Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
evden eve nakliyat goztepe evden eve nakliyat bostanci evden eve nakliyat acibadem evden eve nakliyat erenköy evden eve nakliyat yakacık evden eve nakliyat
 

РУЖАНЦОВЫЯ РАЗВАЖАННІ

ЗМЕСТ

Уступ
1 кастрычніка
  • Маліцеся на ружанцы
    2 кастрычніка
  • Беларуская зямля - маці благаслаўлёных і святых
    3 кастрычніка
  • З гаміліі Яна Паўла ІІ
    4 кастрычніка
  • Благаслаўлёны а. Юзаф Пухала
    5 кастрычніка
  • Благаслаўлёны кс. Станіслаў Пыртак
    6 кастрычніка
  • Благаслаўлёны а. Герман Стэмпень
    7 кастрычніка
  • Благаслаўлёная Мар'яна Бярнацкая
    8 кастрычніка
  • З гаміліі арцыбіскупа Зянона Грахалеўскага
    9 кастрычніка
  • Благаслаўлёны кс. Юры Кашыра
    10 кастрычніка
  • Благаслаўлёны а. Інацэнт Гуз
    11 кастрычніка
  • Благаслаўлёныя сёстры непакалянкі Ева-Багуміла Наішэўская і Марта Валоўская
    12 кастрычніка
  • Благаслаўлёны кс. Уладзіслаў Мацьковяк
    13 кастрычніка
  • Святы Казімір, каралевіч
    14 кастрычніка
  • Прамова кс. біскупа Аляксандра Кашкевіча ў базыліцы св. Пятра 6 сакавіка 2000 г.
    15 кастрычніка
  • Благаслаўлёная с. Стэла Мардасевіч
  • 16 кастрычніка
  • Благаслаўлёны кс. Генрых Глябовіч
    17 кастрычніка
  • Благаслаўлёныя сёстры Канута Хробат і Сергія Рапей
    18 кастрычніка
  • Святы Андрэй Баболя
    19 кастрычніка
  • Благаслаўлёны кс. Антоні Ляшчэвіч
    20 кастрычніка
  • Благаслаўлёныя сёстры Гвідона Церпка і Раймунда Кукуловіч
    21 кастрычніка
  • Святы Брунон з Кверфурта
    22 кастрычніка
  • Благаслаўлёная с. Даніэля Юзвік
    23 кастрычніка
  • Благаслаўлёная с. Канізія Мацкевіч
    24 кастрычніка
  • Благаслаўлёная с. Геліадора Матушэўская
    25 кастрычніка
  • Святы Язафат Кунцэвіч
    26 кастрычніка
  • Благаслаўлёны кс. Мечыслаў Багаткевіч
    27 кастрычніка
  • Благаслаўлёная с. Феліцыта Баравік
    28 кастрычніка
  • Благаслаўлёная c. Барамея Нармантовіч
    29 кастрычніка
  • Святы Максіміліян Кольбэ
    30 кастрычніка
  • Благаслаўлёная с. Імэльда Жак
    31 кастрычніка
  • Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі
  • ...Для нашага Касцёла на Беларусі важным з'яўляецца факт, што сярод 108 беатыфікаваных ёсць мучанікі, чый лёс звязаны з нашай краінай. Яны працавалі на гэтай зямлі, сярод нашых дзядоў і бацькоў і асвяцілі гэтую зямлю сваёй мучаніцкай крывёю...

    Касцёл, узносячы сваіх дзяцей да хвалы алтароў, прадстаўляе Богу яшчэ раз ахвяру іх жыцця, а нам нагадвае пра моц Змёртвыхпаўсталага Хрыста, здольную перамагаць зло і перамяняць наш свет. Сведчанне жыцця і мучаніцтва Благаславёных нагадвае нам, што Панам сусвету і гісторыі быў, ёсць і застанецца наш Збаўца - Езус Хрыстус!

    Узносім нашу падзяку Божаму Провіду, які дае нам узоры святасці. Праз гэта Бог вучыць нас, што кожнае месца, кожная эпоха, кожнае грамадства могуць даць святых - асобаў, якія злучаны з Богам на смерць і на жыццё, дзеля шчасця іншых людзей, дзеля таго, каб аднавілася аблічча зямлі і чалавецтва, якое ўваходзіць у новае тысячагоддзе.

