Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
 

БЭТЛЕЕМСКАЯ ЗОРКА


Калядная п’еса

15 дзейных асобаў:

пасланец; першы эскімос, другі эскімос, трэці эскімос; першы афрыканец (шаман), другі афрыканец, трэці афрыканец; першы індзеец (разведчык), другі індзеец (правадыр), дзяўчынка-індыянка (Маленькая Сястра Пярынка); першы кітаец, другі кітаец, дзяўчынка-кітаянка; брат (белатвары), сястра (белатварая).

* * *

Пасланец (у цёмным плашчы ці накідцы, выходзіць наперад на пустой сцэне і вітае публіку).

Хвала Хрысту! Шаноўны дружа!

Ты не чакай дзівосаў дужа

Ад нашай сённяшняй гульні:

Анёлы з зорнай вышыні

Тут не крыляюць таямніча,

Не будзе іскраў маляўнічых

З нябёсаў, зоркі над хлявом

І ні авечак з пастухом.

Тут — толькі я, жабрак убогі,

Я й ёсць анёл, пасланец Бога.

(Робіць крок наперад, прыветліва.)

Дзве тысячы гадоў таму ўрачыста

На небе ўзышла зорка ноччу мглістай.

Я з весткай паляцеў да пастушкоў

Аб тым, што сёння Бог на свет прыйшоў.

(Паглыблены ва ўспаміны.)

Збудзіўшыся са сну, яны знянацку

Спужаліся майго святога бляску

І ўпалі ніцма з жудасным чуццём,

Нябогі, за сваё яны жыццё.

Мне доўга давялося іх упрошваць,

«Не бойцеся!» — упарта заахвочваць,

І з долу падымаць — з тае пары

Ніколі не з’яўляюся ў зары.

Калі ж я мушу несці ў свет пасланне,

Ніхто майго не бачыць болей ззяння.

Спускаюся ў абліччы жабрака,

Але для ўсіх, хто весткі той чакаў,

Нясу дзівосны знак святою ноччу.

Бо сказана ў Евангеллі прароча,

Што Зорачка Калядная людзей

Ў Бэтлеем, да Дзіцяткі прывядзе.

(Выцягвае з-пад плашча зорку, зробленую з залатой паперы, з зубцамі і хвастом.)

Зірніце, як святло яе ірдзее,

За годам год яснее, прыгажэе.

Няма ў ёй ні загібаў, ні друзкоў,

Не траціць яна бляску прамянёў.

Магла б яна і сёння ззяць у небе,

Калі б вы адчувалі ў тым патрэбу,

Але ніхто не ўзніме ўверх вачэй —

Таму я з ёй спускаюся хутчэй,

Нясу ў далонях знак З’яўлення Бога,

Хто прагне да Яго знайсці дарогу —

Адкуль бы ён ні йшоў, таму кажу,

Што хутка гэты шлях я пакажу.

(Ён хавае зорку пад сваім плашчом і садзіцца на кукішкі на зямлю.)

* * *

(Тры эскімосы выходзяць на сцэну, адзін з іх заахвочвае астатніх ісці наперад, другі бурчыць, трэці з усімі згаджаецца. Другі і трэці эскімосы нясуць у руках рыбіны, зробленыя з рознакаляровай паперы, правадыр нясе плоскі бубен.)

Першы эскімос. Хадзем, хадзем! Не паддамося стоме! Хутка мы ўжо будзем на месцы. Ужо, мабыць, недалёка.

Другі эскімос. Я чую гэта ўжо колькі дзён! Заўсёды толькі ісці, ісці, ісці... па гэтай невыноснай мясцовасці, дзе няма ні айсбергаў, ні паўночнага ззяння. Можа, мы зусім не ў той бок ідзём... хто ведае?!

Трэці эскімос. Сапраўды. Хто ведае?

Другі эскімос. Я хацеў бы стаць буравеснікам і паляцець да Дзіцяткі Езуса. Я хацеў бы стаць цюленем, каб паплыць да Дзіцяткі Езуса. А гэтыя цяжкія рыбіны, што мы нясём! А раптам Дзіцятка Езус зусім не любіць рыбы, што тады?

Трэці эскімос. Сапраўды. А што тады?

Першы эскімос. Ну зразумела, што Дзі­цятка Езус любіць рыбу. Рыба — гэта цудоўны падарунак. Хіба вы ведаеце каго-небудзь, хто не любіць рыбы?

Трэці эскімос (да другога). Ну, бачыш. Яно любіць рыбу.

Другі эскімос. І ўвогуле дома было б нашмат утульней, у снежным доме пад мядзведжым футрам...

Трэці эскімос. Ах...

Другі эскімос. У нартах, якія імчаць...

Трэці эскімос. Ах...

Другі эскімос. У хуткім, як страла, чаўне...

Трэці эскімос. Ад тваіх слоў у мяне сэрца кроўю абліваецца. (Да першага.) Гэта была твая вар’­яцкая ідэя, каб мы шукалі Дзіцятка Езуса.

Першы эскімос. Так, мы павінны шукаць, а не сварыцца.

Другі эскімос. Нават сварыцца нам нельга.

Трэці эскімос. Нават сварыцца…

Першы эскімос. Дзіцятка Езус чакае нас!

Трэці эскімос (да другога). А ты пра гэта забыўся! Як жа можна было пра такое забыцца? Яно чакае нас! Наперад! Хадзем далей!

Другі эскімос (цяжка ўздыхае, але паддаецца). Там нехта ёсць. Запытай у яго дарогу!

Першы эскімос. Гэй, прывітанне! Ёсць тут хто-небудзь?

Пасланец (павольна ўстае).

Мяне мучыць голад.

Злітуйцеся і дайце вашай рыбы жабраку!

Другі эскімос. Чаго ён хоча?

Першы эскімос (здзіўлена). Ён хоча нашай ры­бы!

Другі эскімос. Нашага падарунка? Ён з глузду з’ехаў.

