такая цёплая мантыя! (Пазяхае.) Зорачка, я спаць не буду, толькі крыху самкну вочы, перш чым мы пойдзем далей! (Засынае.)

Стары чалавек (у парваным адзенні, выходзіць справа). Ох, як холадна сёння! Нават мае авечкі на пашы шчыльна туляцца адна да аднае, а ў іх жа цёплае калматае футра! Можа, я хоць пад гэтым дрэвам крыху знайду зацішак!.. Гоп-ля, тут ужо хтосьці ляжыць!.. Гм, у такой цудоўнай мантыі! Такія мантыі былі ў трох Каралёў, якія праходзілі тут на мінулым тыдні. Але ў гэтага няма кароны на галаве, няма нават шапкі. Ён, напэўна, важны слуга. Не буду яго будзіць. (Сядае на кукішкі пад дрэвам.) Толь­кі б мае зубы так не кляцалі... у-у-у, які халодны вецер! Толькі б мне не разбудзіць каралеўскага слугу сваімі зубамі! Ц-с-с, кажу я вам, ц-с-с! У-у-у...

Маленькі кароль (прачынаецца). Што тут так кляцае?

Стары чалавек. Прабачце, калі ласка. Гэта мае зубы так кляцаюць. У-у...

Маленькі кароль. Чаму ты не апранаешся цяплей у такую халадэчу?

Стары чалавек. Вось, калі ласка, я апрануў усё, што толькі знайшоў у сваёй хаціне: кашулю, світэр... ну, зрэшты, калісьці гэта быў світэр. А гэта, гэта калісьці быў мех, пакуль я не пашыў з яго сабе паліто.

Маленькі кароль. У тваім паліто больш дзірак, чым тканіны!

Стары чалавек. Ну, у беднага пастуха з гор, канешне ж, няма такога прыгожага паліто, як у каралеўскага слугі. Ці хто ты там такі. Каралеўскі пасланнік ці, магчыма, галоўны кухар...

Маленькі кароль. Гм!

Стары чалавек. Ты ж, відаць, са світы трох Каралёў, якія праходзілі тут на мінулым тыдні. Ты, мабыць, адстаў. Але не бядуй. На нізіне, куды твае паны ўжо, напэўна, прыйшлі, нашмат цяплей і прыгажэй, чым тут. Там, унізе, растуць пладовыя дрэвы і сонца свеціць цэлы дзень.

Маленькі кароль.  Там я ўпрэю ў сваёй каралеўскай мантыі. (Зорка пагойдваецца.)

Стары чалавек. Толькі цяпер я заўважыў залатыя ўзоры на тваёй мантыі, яны так блішчаць у святле зоркі.

Маленькі кароль (глядзіць уверх на зорку). Што ты зноў гайдаешся? Што мне трэба рабіць? Можа, увогуле, падарыць сваю мантыю пастуху, га? Нішто сабе! Вось дык прыдумала, зорка! Ты калі-небудзь бачыла караля без кароны і мантыі? Ты яшчэ й ківаеш? А вось я ніколі не бачыў такога! (Задумваецца.) Але гэта праўда: старому чалавеку тут, на гары, насамрэч патрэбна штосьці цёплае, каб не замерзнуць, а я ў сваёй мантыі буду прэць там, унізе! І праўда! (Бярэ мантыю і працягвае яе старому.) Бяры яе сабе!

Стары чалавек. О, мой добры пан! Вялікі табе дзякуй. Якое прыгожае цёплае паліто. У ім няма чаго баяцца сцюдзёнага горнага ветру!.. Я буду ўспамінаць пра цябе, седзячы пры сваіх авечках, кожны вечар, калі з’яўляюцца зоркі! (Адыходзіць.)

Маленькі кароль. Але ж ён і ўзрадаваўся! Праўда, зорка?

Зорка. А то ж!

Маленькі кароль (уздрыгвае, аглядаецца). Тут нехта загаварыў? Калі ласка, ёсць тут хто?

Зорка. Апроч нас дваіх я нікога не бачу!

Маленькі кароль (глядзіць уверх на зорку). Ведаеш, зорка... я... я... баюся!

Зорка. І чаго? Хіба толькі таго, што ты, нарэшце, разумееш мяне?

Маленькі кароль. Няўжо гэта ты са мной размаўляеш?

Зорка. Я ўвесь час з табою размаўляла, але ты не мог зразумець мяне...

Маленькі кароль. А цяпер пачаў раптам разумець...

Зорка. Вядомая рэч. Чым менш чалавек мае, тым лепш ён разумее мяне.

Маленькі кароль. І ты, нягледзячы на гэта, будзеш весці мяне да Збаўцы?

Зорка. Нягледзячы на гэта? Чаму, «нягледзячы на гэта»?

Маленькі кароль. Ну, таму што я цяпер не падобны да караля... ці пусцяць мяне ўвогуле ў палац?

Зорка. У які палац?