    З Пастырскага ліста Біскупаў
    каталіцкага Касцёла на Беларусі

    УСТУП

    Май і кастрычнік - гэта асаблівыя месяцы, якія пакідаюць у нашай памяці прыемныя ўспаміны. З радасцю мы ўспамінаем спяваныя літаніі, малітвы на ружанцы, якія заўсёды прыносілі нам багаты плён духоўных перажыванняў і ўнутранай радасці. Гэтыя малітвы ўплывалі таксама на развіццё пабожнасці вернікаў, якая праяўлялася ў тым, што ў маі і кастрычніку павялічвалася колькасць вернікаў, якія прыступалі да споведзі і прыняцця Святой Камуніі.

    Маёвыя і ружанцовыя набажэнствы ўзніклі ў ХІХ стагоддзі - такая была духоўная патрэба Касцёла. Тагачасныя Папы, падкрэсліваючы існаванне вялікай пагрозы для Касцёла, бачылі магчымасць выратавання і перамогі толькі ў паўсюднай малітве вернікаў. Праяўленнем такой малітвы сталі ўведзеныя тады маёвыя і ружанцовыя набажэнствы. Яны не толькі ажывілі духоўнае жыццё Касцёла, але паспрыялі таму, што нягледзячы на атэізацыю, якая пашыралася, узрастала колькасць абаронцаў веры.

    На Беларусі гэтыя набажэнствы карысталіся ў вернікаў вялікай папулярнасцю, заўсёды адбываліся з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і суправаджаліся марыйнымі песнямі.

    Гэтыя набажэнствы перажылі таксама сумны перыяд маўчання і пераследу Касцёла на Беларусі. Атэістычная дзяржаўная ўлада, знішчаючы капліцы і прыдарожныя крыжы, абразы і рэлігійную літаратуру, зняважваючы і разбураючы святыні, выкрадаючы з іх каштоўныя прадметы культу, не здолела аднак спыніць маёвых і ружанцовых набажэнстваў. Людзі збіраліся без святароў у пустых касцёлах, каля прыдарожных крыжоў, у сваіх дамах і ў сем'ях і спявалі літаніі, маліліся на ружанцы. Многія з іх былі вывезеныя ў Казахстан, у сібірскія абшары, на Далёкі Усход альбо ў іншыя куткі былога Савецкага Саюза. Жыццёвая сітуацыя прымусіла некаторых вернікаў пакінуць родны край. Многія з іх захавалі прыналежнасць да Касцёла, дзякуючы ружанцовай малітве, якую супольна чыталі ў сваіх сем'ях. Сёння гэтыя людзі ці іх нашчадкі з'яўляюцца актыўнымі распачынальнікамі ў развіцці рэлігійнага жыцця на тых тэрыторыях і сваёю працаю падтрымліваюць намаганні святароў і біскупаў, якія прыехалі туды адраджаць Касцёл.

    Цяпер часы змяніліся, святыням не пагражае закрыццё, а ўзрастаючая колькасць святароў дае надзею на тое, што вернікі не будуць пазбаўленыя магчымасці карыстацца з рэлігійных паслугаў. Можна сказаць, што Касцёл пасля сумных часоў перажывае на Беларусі вясну свайго існавання. Аднак, у гэтай вясне можна заўважыць шмат духоўных ран, якія трэба лячыць малітваю і пабожнасцю. Між іншым, шмат дарослых крануты чэрствасцю атэізму, а некаторыя статыстычныя дадзеныя падаюць нават лічбу няверуючых, якая дасягае 50%. Многія людзі не кіруюцца ў жыцці ніякімі маральнымі прынцыпамі, узрастае колькасць разводаў, пагрозліва пашыраецца алкагалізм, наркаманія, развіваецца сектанства. Вось вяршыня хваробы людзей нашага грамадства. Напэўна, выратаваннем у такой сітуацыі будзе ружанцовая малітва, тым больш, што Найсвяцейшая Панна Марыя падчас аб'яўленняў у Фаціме даручыла дзецям маліцца на ружанцы за навяртанне грэшнікаў.

    Ружанцовае набажэнства належыць да так званых «паралітургічных набажэнстваў». Яны не замяняюць Святой Імшы, але з'яўляюцца эфектыўным спосабам абуджэння і развіцця пабожнасці вернікаў. Святы Айцец Ян Павел ІІ ў Апостальскім лісце «Уваходзячы ў новае тысячагоддзе» заахвочвае праводзіць такія набажэнствы, таму што яны ствараюць у парафіяльных супольнасцях адпаведны малітоўны клімат, утрымліваючы ў сабе элемент народнай пабожнасці і прывучаючы вернікаў да літургічнай малітвы.