Трэці эскімос. З глузду з’ехаў.

Першы эскімос. Ён кажа, што ён галодны.

(Невялікая пауза.)

Другі эскімос. Спытай у яго, хто ён увогуле такі!

Першы эскімос. Хто ты такі?

Пасланец. Брат чалавечы!

Першы эскімос (да другога і трэцяга). Брат чалавечы.

Другі эскімос. Гэта значыць — эскімос?

Трэці эскімос. Ясна, што эскімос.

Першы эскімос. Даць яму рыбы?

Другі эскімос. Ну, мы ж не можам дазволіць яму памерці з голаду, брату чалавечаму. Ці ж не так?

Трэці эскімос. Так, так. Дай яму рыбу!

Першы эскімос (да пасланца). На, бяры! Мы хацелі падарыць яе Дзіцятку Езусу. (Да астатніх.) Цяпер нам давядзецца стаяць перад Ім з пустымі рукамі!

Трэці эскімос. З пустымі рукамі. Шкада. (Да другога.) Але ж у цябе язык добра падвешаны, ты растлумачыш гэта Дзіцятку Езусу.

Другі эскімос. Так, калі мы ўвогуле дойдзем.

Першы эскімос. Сапраўды, я ж хацеў спытаць у яго дарогу. Гэй! Ты часам не ведаеш дарогі да Діцяткі Езуса?

Пасланец.

Папраўдзе простая дарога

Праходзіць паўз мяне, нябогу.

І той, хто з добрай воляй крочыць,

Са шляху Божага не збочыць.

Першы эскімос. А ці не пакажаш ты нам які-небудзь знак, па якім можна было б кіравацца? Ці не ведаеш ты, часам, такога?

Пасланец (адломвае зубец ад зоркі і падае яго эскімосу).

Вазьміце, гэта будзе для вас такім знакам,

даю яго вам за вашу міласэрнасць у падзяку.

(Зноў хаваецца ў свой плашч.)

Першы эскімос. Бліскучы кавалак ад нечага...

Другі эскімос. Зубец! Аскепак.

Трэці эскімос. Так! Аскепак!

Другі эскімос. Схавай яго! (Да трэцяга.) Хто ведае, для чаго ён прыдасца.

Трэці эскімос. І я так думаю. Хто ведае...

Першы эскімос. Галоўнае, што мы на правільным шляху! У мяне ёсць прапанова: давайце адпачнём тут крыху, тады мы зможам выправіцца ў дарогу са свежымі сіламі.

(Яны сядаюць спінамі адзін да аднаго і кладуць галовы на калені.)

Першы эскімос. Не спаць, толькі адпачываць! (Ён бярэ свой бубен і напаўголасу напявае.)

(Рэчытатыў пад ціхія гукі бубна.)

Йо-хо!

Йо-хо!

У нашай краіне ночы доўгія, йо-хо!

У нашай краіне вецер мае крылы,

ён дзьме днём і ўначы,

і дзеці баяцца яго, йо-хо!

У нашай краіне

ў навакольнай цемры блукаюць духі,

йо-хо,

як чорныя вораны з крыламі цемры,

і дзеці баяцца іх. Йо-хо!

У нашай краіне сумуюць па добрым Богу,

йо-хо!

Якога дзеці не баяцца, а любяць.

Йо-хо! А-а, э-э...

(Ён задрамаў.)

* * *

(На сцэну выходзяць тры афрыканцы, з бубнам, бразготкай і бутэлькай, зробленай з гарбуза.)

Першы афрыканец. За мною! Увесь час ідзіце проста за мною!

Другі афрыканец. Ага, а ты ідзеш за сваім носам, нібы ён ведае, куды ісці далей.

Трэці афрыканец. Гэта нос шамана, ён адчувае правільны кірунак.

Другі афрыканец. Будзем спадзявацца. (Назіраюць за першым.) Ну? Куды ісці далей? Ты ў нас самы разумны, на табе футра з малпы і пацеркі з ракаві­нак, ты прыгатаваў лекавы напой, ты павінен гэта ведаць!!

Трэці афрыканец. Толькі паспрабуй не ведаць!!!

Першы афрыканец (чэша галаву). Я ўжо думаю пра гэта.

Другі афрыканец (да трэцяга). Гэта надоўга. Я тым часам прысяду.

Трэці афрыканец. Я таксама! Бутэлька з зёлкамі даволі цяжкая.

Другі афрыканец. Можа, мы дарма цягнем яе да Дзіцяткі Езуса. Я зусім не разумею, што будзе рабіць з ёю маленькае Дзіця.

Першы афрыканец. Не Дзіця, а Яго Маці! Маці ўзрадуецца гаючаму напою. Я ўзяў перша­класнае пальмавае віно, самы лепшы салодкі мёд і духмяныя травы, якія ведаю толькі я! Таму не ганьце добрых лекаў.

Другі афрыканец (да трэцяга). Цягнуць нам можна, а ганіць — не!

Першы афрыканец. Прашу вас, пабразгайце трохі, стварыце крыху шуму, каб мне лепш думалася!

(Бразготка і бубен.)

Першы афрыканец. Прыдумаў! (Сярод напружанага маўчання ён, распраменены, кажа.) Я спытаю ў каго-небудзь дарогу!

Другі і трэці афрыканцы (глядзяць адзін на аднаго без асаблівага захаплення). Выдатная ідэя!

Першы афрыканец. Там сядзіць чалавек! Гэй! Ты!

Пасланец (працягвае рукі). Я слабы і хворы. Ах, злітуйцеся і падлячыце мяне, беднага!

Першы афрыканец (збіты з панталыку, вяртаецца да астатніх).

Другі афрыканец. Ну што, пашанцавала? Ведае ён дарогу?

Першы афрыканец. Ён... ён... ён хоча нашых зёлак!

