Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
evden eve nakliyat goztepe evden eve nakliyat bostanci evden eve nakliyat acibadem evden eve nakliyat erenköy evden eve nakliyat yakacık evden eve nakliyat
 

АПОСТАЛЬСКІ ЛІСТ ЯНА ПАЎЛА ІІ
«ROSARIUM VIRGINIS MARIAE»

Да біскупаў, да святароў і дыяканаў,
да законнікаў і законніц,
а таксама да ўсіх вернікаў
пра святы Ружанец

УВОДЗІНЫ
І. КАНТЭМПЛЯВАЦЬ ХРЫСТА З МАРЫЯЙ
ІІ. ТАЯМНІЦЫ ХРЫСТА - ТАЯМНІЦЫ МАЦІ
ІІІ. «ДЛЯ МЯНЕ ЖЫЦЦЁ - ГЭТА ХРЫСТУС»
ЗАКАНЧЭННЕ

УВОДЗІНЫ

1. Ружанец Панны Марыі (Rosarium Virginis Mariae), паступова развіўшыся пад натхненнем Духу Божага ў другім тысячагоддзі, стаў для многіх святых улюбёнаю малітваю, да яе таксама заахвочвае Інстытут Настаўніцтва Касцёла. У сваёй прастаце і глыбіні яна дайшла да пачатку новага, трэцяга, тысячагоддзя, застаючыся вельмі дзейснаю малітваю, якая прыносіць плады святасці. Яна моцна ўгрунтавана на духовасці хрысціянства, якое за дзве тысячы гадоў нічога не страціла са сваёй першапачатковай свежасці і адчувае, што Дух Божы натхняе яго «выплысці на глыбіню» (ducat in altum), каб расказваць свету і нават «крычаць» пра Хрыста як пра Пана і Збаўцу, як пра «дарогу, праўду і жыццё» (пар. Ян 14, 6), як «пра завяршэнне чалавечай гісторыі, як пра кропку, у якой супадаюць жаданні гісторыі і цывілізацыі»1.

Ружанец, хоць і мае марыйны характар, з'яўляецца хрысталагічнаю малітваю. У строгасці сваіх элементаў Ружанец канцэнтруе ў сабе глыбіню ўсяго евангельскага паслання, з'яўляючыся як бы яго пераказам2. У ім рэхам адгукаецца малітва самой Марыі, Яе вечнае Magnificat за адкупленчую справу Уцелаўлення, распачатую ў Яе дзявочым улонні. Праз Ружанец хрысціянскі люд як бы ўваходзіць у школу Марыі, дазваляючы прывесці сябе да кантэмпляцыі хараства Хрыстовага аблічча і да перажывання глыбіні Ягонай любові. Праз пасрэдніцтва Ружанца вернік чэрпае шчодрасць ласкі, атрымліваючы яе як бы з рук самой Маці Адкупіцеля.

Папы і Ружанец

2. Вялікае значэнне гэтай малітвы падкрэслівалі многія мае папярэднікі. Асаблівыя заслугі ў гэтых адносінах меў Леў XIII, які 1 верасня 1883 года абвясціў энцыкліку Supremi apostolatus officio3; гэтым урачыстым абвяшчэннем ён распачаў серыю многіх іншых, якія прысвяціў гэтай малітве, указваючы на яе як на дзейсную духовую прыладу супраць грамадскага зла. Сярод Папаў больш блізкага, саборнага часу, якія вызначыліся ў папулярызацыі Ружанца, хачу згадаць благаславёнага Яна XXIII4 і, перадусім, Паўла VI, які ў Апостальскай адгартацыі Marialis cultus падкрэсліў, згодна з натхненнем ІІ Ватыканскага Сабору, евангельскі характар Ружанца і яго хрысталагічную сутнасць.

Я таксама не прамінаў магчымасці, каб заахвоціць да частай малітвы на ружанцы. З юнацкіх гадоў гэта малітва займала важнае месца ў маім духовым жыцці. Пра гэта мне нагадала маё нядаўняе падарожжа ў Польшчу, а перадусім наведзіны санктуарыя ў Кальварыі. Ружанец спадарожнічаў мне ў часіны радасці і смутку. Я даверыў яму шмат сваіх трывог, дзякуючы яму я заўсёды знаходзіў суцяшэнне. Дваццаць чатыры гады назад, 29 кастрычніка 1978 года, амаль праз два тыдні пасля абрання мяне на Пятрову Сталіцу, я так казаў, адкрываючы ў нейкай ступені сваё сэрца: «Ружанец - гэта мая любімая малітва. Дзівосная малітва! Дзівосная ў сваёй прастаце і глыбіні адначасова. [...] Можна сказаць, што Ружанец становіцца як бы малітоўным каментарам да апошняга раздзелу Канстытуцыі ІІ Ватыканскага Сабору Lumen gentium, у якім ідзе гаворка пра незвычайную прысутнасць Багародзіцы ў таямніцы Хрыста і Касцёла. Сапраўды на фоне слоў Анёльскага прывітання Ave Maria праходзяць перад вачыма нашай душы асноўныя моманты жыцця Езуса Хрыста. Яны складваюцца ў сукупнасць радасных, балесных і хвалебных таямніцаў і жыва злучаюць нас с самім Езусам праз - можна сказаць - Сэрца Яго Маці. Разам з тым у гэтыя самыя дзесяткі Ружанца нашае сэрца можа ўключыць усе справы, якія складаюць жыццё чалавека, сям'і, народу, Касцёла і ўсяго чалавецтва. Свае асабістыя справы, справы нашых блізкіх, асабліва тых, хто нам найбліжэйшы, тых, пра каго мы найбольш клапоцімся. Такім чынам гэтая простая ружанцовая малітва пульсуе як бы людскім жыццём»5.

Гэтымі словамі, дарагія браты і сёстры, я ўводзіў першы год свайго пантыфікату ў штодзённы рытм Ружанца. Сёння, на пачатку дваццаць пятага года паслугі, як Наступнік Пятра, я хачу зрабіць тое самае. Колькі ж ласкаў я атрымаў за гэтыя гады ад Найсвяцейшай Панны праз Ружанец: Magnificat anima mea Dominum! Прагну ўзносіць падзяку Пану словамі Яго Найсвяцейшай Маці, у апеку якой я аддаў маю Пятрову паслугу: Totus Tuus!

Кастрычнік 2002 - кастрычнік 2003: Год Ружанца

3. Таму пасля разважанняў, прапанаваных у Апостальскім лісце Novo millennio ineunte, у якім я заклікаў Люд Божы пасля юбілейнага досведу «нанова распачаць ад Хрыста»6, адчуваю патрэбу развіцця разважанняў пра Ружанец, даючы таму Апостальскаму лісту як бы марыйнае ўкаранаванне, каб заахвоціць да кантэмпляцыі аблічча Хрыста ў школе Ягонай Найсвяцейшай Маці і разам з Ёю. Бо адгаворваць Ружанец - гэта нішто іншае, як кантэмпляваць з Марыяй аблічча Хрыста. Каб больш падкрэсліць гэтае запрашэнне, карыcтаючыся тым, што набліжаецца сто дваццатая гадавіна абвяшчэння згаданай энцыклікі Льва XIII, хачу, каб на працягу ўсяго года гэтую малітву асаблівым чынам прапаноўвалі і паказвалі яе каштоўнасць у розных хрысціянскіх супольнасцях. Таму абвяшчаю перыяд ад сёлетняга кастрычніка да кастрычніка 2003 года Годам Ружанца.

Давяраю гэтае душпастырскае ўказанне ініцыятыве паасобных касцёльных супольнасцяў. Не хачу, каб яно было перашкодаю для душпастырскіх планаў мясцовых Касцёлаў, але няхай служыць іх дапаўненню і ўмацаванню. Веру, што яно будзе прынята велікадушна і з гатоўнасцю. Калі адкрываецца поўнае значэнне Ружанца, то ён вядзе ў самае сэрца хрысціянскага жыцця і дае штодзённую плённую духовую і педагагічную магчымасць для асабістай кантэмпляцыі, для фармацыі Люду Божага і новай евангелізацыі. Ахвотна гэта рэкамендую, з радасцю згадваючы яшчэ адну гадавіну: 40 гадоў ад пачатку ІІ Ватыканскага Сабору (11 кастрычніка 1962), «вялікай ласкі», якую Касцёл нашага часу атрымаў ад Духа Божага7.

Закіды супраць Ружанца

4. Мэтазгоднасць такой ініцыятывы вынікае з розных прычынаў. Першая датычыць пільнай патрэбы супрацьстаяць пэўнаму крызісу гэтай малітвы, якой у сённяшнім гістарычным і тэалагічным аспекце пагражае беспадстаўнае змяншэнне яе вартасці і таму яна рэдка прапануецца новаму пакаленню. Некаторыя мяркуюць, што першынство літургіі, якое слушна падкрэсліў ІІ Ватыканскі Сабор, непазбежна прыводзіць да змяншэння значэння Ружанца. На самай справе, як растлумачыў Павел VI, гэтая малітва не толькі не супярэчыць літургіі, але служыць ёй падмацункам, паколькі з'яўляецца ўводзінамі да яе і адначасова яе адгалоскам, дазваляючы перажываць яе ў паўнаце ўнутранага ўдзелу і збіраць яе плён у штодзённым жыцці.

Магчыма, ёсць яшчэ і такія, хто баіцца, што Ружанец можа аказацца мала экуменічным з увагі на свой выразны марыйны характар. На самай справе ён належыць да найбольш празрыстай перспектывы культу Божай Маці, рэкамендаванай Саборам: культу, скіраванага да хрысталагічнага цэнтра хрысціянскай веры, так што «калі ўшаноўваецца Маці, то і Сына [...], належным чынам спазнаюць, любяць і праслаўляюць»8. Ружанец, адкрыты нанова і адпаведным чынам, з'яўляецца дапамогаю, а зусім не перашкодаю для экуменізму!

Шлях кантэмпляцыі

5. Аднак найважнейшаю прычынаю для таго, каб моцна заахвоціць маліцца на ружанцы, ёсць факт, што Ружанец - гэта вельмі каштоўны сродак, які спрыяе з'яўленню ў супольнасці вернікаў таго абавязку кантэмпляцыі хрысціянскай таямніцы, якую я прапанаваў у Апостальскім лісце Novo millennio ineunte як сапраўдную «педагогіку святасці»: «Ёй патрэбна хрысціянства, якое вылучаецца перадусім мастацтвам малітвы»9. Калі ў сучаснай культуры, нягледзячы на шматлікія супярэчнасці, з'яўляецца новая патрэба ў духовасці, якая натхняецца таксама ўплывам іншых рэлігій, то больш чым калі-небудзь трэба заклікаць, каб нашыя хрысціянскія супольнасці сталі «сапраўднымі школамі малітвы»10.

Ружанец належыць да найлепшай і да найбольш выпрабаванай традыцыі хрысціянскай кантэмпляцыі. Развіўшыся на Захадзе, ён з'яўляецца тыпова медытацыйнаю малітваю і ў пэўнай ступені адпавядае «малітве сэрца», ці «Езусавай малітве», якая ўзрасла на глебе хрысціянскага Усходу.

Малітва за мір і за сям'ю

6. Пэўныя гістарычныя абставіны складваюцца так, што гэты напамін пра ружанцовую малітву набывае асаблівую актуальнасць. Першая з іх - гэта пільная патрэба малітвы да Бога аб дары спакою. На Ружанец як на малітву за мір не раз указвалі мае папярэднікі і я сам. На пачатку тысячагоддзя, якое распачалося жахлівымі тэрарыстычнымі злачынствамі 11 верасня 2001 г. і ў якім штодзённа з'яўляюцца новыя сцэны крыві і насілля ў гэтулькіх частках свету, паўторнае адкрыццё Ружанца азначае паглыбленне ў кантэмляцыю таямніцы Таго, хто «ёсць нашым спакоем», бо «абедзве часткі чалавецтва ўчыніў адзінствам, разбурыўшы мур, што стаіць пасярэдзіне, знішчыўшы варожасць» (Эф 2, 14). Таму, адгаворваючы Ружанец, нельга не адчуваць сябе выразна абавязаным служыць справе міру, асабліва памятаючы пра зямлю Езуса, якая і надалей церпіць выпрабаванні і якая вельмі дарагая сэрцу хрысціяніна.