Маленькі кароль. Ды не пытайся ты пра такія глупствы, зорка! Зразумела, у палац нованароджанага Збаўцы.

Зорка. А, значыць, ты так уяўляеш сабе дом, дзе нарадзіўся маленькі Збаўца? Думаеш, што ён поўны раскошы і багацця, так?

Маленькі кароль. Ён будзе ляжаць у залатой калысцы. На мяккіх, як шоўк, падушках, вышытых зоркамі і кветкамі. Слугі будуць стаяць перад Ім на каленях і спяваць. А Яго Маці будзе сядзець на троне са слановай косці і махаць сваім служанкам ды казаць: «Сёння, калі ласка, пялюшкі з водарам фіялак для Майго Сына...»

(Зорка хіхікае.)

Маленькі кароль. Не смейся, зорка! Я ведаю, як бывае ў каралёў. Я ж сам кароль!

Зорка. Ты быў каралём... І вельмі здзівішся, калі ўбачыш, як насамрэч жыве нованароджаны Збаўца свету.

Маленькі кароль. Яшчэ больш урачыста?

Зорка. Ты думаеш, што Той, хто можа выратаваць людзей і ўвесь свет, жыве ў залатым доме
і дазваляе, каб Яму прыслугоўвалі?

Маленькі кароль. Гм... не ведаю...

Зорка. Ты думаеш, што перамагчы ўбогасць
і правіны свету, і нават смерць можа Той, хто сам не перажыў найгоршай беднасці? Хто сам не панёс на сабе ўсе правіны свету? Хто сам не аддасць... сваё жыццё?

Маленькі кароль. Не вярзі лухты, зорка. Да гэтага не дадумаецца ніводзін чалавек! (Паўза.)

Зорка. Апамятайся, маленькі кароль. Ты яшчэ зразумееш гэта, спакваля, з цягам часу... Хадзем, я павяду цябе далей... (Памахваючы зорным шлейфам, адыходзіць з дрэва ўправа.)

Маленькі кароль. Мне б толькі дагнаць трох іншых Каралёў! Можа, яны возьмуць мяне за пры­дворнага? Але ж я цяпер такі бедны, як найбядней­шы слуга ў маім доме. І нават яшчэ бяднейшы, бо ў таго ж быў я.

Зорка. Тром Каралям, напэўна, спатрэбіцца конюх ці кухцік.

Маленькі кароль. Спадзяюся, інакш я не ведаю, што са мной будзе...

Зорка (пяшчотна). Хадзі, маленькі кароль, які ўжо не кароль, але маеш зорку за сяброўку! Я буду танцаваць для цябе ў дарозе! Я буду спяваць для цябе. Не бойся, хадзі!

(Заслона. Падчас змены дэкарацый гучыць музыка.)

Сцэна 3

(Гарадская сцяна з вежаю злева, на заднім плане залатыя дахі і палацы. У начным небе шмат залатых зорак. Тры Каралі ўрачыста выходзяць злева, у поўным бляску і раскошы.)

Першы кароль. Гэта горад караля.

Другі кароль. Мэта нашага доўгага падарожжа.

Трэці кароль. Тут мы знойдзем нованароджанага Збаўцу свету. І ўрачыста паднясём яму свае дары.

Усе тры. Ладан, міру і золата.

Першы кароль. Трэба падрыхтавацца да ўрачыстага ўваходу.

Другі кароль. Коні і вярблюды павінны быць вычышчаныя.

Трэці кароль. Аброці і вупраж павінны блі­ш­чаць, як зорка, што нас прывяла.

Першы кароль. З гэтаю працаю добра спра­віцца наш новы маленькі слуга.

Другі кароль. Спачатку ён быў крыху ня­зграб­ны, але хутка навучыўся.

Трэці кароль. Нават наш галоўны кухар ім задаволены; каралеўскі посуд дазваляе чысціць толькі яму!

Першы кароль. А калі мы спусцілі з вока нашую зорку, то менавіта новы маленькі слуга паказаў нам яе. (Ён крычыць улева.) Гэй, хлопча!

Маленькі кароль (злева). Ваша Вялікасць...

Першы кароль. Прашу цябе, хлопча, узлезь на гэтую вежу і паглядзі, ці не спынілася зорка!

Маленькі кароль (адыходзіць улева, неўзабаве з’яўляецца на вежы гарадской сцяны). Слухайце, Ваша Вялікасць, што я скажу! Над горадам рассыпана шмат зорак, але нашай зоркі, з залатым зорным шлейфам, сярод іх не відаць.

Першы кароль. Пашукай уважліва, хлопча.

Другі кароль. Прыглядзіся добра!

Трэці кароль. Зорка павінна стаяць над палацам!

Маленькі кароль. Нашай зоркі няма над гэтым горадам. Ні над палацам, ні над храмам — нідзе.

Тры каралі. Нідзе?..

Маленькі кароль. Пачакайце крыху, Ваша Вялікасць, я адшукаю зорку! (Глядзіць і махае ва ўсе бакі.) Зорка, гэ-гэй! Дарагая мая сяброўка, дзе ты? Адгукніся! Я не бачу цябе! Залатыя дахі горада асляпляюць мне вочы...