Другі афрыканец. Чаго ён хоча? Нашага дарагога падарунка для Дзіцяткі Езуса і Яго Маці? Ён, напэўна, крыху таго... бзз-бзз-бзз...

Трэці афрыканец. Крыху? Ён зусім таго... бзз-бзз-бзз...

Першы афрыканец (кідае пранізлівы позірк у бок пасланца). Ён хворы і загіне без лекаў.

(Невялікая паўза.)

Другі афрыканец. Загіне? Ты што?! На нашых вачах?

Трэці афрыканец. Пад нашымі нагамі?

Другі афрыканец. У нас на дарозе?

Трэці афрыканец. Ды сціхніце вы! Хто ўвогуле гэты хлопец?

Першы афрыканец. Гэй! Хто ты такі?

Пасланец. Брат чалавечы ў вялікай бядзе.

Першы афрыканец. Брат чалавечы.

Другі афрыканец. Што гэта значыць? Негр?

Трэці афрыканец. Зразумела, адзін з нас.

Першы афрыканец. І ў вялікай бядзе.

(Яны нахіляюцца адзін да аднаго і шэпчуцца.)

Другі афрыканец. Як вы думаеце? Ці можна пакінуць Маці Дзіцяткі без зёлак?

Трэці афрыканец. Калі мы на падмацунак праспяваем Ёй песню...

Першы афрыканец. ...каб нам не стаяць перад Ёю з пустымі рукамі...

Другі афрыканец. Гэта выйсце! Песня для падмацунку Маці і Дзіцяткі...

Трэці афрыканец. ...і зёлкі для брата чалавечага. Хуценька дай іх яму!

Першы афрыканец (да пасланца). На, трымай! Трэба тройчы на дзень зрабіць адзін добры глыток, потым моцна чыхнуць — і праз некалькі дзён ты зноў ачуняеш.

Пасланец. Дзякуй табе.

Першы афрыканец. Калі ласка, калі ласка, рады памагчы.

Другі і трэці афрыканцы (падказваюць). Пра дарогу! Цс-с! Спытай у яго пра дарогу!

Першы афрыканец. І калі ўжо мы так міла размаўляем, скажы мне, дзе тут далей дарога да Дзіцяткі Езуса?

Пасланец.

Міма мяне шлях вядзе,

у верным напрамку дарога ідзе.

Першы афрыканец. Цудоўна! І нават у рыфму! Мне яшчэ хацелася б ведаць, ці ёсць які-небудзь знак, на які мы павінны звяртаць увагу?

Пасланец (падае яму аскепак каляднай зоркі).

Вазьміце, гэта будзе для вас такім знакам,

даю яго вам за вашу міласэрнасць у падзяку.

Першы афрыканец (да другога і трэцяга). Наш кірунак правільны, гэта ўжо нешта! А гэта знак, нейкі дзіўны, праўда? (Ён паварочвае яго так і гэтак.)

Другі афрыканец. Выглядае, як частка ад чагосьці цэлага...

Трэці афрыканец. Гладкі, як люстэрка. Бліскучы, як месяц. Падымі яго вышэй. (Да трэцяга.) Цяпер у нашага шамана зноў ёсць над чым ламаць галаву!

Другі афрыканец. Гэта яму на карысць!

Першы афрыканец (чэша галаву). Будзьце ласкавыя, пабразгайце крыху!

(Бубен і бразготка.)

Гучней! Яшчэ гучней!

(Эскімосы прачынаюцца.)

Першы эскімос. Хто тут так шуміць?

Першы афрыканец (хавае аскепак зоркі). Там нешта варушыцца!

(Яны бачаць адзін аднаго і палохаюцца.)

Усе. Ах!!!

(Абедзве групы ўзрушана перашэптваюцца.)

Эскімосы. Яны чарнатварыя і дзікія!

Афрыканцы. Яны пласканосыя і нявыхаваныя!

Эскімосы. Страхалюды без клёку ў галаве...
і бедныя... і не маюць чаго апрануць...

Афрыканцы. Напалову людзі, напалову звяры, немаведама чаму ўкручаныя ў скуры і футры...

Эскімосы. Гэй, вы там!

Афрыканцы. Вы там, прывітанне!

Эскімосы. Хто вы?

Афрыканцы. Як вас завуць?

(Невялікая паўза.)

Першы эскімос. Мы прыйшлі з Поўначы,
мы — людзі, іншыя людзі называюць нас эскімосамі. Мы ідзём да Дзіцяткі Езуса. А вы?

Другі і трэці афрыканцы. Да Дзіцяткі Езуса ідуць? Трымайце мяне!

Першы афрыканец. Мы прыйшлі з Поўдня, з Афрыкі, дзе жывуць самыя прыгожыя і разумныя людзі, і... гм… мы таксама ідзём да Дзіцяткі Езуса.

Эскімосы. Негры! Чорныя, як насы марскіх коцікаў! І яны яшчэ хочуць да Дзіцяткі Езуса і зусім не саромеюцца...

Афрыканцы. Эскімосы! Смярдзяць рыбіным тлушчам і яшчэ адважваюцца хадзіць сярод лю­дзей...

(Абедзве групы пачынаюць нюхаць паветра.)

Усе. Фу! З вамі не можа мець справы ніводзін нармальны чалавек!

Трэці эскімос. Усе негры брудныя.

Другі афрыканец. Усе эскімосы смярдзяць.

(Вялікае хваляванне ў абедзвюх групах.) Як? Што? Так! Не! (Правадыры спрабуюць супакоіць сваіх спадарожнікаў.)

Першы афрыканец (да другога). Адкуль ты ведаеш, што ўсе эскімосы смярдзяць? Ты ж да гэтага часу не сустракаў ніводнага.

Першы эскімос (да другога). Адкуль ты ведаеш, што ўсе негры брудныя? Ты пераканаўся ў гэтым асабіста?

Другі афрыканец. Не...

Другі эскімос. Не, але ж гэта вядома.

Трэці эскімос. Агульнавядомая ісціна!