Такая ж пільная патрэба намаганняў і малітвы ўзнікае ў сувязі з іншай вострай праблемай нашага часу, якою з'яўляецца сям'я, ячэйка грамадства, якой усё больш і больш пагражаюць разбуральныя сілы ідэалагічнага і сацыяльнага характару, абуджаючы занепакоенасць будучыняю гэтага важнага і незаменнага інстытуту, а разам з ім лёсамі ўсяго грамадства. Вяртанне да Ружанца ў хрысціянскіх сем'ях павінна быць дзейснаю дапамогаю ў кантэксце больш шырокага душпастырскага служэння сям'і, каб супрацьстаяць згубным наступствам гэтага крызісу, вызначальнага для нашай эпохі.

«Вось Маці твая» (Ян 19, 27)

7. Шмат знакаў паказвае, як моцна таксама сёння прагне Найсвяцейшая Панна выказаць менавіта праз гэту малітву свой мацярынскі клопат, бо паміраючы Адкупіцель даручыў Ёй у асобе ўмілаванага вучня ўсіх сыноў і дачок Касцёла: «Жанчына, вось сын Твой» (Ян 19, 26). У дзевятнаццатым і дваццатым стагоддзях Маці Хрыстова ў розных выпадках пэўным чынам давала адчуць сваю прысутнасць і пачуць Яе голас, каб заахвоціць люд Божы да гэтай формы кантэмпляцыйнай малітвы. Асабліва хачу прыгадаць аб'яўленні з Люрда і Фацімы11, дзякуючы іх глыбокаму ўплыву, які яны аказваюць на жыццё хрысціянаў, і аўтарытэтнаму прызнанню Касцёла, гэтыя санктуарыі з'яўляюцца мэтаю многіх пілігрымаў, што шукаюць суцяшэння і надзеі.

Слядамі сведкаў

8. Немагчыма назваць пайменна тую незлічоную колькасць святых, якія знайшлі ў Ружанцы сапраўдны шлях да святасці. Дастаткова згадаць св. Людвіка Марыю Грыньёна дэ Манфора, аўтара каштоўнага твора пра Ружанец12, а бліжэй да нашага часу - айца Піо з Петральціны, якога я нядаўна меў радасць кананізаваць. Асаблівую ж ласку, як сапраўдны апостал Ружанца, меў благаславёны Барталамей Лонга. Ягоны шлях да святасці быў угрунтаваны на натхненні, якое ён адчуў у глыбіні сэрца: «Хто пашырае Ружанец, той збаўлёны!»13 З гэтай прычыны ён адчуваў сябе пакліканым збудаваць у Пампеі святыню Маці Божай Ружанцовай на фоне руінаў старажытнага горада, да якога толькі паспела дайсці хрысціянскае вучэнне, калі ў 79 годзе ён быў паглынуты вывяржэннем Везувія, а праз стагоддзі паўстаў са свайго попелу, даючы сведчанне святла і ценяў класічнай цывілізацыі.

Праз усю сваю творчасць, асабліва праз «Пятнаццаць суботаў», бл. Барталамей развіў хрысталагічны і кантэмпляцыйы дух Ружанца, знаходзячы асаблівае адабрэнне і падтрымку ў Льва XIII, «Папы Ружанца».

 

І РАЗДЗЕЛ
КАНТЭМПЛЯВАЦЬ ХРЫСТА З МАРЫЯЙ

Аблічча, што ззяе, як сонца

9. «І перамяніўся перад імі: і заззяла аблічча Яго, як сонца» (Мц 17, 2). Евангельскую сцэну перамянення Хрыста, у якой тры апосталы, Пётр, Якуб і Ян, паўстаюць перад намі, захопленыя прыгажосцю Адкупіцеля, можна ўспрыняць як ікону хрысціянскай кантэмпляцыі. Заглыбіцца позіркам у Хрыстова аблічча, распазнаць Яго таямніцу ў звычайнай, балеснай дарозе Яго чалавечнасці, ажно заўважыцца Боскае ззянне, канчаткова аб'яўленае ў Змёртвыхпаўсталым, які сядзіць у хвале праваруч Айца, - гэта задача кожнага вучня Хрыста, а таму і наша задача. Кантэмплюючы гэтае аблічча, мы адкрываемся на прыняцце таямніцы жыцця Найсвяцейшай Тройцы, каб увесь час нанова спазнаваць любоў Хрыста і цешыцца радасцю Духа Святога.

Такім чынам ажыццяўляюцца таксама для нас словы святога Паўла: «Мы ж усе, як у люстэрку, гледзячы на славу Панскую, перамяняемся ў той жа вобраз ад славы ў славу, як ад Духу Пана» (2 Кар 3, 18).

Марыя - узор кантэмпляцыі

10. Марыя - недасягальны ўзор кантэмпляцыі Хрыста. Аблічча Сына належыць Ёй па асабліваму праву. Гэта ў Яе ўлонні яно сфармавалася, беручы ад Яе таксама людское падабенства, якое, несумненна, указвае на яшчэ большую духовую блізкасць. Ніхто не аддаваўся такой шчырай кантэмпляцыі Хрыстовага аблічча, як Марыя. Вочы Яе сэрца ў пэўным сэнсе засяродзіліся на Ім ужо ў хвіліну Звеставання, калі зачала Яго праз справу Духа Святога; у наступныя месяцы Яна пачала адчуваць Яго прысутнасць і ўгадваць Ягоныя рысы. Калі ўрэшце нарадзіла Яго ў Бэтлееме, таксама Яе вочы пяшчотна пазіралі на аблічча Сына, якога «спавіла і паклала ў жолаб» (пар. Лк 2, 7).

З гэтага часу Яе позірк, заўсёды поўны замілаванага захаплення, ужо ніколі ад Яго не адвернецца. Часам гэты позірк будзе запытальны, як пасля Яго знікнення ў святыні: «Сыне, чаму Ты ўчыніў нам гэта?» (пар. Лк 2, 48); разам з тым гэта будзе заўсёды позірк праніклівы, здольны чытаць у глыбіні душы Езуса, ажно да зразумення Яго патаемных пачуццяў і ўгадвання Яго рашэнняў, гэтак, як на вяселлі ў Кане (пар. Ян 2, 5). Іншым разам гэты позірк будзе поўны болю, асабліва пад крыжам, дзе ён будзе яшчэ ў пэўным сэнсе позіркам «родзячай», паколькі Марыя не абмяжуецца толькі тым, каб падзяліць муку і смерць з Адзінародным, але прыме новага сына, даверанага Ёй у асобе ўмілаванага вучня (пар. Ян 19, 26-27). У велікодную раніцу гэта будзе позірк, асветлены радасцю Змёртвыхпаўстання, і, нарэшце, у дзень Пяцідзесятніцы - позірк, палаючы сыходжаннем Духу (пар. Дз 1, 14).

Успаміны Марыі

11. Марыя жыве з вачыма, звернутымі на Хрыста, і зберагае ў душы кожнае Яго слова: «Захоўвала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы сваім» (Лк 2, 19; пар. 2, 51). Успаміны пра Езуса, што запалі ў Яе душу, спадарожнічалі Ёй у кожнай акалічнасці, дапамагаючы вяртацца ў думках да розных хвілінаў свайго жыцця побач з Сынам. Менавіта гэтыя ўспаміны складалі ў пэўным сэнсе «Ружанец», які Яна сама пастаянна адгаворвала ў дні свайго зямнога жыцця.

І таксама цяпер, сярод радасных спеваў нябеснага Ерузалема, матывы, дзеля якіх Яна складае Богу падзяку і аддае Яму пашану, застаюцца нязменнымі. Гэта яны з'яўляюцца натхненнем для Яе мацярынскага клопату пра пілігрымуючы Касцёл, у якім надалей, як прапаведніца Евангелля, Яна развівае сюжэт свайго «апавядання». Марыя няспынна працягвае нагадваць вернікам пра «таямніцы» свайго Сына, прагнучы, каб праз кантэмпляцыю над імі змагла выявіцца ўся іх збаўчая моц. Таму адгаворваючы Ружанец, хрысціянская супольнасць паглыбляецца ў позірк Марыі і жыве Яе ўспамінамі.

Ружанец як кантэмпляцыйная малітва

12. Менавіта зыходзячы з досведу Марыі, Ружанец з'яўляецца малітваю выразна кантэмпляцыйнаю. Па-за гэтым вымярэннем ён губляе сваю сутнасць, таму Павел VI падкрэсліваў: «Калі не хапае кантэмпляцыі, то Ружанец становіца падобным да цела без душы і ўзнікае небяспека, што малітва стане механічным паўтарэннем формулаў, а таксама, што будзе супярэчыць напаміну Хрыста, які сказаў: «А молячыся, не кажыце шмат, як пагане, бо яны думаюць, што ў шматслоўі сваім будуць выслуханыя» (Мц 6, 7). Па сваёй сутнасці Ружанец вымагае, каб яго адгаворвалі ў рытме спакойнай малітвы і павольнай рэфлексіі, каб дзякуючы гэтаму той, хто моліцца, мог лягчэй аддацца кантэмпляцыі таямніцаў Хрыстовага жыцця, разважаных як бы сэрцам Той, якая з усіх была найбліжэйшая Пану, і каб адкрыліся неспасцігальныя багацці гэтых таямніцаў»14.

Варта спыніцца над гэтаю глыбокаю думкаю Паўла VI, каб вылучыць пэўныя аспекты Ружанца, якія лепш падкрэсліваюць адпаведны яму характар хрысталагічнай кантэмпляцыі.

Успамінаць Хрыста з Марыяй

13. Кантэмпляваць з Марыяй - гэта перадусім успамінаць. Аднак трэба разумець гэтае слова ў біблійным значэнні памяці (zakar), якая актуалізуе справы, здзейсненыя Богам у гісторыі збаўлення. Біблія ёсць апісаннем збаўчых падзеяў, якія дасягаюць свае кульмінацыі ў самім Хрысце. Гэтыя падзеі не належаць толькі да «ўчора»; яны з'яўляюцца таксама «сённяшнім днём» збаўлення. Гэтая актуалізацыя ажыццяўляецца асаблівым чынам у літургіі: тое, што Бог здзейсніў стагоддзі назад, не датычыць толькі непасрэдных сведкаў тых падзеяў, але сваім дарам ласкі даходзіць да людзей усіх часоў. Гэта пэўным чынам датычыцца таксама кожнай іншай пабожнай практыкі, якая набліжае нас да тых падзеяў: «успамінаць іх» з пазіцыі веры і любові азначае адкрывацца на тую ласку, якую Хрыстус атрымаў для нас праз свае таямніцы жыцця, смерці і змёртвыхпаўстання.

Таму, калі за ІІ Ватыканскім Саборам яшчэ раз трэба пацвердзіць, што літургія як выкананне святарскай паслугі Хрыста і як публічны культ «ёсць вяршыняю, да якой імкнецца дзейнасць Касцёла, і разам з тым ёсць крыніцаю, з якой выплывае ўся Ягоная сіла»15, то трэба таксама прыгадаць, што «духовае жыццё не абмяжоўваецца ўдзелам у самой літургіі. Бо, хоць хрысціянін пакліканы да супольнай малітвы, ён павінен таксама ўвайсці ў свой пакой і, зачыніўшыся, маліцца да Айца (пар. Мц 6, 6), і нават, як вучыць Апостал, павінен маліцца няспынна (пар. 1 Фес 5, 17)»16. Ружанец па сваёй спецыфіцы належыць да гэтай разнастайнай панарамы «няспыннай малітвы», і калі літургія, як дзейнасць Хрыста і Касцёла, ёсць перадусім збаўчаю дзейнасцю ў поўным значэнні гэтага слова, то Ружанец, як «медытацыя» аб Хрысце з Марыяй, ёсць збавеннаю кантэмпляцыяй. Сапраўды, калі, таямніца за таямніцаю, мы паглыбляемся ў жыццё Адкупіцеля, то ўсё, што Ён здзейсніў, а літургія актуалізуе, глыбока засвойваецца і фармуе наша існаванне.

Вучыцца Хрыста ад Марыі

14. Хрыстус - найбольш дасканалы Настаўнік, Ён - той, хто аб'яўляе і само Аб'яўленне. Сэнс не толькі ў тым, каб навучыцца таму, што Ён абвяшчаў, а ў тым, каб «навучыцца Яго самога». Якая ж настаўніца была б у гэтым лепшая за Марыю? Калі з пункту гледжання Бога, то Дух Святы з'яўляецца ўнутраным Настаўнікам, які вядзе нас да поўнай праўды пра Хрыста (пар. Ян 14, 26; 15, 26; 16, 13), а сярод створаных істотаў ніхто лепш за Яе не ведае Хрыста; ніхто не можа так, як Маці, увесці нас у глыбокае пазнанне Яго таямніцы.