    Стараннямі душпастыраў былі апрацаваны ружанцовыя разважанні паводле кнігі «Сведкі любові Бога і чалавека». Разважанні падаюць біяграфіі святых і благаслаўлёных, жыццё якіх было звязана з нашым краем. Да прыведзеных момантаў з іх жыцця далучаны таксама кароткія рэлігійна-маральныя разважанні, якія вынікаюць з характарыстыкі гэтых асобаў. Падаюцца таксама выказванні Святога Айца з Апостальскага ліста «Уваходзячы ў новае тысячагоддзе» аб тым, як мы павінны жыць у новым стагоддзі. Спадзяёмся, што гэтыя выказванні будуць пуцяводнымі зоркамі ў нашай пілігрымцы да Нябеснай Айчыны.

    Перадаючы вам, дарагія святары, гэтыя разважанні, мы шчыра жадаем, каб яны дапамагалі вам у душпастырскай дзейнасці ўжо ў кастрычніку новага тысячагоддзя. Удзельнікам ружанцовых набажэнстваў жадаем, каб постаці святых і благаслаўлёных, якія згадваюцца ў гэтых разважаннях, указвалі ім шлях любові да Бога і людзей.

    Біскуп Антоні Дзям'янка, Адказны па справах Літургіі
    пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

    1 кастрычніка

    МАЛІЦЕСЯ НА РУЖАНЦЫ

    Мы ўдзельнічаем у першым ружанцовым набажэнстве. Гэтая малітва становіцца сёння паўсюднай малітвай Касцёла. Усё больш становіцца такіх вернікаў, якія штодзённа моляцца на ружанцы і лічаць гэтую малітву сваім асабістым абавязкам. Некаторыя нават спавядаюцца з таго, што ў якісьці дзень не чыталі ружанцовай малітвы.

    Ёсць такія сем'і, якія супольна чытаюць ружанец. Вядзе гэтую малітву пераважна бацька альбо маці, удзельнічаюць у ёй таксама дзеці. У апошні час Касцёл падкрэсліў вартасць ружанцовай малітвы, устанавіўшы за яе чытанне ў касцёле і ў сям'і поўны адпуст.

    У кастрычніку ружанцовая малітва становіцца таксама літургічнай малітвай Касцёла. Чытаем ружанец разам са святаром перад Хрыстом, выстаўленым у Найсвяцейшым Сакрамэнце. Гэты факт надае ружанцовай малітве асаблівы Хрыстацэнтрычны аспект, бо «per Mariam ad Iesum» - праз Марыю ідзём да Хрыста, якому ў Найсвяцейшым Сакрамэнце аддаем асаблівую пашану і духоўна яднаемся з Ім. Дзякуючы гэтаму ўзрастае ў нас Божае жыццё, а ў нашай істоце развіваецца і паглыбляецца любоў да ружанцовай малітвы.

    У гэтым годзе ружанцовая малітва набывае яшчэ большую вартасць, бо гэта першы месяц трэцяга тысячагоддзя. Таму малітву на ружанцы будзем спалучаць з разважаннямі над жыццём святых і благаслаўлёных, якія жылі, працавалі альбо загінулі мучаніцкай смерцю на Беларусі. Да гэтых разважанняў далучым таксама парады Святога Айца, якія ён падае нам у апостальскім лісце, скіраваным да ўсіх біскупаў і святароў на трэцяе тысячагоддзе.

    Характэрнай рысай ружанцовай малітвы з'яўляецца літанійнае паўтарэнне малітваў Ойча наш і Вітай, Марыя. Аднак мы не здзіўляемся таму, што так было ў часы Хрыста. Сам Езус Хрыстус - як узгадвае св. Марк - маліўся ў садзе Аліўным, паўтараючы словы малітвы. Паўтарэнне тых самых слоў у малітве з'яўляецца пабожнай практыкай, якая ёсць амаль ва ўсіх рэлігіях свету. Падобна чыняць малыя дзеці, паўтараючы некалькі разоў свае просьбы перад бацькамі. Малітоўнае паўтарэнне - гэта таксама праяўленне нашага даверу да Пана Бога. Аднак хоць мы і паўтараем гэтыя малітвы, яны не абуджаюць у нас пачуцця суму, але пастаянна даюць нам новы духоўны сэнс і натхненне.