(Хор абвінавачванняў пад гукі бубна і бразготкі; магчымае музычнае суправаджэнне.)

Другі і трэці эскімосы.

Так, бываюць рэчы ў свеце,

што усім вядомы, дзеці.

негр — заўсёды брудны,

брудны,

брудны.

Другі і трэці афрыканцы.

Так, бываюць рэчы ў свеце,

што усім вядомы, дзеці.

Эскімос — ён смярдзіць рыбай,

смярдзіць рыбай,

смярдзіць рыбай.

Другі і трэці эскімосы.

Чуў пра гэта я ад бацькі,

чуў ад маці, цёткі, дзядзькі.

ад сястрычак і братоў

і ўсіх іншых сваякоў.

Другі і трэці афрыканцы.

Гэта мне казаў дзядуля,

маці, бацька і бабуля,

мае цёткі і дзядзькі

і ўсе нашы сваякі.

Усе разам.

З тым народам мы не ходзім,

разумення не знаходзім,

таму лепей будзе ўсім,

калі пойдзем па адным.

(Разыходзяцца ў розныя бакі.)

Пасланец.

Па зачараваным коле ходзяць,

бо Зорку падзялілі на друзкі.

Няўцямна ім, сляпым,

што не прыводзіць

Да Божага Дзіцяткі шлях такі.

* * *

(На сцэну па чарзе выходзяць тры індзейцы: развед­чык — першы індзеец, правадыр — другі індзеец, дзяўчынка-індыянка, нагружаная цяжарам; воіны ўзброеныя коп’ямі.)

Першы індзеец (асцярожна крадзецца, шукаючы сляды, махае астатнім). Уф, уф! Вялікі Правадыр Жудасная Страла, сюды, за мною! Тут пасля некага засталося месца для прывалу!

Правадыр. Уф! Шлях да Сына Манітуса цяжкі. Мае правадырскія пяткі ўсе ў мазалях, а ў правым вялікім пальцы тырчыць калючка. Але індзеец не ведае болю... Мая Маленькая Сястра Пярынка, прысядзь тут і адпачні. Яна смелая і дужая дзяўчынка, таму ёй можна ісці з намі.

Дзяўчынка-індыянка. Так, каб маім братам, адважным воінам, не даводзілася несці паклажу, мне было дазволена ісці з імі! Уф! (Сядае.)

Правадыр. Маленькая Сястра Пярынка, не будзь дзёрзкай! Маленькая Сястра Пярынка мае гонар несці падарунак Сыну Манітуса — намёт, зроблены з самай тонкай скуры буйвала.

Дзяўчынка-індыянка. І мяса буйвала, і кукурузныя праснакі, і пшанічную крупу для жывата Вялікага Правадыра, у якім увесь час бурчыць,
і агонь, і дровы, і коўдры...

Правадыр. Маленькая Сястра Пярынка, дай адпачыць сваім вуснам!.. Якія там сляды адшукаў Малодшы Брат Сакалінае Вока?

Першы індзеец. Правадыр Жудасная Страла, слухай! Да нас тут былі тры чалавекі з Поўначы, якія елі рыбу і былі апранутыя ў адзенне са скуры і футра. Яны сустрэлі трох людзей з Поў­дня, якія ходзяць без макасінаў. Адзін з іх нёс нейкі цяжар у круглай пасудзіне, якую ён ставіў тут. Другі доўгі час пра нешта разважаў. Таму ён стаяў нерухома на адным месцы і яго пяткі глыбока ўціснуліся ў зямлю. Потым адбылася ажыўленая гутарка. Людзі з Поўначы і людзі з Поўдня тупалі нагамі. Пасля яны раздзяліліся. (Шукае сляды.) Люлькі міру яны не курылі.

Правадыр. Малодшы Брат Сакалінае Вока заслугоўвае свайго імя! Ці ёсць яшчэ нехта па­блізу?

Першы індзеец. Нікога, Вялікі Правадыр.

Дзяўчынка-індыянка. Але ж, мае адважныя браты, я адчуваю, што нехта сочыць за намі.

Правадыр. Маленькая Сястра Пярынка, дай тваім пачуццям таксама адпачыць... Малодшы Брат Сакалінае Вока, даследуй наступны адрэзак шляху. Маё сэрца імкнецца да маленькага Божага Сына.

Першы індзеец. Маё таксама.

Дзяўчынка-індыянка. Маё таксама.

Правадыр. Й-е! Ну, дык куды далей ідзе дарога?

Першы індзеец. Уф! Малодшаму Брату Вялікага Правадыра цяпер гэта не зусім ясна...

Дзяўчынка-індыянка. Дык няхай ён запытае чалавека ў цёмным плашчы, які сядзіць вунь там і ўвесь час пазірае на нас...

Правадыр. Уф! Хоць Маленькая Сястра Пярынка толькі дзяўчынка, але яна мае ясны чалавечы розум, як гавораць бледнатварыя!.. Малодшы Брат, спытай!

Першы індзеец (падыходзіць да пасланца і вітае яго па-індзейску, узнятай рукой).

Пасланец.

Без даху я... Паспагадайце!

І ўбогаму намёт ваш дайце...

Першы індзеец (імчыць назад). Уф! Уф! Правадыр Жудасная Страла, моцна трымайся за сваё кап’ё і навастры вушы! Чужынец хоча забраць наш намёт!

Правадыр. Падарунак для маленькага Божага Сына?

Першы індзеец. Гэта сказаў Правадыр.

Правадыр. Навошта ён чужынцу?

Дзяўчынка-індыянка. Напэўна, ён не мае свайго намёта. Бо ён бедны і стары, а яшчэ слабы і стомлены; бо ён баіцца дажджу і снегу, і халодных бураў.

Правадыр. Маленькая Сястра Пярынка мае багатую фантазію, як і ўсе дзяўчынкі... Хто гэты чалавек?

Першы індзеец. Хто ты, чужынец?