Першы са «знакаў», што ўчыніў Езус - перамяненне вады ў віно на вяселлі ў Кане - паказвае нам Марыю менавіта ў ролі Настаўніцы, якая заахвочвала слугаў выканаць Хрыстовы наказы (пар. Ян 2, 5). Можам сабе ўявіць, што такую ролю выконвала Яна ў адносінах да вучняў пасля Унебаўшэсця Езуса, калі засталася з імі, чакаючы Духа Святога і ўмацоўвала іх у першай місіі. Праходзіць з Марыяй праз сцэны Ружанца - гэта як быццам быць у «школе» Марыі, каб чытаць Хрыста, каб пранікаць у Яго таямніцы, каб зразумець Яго пасланне.

Школа Марыі аказваецца тым больш дзейснай, калі падумаць, што вядзе яе Тая, якая атрымлівае для нас ва ўсёй шчодрасці дары Духа Святога і разам з тым дае нам прыклад гэтай «пілігрымкі веры»17, у якой з'яўляецца непараўнальнаю Настаўніцаю. У адносінах да кожнай таямніцы свайго Сына, Яна заахвочвае нас, як гэта было пры Звеставанні, з пакораю задаваць пытанні, якія адкрываюць нас на святло, каб у канцы заўсёды аказаць паслухмянасць веры: «Вось я слуга Панская; няхай станецца мне па слову Твайму» (Лк 1, 38).

Прыпадабняцца да Хрыста з Марыяй

15. Істотным знакам хрысціянскай духовасці ёсць намаганне вучня, каб усё больш прыпадабняцца да свайго Настаўніка (пар. Рым 8, 29; Флп 3, 10.21). Сыходжанне Духа Святога ў хросце прышчапляе веруючага, як атожылак да вінаграднай лазы, якою ёсць Хрыстус (пар. Ян 15, 5), робіць яго членам Яго містычнага Цела (пар. 1 Кар 12, 12; Рым 12, 5). Аднак гэтай існуючай ад пачатку еднасці павінен адпавядаць шлях усё большага прыпадабнення да Яго, якое павінна ўсё больш фармаваць паводзіны вучня ў адпаведнасці з «логікаю Хрыста»: «Тое думайце, што і ў Хрысце Езусе» (Флп 2, 5). Згодна са словамі Апостала трэба «апранацца ў Хрыста» (пар. Рым 13, 14; Гал 3, 27).

На духовым шляху Ружанца, угрунтаваным на пастаяннай кантэмпляцыі - разам з Марыяй - Хрыстовага аблічча, гэты патрабавальны ідэал прыпадабнення да Яго дасягаецца шляхам, які мы маглі б назваць «сяброўскім». Натуральным чынам ён уводзіць нас у жыццё Хрыста і дазваляе нам як бы «дыхаць» Яго пачуццямі. У сувязі з гэтым бл. Барталамей Лонга сцвярджае: «Гэтаксама як двое сяброў, якія часта бываюць разам, звычайна становяцца падобнымі сваімі норавамі, так і мы таксама, ведучы сардэчныя размовы з Езусам і Марыяй праз медытацыю таямніцаў Ружанца і развіваючы разам тое самае жыццё праз камунію, можам, наколькі была б здольная да таго нашая мізэрнасць, стаць падобнымі да Іх і навучыцца ад гэтых найвышэйшых прыкладаў пакорнаму, убогаму, утоенаму, цярпліваму і дасканаламу жыццю»18.

Што датычыць гэтага працэсу прыпадабнення да Хрыста праз Ружанец, то мы перадусім давяраемся мацярынскай падтрымцы Найсвяцейшай Панны. Тая, якая ёсць Хрыстовай Маці, сама, належачы да Касцёла як яго «самы знакаміты і цалкам асаблівы член»19, з'яўляецца адначасова «Маці Касцёла». Як Маці, Яна нястомна «нараджае» дзяцей містычнага Цела свайго Сына. Здзяйсняе гэта праз заступніцтва, выпрошваючы для іх невычэрпнае сыходжанне Духа. Яна - дасканалая ікона мацярынства Касцёла.

Ружанец містычна пераносіць нас, каб мы сталі побач з Марыяй, якая старанна клапоціцца пра чалавечае ўзрастанне Хрыста ў доме ў Назарэце. Гэта дазваляе Ёй выхоўваць нас і фармаваць з тым самым клопатам, пакуль Хрыстус ва ўсёй паўнаце не «сфармуецца» ў нас (Гал 4, 19). Гэты чын Марыі, цалкам заснаваны на Хрысце і абсалютна Яму падпарадкаваны, «ніякім чынам не перашкаджае непасрэднай лучнасці вернікаў з Хрыстом, але яе ўмацоўвае»20. Гэта ясны прынцып, выказаны ІІ Ватыканскім Саборам. Я вельмі моцна спазнаў гэтую праўду ў сваім жыцці і ўчыніў яе асноваю майго біскупскага дэвізу: «Totus Tuus»21. Гэты дэвіз, як вядома, натхнёны быў дактрынаю св. Людвіка Марыі Грыньёна дэ Манфора, які так тлумачыў ролю Марыі ў працэсе прыпадабнення кожнага з нас да Хрыста: «Уся нашая дасканаласць заключаецца ў прыпадабненні да Езуса Хрыста, у паяднанні з Ім і пасвячэнні сябе Яму. Таму найбольш дасканалае з усіх набажэнстваў, бясспрэчна, тое, якое нас найбольш дасканала прыпадабняе да Хрыста, найбольш цесна з Ім яднае і цалкавіта Яму прысвячае. Паколькі з усіх стварэнняў найбольш падобная да Хрыста Найсвяцейшая Маці, то з гэтага вынікае , што сярод усіх набажэнстваў - тое, якое душу найлепш прысвячае Збавіцелю нашаму і яе з Ім яднае, ёсць набажэнства да Найсвяцейшай Панны, Яго Святой Маці. Чым больш душа прысвечана Марыі, тым больш належаць будзе Езусу»22. Нідзе дарогі Хрыста і Марыі не паяднаныя так цесна, як у Ружанцы. Марыя жыве толькі і выключна ў Хрысце і з увагі на Хрыста!

Прасіць Хрыста з Марыяй

16. Хрыстус наказаў нам звяртацца да Бога цярпліва і даверліва, каб мы былі выслуханыя: «Прасіце і будзе вам дадзена; шукайце і знойдзеце; стукайцеся і адчыняць вам» (Мц 7, 7). Аснова гэтай эфектыўнасці малітвы - дабрыня Айца, але таксама пасрэдніцтва ў Яго з боку самога Хрыста (пар. 1 Ян 2, 1) і дзеянне Духа Святога, які «заступаецца за нас», згодна з воляю Божаю (пар. Рым 8, 26-27). Таму што мы «не ўмеем маліцца так, як трэба» (Рым 8, 26) і часам застаемся непачутымі, бо «дрэнна просім» (пар. Як 4, 2-3).

Малітву, якую Хрыстус і Дух Святы абуджаюць у нашых сэрцах, Марыя падтрымлівае сваім матчыным заступніцтвам. «Малітву Касцёла як бы праводзіць малітва Марыі»23. Таму што калі Хрыстус, адзіны Пасрэднік, ёсць Дарогаю нашай малітвы, то Марыя, якая найбольш ярка асветлена Ягоным вобразам, указвае Дарогу. «На падставе гэтага асаблівага супрацоўніцтва Марыі з дзеяннем Духа Святога Касцёлы развілі малітву да святой Маці Бога, засяроджваючы яе на Асобе Хрыста, аб'яўленай у Яго таямніцах»24.

На вяселлі ў Кане Галілейскай Евангелле паказвае менавіта дзейснасць заступніцтва Марыі, якая становіцца перад Езусам як выказніца людскіх патрэбаў: «Не маюць ужо віна» (Ян 2, 3).

Ружанец адначасова з'яўляецца медытацыяй і просьбаю. Цярплівае маленне, якое ўзносім да Маці Божай, абапіраецца на веру, што мацярынскае заступніцтва ўсё можа атрымаць ад Сэрца Сына. Яна «ўсемагутная праз ласку», такімі смелымі, у добрым значэнні, словамі акрэсліў гэта бл. Барталамей Лонга ў сваёй Суплікацыі да Панны25. Гэтае перакананне, пачаўшы ад Евангелля, умацоўвалася ў хрысціянскім людзе на шляху выпрабаванняў. Вялікі паэт Дантэ цудоўна выказаў яго ў духу св. Бернарда: «Пані, такой Ты моцы і шчадроты, што кожны, хто, прагнучы ласкі, да Цябе не звяртаецца, той без крылаў адважваецца лётаць»26. У Ружанцы молім Марыю, Святыню Духа Святога (пар. Лк 1, 35), а Яна становіцца перад Айцом, які адарыў Яе паўнатою ласкаў, і перад Сынам, народжаным з Яе ўлоння, молячыся з намі і за нас.

Абвяшчаць Хрыста з Марыяй

17. Ружанец - гэта таксама дарога абвяшчэння і спасціжэння таямніцы Хрыста, на якой яна пастаянна праяўляецца ў розных сферах хрысціянскага досведу. Прыкладам з'яўляецца малітоўная і кантэмпляцыйная прэзентацыя, мэтаю якой ёсць фармаванне вучня паводле Сэрца Хрыста. Таму што калі ў ружанцовай малітве будуць адпаведна ўлічаны ўсе элементы, каб медытацыя была дзейсная, асабліва, калі Ружанец адгаворваецца супольна ў парафіях і санктуарыях, тады з'яўляецца асаблівая магчымасць катэхезы, якую душпастыры павінны ўмела выкарыстаць. Маці Божая Ружанцовая таксама такім чынам вядзе далей сваю справу абвяшчэння Хрыста. Гісторыя Ружанца паказвае, як гэту малітву выкарыстоўвалі асабліва дамінікане, калі Касцёл перажываў цяжкія часіны з прычыны пашырэння ерасяў. Сёння мы стаім перад новымі выклікамі. Чаму ж зноў не ўзяць у рукі вяночка разам з вераю тых, хто быў перад намі? Ружанец захоўвае ўсю сваю сілу і значэнне, застаючыся абавязковаю прыладаю сярод душпастырскіх сродкаў кожнага добрага прапаведніка Евангелля.

 

ІІ РАЗДЗЕЛ
ТАЯМНІЦЫ ХРЫСТА - ТАЯМНІЦЫ МАЦІ

Ружанец - «пераказ Евангелля»

18. У кантэмпляцыю аблічча Хрыста нельга ўвайсці інакш, чым слухаючы ў Духу Святым голасу Айца, бо «ніхто не ведае Сына, толькі Айцец» (Мц 11, 27). У ваколіцах Філіпавай Цэзарыі, паводле прызнання Пятра, Езус выразна акрэслівае, дзе крыніца гэтай, такой яснай, інтуіцыі, якая датычыць Яго тоеснасці: «Не цела і кроў адкрылі табе гэтае, але Айцец мой, які ў Нябёсах» (Мц 16, 17). Таму неабходна аб'яўленне, дадзенае звыш. Каб магчы яго прыняць, трэба ўважліва слухаць: «Толькі досвед маўчання і малітвы стварае адпаведную аснову, на якой можа ўзрасці і развіцца больш праўдзівае, адэкватнае і паслядоўнае пазнанне таямніцы»27.

Ружанец - гэта адзін з традыцыйных шляхоў хрысціянскай малітвы, якая выкарыстоўваецца для кантэмпляцыі аблічча Хрыста. Папа Павел VI апісаў яго так: «Паколькі Ружанец абапіраецца на Евангелле і адносіцца як бы да цэнтра, да таямніцы Уцелаўлення і Адкуплення людзей, то яго трэба лічыць малітваю, якая ва ўсёй паўнаце нясе хрысталагічную адзнаку. Бо яго характэрны элемент, менавіта літанійны паўтор анёльскага прывітання «Вітай, Марыя», узносіць таксама няспынную хвалу Хрысту, да якога - як да канчатковай мэты - адносіцца аб'яўленне анёла і прывітанне маці Хрысціцеля: «Благаславёны плод улоння Твайго» (Лк 1, 42). Больш за тое, паўтарэнне словаў «Вітай, Марыя» - гэта як бы канва, у якой развіваецца кантэмпляцыя таямніцаў. Таму што Хрыстус, на якога ўказваецца ў кожным анёльскім прывітанні, ёсць тым самым Хрыстом, якога паслядоўнасць таямніцаў паказвае як Сына Божага і як Сына Панны»28.