    Малітва на ружанцы распаўсюдзілася дзякуючы св. Дамініку, які ад Найсвяцейшай Маці ў прыватных аб'яўленнях атрымаў загад заахвочваць людзей маліцца на ружанцы. У ХІІ стагоддзі распаўсюдзілася практыка чытання 150 разоў малітвы Вітай, Марыя. Ружанцовая малітва была брэвіярнай малітвай для свецкіх. Паколькі малітвы брэвіярыя складаюцца з 150 псальмаў Давіда, пачалі чытаць 150 разоў Вітай, Марыя і ружанцовую малітву назвалі Марыйным псалтыром. У ХІІІ ст. адзін паэт назваў кожную Вітай, Марыя ружай - так узнікла назва «Ружанец».

    У ХVІ ст. 150 малітваў Вітай, Марыя падзялілі на 15 таямніцаў, распачынаючы кожны дзесятак малітвай Ойча наш, а на заканчэнне дадавалі даксалогію ў гонар Найсвяцейшай Тройцы Хвала Айцу.

    Падчас вялікіх небяспекаў і пагрозаў для хрысціянства Святы Айцец Пій V бачыў паратунак у ружанцовай малітве. Дзякуючы заступніцтву Найсвяцейшай Маці хрысціянскія войскі атрымалі перамогу над туркамі пад Лепанто. Дзеля ўшанавання памяці аб гэтым Святы Айцец устанавіў свята ў гонар Найсвяцейшай Маці Ружанцовай ў 1517 г.

    Турэцкаму войску, якое налічвала 100 тысяч людзей на 30 караблях, супрацьстала 80-тысячнае хрысціянскае рыцарства на 20 караблях. Пасля пяці гадзінаў барацьбы перамяніўся напрамак ветру, які стаў нязручным для туркаў, і тыя ў паніцы пачалі ўцякаць. Хрысціянскія рыцары пасля вяртання ў Венецыю на плошчы Дожув пакінулі такі надпіс: «Не зброя, не сіла, не правадыры, але Марыя, Каралева Ружанца Святога, зрабіла нас пераможцамі».

    Да справы распаўсюджвання Святога Ружанца асабліва прычыніўся св. Філіп Нірэя. Св. Філіп Нірэй быў перакананы, што змарнаваў увесь дзень, калі не прачытаў ружанцовай малітвы. Гэтае перакананне вынікала з яго штодзённай практыкі і стала агульна вядомым.

    Вялікі мастак Мікеланджэла ў намаляванай карціне «Апошні Суд», што знаходзіцца ў Сіксцінскай капэлле, выказаў сваё перакананне наконт ружанца, прадстаўляючы Анёлаў, якія ратуюць душы з чысца пры дапамозе ланцужкоў ружанца.

    Да малітвы на ружанцы заахвочвала таксама Найсвяцейшая Маці ў сваіх аб'яўленнях у Фаціме. Усе шэсць разоў, калі аб'яўлялася ў Фаціме, кожны раз паўтарала малым дзецям: «Маліцеся на ружанцы».

    Нічога дзіўнага, што Папы апошніх часоў былі вялікімі прыхільнікамі ружанцовай малітвы. Да іх належыць таксама і сённяшні Святы Айцец Ян Павел ІІ, які ружанцовую малітву называе надзвычайнай малітвай, бо, па-першае, гэта вельмі простая малітва: складаецца з Ойча наш і Вітай, Марыя. Яе можа чытаць кожны чалавек - малы і дарослы, здаровы і хворы.

    Надзвычайнасць ружанцовай малітвы вынікае таксама з таго, што гэтая малітва заахвочвае нас да кантэмпляцыі г. зн. да разважання праўд нашай веры. Мы паслядоўна разважаем над галоўнымі падзеямі гісторыі нашага збаўлення, якія споўніліся ў Езусе Хрысце з моманту Яго зачацця аж да Пасхальных падзей, а таксама над іх плёнам, які даў пачатак Касцёлу ў дзень спаслання Духа Святога, а Благаслаўлёная Марыя Панна з зямнога выгнання была з душой і целам узята да нябеснай хвалы (Cultus Marialis 45).

    Разважаючы над благаслаўлёным плёнам ружанцовай малітвы ў кастрычніку, мы будзем збірацца ў нашым касцёле альбо будзем маліцца на ружанцы ў сям'і ці індывідуальна, бо такім чынам мы будзем найдасканалей удзельнічаць у збаўленчай справе Хрыста, з якой нарадзіўся ружанец.