Пасланец. Я бедны брат чалавечы.

Першы індзеец. Бедны чырванаскуры!

Правадыр. Брату чалавечаму трэба дапамагчы.

Першы індзеец і дзяўчынка-індыянка. Гэта сказаў Вялікі Правадыр!

Правадыр. Мы будзем з пустымі рукамі стаяць перад Сынам Манітуса і адчуваць у сваіх сэрцах сорам. Але яшчэ больш сораму зазнаем, калі мы не дамо намёта беднаму брату чалавечаму. Ох!

Першы індзеец і дзяўчынка-індыянка. Ох!

Правадыр. Малодшы Брат, аддай яму намёт і спытай шлях да Дзіцяткі Езуса!

(Ветліва перадаюць намёт.)

Першы індзеец. Брат чалавечы, пакажы нам шлях да Дзіцяткі Езуса!

Пасланец.

Папраўдзе простая дарога

Праходзіць паўз мяне, нябогу.

І той, хто з добрай воляй крочыць,

Са шляху Божага не збочыць.

Першы індзеец. Брат чалавечы, пакажы знак, на які нам трэба зважаць!

Пасланец (працягвае яму кавалак зоркі).

Прыміце гэты ўцінак знака

За вашу літасць у падзяку.

Першы індзеец. Дзякуй табе за дапамогу, брат чалавечы! (Індзейскае прывітанне.) Вялікі Правадыр Жудасная Страла, расплюшчы вочы! Вось знак!

Правадыр. Аскепак з вастрыём, як ад кап’я.

Дзяўчынка-індыянка. І ззяе, як нейкая надзвычай прыгожая зорка!

Правадыр. Маленькая Сястра Пярынка, устрымай сваю фантазію!

Першы індзеец (усхвалявана). Вялікі Правадыр, слухай! Набліжаюцца чужыя людзі! (Прыкладвае вуха да зямлі.) Яны ідуць з усходу, двое мужчын і адна дзяўчынка. Дзяўчынка ідзе вельмі дробнымі крокамі, як цяцерка.

Дзяўчынка-індыянка. І яна не нясе нічога цяжкага?

Правадыр. Маленькая Сястра Пярынка, не задавай недарэчных пытанняў!

Першы індзеец. Ніхто не нясе нічога цяж­кага.

Правадыр. Схаваемся! Будзем сачыць за незнаёмцамі!

(Усе знікаюць.)

* * *

(Тры кітайцы, сярод іх дзяўчынка, выходзяць на сцэну. Дзяўчынка нясе сувой шоўку.)

Другі кітаец. Ай-йя! Якою ж доўгаю выдалася гэта дарога да Дзіцяткі Езуса! І заўсёды небяспечна трапіць у рукі чужых дэманаў і варвараў!

Дзяўчынка-кітаянка (пагладжвае шоўк). Ах, са­праўды! Будзем спадзявацца, што ніякі разбойнік не забярэ ў нас гэтага цудоўнага шоўку, нашага падарунка юнаму Нябеснаму Валадару... О, мой старэйшы брат, ногі не слухаюцца мяне, яны не хочуць ісці далей. Давай крыху адпачнём!

Першы кітаец. Толькі працягласцю шляху выпрабоўваецца сіла каня; толькі з цягам часу па­знаецца сэрца чалавека.

Дзяўчынка-кітаянка. Добра, добра, маё сэрца ляціць, як жораў, але мае ногі параненыя. (Сядае.) Навошта вы ўзялі мяне з сабою? Адныя — без мяне — вы б ужо дайшлі.

Першы і другі кітайцы. Мы не пойдзем без цябе, маленькая сястра. Ты — адна з нас. Дзіцятка Езус чакае і цябе.

Дзяўчынка-кітаянка. Але калі ў нас не хопіць сілаў і мы зляжам у дарозе?

Першы кітаец. Таксама не страшна. Іншыя браты і сёстры прыйдуць пасля нас і працягнуць шлях! Не будзем цяпер ламаць над гэтым галаву!

Другі кітаец. Падумаем лепш, куды далей ідзе дарога.

Дзяўчынка-кітаянка. Там нехта сядзіць. Давайце спытаем у яго.

Другі кітаец. Найшаноўнейшы! Ці можна нам патурбаваць цябе адным пытаннем?

Пасланец.

Сцюдзёна мне! Паспагадайце!

І ўбогаму апратку дайце.

Другі кітаец (да іншых). Гэта бедны сын чалавечы! Ён змёрз. Ён просіць, каб яму далі якое-небудзь адзенне.

Дзяўчынка-кітаянка. У нас ёсць толькі гэты тонкі каштоўны шоўк...

Другі кітаец. Ці не сорамна нам будзе прый­сці без падарунка да маленькага Нябеснага Валадара?

(Яны глядзяць адно на аднаго.)

Пасланец. Я мерзну!

(Дзяўчынка нясмела перадае шоўк першаму кі­тайцу,
той — другому кітайцу.)

Другі кітаец. Ці не быў бы ты ласкавы прыняць гэты невялічкі, нікуды не варты адрэз шоўку?

Пасланец. У вас добрыя сэрцы!

Другі кітаец. Шаноўны брат чалавечы, ці правільна мы ідзём да Дзіцяткі Езуса?

Пасланец.

Папраўдзе простая дарога

Праходзіць паўз мяне, нябогу.

І той, хто з добрай воляй крочыць,

Са шляху Божага не збочыць.

Другі кітаец. Вось бы нейкі знак, які б дапамагаў нам ісці далей, калі нашых ведаў не хопіць...

Пасланец.

Прыміце гэты ўцінак знака

За вашу літасць у падзяку.

(Дае яму хвост ад зоркі.)

Другі кітаец (з паклонам адыходзіць). Гэты знак нейкі таямнічы.

Дзяўчынка-кітаянка. Перысты ліст, які шукае кветкі...