Слушнае дапаўненне

19. Ружанец, у той форме, якая прыжылася ў найбольш пашыранай практыцы, зацверджанай касцёльнымі ўладамі, паказвае толькі некаторыя са шматлікіх таямніцаў жыцця Хрыста. Такі выбар быў прадыктаваны першапачатковаю схемаю гэтай малітвы, звязанай з лічбаю 150, колькасцю псальмаў у Псалтыры.

Аднак я лічу, што для таго, каб развіць хрысталагічнае вымярэнне Ружанца, слушным было б дапаўненне, якое (пакінутае свабоднаму выбару асобаў і супольнасцяў) дазволіла б ахапіць таксама таямніцы публічнага жыцця Хрыста паміж хростам у Ярдане і мукаю. Менавіта ў гэтых таямніцах мы кантэмплюем важныя аспекты Асобы Хрыста як Таго, хто канчаткова аб'явіў Бога. Ён ёсць Той, хто - абвешчаны пры хросце ў Ярдане ўмілаваным Сынам Айца - аб'яўляе надыход Валадарства, сведчыць пра яго сваімі ўчынкамі, абвяшчае яго патрабаванні. Гэта ў гады публічнага жыцця таямніца Хрыста аб'яўляецца па спецыяльным праве як таямніца святла: «Пакуль Я на свеце, Я - святло свету» (Ян 9, 5).

Каб Ружанец больш паўнапраўна можна было назваць «пераказам Евангелля», слушна пасля разважання над Уцелаўленнем і ўкрытым жыццём Хрыста (радасныя таямніцы), перад засяроджаннем над цярпеннямі мукі (балесныя таямніцы) і над трыумфам змёртвыхпаўстання (хвалебныя таямніцы) паразважаць таксама над пэўнымі, асабліва важнымі момантамі публічнага жыцця (таямніцы святла). Гэтае дапаўненне новымі таямніцамі, нічым не шкодзячы ніводнаму з істотных аспектаў традыцыйнага ўкладу гэтай малітвы, павінна паспрыяць таму, што яна будзе перажывацца ў хрысціянскай духовасці з новаю зацікаўленасцю як сапраўдныя ўводзіны ў глыбіню Сэрца Езуса Хрыста, акіяну радасці і святла, болю і хвалы.

Радасныя таямніцы

20. Першы цыкл - «радасных таямніцаў» - сапраўды выяўляе радасць, якая праменіць з падзеі Уцелаўлення. Гэта відавочна з хвіліны Звеставання, калі прывітанне Панны з Назарэту Габрыэлем злучаецца з заклікам да месіянскай радасці: «Радуйся, Марыя». У гэтым Звеставанні дасягае свае мэты ўся гісторыя Збаўлення і нават, у пэўнай ступені, гісторыя свету. Бо калі план Айца ў тым, каб паяднаць усё ў Хрысце (пар. Эф 1, 10), то пэўным чынам усяго сусвету дасягае Боская ласкавасць, з якою Айцец схіляецца над Марыяй, каб учыніць Яе Маці свайго Сына. Усё чалавецтва як бы ахоплена гэтым fiat - «няхай станецца», - якім Яна з гатоўнасцю адказвае на волю Бога.

Пад знакам радасці праходзіць далей сцэна сустрэчы з Альжбетаю, у якой сам голас Марыі і прысутнасць Хрыста ў Яе ўлонні ўчыняюць, што Ян «узварухнуўся радасна» (пар. Лк 1, 44). Багатая весялосцю сцэна ў Бэтлееме, у якой анёлы апяваюць і абвяшчаюць пастушкам нараджэнне Божага Дзіцяці, Збаўцы свету, менавіта як «радасць вялікую» (Лк 2, 10).

Але ўжо дзве апошнія таямніцы, хоць і захоўваюць адценне радасці, адначасова прадказваюць прыкметы драмы. Ахвяраванне ў святыні, будучы радасным з прычыны пасвячэння і прыводзячы ў захапленне старца Сімяона, ахоплівае таксама прароцтва аб «знаку супраціву», якім гэтае Дзіця будзе для Ізраэля, а таксама пра меч, які пранікне ў душу Маці (пар. Лк 2, 34-35). Радаснае і разам з тым таксама драматычнае апавяданне пра дванаццацігадовага Езуса ў святыні. Ён паказваецца тут у сваёй Боскай мудрасці і пераважна як Той, хто «навучае». Аб'яўленне ў Ім таямніцы Сына, цалкам адданага справам Айца, ёсць прадказаннем евангельскага радыкалізму, які перад суровымі патрабаваннямі Валадарства выходзіць па-за людскія повязі, нават самыя сардэчныя. Нават Юзаф і Марыя, устрывожаныя і занепакоеныя, «не зразумелі» сказаных ім словаў (Лк 2, 50).

Такім чынам, разважаць «радасныя таямніцы» - гэта значыць увайсці ў канчатковыя прычыны і ў глыбокае значэнне хрысціянскай радасці. Гэта значыць углядвацца ў канкрэтыку таямніцы Уцелаўлення і ў няяснае прадказанне таямніцы збаўчага цярпення. Марыя вядзе нас да зразумення таго, у чым заключаецца сакрэт хрысціянскай радасці, нагадваючы нам, што хрысціянства - гэта перадусім euhangelion, «добрая навіна», якая мае свой цэнтр і нават увесь свой сэнс у Асобе Хрыста, Слова, якое сталася целам, у Асобе адзінага Збаўцы свету.

Таямніцы святла

21. Пераходзячы ад дзяцінства і жыцця ў Назарэце да публічнага жыцця Езуса, кантэмпляцыя вядзе нас да тых таямніцаў, якія па спецыяльным праве можна назваць «таямніцамі святла». На самай справе ўся таямніца Хрыста ёсць святлом. Ён - «святло свету» (Ян 8, 12). Аднак гэтае вымярэнне ўзнікае асабліва ў гады публічнага жыцця, калі Ён абвяшчае Евангелле Валадарства.

Жадаючы ўказаць хрысціянскай супольнасці пяць вызначальных момантаў - таямніцаў, «поўных святла», - гэтай фазы жыцця Хрыста, лічу, што слушна можна было прызнаць імі наступныя: 1. Яго хрост у Ярдане; 2. Аб'яўленне сябе на вяселлі ў Кане; 3. Абвяшчэнне Валадарства Божага і заклік да навяртання; 4. Перамяненне на гары Табор; 5. Устанаўленне Эўхарыстыі, якая з'яўляецца сакрамэнтальным праяўленнем пасхальнай таямніцы.

Кожная з гэтых таямніцаў - гэта аб'яўленне Валадарства, якое ўжо надышло ў самой Асобе Езуса. Таямніцаю святла ёсць перадусім хрост у Ярдане. Тут, калі Езус спускаецца да вады - як нявінны, які чыніць сябе «грахом» за нас (пар. 2 Кар 5, 21), - адкрываюцца нябёсы і голас Айца абвяшчае Яго ўмілаваным Сынам (пар. Мц 3, 17), а Дух Святы сыходзіць на Яго, каб паклікаць Яго да будучай місіі. Таямніцаю святла ёсць пачатак знакаў у Кане (пар. Ян 8, 1-12), калі Хрыстус, перамяняючы ваду ў віно, дзякуючы ўмяшальніцтву Марыі, першай з веруючых, адкрывае сэрцы вучняў на веру. Таямніцаю святла ёсць навучанне Езуса, у часе якога Ён абвяшчае надыход Божага Валадарства і заклікае да навяртання (пар. Мк 1, 15), адпускаючы грахі тым, хто падыходзіў да Яго з пакорным даверам (пар. Мк 2, 3-13; Лк 7, 47-48), даючы пачатак таямніцы міласэрнасці, якую Ён сам будзе рэалізоўваць ажно да сканчэння свету, асабліва праз давераны Касцёлу Сакрамэнт Паяднання (пар. Ян 20, 22-23). Таямніцаю святла ў поўным значэнні гэтага слова ёсць далей перамяненне, якое, паводле традыцыі, мела месца на гары Табор. Хвала Боства распраменьвае аблічча Хрыста, калі Айцец прызнае Яго перад поўнымі захаплення Апосталамі, заклікае іх, каб Яго слухалі (пар. Лк 9, 35) і рыхтуе да перажывання з ім балеснага моманту мукі, каб дайшлі з Ім да радасці змёртвыхпаўстання і да жыцця, перамененага Духам Святым. Таямніцаю святла ёсць урэшце ўстанаўленне Эўхарыстыі, у якой Хрыстус са сваім Целам і Крывёю пад постацямі хлеба і віна становіцца спажываю, даючы сведчанне сваёй любові да людзей «ажно да канца» (Ян 13, 1), дзеля збаўлення якіх складзе самога сябе ў ахвяры.

У гэтых таямніцах, за выключэннем Каны, прысутнасць Марыі застаецца ў ценю. Евангеллі згадваюць усяго некалькі разоў пра Яе выпадковую прысутнасць у тым ці іншым моманце навучання Езуса (пар. Мк 3, 31-35; Ян 2, 12) і нічога не гавораць, ці была Яна ў Вячэрніку падчас устанаўлення Эўхарыстыі. Аднак роля, якую Яна выконвае ў Кане, відавочная пэўным чынам на ўсім шляху Хрыста. Аб'яўленне, якое ў часе хросту ў Ярдане даў аб Ім непасрэдна Айцец і якое адбілася рэхам у Яну Хрысціцелю, у Кане знаходзім на Яе вуснах, і яно становіцца вялікім мацярынскім наказам, скіраваным Ёю да Касцёла ўсіх часоў: «Рабіце ўсё, што толькі вам скажа» (Ян 2, 5). Гэты наказ, які адпаведна ўводзіць у словы і знакі Хрыста ў часе Яго публічнага жыцця, стварае марыйны фон для ўсіх «таямніцаў святла».

Балесныя таямніцы

22. Таямніцам болю Хрыста Евангеллі надаюць вялікае значэнне. Хрысціянская пабожнасць заўсёды, асабліва ў Вялікім посце, праз адпраўленне Дарогі Крыжовай, звярталася да паасобных момантаў мукі, інтуіцыйна адчуваючы, што тут знаходзіцца кульмінацыйны пункт аб'яўлення любові і што тут - крыніца нашага збаўлення. Ружанец выбірае пэўныя моманты мукі, схіляючы таго, хто моліцца, засяродзіць на іх позірк сваёй душы і перажыць іх нанова. Дарога медытацыі пачынаецца Садам Гефсіманскім, дзе Хрыстус перажывае асабліва пакутлівыя хвіліны перад воляю Айца, адносна якой слабасць цела магла б паддацца спакусе бунту. Там Хрыстус становіцца перад усімі спакусамі чалавецтва і перад усімі яго грахамі, каб сказаць Айцу: «Не Мая воля, але Твая няхай станецца» (Лк 22, 42). Гэтае Яго «так» адмяняе «не» прабацькоў у Эдэмскім садзе. А колькі каштавала Яму гэтае прыняцце волі Айца, вынікае з далейшых таямніцаў, у якіх праз бічаванне, укаранаванне цернем, нясенне крыжа і смерць на крыжы Ён выданы на найбольшае прыніжэнне: Ecce homo!

У гэтым прыніжэнні аб'яўляецца не толькі любоў Бога, але само значэнне чалавека. Ecce homo: хто хоча спазнаць чалавека, павінен умець распазнаць яго значэнне, крыніцу і спаўненне ў Хрысце - Богу, які прыніжаецца з любові «ажно да смерці і смерці крыжовай» (Флп 2, 8). Балесныя таямніцы дапамагаюць веруючаму яшчэ раз перажыць смерць Езуса, стаяць пад крыжам побач з Марыяй, каб разам з Ёю паглыбляцца ў акіян любові Бога да чалавека і адчуць усю яе жыватворную моц.