(Стаіць цішыня, потым чуваць, як зорка крычыць здалёку.)

Зорка. Я тут! Тут!

Маленькі кароль. Дзе? Дзе?

Зорка. Тут, за горадам, за пашамі для авечак, далёка ад каралеўскага горада.

Маленькі кароль (паварочваецца). За горадам?..

Зорка. Так!

Першы кароль. Але ж і дзіўны ён, наш малень­кі слуга. Размаўляе сам з сабою, ды яшчэ так гучна...

Маленькі кароль. Ваша Вялікасць, я знайшоў зорку. Але яна віднеецца толькі дробнаю іскаркаю — далёка адсюль, над нейкім зусім маленькім горадам.

Першы кароль. Ты памыляешся... Гэтага не мо­жа быць! Давайце ўвойдзем у каралеўскі горад і спы­таем у палацы пра нованароджанага Збаўцу свету.

Другі і трэці кароль. Добра, так і зробім. (Адыходзяць у правы бок.)

Маленькі кароль (крычыць ім услед). Але ж паверце мне, калі ласка, паверце мне!.. Ну вось, паімчаліся, такія ўпартыя. Зорка, яны не паверылі мне! Што ж нам цяпер рабіць? Чакаць... Калі яны вернуцца, расчараваныя і сумныя, я суцешу іх і павяду за табой. (Заслона, нейкі час гучыць музыка.)

Сцэна 4

(Хлеў у Бэтлееме, яго дзверы зачыненыя. Зорка сядзіць на даху і радасна гайдаецца.)

Зорка. Ну, нарэшце! Нарэшце! Вось яны ідуць!.. Мне ўсё ж такі ўдалося прывесці ўсіх сюды! Зараз у Цябе будуць госці, дарагое Божае Дзіцятка! І падарункі: золата, ладан і міра. І да таго ж — маленькі кароль, які аддаў усё, ідучы да Цябе. Юзаф, запалі другі ліхтар! Маці Марыя, дарагая, пастаў гаршчок з супам на агонь! І далі туды больш вады, гасцей шмат!

Маленькі кароль (справа, перапоўнены радасцю, ён знаходзіць зорку). Прывітанне, мая дарагая зорачка!

Зорка. Прывітанне, мой сябра, які калісьці быў каралём!

Маленькі кароль (паказвае на хлеў, ціха, нясмела). Там, унутры? Сапраўды там, унутры? Зорка, ці здагадваешся ты, як моцна б’ецца маё сэрца?

Зорка. Ці здагадваюся? Я нават тут гэта чую, наверсе!

Маленькі кароль (махае ўправа, з’яўляюцца Каралі з падарункамі ў руках). Падыходзьце, Ваша Вялікасць, вось месца, дзе нарадзіўся Збаўца!

Першы кароль. Дзе? Я ўсё яшчэ не бачу зоркі.

Маленькі кароль. Вунь яна, наверсе, сядзіць на страсе! Бачыце, як яна радасна ззяе?

(Зорка весела перакульваецца некалькі разоў).

Другі кароль. Што? На страсе ўбогага хлява?

Трэці кароль. Я павінен прызнацца, што адразу ж прайшоў бы міма...

Першы кароль. Ты прывёў нас, хлопча!

Другі кароль. Бо ты давяраў зорцы, а не сваім асабістым жаданням.

Трэці кароль. Давайце ўвойдзем і ўрачыста паднясем Дзіцятку нашыя дары! (Ён дае маленькаму каралю патрымаць свае дары,адчыняе дзверы ў хлеў. Два іншыя Каралі ўваходзяць.)

Трэці кароль (кажа маленькаму каралю). Ну, заходзь жа!

Маленькі кароль. Пасля цябе, дарагі кароль! Я толькі бедны слуга!

Трэці кароль. Я думаю, што перад Збаўцам, які нарадзіўся ў гэтым бедным хляве, усе людзі роўныя: каралі і слугі, бедныя і багатыя... Хадзем!

(Ён падштурхоўвае маленькага караля наперад і апошнім уваходзіць у хлеў.)

Зорка. Я магу прасачыцца праз шчыліны. Як добра, што ў гэтай страсе столькі дзірак. Ах, яны ўкленчылі перад Дзіцяткам. Як жа радуюцца Марыя і Юзаф! І якімі вялікімі вачыма пазірае Дзіцятка. Пазірае на трох Каралёў, і з асаблівай цікаўнасцю — на маленькага караля, ах, як жа ён радуецца! І як мяне гэта цешыць! Ажно хочацца танцаваць! Танцаваць ад радасці!..

(Яна танцуе і скача на страсе. Гучыць узнёслая музыка. На заканчэнне зорка, хор і гледачы разам выконваюць калядную песню, гэта можа быць «Ціхая ноч», якую спяваюць на ўсіх мовах.)

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.