Першы кітаец. Хвост залатой птушкі...

Другі кітаец. Будзем глядзець ва ўсе вочы і шукаць дадатак да яго... А гэты скарб, адзінае, што мы цяпер маем, не выпускаць з рук.

(Першы кітаец хавае хвост зоркі ў кішэню).

(Непрыкметна падкрадваюцца індзейцы. Дзяўчынка-індыянка больш не можа стрымлівацца і пачынае хіхікаць.)

Дзяўчынка-кітаянка. Што гэта? Тут нешта так булькае!

Першы кітаец. Крыніца? Або маладая цацарка?

Другі кітаец. Падобна на смех дзяўчынкі, якая бачыць нешта смешнае.

Дзяўчынка-індыянка. Я больш не магу... хі-хі-хі... прабачце, браты мае... хі-хі-хі...

(Кітайцы кланяюцца ў бок смеху.)

Першы кітаец. Дзяўчынка-квахтушка, выходзь, не бойся!

(Індзейцы выходзяць.)

Другі індзеец. Каго Маніту хоча пакараць, Ён дае ў дарогу маленькую сястру.

(Абедзве групы вітаюцца.)

Дзяўчынка-кітаянка (пачынае хіхікаць). Але ж яны... але... (засланяе рукавом твар) хі-хі-хі... яны чырвоныя!

Дзяўчынка-індыянка (выпальвае адным дыхам). Яны жоўтыя!

Першы індзеец і Правадыр. Сапраўды! Жоўтыя!

Дзяўчынка-кітаянка. Чырвоныя... хі-хі-хі... яны чырвоныя! Не, яны сапраўды чырвоныя!

Першы і другі кітайцы. Чырвоныя... вось дык пацеха! Чырвоныя... і дурныя, бо ні хвіліны не могуць пабыць сур’ёзнымі! Ха-ха-ха!

Першы індзеец і Правадыр. Жоўтыя... хі-хі-хі... і неразумныя, як немаўляты, яны нічога не ўмеюць, як толькі смяяцца... ха-ха-ха... хо-хо-хо... хі-хі-хі!

Дзяўчынка-кітаянка. О, мой старэйшы брат, яны смяюцца з нас!

Першы і другі кітайцы (вельмі абурана). Бессаромнікі!

Першы індзеец. Вялікі Правадыр, я адчуваю нешта жудаснае.

Правадыр. Што ты адчуваеш, Малодшы Брат?

Першы індзеец. Яны насміхаюцца з нас!

Правадыр. Відаць, Малодшы Брат кажа праўду... Гэта насамрэч варвары!

Першы кітаец. Чырвоныя чэрці!

Усе індзейцы. Жоўтыя чэрці!

Першы кітаец. Што?.. Гэта нас абзываеце, сыноў самага старажытнага і мудрага народа зямлі! (Вельмі ветліва.) Чырванаскуры чужынец, слухай! Калі твае шаноўныя продкі яшчэ, як малпы, лазілі па дрэвах, продкі маёй сціплай, зусім не вартай увагі сям’і ўжо пісалі чорнай тушшу вершы вясноваму месяцу!

(Індзейцы збітыя з панталыку.)

Правадыр. Што ён мае на ўвазе? Жоўты гаворыць нібы расшчэпленым языком!

Дзяўчынка-індыянка. Мой Старэйшы Брат, адкажы: У маіх продкаў не было часу пісаць вершы, бо яны былі смелымі воінамі.

Правадыр (з вялікай годнасцю). У маіх продкаў...

Дзяўчынка-кітаянка. Хі-хі-хі! У іх пёры на галаве! Пёры! Хі-хі-хі!

Першы індзеец. Вялікі Правадыр Жудасная Страла, зірні больш уважліва: яны нават не носяць зброі, ха-ха-ха!

Правадыр. Ха-ха-ха!

Першы кітаец (з усмешкаю). Яна нам тут не па­трэбна!

Другі кітаец. Няма нічога, чаго мы мусім баяцца!

Правадыр. Гэта можа вокамгненна змяніцца!

(Яны акружаюць кітайцаў; ваяўнічы танец і спеў
апачаў.)

Цыг-ге, цыг-ге, цумба, цумба, цумба,

Цыг-ге, цыг-ге, цумба, цумба, цум!

Хэй, хэй, хэй, хэй, хэй!

І-і-і-і-і-і-і-і-і-і! (Прарэзлівы баявы кліч, пры якім без перапынку б’юць рукою па вуснах.)

Правадыр. Уф! Цяпер ён, напэўна, трохі спалохаўся?!

Першы кітаец (вымае манету і падае яе правадыру). Дзякуй табе за надзвычай цікавы паказ! Але нам трэба ісці далей — да Дзіцяткі Езуса!

(Кітайцы хуценька адыходзяць.)

Правадыр (збянтэжаны, з манетай у руцэ). Што ён меў на ўвазе?

Дзяўчынка-індыянка. Уф! Ён падумаў, што мы паказалі баявы танец нашых продкаў, каб іх пацешыць!

Правадыр. Фанабэрлівы чорт! А-а! Вялікі Правадыр Жудасная Страла не можа гэтага дапусціць! За імі! (Усе індзейцы выбягаюць.)

* * *

(Двое белых, брат і сястра, выходзяць у нацыянальным адзенні. Яны ціхенька размаўляюць на мясцовым дыялекце. Дзяўчынка нясе збан з малаком.)

Сястра. Які цудоўны, ціхі вечар! Зоркі ззяюць, на вуліцы так ціха і самотна, і мы ўдваіх ідзём да Дзіцяткі Езуса!

Брат. Цудоўна, мая сястрычка. Мы ўдваіх — адзіныя людзі ва ўсім наваколлі, мы першыя прыйдзем да Дзіцяткі Езуса... як гэта добра, праўда? Першыя і адзіныя. І мы прынясем Дзіцятку Езусу цудоўны падарунак...

Сястра. Малако ад нашай самай лепшай каровы!