Хвалебныя таямніцы

23. «Кантэмпляцыя аблічча Хрыста не можа спыніцца на выяве Укрыжаванага. Хрыстус - Уваскрослы!»29 Ружанец заўсёды адлюстроўваў гэты досвед веры, заклікаючы веруючага выйсці па-за цемру мукі, каб заглыбіць позірк у хвалу Хрыста ў Змёртвыхпаўстанні і Унебаўшэсці. Кантэмплюючы Уваскрослага, хрысціянін нанова адкрывае матывы сваёй веры (пар. Кар 15, 14) і нанова перажывае радасць не толькі тых, каму Хрыстус аб'явіўся - Апосталаў, Магдалены, вучняў з Эмаус - але таксама радасць Марыі, якая не менш інтэнсіўна павінна была зведаць новае жыццё свайго ўслаўленага Сына. Да тае хвалы, у якой з моманту Унебаўшэсця Хрыстус займае месца праваруч Айца, Яна таксама праз асаблівую прывілею будзе ўзнесена ва Унебаўзяцці, каб апярэджваць тое, да чаго прызначаныя ўсе справядлівыя праз змёртвыхпаўстанне целаў. Урэшце, укаранаваная ў хвале, - як гэта відаць у апошняй хвалебнай таямніцы - яснее Яна як Каралева анёлаў і святых, прадчуванне і вяршыня эсхаталагічнай рэчаіснасці Касцёла.

У цэнтры гэтай дарогі хвалы Сына і Маці Ружанец ставіць у трэцяй хвалебнай таямніцы Пяцідзесятніцу, якая паказвае аблічча Касцёла як сям'і, сабранай разам з Марыяй, ажыўленай магутным сыходжаннем Духа Святога, гатовай да евангелізацыйнай місіі. Кантэмпляванне гэтай, як і іншых хвалебных таямніцаў, павінна весці веруючых да ўсё больш жывога ўсведамлення свайго новага жыцця ў Хрысце, унутры рэчаіснасці Касцёла - жыцця, для якога сцэна Пяцідзесятніцы з'яўляецца вялікаю «іконаю». Такім чынам, хвалебныя таямніцы ажыўляюць у верніках надзею эсхаталагічнай мэты, да якой яны накіроўваюцца як члены Люду Божага, што пілігрымуе праз гісторыю. Гэта павінна падштурхоўваць іх да адважнага сведчання пра тую «радасную навіну», якая надае сэнс усяму іх жыццю.

Ад «таямніцаў» да «Таямніцы»: дарога Марыі

24. Медытацыйныя цыклы, прапанаваныя святым Ружанцам, зразумела, не вычэрпваюць усяе справы, але яны прыпамінаюць самае галоўнае, ведучы дух да ўпадабання пазнавання Хрыста, якое пастаянна чэрпае з чыстай крыніцы Евангелля. Кожная з паасобных рысаў Хрыста, апісаных евангелістамі, яснее ззяннем Таямніцы, якая пераўзыходзіць усялякія веды (пар. Эф 3, 19). Гэта Таямніца Уцелаўлёнага Слова, у якім «жыве ўся паўната Боства цялесна» (Клс 2, 9). Таму Катэхізіс Каталіцкага Касцёла надае такое вялікае значэнне таямніцы Хрыста, прыгадваючы, што «ўсё ў жыцці Езуса [...] - гэта знак Яго таямніцы»30. Гэтае «Duc in altum» Касцёла ў трэцім тысячагоддзі вымяраецца здольнасцю хрысціянаў да «больш дасканалага пазнання таямніцы Бога - гэта значыць Хрыста, у якім усе скарбы мудрасці і ведання схаваны» (Клс 2, 3). Да кожнага ахрышчанага скіравана гарачае пажаданне з Паслання Паўла да Эфесцаў: «Каб Хрыстус пасяліўся праз веру ў вашых сэрцах, каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, [...] здолелі пазнаць любоў Хрыстову, што вышэй за разуменне, каб вам напоўніцца ўсёю паўнатою Божаю» (3, 17-19).

Ружанец становіцца на службу гэтаму ідэалу, выяўляючы «сакрэт», як можна лягчэй адкрыцца на глыбокае, захапляльнае пазнанне Хрыста. Мы маглі б назваць гэта дарогаю Марыі. Гэта дарога прыкладу Панны з Назарэту, Жанчыны веры, маўчання і слухання. Разам з тым - гэта дарога марыйнай пабожнасці, якую ажыўляе ўсведамленне непарыўнай сувязі, што яднае Хрыста і Яго Найсвяцейшую Маці: Таямніцы Хрыста з'яўляюцца ў пэўным сэнсе таямніцамі Марыі, нават тады, калі Яна не звязана з імі непасрэдна, праз сам факт, што Яна жыве Ім і для Яго. Паўтараючы ў «Вітай, Марыя» словы Анёла Габрыэля і св. Альжбеты, мы адчуваем натхненне, каб пастаянна нанова шукаць у Марыі, у Яе абдымках і ў Яе Сэрцы «благаславёнага плоду Яе ўлоння» (пар. Лк 1, 42).

Таямніца Хрыста - таямніца чалавека

25. У згаданым ужо сведчанні з 1978 года пра Ружанец як пра малітву, якую я вельмі палюбіў, я выказаў думку, да якой хачу вярнуцца. Тады я сказаў, што «гэта простая ружанцовая малітва пульсуе як бы людскім жыццём»31.

У святле папярэдніх разважанняў пра таямніцы Хрыста няцяжка паглыбіць гэты антрапалагічны падтэкст Ружанца. Гэты падтэкст больш глыбокі, чым здаецца на першы погляд. Хто кантэмплюе Хрыста, разважаючы над этапамі Яго жыцця, той павінен спасцігнуць у Ім таксама «праўду пра чалавека». Гэта вельмі важнае сцвярджэнне ІІ Ватыканскага Сабору, якое, пачынаючы ад энцыклікі Redemptor hominis, не раз станавілася прадметам майго навучання: «Таямніца чалавека па-сапраўднаму тлумачыцца толькі ў таямніцы Уцелаўлёнага Слова»32. Ружанец дапамагае адкрыцца на гэтае святло. Ідучы дарогаю Хрыста, у якім дарога чалавека «падсумавана»33, адкрыта і адкуплена, веруючы становіцца перад вобразам сапраўднага чалавека. Кантэмплюючы Яго нараджэнне, вучыцца святасці жыцця, гледзячы на дом у Назарэце, пазнае першапачатковую праўду пра сям'ю паводле Боскага плану, слухаючы Настаўніка ў таямніцах публічнага жыцця, чэрпае святло, каб увайсці ў Валадарства Божае, а ідучы дарогаю на Кальварыю, вучыцца спасцігаць значэнне збаўчага цярпення. Урэшце, кантэмплюючы Хрыста і Яго Маці ў хвале, бачыць мэту, да якой кожны з нас пакліканы, калі дазволіць Духу Святому аздаравіць і перамяніць сябе. Такім чынам, можна сказаць, што кожная таямніца Ружанца, становячыся прадметам добрай медытацыі, пралівае святло на таямніцу чалавека.

Разам з тым з'яўляецца чымсьці натуральным прыносіць на гэтае спатканне са святою чалавечнасцю Адкупіцеля шматлікія праблемы, страхі, цяжкасці і планы, якія характарызуюць нашае жыццё. «Скінь свой клопат на Пана, а Ён цябе падтрымае» (пар. Пс 55 [54], 23). Медытаваць з Ружанцам - гэта значыць давяраць нашы трывогі міласэрнаму Сэрцу Хрыста і Сэрцу Яго Маці. Праз дваццаць чатыры гады, разважаючы над выпрабаваннямі, якіх хапіла мне таксама пры выкананні Пятровай паслугі, я адчуваю, што павінен паўтарыць упэўненне, якое ёсць у пэўным сэнсе гарачым заклікам, скіраваным да ўсіх, каб асабіста гэта зведалі: так, Ружанец сапраўды «пульсуе людскім жыццём» дзеля таго, каб згарманізаваць яго з рытмам Божага жыцця ў радаснай камуніі Найсвяцейшай Тройцы, што ёсць прызначэннем і глыбокаю прагаю ўсяе нашае існасці.

 

III РАЗДЗЕЛ
«ДЛЯ МЯНЕ ЖЫЦЦЁ - ГЭТА ХРЫСТУС»

Ружанец - шлях засваення таямніцы

26. Ружанец прапануе характэрны метад медытацыі над таямніцамі Хрыста, спрыяльны па сваёй прыродзе для іх засваення. Гэта метад, заснаваны на паўтарэнні, што датычыць перадусім малітвы «Вітай, Марыя», якая паўтараецца ажно дзесяць разоў пры кожнай таямніцы. Калі глядзець павярхоўна на гэтае паўтарэнне, то можна было б адносіцца да Ружанца як да бясплоднага і сумнага занятку. Аднак зусім іншыя высновы на тэму вяночка можна зрабіць, калі ўспрыняць яго як праяву нястомнай любові, якая пастаянна вяртаецца да любімай асобы з гарачымі пачуццямі, якія, хоць і падобныя ў сваіх праяўленнях, але заўсёды новыя з прычыны тае пяшчоты, якая іх пранізвае.

У Хрысце Бог сапраўды прыняў «сэрца з цела». Ён мае не толькі Божае Сэрца, багатае міласэрнасцю і прабачэннем, але таксама - чалавечае сэрца, здольнае на ўсе праявы пачуцця. Калі б нам для гэтага патрэбны былі сведчанні Евангелля, то лёгка было б іх знайсці ў хвалюючым дыялогу Хрыста з Пятром пасля змёртвыхпаўстання. «Сымоне Ёнаў, ці любіш ты Мяне?» Ажно тры разы зададзена гэтае пытанне, ажно тры разы быў дадзены адказ: «Так, Пане! Ты ведаеш, што я люблю Цябе» (пар. Ян 21, 15-17). Незалежна ад спецыфічнага значэння гэтага «ўрыўка», такога важнага для місіі Пятра, ні ад чыёй увагі не можа схавацца прыгажосць гэтага трохразовага паўтору, у якім настойлівае пытанне, якое пастаянна вяртаецца, і адпаведны яму адказ выказаны тэрміналогіяй, добра вядомаю з універсальнага досведу чалавечай любові. Каб зразумець Ружанец, трэба ўвайсці ў псіхалагічную дынаміку, уласцівую любові.

У адным можна быць пэўным: калі паўтор «Вітай, Марыя» звернуты непасрэдна да Маці Найсвяцейшай, то з Ёю і праз Яе любоў ён даходзіць урэшце рэшт да Езуса. Паўтор ажыўляецца жаданнем усё больш поўнага прыпадабнення да Хрыста, што з'яўляецца сапраўднаю «праграмаю» хрысціянскага жыцця. Святы Павел абвясціў гэтую праграму палымянымі словамі: «Для мяне жыццё - гэта Хрыстус» (Флп 1, 21). І яшчэ: «Цяпер ужо не я жыву, але жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 20). Ружанец дапамагае нам узрастаць у гэтым прыпадабненні ажно да дасягнення мэты, якою ёсць святасць.

Дзейсны метад

27. Нас не павінна здзіўляць, што сувязь з Хрыстом можа ўстанаўлівацца таксама пры дапамозе нейкага канкрэтнага метаду. Бог падае сябе чалавеку, згодна з яго натураю і яе жыццёвымі рытмамі. Такім чынам, хоць хрысціянская духовасць ведае больш узвышаныя формы містычнага маўчання, у якім усялякія вобразы, словы і жэсты ў пэўным сэнсе замяняюцца інтэнсіўным і невыказным паяднаннем чалавека з Богам - звычайна духовасць ангажуе ўсю асобу як у яе складанай псіхафізічнай рэальнасці, так і ва ўзаемаадносінах з іншымі.

Гэта выразна відаць у літургіі. Справаванне Сакрамэнтаў і сакрамэнталіяў звязана з шэрагам абрадаў, дастасаваных да розных вымярэнняў чалавечай асобы. Так ёсць і з нелітургічнаю малітваю. Гэта пацвярджае факт, што на Усходзе найбольш характэрная малітва хрысталагічнай медытацыі, засяроджаная на словах: «Пане Езу Хрыстэ, Сыне Бога, змілуйся нада мною, грэшным»34, традыцыйна звязваецца з рытмам дыхання, які спрыяе настойлівасці ва ўзнясенні просьбаў і гарантуе амаль «фізічную» моц жаданню, каб Хрыстус стаўся для жыцця дыханнем, душою і «ўсім».