Брат. Ён так узрадуецца, маленькі Хрыстус!

Сястра. Зразумела, па-першае, Ён, напэўна, любіць малако, а па-другое — мы адзіныя падумалі пра маленькага Хрыста!

Пасланец. Піць... ох... піць...

(Брат і сястра палохаюцца.)

Сястра. Ты чуў? Што гэта было?

Пасланец.

Я піць хачу... Паспагадайце...

Сястра.  Хадзем, ён зараз сваім крыкам са­псуе ўвесь мой калядны настрой!

Брат. Проста не будзем слухаць!

Пасланец.

Я піць хачу... Паспагадайце...

І малака нябогу дайце!

Сястра. Ну вось, цяпер ён зусім бессаромна патрабуе ад нас малака!

Брат. Гэй! Хто ты такі?

Пасланец. Няшчасны брат чалавечы!

Сястра (з вялікім спачуваннем). Напэўна, чорны ці жоўты, ці чырвоны, ці проста нейкі вар’ят! Няшчасны! Ну, тады ў імя Божае...

(Яна падае брату збан.)

Брат. Што, я павінен аддаць гэтаму чалавеку ўсё малако?

Сястра. Хто ж кажа ўсё? Зразумела, толькі палову...

Брат (уважліва глядзіць на пасланца). Ведаеш, ся­стра, мне здаецца, што ён белы, як і мы!

Сястра (вельмі ўражаная). Белы, які просіць міласціну? Ну, ідзі ж! Ну і ну! Як так можа быць?! Аддай жа яму малако!

Брат. Палову?

Сястра. Хто ж кажа палову? Зразумела, усё! Хутчэй...

Брат (падае пасланцу збан). Смачна есці, бедны чалавек! Мы ідзем да Дзіцяткі Езуса. Ці не падкажаш ты нам правільную дарогу?

Пасланец.

Папраўдзе простая дарога

Праходзіць паўз мяне, нябогу.

І той, хто з добрай воляй крочыць,

Са шляху Божага не збочыць.

Сястра. Мне здаецца, ён усё ведае... Падыдзі, калі ласка, сюды і скажы нам, ці ёсць які-небудзь знак, на які мы маглі б арыентавацца?

Пасланец.

Прыміце гэты ўцінак знака

За вашу літасць у падзяку.

(Перадае ім апошні аскепак каляднай зоркі.)

Брат. Вялікі дзякуй табе!.. Глядзі, сястрычка! Нібы залаты зубец ад кароны!

Сястра. Як быццам нехта адламаў кавалак ад нечага! Кавалак залатой мазаікі!

(Шум і гул галасоў за сцэнай.)

Брат (прыслухоўваецца). Цс-с! Ты таксама неш­та чуеш?

Сястра. Так... сапраўды, гучная размова!

(Афрыканцы і эскімосы, плячо ў плячо, відавочна пабратаўшыся і вельмі ўзрадаваныя, лаюцца на індзейцаў і кітайцаў, якія, у сваю чаргу, таксама, здаецца, пабрата­ліся...)

Афрыканцы і эскімосы (спеў пад гукі бубна, бразготкі, плясканне ў далоні і тупат).

Так, бываюць рэчы ў свеце,

што усім вядомы, дзеці.

Індзейцы — брудныя,

кітайцы — дрэнна пахнуць,

дрэнна пахнуць,

дрэнна пахнуць.

Правадыр. Правадыр Жоўтая Скура, пазыч мне манету, каб я мог заплаціць за гэты арыгінальны паказ...

Першы кітаец. Шаноўны чырванаскуры, пазыч мне кап’ё, каб я мог загнаць у мора гэтых па­скуднікаў!

Брат. Сястрычка, гэтага не можа быць! Яны ўсе сапраўдныя?

Сястра. Ці сапраўдныя гэтыя лялькі?

Кітайцы, эскімосы, індзейцы, афрыканцы (глыбока абураныя). Лялькі???

(Іх злосць скіроўваецца супраць белых! Агульная лаянка пад удары бубна.)

Ха... ху... хе-хе... хо-хо!

Стаяць два белыя вар’яты,

два варвары блыхастыя,

два дурні бледнатварыя...

Йі-хі, йі-хі, йо-хо-хо,

Бледнатвары — брудны.

Так, бываюць рэчы ў свеце,

што усім вядомы, дзеці.

Бледнатвары — брудны, брудны...

Сястра. Брацік, я баюся...

Брат (крычыць, каб яго зразумелі). Супакойцеся, вы, вар’яты, пакіньце нас у спакоі, не чапайце нас, тады і мы вам нічога дрэннага не зробім. Мы
ж ідзём да Дзіцяткі Езуса!

Афрыканцы. Да Дзіцяткі Езуса!

Эскімосы. І мы хочам да Яго!

Індзейцы. Наша спрадвечная мара!

Другі кітаец. Усе мы прагнем аднаго і таго ж? Гэта нагадвае мне выказванне нашага вялікага мудраца. (Павольна і доўга, кланяючыся на ўсе бакі.) Усе людзі паміж чатырма акіянамі — браты...

Брат. Аптыміст.

(Невялікая паўза.)

Дзяўчынка-індыянка. Ну, так. Уласна кажучы, мы маглі б ісці туды ўсе разам, ці не так?

Правадыр. Маленькая Сястра Пярынка зрывае словы з маіх вуснаў.

Першы эскімос. Дарога, спадзяюся, будзе дастаткова шырокай...

Першы афрыканец. Калі ніхто не будзе штурхацца і наступаць на пяты... (адціскае астатніх назад.)

Брат. Брава, ура! Мы пойдзем разам! Гэта самае разумнае, што мы можам зрабіць. Мы, белыя, ахвотна павядзем вас! Дамовіліся.

Правадыр. Што значыць, дамовіліся?! Правадыром, зразумела, можа быць толькі Вялікі Правадыр Жудасная Страла. Ух!

Першы афрыканец. Што значыць «ух»?! З гэтага можна толькі пасмяяцца... (Да другога і трэцяга.) Смейцеся! Гучней!

Першы экімос. А мы? Мы, людзі з ледзяной Поўначы, прывыклі жыць у небяспецы. Мы прыроджаныя правадыры...

Першы кітаец. Дазвольце, шаноўныя браты, сціпла зрабіць вам маленькую прапанову. Кожны сам сабе правадыр... (усе ківаюць) і ўсе слухайце нашае каманды!

Брат. Ён з глузду з’ехаў, гэты жоўты!

Першы кітаец (падскоквае і хапае белага за горла). Ну, пачакай... (ён хоча паваліць яго на зямлю.) Ой, што гэта колецца? (Ён адпускае белага і вымае са свайго адзення аскепак зоркі.) О, востры зубец! Гэта знак! (Трыумфуючы.) Браты, у нас ёсць знак, таму вы павінны рабіць тое, што мы скажам!

Усе. У нас ёсць знак! (Вымаюць свае знакі.)

Сястра (здзіўлена). Кожны атрымаў па залатым знаку?!

Брат. Добра! У каго знак самы большы?

(Кожны падазрона назірае за суседам.)

Першы кітаец (з аскепкам хваста ў руцэ). У нас!

Першы індзеец. Цудоўна. Тады, Жоўты Правадыр, пакладзі гэты аскепак у сярэдзіну, каб усе маглі на яго паглядзець!

Першы кітаец. Я не хацеў бы выпускаць яго з рук, спачатку ты!

Правадыр. Не, спачатку ты!

Першы эскімос. Нехта павінен пачаць. Нехта павінен даверыцца першы... Мы, людзі з краіны Паў­ночнага Ззяння, прывыклі жыць у небяспецы: па­глядзіце, гэты знак — апошняе, што мы маем. Я ка­жу вам: патрэбна шмат мужнасці, каб даверыцца!

(Ён кладзе знак на зямлю і адступае.)

Дзяўчынка-індыянка. Вялікі Правадыр, як дзіўна! Наш знак дакладна падыходзіць да гэтага!

Правадыр. Калі Маленькая Сястра Пярынка так упэўнена, тады пакладзі наш знак побач!

(Дзяўчынка-індыянка кладзе свой знак побач.)

Усе. Ён падыходзіць да гэтага кавалка!!!

Сястра. Я так і думала, брат, гэта мазаіка... (яна паказвае пальцам) сюды падыходзіць і наш аскепак – мне пакласці яго, братка?

Брат. Ну, так. Пакладзі яго туды!

(Яна прыкладае кавалак.)

Усе. Ён падыходзіць!

Першы афрыканец. У такім выпадку мы такса­ма не хочам пакідаць сабе наш аскепак... (Кладзе яго.)

Усе. Ён падыходзіць!

Першы кітаец (набліжаецца і прыкладае свой аскепак). Цяпер залатая птушка атрымала хвост!

Усе. Зорка! Цудоўная, бліскучая зорка!

Пасланец (з’яўляецца сярод іх; цяпер у яго не жабрачы голас і выгляд, ён малады і радасны). Вітаю вас, мае дарагія, у Дзіцяткі Езуса!

Усе. У Дзіцяткі Езуса?

Пасланец. У Дзіцяткі Езуса.

Першы кітаец. Так хутка? Так раптоўна? Мы ўжо прыйшлі?

Дзяўчынка-індыянка. Нас прывяла зорка, якую мы разам склалі!

Пасланец.

Адолелі вы шлях пакутны гэты,

Дзе кожны ўсё, што мог, ахвяраваў.

Знайшлі праводны знак

Да вашай мэты,

Які Каляднай Зоркаю заззяў.

(Адступае, і адкрываецца выгляд на яселькі.)

Сястра. Дзіцятка Езус у ясельках!

(Пакідаем на выбар рэжысёру: зрабіць яселькі з дзіцяткам, працаваць са светлавымі эфектамі або артысты будуць іграць перад нябачнымі яселькамі.)

Дзяўчынка-кітаянка. Ах... Яно спавіта ў пялюшкі з нашага шоўку!

Першы індзеец. Яно ляжыць у нашым намёце!

Трэці афрыканец. Там стаіць наша бутэлька з зёлкамі!

Брат. Наш збан з малаком... Ён ужо амаль што пусты!

Другі эскімос. А ад нашай рыбы я бачу толькі галаву і хвост. Йо-хо, яна спадабалася Дзіцятку Езусу!            

Першы кітаец. Ён атрымаў усё, што мы падарылі беднаму брату чалавечаму.

Другі афрыканец. І ўсё ж, нягледзячы на гэта, я ахвотна заспяваў бы Яму песню.

Усе спяваюць.

У Бэтлеем спяшайма,

Да стай­ні, бо там цуд...

(У час інтэрмедыі паміж асобнымі строфамі розныя групы могуць рабіць свае тыповыя прывітальныя жэсты: кітайцы — кланяцца, індзейцы — падымаць правую руку і г. д.)

* * *

Пасланец (выходзіць на сцэну да публікі, каб разві­тацца).

Вось і канец! Шчаслівы збег падзей!

Што рэдка сёння стрэнеш між людзей.

Бо кожны выхваляецца сваім

Драбочкам ведаў, сціплым і малым.

І пнецца тое сам ажыццявіць,

Што цяжка паасобку нам зрабіць.

Нарэшце, пасля спрэчак і журбы

Зракаецца нікчэмнай барацьбы...

І мэты дасягае ў той жа час...

Пацешыўшы развязкай добрай нас...

 

(Робіць крок наперад; даверліва і настойліва.)

Ды перш чым вы адыдзеце дамоў,

Скажу вам па сакрэце адну рэч:

Магчыма, вы калісьці мяне зноў

Пазнаеце на вулках... Да сустрэч!

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.