Метад, які, аднак, можна палепшыць

28. У Апостальскім лісце Novo millennio ineunte я нагадаў, што сёння таксама на Захадзе ўзнікла новая неабходнасць медытацыі, якая знаходзіць часам у іншых рэлігіях даволі прывабныя спосабы рэалізацыі35. Ёсць нямала хрысціянаў, якія, не ведаючы добра хрысціянскай кантэмпляцыйнай традыцыі, паддаюцца ўплывам гэтых прапановаў. Аднак яны, хоць і маюць пазітыўныя элементы, якія часам можна спалучыць з хрысціянскім досведам, часта хаваюць у сабе непрымальную ідэалагічную аснову. Таксама ў гэтых досведах вялікаю папулярнасцю карыстаецца метадалогія, якая, маючы на мэце глыбокую духовую канцэнтрацыю, выкарыстоўвае тэхніку псіхафізічнага характару, заснаваную на паўтарэнні і сімволіцы. У гэты агульны шэраг з'яў рэлігійнай фенаменалогіі ўваходзіць і Ружанец, аднак па сваіх уласцівасцях ён адпавядае патрабаванням хрысціянства.

Сапраўды, Ружанец - гэта толькі метад кантэмпляцыі. І як метад яго трэба выкарыстоўваць для дасягнення мэты, але нельга, каб ён стаў мэтаю самою ў сабе. Паколькі ён з'яўляецца плёнам шматвекавога досведу, яго таксама не трэба недаацэньваць як метад. На яго карысць сведчыць вопыт многіх святых. Аднак гэта не выключае факту, што яго можна палепшыць. Менавіта на гэта скіравана дапаўненне цыклу таямніцаў шэрагам новых - mysteria lucis - разам з пэўнымі прапановамі, якія датычаць адгаворвання Ружанца, і якія я падаю ў гэтым лісце. Гэтымі прапановамі, шануючы аднак паўсюдна прынятую структуру гэтай малітвы, я хацеў бы дапамагчы вернікам зразумець яе сімвалічныя аспекты, застаючыся ў згодзе з патрэбамі штодзённага жыцця. У адваротным выпадку ўзнікала б небяспека, што Ружанец не толькі не прынясе жаданых духовых вынікаў, але дойдзе нават да такой сітуацыі, што да вяночка, на якім звычайна ён адгаворваецца, будуць адносіцца гэтаксама як да нейкага амулету ці магічнага прадмету, што было б радыкальным скажэннем яго значэння і функцыі.

Аб'яўленне таямніцы

29. Аб'яўленне таямніцы і, калі толькі гэта магчыма, адначасовы паказ іконы, якая яе ілюструе, - гэта як бы адкрыццё сцэны, на якой трэба засяродзіць увагу. Словы скіроўваюць уяўленне і дух да гэтай акрэсленай падзеі ці моманту з жыцця Хрыста.

Духовасць, якая развілася ў Касцёле, звяртаецца да зрокавага і вобразнага аспектаў (compositio loci), лічачы іх вельмі карыснымі для канцэнтрацыі духу на таямніцы. Да такіх сродкаў належаць і ўшанаванне абразоў, і шматлікія формы пабожнасці, багатыя элементамі, што ўспрымаюцца пачуццямі, як таксама метад, прапанаваны св. Ігнацыем Лаёлам у Духовых практыкаваннях. Зрэшты, гэта метадалогія адпавядае самой логіцы Уцелаўлення: Бог пажадаў прыняць у Езусе чалавечыя рысы. Гэта праз Яго цялесную сапраўднасць нам дадзена магчымасць кантакту з Яго Боскаю таямніцаю.

Гэтай патрэбе канкрэтыкі адпавядае таксама абвяшчэнне розных таямніцаў Ружанца. Зразумела, яны не замяняюць Евангелля, і нават не паўтараюць усіх яго старонак. Такім чынам, Ружанец не замяняе lectio divina, а наадварот - прадугледжвае яго і аблягчае.

Аднак, калі таямніцы, над якімі разважаецца ў Ружанцы, нават дапоўненыя mysteria lucis, абмяжоўваюцца толькі асноўнымі лініямі жыцця Хрыста, то ад іх лёгка можна перайсці да астатніх тэмаў Евангелля, перадусім тады, калі Ружанец адгаворваецца ў асаблівыя хвіліны працяглай засяроджанасці.

Слуханне Слова Божага

30. Каб надаць медытацыі біблійную аснову і большую глыбіню, карысна пасля аб'яўлення таямніцы прачытаць адпаведны біблійны тэкст, які, у залежнасці ад абставінаў, можа быць карацейшы альбо даўжэйшы. Таму што ніякія іншыя словы не могуць параўнацца па сваёй дзейснасці з натхнёным Словам. Яго трэба слухаць з упэўненасцю, што гэта Слова Бога, прамоўленае для сённяшняга часу і «для мяне».

Успрынятае такім чынам, яно ўваходзіць у ружанцовую метадалогію паўтарэння, не выклікаючы стомленасці, якую выклікаў бы звыклы паўтор ужо добра засвоенай інфармацыі. Таму што сэнс не ў тым, каб выклікаць у памяці інфармацыю, а ў тым, каб дазволіць Богу «гаварыць». У пэўных урачыстых выпадках у супольнасці гэта слова можна адпаведна праілюстраваць кароткім каментаром.

Маўчанне

31. Слуханне і медытацыя жывяцца маўчаннем. Слушна было б пасля абвяшчэння таямніцы і прачытання Слова праз адпаведны час спыніцца і засяродзіцца на разважанай таямніцы, перш чым распачаць вусную малітву. Паўторнае адкрыццё каштоўнасці маўчання з'яўляецца адным з сакрэтаў практыкавання кантэмпляцыі і медытацыі. Да абмежаванняў грамадства, здамінаванага тэхналогіяй і сродкамі масавай інфармацыі, адносіцца таксама той факт, што ў ім усё цяжэй становіцца дасягнуць маўчання. Так як у літургіі рэкамендуецца хвіліна маўчання, таксама падчас ружанцовай малітвы, пасля таго як праслухана Слова Божае, будзе дарэчы кароткая паўза, у час якой дух засяроджваецца на сутнасці пэўнай таямніцы.

«Ойча наш»

32. Пасля пачутага Слова і засяроджанасці на таямніцы, чымсьці натуральным ёсць узнясенне духу да Айца. Езус у кожнай са сваіх таямніцаў заўсёды вядзе нас да Айца, да якога Ён пастаянна звяртаецца, бо ў Яго «ўлонні» спачывае (Ян 1, 18). Ён хоча прывесці нас да цеснай сувязі з Айцом, каб мы казалі разам з Ім: «Абба, Ойча» (Рым 8, 15; Гал 4, 6). Гэта ў адносінах да Айца Ён робіць нас сваімі братамі і братамі паміж сабою, даючы нам Духа, які ёсць Ягоным і Духам Айца адначасова. Малітва «Ойча наш», угрунтаваная пэўным чынам на аснове хрысталагічна-марыйнай медытацыі, якая развіваецца праз паўтарэнне «Вітай, Марыя», ператварае медытацыю таямніцы ў эклезіяльны досвед, нават тады, калі яна праводзіцца на адзіноце.

Дзесяць «Вітай, Марыя»

33. Гэты элемент займае ў Ружанцы найбольш месца, і разам з тым дзякуючы яму Ружанец з'яўляецца малітваю марыйнаю ў поўным значэнні гэтага слова. Аднак менавіта ў святле правільна зразуметых слоў «Вітай, Марыя» выразна адчуваецца, што марыйны характар не толькі не супярэчыць хрысталагічнаму, а, наадварот, падкрэслівае яго і выдзяляе. Сапраўды, першая частка «Вітай, Марыя» ўзятая са слоў, скіраваных да Марыі Анёлам Габрыэлем і св. Альжбетаю, - гэта абагаўленчая кантэмпляцыя таямніцы, якая здзяйсняецца ў Панне з Назарэту. Можна сказаць, што ў гэтых словах выказана захапленне неба і зямлі, у пэўнай ступені раскрыта захапленне самога Бога, калі Ён азірае сваю найлепшую справу - Уцелаўленне Сына ў дзявочым улонні Марыі - у духу таго радаснага позірку з Кнігі Быцця (пар. Быц 1, 31), гэтага першапачатковага «пафасу, з якім Бог на досвітку стварэння прыглядаўся да справы сваіх рук»36. Паўтор у Ружанцы «Вітай, Марыя» трымае нас у атмасферы захаплення Бога: выяўляе радасць, здзіўленне, прызнанне найвялікшага ў гісторыі цуду. Гэта спаўненне прароцтва Марыі: «Адгэтуль шчаслівай называць мяне будуць усе пакаленні» (Лк 1, 48).

Цэнтрам «Вітай, Марыя», у пэўнай ступені звяном паміж яго першаю і другою часткаю ёсць імя Езус. Часам, пры хуткім тэмпе малітвы, гэты цэнтр застаецца па-за ўвагаю, а разам з ім таксама зварот да таямніцы Хрыста, якая кантэмплюецца. Але гэта менавіта акцэнт, які робіцца на імені Езус і на Яго таямніцы, вызначае важнае і плённае адгаворванне Ружанца. Яшчэ Павел VI нагадаў у Апостальскай адгартацыі Marialis cultus пра звычай, практыкаваны ў пэўных рэгіёнах, каб падкрэсліваць імя Хрыста, дадаючы да яго рэфрэн (так званыя «дадаткі»), звернуты да разважанай таямніцы37. Гэты звычай, годны пахвалы, асабліва пры публічнай ружанцовай малітве. Ён добра выяўляе хрысталагічную веру, якая адносіцца да розных момантаў жыцця Адкупіцеля. Гэта Вызнанне веры і разам з тым дапамога ў медытацыі, якая дазваляе засвойваць і перажываць таямніцу Хрыста, натуральным чынам звязаную з малітваю «Вітай, Марыя». Паўтарэнне імені Езус (адзінага імя сярод людзей, у якім дадзена нам мець надзею на збаўленне (пар. Дз 4, 12)), паяднанага з імем Найсвяцейшай Маці, як бы дазваляючы, каб гэта Яна сама ў нас яго абуджала, з'яўляецца дарогаю засваення, мэтаю якой ёсць усё больш глыбокае ўвядзенне нас у жыццё Хрыста.

З вельмі своеасаблівай сувязі з Хрыстом, якая вынікае з факту, што Марыя ёсць Маці Бога, Theotokos, вынікае таксама сіла малення, якое мы скіроўваем да Яе ў другой частцы гэтай малітвы, давяраючы Яе мацярынскаму заступніцтву наша жыццё і хвіліну нашай смерці.

«Хвала Айцу»

34. Трынітарная даксалогія з'яўляецца мэтаю хрысціянскай кантэмпляцыі, бо Хрыстус ёсць дарогаю, якая вядзе нас да Айца ў Духу. Калі мы да канца трымаемся гэтай «дарогі», то пастаянна становімся перад таямніцаю трох Боскіх Асобаў, якім належыць хвала, пашана і падзяка. Вельмі важна, каб «Хвала Айцу», вяршыня кантэмпляцыі, была ў Ружанцы добра падкрэслена. Пры супольнай малітве можна яе спяваць, каб з адпаведнаю моцаю выдзеліць гэтую структурную частку, уласцівую для ўсіх хрысціянскіх малітваў.

Наколькі больш уважлівым, глыбокім і жывым, дзякуючы любові да Хрыста і Марыі, будзе станавіцца з кожным паўтарэннем «Ave Maria» нашае разважанне над таямніцаю, настолькі праслаўленне Тройцы ў кожнай дзесятцы будзе адыходзіць ад ролі хуткага заканчэння і атрымліваць свой належны кантэмпляцыйны тон. Гэта дазволіць нам як бы ўзнесці наш розум да вышыняў раю і пэўным чынам ізноў перажыць досвед Табору, які ёсць прадвесцем будучай кантэмпляцыі: «Добра нам тут быць!» (Лк 9, 33).

Заключнае ўзнёслае ўскліканне

35. Паводле паўсюдна прынятай практыкі, у Ружанцы пасля трынітарнай даксалогіі прамаўляецца ўзнёслае ўскліканне, якое вар'іруецца ў залежнасці ад звычаю. Ацэньваючы належным чынам каштоўнасць такіх апастрофаў, трэба заўважыць, што плённасць кантэмпляцыі таямніцаў будзе лепш выяўлена, калі паклапаціцца пра тое, каб кожную таямніцу закончыць малітваю аб дасягненні адпаведных вынікаў канкрэтнай таямніцы. Такім чынам Ружанец зможа больш трапна выявіць сваю сувязь з хрысціянскім жыццём. Падказвае гэта прыгожая літургічная малітва, якая заахвочвае нас, каб мы праз разважанне таямніцаў Ружанца прасілі магчымасці дайсці да «наследавання таго, што ў іх закладзена, і атрымалі тое, што яны абяцаюць»38.

У такой заключнай малітве можа выступаць, як гэта ўжо мае месца, абгрунтаваная разнастайнасць. Ружанец атрымлівае такім чынам таксама рысы больш адпаведныя розным духоўным традыцыям і розным хрысціянскім супольнасцям. У гэтай перспектыве пажадана было б, каб з належнаю душпастырскаю дасведчанасцю пашыраліся найбольш важныя прапановы, па магчымасці ўжо апрабаваныя ў марыйных асяродках і санктуарыях, дзе звяртаецца асаблівая ўвага на практыку Ружанца. Такім чынам Люд Божы мог бы карыстацца ўсім сапраўдным духоўным багаццем, беручы з яго духоўную спажыву для свае кантэмпляцыі.

«Вяночак»

36. Традыцыйна для адгаворвання Ружанца выкарыстоўваецца вяночак. У найбольш павярхоўнай практыцы ён становіцца часта прадметам, які служыць проста для таго, каб адлічваць чарговыя «Вітай, Марыя». Аднак ён служыць таксама выяўленню сімволікі, якая можа надаць кантэмпляцыі больш глыбокі сэнс.

У сувязі з гэтым трэба найперш заўважыць, што вяночак звернуты да выявы Укрыжаванага, бо такім чынам адкрывае і завяршае сам ход малітвы. На Хрысце засяроджваецца жыццё і малітва вернікаў. Усё ад Яго выходзіць усё да Яго кіруецца, усё праз Яго, у Духу Святым, даходзіць да Айца.

Як дапамога пры падліку, вызначаючы рытм руху ў малітве, вяночак нагадвае бясконцую дарогу кантэмпляцыі і хрысціянскай дасканаласці. Благаславёны Барталамей Лонга бачыў у ім таксама «ланцуг», які звязвае нас з Богам. Так, ланцуг, але ланцуг «салодкі»; такою аказваецца заўсёды сувязь з Богам, які ёсць Айцом. «Сыноўскі» ланцуг, які дазваляе нам яднацца з Марыяй, «слугою Пана» (Лк 1, 38), а ўрэшце і з самім Хрыстом, які, будучы Богам, стаўся «Слугою» дзеля нашай любові (пар. Флп 2, 7).

Прыгожае таксама пашырэнне сімвалічнага значэння вяночка на нашыя ўзаемаадносіны, бо нагадвае сувязі камуніі і братэрства, якія яднаюць усіх нас з Хрыстом.

Пачатак і заканчэнне

37. У сучаснай практыцы, дастасаванай да разнастайных душпастырскіх абставінаў, існуюць розныя спосабы распачынання Ружанца. У некаторых рэгіёнах ён звычайна распачынаецца заклікам, узятым з псальму 70: «Божа, прыйдзі мне на дапамогу, Пане, паспяшы да мяне на паратунак, што ў пэўнай ступені ажыўляе ў таго, хто моліцца, усведамленне яго ўласнага ўбоства. У іншых месцах за пачатак бярэцца Credo, як бы для таго, каб вызнанне веры ўчыніць асноваю для пачатку кантэмпляцыі. Гэтыя і падобныя спосабы ў такім вымярэнні, у якім натхняюць дух на кантэмпляцыю, з'яўляюцца аднолькава правамоцнымі. Адгаворванне Ружанца заканчваецца малітваю ў інтэнцыі Папы, каб у пэўнай ступені скіраваць позірк таго, хто моліцца, на шырокі абсяг патрэбаў Касцёла. І менавіта з намерам заахвоціць да такога эклезіяльнага бачання Ружанца, Касцёл узбагаціў яго святыні адпустамі для тых, хто яго адгаворвае па адпаведнай схеме.

Калі Ружанец перажываецца такім чынам, то ён сапраўды становіцца духоваю дарогаю, на якой Марыя з'яўляецца Маці, Настаўніцаю і Правадніцаю, якая падтрымлівае вернікаў сваім магутным заступніцтвам. Ці ж трэба здзіўляцца, што напрыканцы гэтай малітвы душа, якая ў медытацыі глыбока зведала мацярынства Марыі, адчувае патрэбу праславіць Найсвяцейшую Панну, ці то цудоўнаю малітваю Salve Regina, ці таксама Ларэтанскай Літаніяй? Гэта ўвянчанне ўнутранага шляху, які прывёў верніка да жывога кантакту з таямніцаю Хрыста і Яго Найсвяцейшай Маці.

Размеркаванне ў часе

38. Штодзённа можна адгаворваць увесь Ружанец, і ёсць шмат вернікаў, якія робяць гэта з годнаю пахвалы цярплівасцю. Такім чынам ён напаўняе малітваю дні вельмі многіх кантэмпляцыйных душаў, альбо спадарожнічае асобам хворым ці людзям старэйшага ўзросту, якія маюць вялікі запас часу. Аднак зразумела (і тым больш, калі дадаецца новы цыкл mysteria lucis), што многія вернікі змогуць адгаворваць толькі частку Ружанца паводле пэўнага тыднёвага парадку. Гэты расклад вядзе да надання паасобным дням тыдня своеасаблівага духоўнага «каларыту», гэтаксама як літургія надае яго розным перыядам літургічнага года.

Паводле цяперашняй практыкі, панядзелак і чацвер прысвячаюцца «радасным таямніцам», аўторак і пятніца - «балесным таямніцам», серада, субота і нядзеля - «хвалебным таямніцам». Куды ўключыць «таямніцы святла»? Улічыўшы, што «хвалебныя таямніцы» паўтараюцца праз два чарговыя дні, у суботу і ў нядзелю, а субота традыцыйна з'яўляецца днём з моцным марыйным адценнем, нам здалося слушным перанесці на суботу другое на працягу тыдня разважанне «радасных таямніцаў», у якім больш выразная прысутнасць Марыі. Такім чынам чацвер застаецца вольны менавіта для медытацыі «таямніцаў святла».

Аднак гэтая рэкамендацыя не павінна абмяжоўваць слушнай свабоды асабістай і супольнай медытацыі, з улікам духоўных і душпастырскіх патрэбаў, а перадусім - літургічных датаў, якія могуць падказваць больш адпаведныя дастасаванні. Сапраўды, вельмі важна тое, каб Ружанец усё больш успрымаўся і перажываўся як дарога кантэмпляцыі. Дзякуючы ёй, як дапаўненне таго, што здзяйсняецца ў літургіі, тыдзень хрысціяніна, сканцэнтраваны на нядзелі, на дні змёртвыхпаўстання, становіцца дарогаю праз таямніцы жыцця Хрыста, а Ён аб'яўляецца ў жыцці сваіх вучняў як Пан часу і гісторыі.

 

ЗАКАНЧЭННЕ

«О благаславёны Ружанец Марыі, салодкі ланцуг, які звязваеш нас з Богам!»

39. Усё тое, што было тут дагэтуль сказана, выяўляе вялікае багацце гэтай традыцыйнай малітвы, якая мае прастату народнай малітвы, але таксама тэалагічную глыбіню малітвы, адпаведнай для таго, хто адчувае неабходнасць больш дасканалай кантэмпляцыі.

Касцёл заўсёды прызнаваў асаблівую эфектыўнасць гэтай малітвы, давяраючы найбольш цяжкія справы яе супольнаму адгаворванню і пастаяннаму яе практыкаванню. У тыя хвіліны, калі само хрысціянства знаходзілася пад пагрозаю, сіле менавіта гэтай малітвы прыпісвалася выратаванне ад небяспекі, а Маці Божая Ружанцовая ўшаноўвалася як Тая, якая выпрошвала выбаўленне.

Сёння эфектыўнасці гэтай малітвы я давяраю - як пра гэта згадваў напачатку - справу спакою ў свеце і пытанні сям'і.

Спакой

40. Цяжкасці, якія на пачатку гэтага новага тысячагоддзя з'яўляюцца на сусветным даляглядзе, схіляюць мяне прызнаць, што надзею на менш змрочную будучыню можа абудзіць у нас толькі ўмяшальніцтва Звыш, здольнае пакіраваць сэрцамі ўсіх тых, хто трымае ў сваіх руках лёсы народаў.

Па сваёй сутнасці Ружанец - гэта малітва, скіраваная на спакой, бо яна ўгрунтавана на аснове кантэмпляцыі Хрыста, які з'яўляецца Князем Спакою і «нашым спакоем» (Эф 2,14). Хто сам засвойвае таямніцу Хрыста (а Ружанец менавіта вядзе да гэтага), той даведваецца, у чым менавіта заключаецца сакрэт спакою, і прымае гэта як жыццёвую прапанову. Больш за тое, сілаю свайго медытацыйнага характару, праз спакойнае чаргаванне «Вітай, Марыя», Ружанец аказвае на таго, хто моліцца, спакойны ўплыў, які робіць яго здольным прымаць і перажываць у глыбіні сваёй істоты і пашыраць вакол сябе гэты сапраўдны спакой, што ёсць асаблівым дарам Уваскрослага (пар. Ян 14, 27; 20, 21).

Ружанец - гэта малітва спакою таксама і з увагі на плён міласэрнай любові, якую спараджае. Калі яго правільна адгаворваць як малітву медытацыйную, то Ружанец, дапамагаючы сустрэцца з Хрыстом у Яго таямніцах, павінен таксама ўказваць аблічча Хрыста ў братах, асабліва тых, хто найбольш цярпіць. Як жа можна ў «радасных таямніцах» углядвацца ў таямніцу Дзіцяці, народжанага ў Бэтлееме, не адчуваючы жадання прымаць, бараніць і прапагандаваць жыццё, беручы на сябе цяжар цярпення дзяцей ва ўсіх кутках свету? Як можна ў «таямніцах святла» ісці за Хрыстом Аб'явіцелем, не беручы на сябе пастановы даваць сведчанне Яго «благаславенням» у штодзённым жыцці? І як сузіраць Хрыста, абцяжаранага Крыжом і ўкрыжаванага, не адчуваючы патрэбы стаць Яго «кірынэйцам» адносна кожнага брата, прыбітага цярпеннем ці ахопленага роспаччу? І ўрэшце, як можна заглыбіць позірк у хвале Уваскрослага Хрыста і ў Марыі, укаранаванай на Валадарку, не адчуваючы жадання зрабіць гэты свет прыгажэйшым, больш справядлівым, больш блізкім да Божых планаў?

Такім чынам, Ружанец, кіруючы наш позірк на Хрыста, учыняе нас таксама будаўнікамі спакою ў свеце. Маючы характар пастаяннага, супольнага малення, згодна з Хрыстовым наказам, каб «маліцца заўсёды і не апускаць рук» (Лк 18, 1), Ружанец дазваляе мець надзею, што таксама сёння можна перамагчы ў такой цяжкай «барацьбе», якая вядзецца за мір. Ружанец далёкі ад таго, каб быць схованкаю ад праблемаў свету; ён схіляе нас, каб мы глядзелі на іх вачыма адказнымі і велікадушнымі, і выпрошвае нам сілу, каб мы змаглі падысці да іх з упэўненасцю ў Божай дапамозе, а таксама з моцнаю пастановаю пры самых розных абставінах даваць сведчанне «любові, якая ёсць повяззю дасканаласці» (Клс 3, 14).

Сям'я: бацькі...

41. Як малітва аб спакоі, Ружанец быў таксама заўсёды малітваю сям'і і за сям'ю. Калісьці гэта малітва была асабліва дарагая хрысціянскім сем'ям і, несумненна, спрыяла іх еднасці. Трэба паклапаціцца, каб не змарнаваць гэтай каштоўнай спадчыны. Трэба вярнуцца да малітвы ў сям'і і да малітвы за сям'ю, надалей выкарыстоўваючы гэтую форму малітвы.

У Апостальскім лісце Novo millennio ineunte я заахвоціў адпраўляць Літургію гадзінаў таксама свецкіх у звычайным жыцці парафіяльных супольнасцяў і розных хрысціянскіх групаў39. Хачу зрабіць тое самае адносна Ружанца. Гэта два шляхі хрысціянскай кантэмпляцыі не альтэрнатыўныя, а ўзаемадапаўняльныя. Таму прашу ўсіх тых, хто займаецца душпастырствам сем'яў, каб пераканаўча заахвочвалі да малітвы на Ружанцы.

Сям'я, якая паяднана моліцца, паяднанаю застаецца. Святы Ружанец, згодна з даўняю традыцыяй, гэта малітва, якая асабліва спрыяе згуртаванню сям'і. Скіроўваючы позірк на Езуса, асобныя яе члены нанова вяртаюць таксама здольнасць глядзець адно аднаму ў вочы, праяўляць салідарнасць, узаемна прабачаць адно аднаму, каб жыць у саюзе любові, адноўленым Духам Божым.

Шматлікія праблемы сучасных сем'яў, асабліва ў эканамічна развітых грамадствах, вынікаюць з таго, што ўсё цяжэй знаходзіць узаемапаразуменне. Людзі не ўмеюць быць разам, а тыя нешматлікія моманты, калі можна быць побач, паглынаюцца тэлебачаннем. Распачаць нанова ружанцовую малітву ў сям'і - гэта значыць увесці ў штодзённае жыццё цалкам іншыя вобразы, якія ўказваюць збавенную таямніцу: вобраз Адкупіцеля, вобраз Яго Найсвяцейшай Маці. Сям'я, якая адгаворвае разам Ружанец, у пэўным сэнсе ўзнаўляе атмасферу дому ў Назарэце: Езус ставіцца ў цэнтр, з Ім дзеляцца радасці і цярпенні, у Яго рукі складаюцца патрэбы і планы, ад Яго бяруцца надзея і сіла на далейшы шлях.

... і дзеці

42. Прыгожым і плённым з'яўляецца таксама даручэнне гэтай малітве дарогі падрастання дзяцей. Хіба ж Ружанец не ёсць дарогаю жыцця Хрыста ад зачацця да смерці, ажно да змёртвыхпаўстання і ўваходу ў хвалу? Усё цяжэй сёння бацькам паспець за дзецьмі на розных этапах іх жыцця. У грамадстве развітых тэхналогій, сродкаў масавай інфармацыі і глабалізацыі ўсё стала надзвычай хуткасным, а культурныя адрозненні паміж пакаленнямі ўсё больш павялічваюцца. Самыя розныя, амаль непрадбачаныя навіны і доследы хутка ўваходзяць у жыццё дзяцей і моладзі, а бацькі нераз перажываюць пакуты, стоячы перад тою небяспекаю, якая пагражае іх дзецям. Бацькі часта спазнаюць балючыя расчараванні, бачачы няўдачы сваіх дзяцей, якія паддаюцца ілюзіі наркотыкаў, прывабнасцям неўтаймоўнага геданізму, спакусам насілля, самым розным праявам нігілізму і роспачы.

Ружанцовая малітва за дзяцей, а яшчэ больш з дзецьмі, якая прывучае іх ужо з малых гадоў да гэтага штодзённага моманту «малітоўнага перапынку» ўсяе сям'і, канешне не вырашае ўсіх праблемаў, але з'яўляецца духоўнаю дапамогаю, якою не трэба пагарджаць. Можна выказаць закід, што Ружанец здаецца малітваю, якая не вельмі адпавядае густам дзяцей і моладзі сённяшняга часу. Аднак можа гэты закід трымаецца на ўяўленні аб яго нядбайным адгаворванні. Зрэшты, калі толькі цалкам захаваць асноўную структуру Ружанца, то нічога не перашкаджае, каб для дзяцей і моладзі ўзбагаціць гэтую малітву (як у сям'і, так і ў групах) адпаведнымі сімвалічнымі і практычнымі элементамі, якія б дапамаглі зразумець і ацаніць Ружанец. Чаму не паспрабаваць? Моладзевае душпастырства - актыўнае, поўнае энергіі і творчае (Сусветныя Дні Моладзі дазволілі мне ў гэтым пераканацца) - здольнае здзейсніць, з Божаю дапамогаю, сапраўды знамянальныя справы.

Калі разумна прэзентаваць Ружанец, то я ўпэўнены, што моладзь зможа яшчэ некалі здзівіць саміх дарослых, засвойваючы гэтую малітву і адгаворваючы яе з энтузіязмам, характэрным для іх узросту.

Ружанец - гэта скарб, які трэба нанова адкрыць

43. Дарагія браты і сёстры! Гэтая малітва, такая лёгкая і ў той жа час такая багатая, сапраўды заслугоўвае таго, каб хрысціянская супольнасць нанова яе адкрыла. Давайце ўчынім гэта перадусім у бягучым годзе, прымаючы гэтую прапанову, каб паглыбіць меркаванне, падкрэсленае ў Апостальскім лісце Novo millennio ineunte, які стаў штуршком душпастырскіх праграмаў для вельмі многіх мясцовых Касцёлаў у планаванні заданняў на бліжэйшую будучыню.

Звяртаюся асабліва да вас, дарагія Браты ў Біскупстве, святары і дыяканы, а таксама да тых, хто выконвае разнастайныя паслугі на душпастырскай ніве, каб вы, пазнаючы з асабістага досведу прыгажосць Ружанца, станавіліся яго шчырымі прапагандыстамі.

Веру таксама, што вы, тэолагі, праводзячы дакладнае і разумнае разважанне, якое абапіраецца на Слове Божым і адчувае патрэбы хрысціянскага жыцця, спрычыніцеся да адкрыцця біблійных асноваў, духоўных багаццяў і душпастырскай каштоўнасці гэтай традыцыйнай малітвы.

Я вельмі разлічваю на вас, кансэкраваныя мужчыны і кансэкраваныя жанчыны, пакліканыя па асабліваму праву кантэмпляваць аблічча Хрыста ў школе Марыі.

Я гляджу на ўсіх вас, браты і сёстры рознага стану, на вас, хрысціянскія сем'і, на вас, хворыя і пажылыя, на вас, маладыя: вазьміце ізноў з даверам у рукі вяночак Ружанца, адкрываючы яго нанова ў святле Святога Пісання, у суладдзі з літургіяй, у згодзе са штодзённым жыццём.

Няхай гэты мой заклік не застанецца непачутым! Напачатку дваццаць пятага года майго Пантыфікату давяраю гэты Апостальскі ліст чулым далоням Марыі Панны, схіляючыся ў душы перад Яе абразом у цудоўным санктуарыі, узнесеным для Яе благаславёным Барталамеем Лонгам, Апосталам Ружанца. Ахвотна прамаўляю яго хвалюючыя словы, якімі заканчвае ён слынную Суплікацыю да Каралевы Святога Ружанца: «О, благаславёны Ружанец Марыі, салодкі ланцуг, які звязваеш нас з Богам; повязь любові, якая яднаеш з анёламі; вежа збаўлення ад напасцяў пекла; бяспечны порт у агульным караблекрушэнні! Мы ўжо ніколі не пакінем Цябе. Будзеш нам суцяшэннем у хвіліну смерці. Табе - апошні пацалунак жыцця, якое згасае. І апошнім акцэнтам нашых вуснаў будзе Тваё салодкае імя, о Каралева Ружанца з Пампеі, о Маці наша дарагая, о Прытулак грэшнікаў, Суцяшальніца засмучаных. Будзь усюды благаславёная, сёння і заўсёды, на зямлі і ў небе».

У Ватыкане, дня 16 кастрычніка 2002 года, на пачатку дваццаць пятага года майго Пантыфікату.

Пераклад Крыстыны ЛЯЛЬКО.


  1. Пар. Душпастырская канстытуцыя аб Касцёле ў сучасным свеце Gaudium et spes, 45.
  2. ПАВЕЛ VI, Апост. адгарт. Marialis cultus, 42 AAS 66 (1974), 153.
  3. Пар. Acta Leonis XIII, 3 (1884), 280-289.
  4. Варта згадаць перадусім яго Апостальскі ліст пра Ружанец Il religioso convegno (29 верасня 1961); AAS 53 (1961), 641-647.
  5. Angelus: Insegnamenti I, 1978, 75-76.
  6. AAS 93 (2001), 285.
  7. У гады падрыхтоўкі да Сабору Папа Ян XXIII заклікаў хрысціянскую супольнасць да малітвы на ружанцы ў інтэнцыі поспеху гэтай падзеі ў Касцёле: пар. Ліст да Кардынала Вікарыя Рыма ад 28 верасня 1960; AAS 52 (1960), 814-817.
  8. Дагм. Канст. аб Касцёле Lumen gentium, 66.
  9. N. 32: AAS 93 (2001), 288.
  10. Тамсама, 33, l. c., 289.
  11. Вядома, і трэба яшчэ раз падкрэсліць, што прыватныя аб'яўленні не маюць той самай прыроды, што публічныя аб'яўленні, якія з'яўляюцца нормай для ўсяго Касцёла. Заданнем Інстытута Настаўніцтва ёсць даследаванне і прызнанне як сапраўднасці прыватных аб'яўленняў, так і іх карысці для пабожнасці вернікаў.
  12. Il segreto meraviglioso del Santo Rosario per convertirsi e salvarsi, in Opere, 1, Scritti Spirituali, Romae 1990, pp. 729-843.
  13. BEATUS BARTHOLUS LONGO, Storia del Santuario di Pompei, Pompeis 1990, p. 59
  14. Апостальская адгартацыя Marialis cultus (2 лютага 1974) 47; AAS 66 (1974), 156.
  15. Канст. пра Святую Літургію Sacrosanctum Concilium, 10.
  16. Тамсама, 12.
  17. ДРУГІ ВАТЫКАНСКІ САБОР, Дагм. Канст. аб Касцёле Lumen gentium, 58.
  18. I Quindici Sabati del Santissimo Rosario, 27 ed., Pompeis 1916, p. 27
  19. ДРУГІ ВАТЫКАНСКІ САБОР, Дагм. Канст. аб Касцёле Lumen gentium, 53.
  20. Тамсама, 60.
  21. Пар. Першае радыёпасланне Urbi et orbi (17 кастрычніка 1978); AAS 70 (1978), 927.
  22. Trattato della vera devozione a Maria, 120, in Opere, 1, Scritti spirituali, Romae 1990, p. 430.
  23. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2679.
  24. Тамсама, 2675.
  25. Суплікацыя да Каралевы Святога Ружанца, якая ўрачыста адгаворваецца два разы ў год (у маі і кастрычніку), была напісана бл. Барталамеем Лонгам у 1883 г. як бы ў адказ на заклік, які Папа Леў ХІІІ скіраваў да католікаў у сваёй першай Энцыкліцы пра Ружанец, каб сваёю духоўнаю працаю яны змаглі супрацьстаяць грамадскаму злу.
  26. Боская камедыя, Рай, ХХХІІІ, 13-15.
  27. ЯН ПАВЕЛ ІІ, Ап. ліст Novo millennio ineunte (6 студзеня), 20: AAS 93 (2001), 279.
  28. Ап. адгарт. Marialis cultus (2 лютага 1974), 46: AAS 66 (1974), 155.
  29. ЯН ПАВЕЛ ІІ, Ап. ліст Novo millennio ineunte (6 студзеня), 28: AAS 93 (2001), 284.
  30. N. 515.
  31. Прамова на «Анёл Панскі», 29 кастрычніка 1978: Insegnamenti I (1978), 76.
  32. Душпастырская канст. аб Касцёле ў сучасным свеце Gaudium et spes, 22.
  33. Пар. СВ. ІРЭНЭЙ ЛІЁНСКІ, Adversus haereses, 14, 18, 1; PG 7, 932.
  34. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2616.
  35. Пар. н. 33: AAS 93 (2001), 289.
  36. ЯН ПАВЕЛ ІІ, Epistula artificibus inscripta (4 красавіка 1999), 1: AAS 91 (1999), 1155.
  37. Пар. н. 46. AAS 66 (1974). Гэты звычай атрымаў нядаўна прызнанне Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў у Direttorio su pieta popolare e liturgia. Principi e orientamenti (17 снежня 2001), 201 in Civitate Vaticana 2002, p. 165.
  38. «... concede, quaesumus, ut haec mysteria sacratissimo beatae Mariae Virginis Rosario recolentes, et imitemur quod continent, et quod promittunt assequamur»: Missale Romanum 1960, In festo B.M. Virginis a Rosario.
  39. Пар. н. 34: AAS 93 (2001)б 290.

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.