    2 кастрычніка

    БЕЛАРУСКАЯ ЗЯМЛЯ - МАЦІ БЛАГАСЛАЎЛЁНЫХ І СВЯТЫХ

    Асаблівымі апекунамі Беларусі можна лічыць благаслаўлёных і святых мучанікаў і вызнаўцаў, лёс якіх быў звязаны з нашым народам. Першае месца, несумненна, належыць святым мучанікам. У гісторыі хрысціянства яны з'яўляюцца выразным сведчаннем веры. Са здзіўленнем і хваляваннем мы глядзім на ахвяру іх жыцця. Аднак не заўсёды разумеем, што гэтая ахвяра была не ў апошнія хвіліны іх жыцця, але ўсё яно было пастаяннай падрыхтоўкай да такой ахвяры. Заключалася ахвяра ў выкананні звычайных і своеасаблівых абавязкаў, якія неслі ім жыццёвыя абставіны.

    Аднак адносна колькасці святых мучанікаў ХХ стагоддзя няма дакладнасці. Некаторыя сцвярджаюць, што іх каля 13 тысяч.

    На думку Святога Айца Яна Паўла ІІ гэта зусім нязначная лічба. Падлічана, што каля 26 мільёнаў людзей было замучана за веру, - гэта складае каля 2/3 замучаных за веру на працягу дзвюх тысяч гадоў існавання хрысціянства. Калі на працягу стагоддзяў былі розныя формы пераследу і кроў мучанікаў станавілася насеннем хрысціянаў, то неабходна сказаць, што ХХ стагоддзе па колькасці людзей, закатаваных за веру, было асабліва балючым і трагічным.

    Многія людзі загінулі мучаніцкай смерцю за веру падчас рэлігійнай рэвалюцыі ў Іспаніі ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя. У апошні час Святы Айцец узвёў да годнасці благаслаўлёных значную групу святароў і свецкіх, якія загінулі мучаніцкай смерцю ў Іспаніі, абараняючы веру.

    Аднак найбольш было ахвяраў дзвюх найбольшых палітычных сістэмаў - фашызму і камунізму.

    Ідэалогія фашызму, распаўсюджаная ў Германіі, напачатку здавалася менш жорсткай у адносінах да хрысціянаў, чым сістэма камунізму. Гэтая ідэалогія не прапагандавала антыкасцёльных заклікаў, а Германія і Італія, знаходзячыся пад панаваннем фашыстаў, утрымлівала нават дыпламатычныя адносіны з Апостальскай Сталіцай. Аднак гэта было знешняе праяўленне іх рэлігійнай палітыкі. На практыцы паўсюдна парушаўся Божы закон і асноўныя прынцыпы каталіцкай этыкі. Спачатку нямецкія акупацыйныя ўлады адчынілі на тэрыторыі Беларусі зачыненыя ў 1917-1939 гадах касцёлы. Нямецкія вайсковыя капеланы нават справавалі набажэнствы для беларускага і ўкраінскага насельніцтва, напрыклад, у Жытоміры нямецкія капеланы ў адчыненай катэдры спавядалі людзей праз пасрэдніцтва жанчын, якія служылі капеланам перакладчыцамі. Для захавання таямніцы споведзі гэтым жанчынам завязвалі хусткай вочы. Аднак у канцы 1941 г. каталіцкі Касцёл на Беларусі пачаў адчуваць рэпрэсіі і пераслед. Інакш і не магло быць, паколькі Касцёл дзяліў лёс з народам, а народ па-рознаму змагаўся з акупантамі. Таму каталіцкія святары са сваімі парафіянамі прымалі ўдзел у рухах супраціўлення, дапамагалі пераследаваным людзям, падтрымлівалі кантакты з партызанамі. Гэтыя факты сталі прычынай, што святары і вернікі станавіліся заложнікамі, масава гінулі падчас розных карных акцый, іншы раз адкідваючы нават магчымасць уцячы, каб уратаваць сваё жыццё.

    У ажыццяўленні рэпрэсій вялікую шкоду нанесла камуністычная сістэма, якая адмаўляла існаванне Бога, а каталіцкую веру лічыла самай вялікай перашкодай у прапагандзе камуністычнай ідэалогіі. Святароў арыштоўвалі за іх адданасць у выкананні пастырскіх абавязкаў, за навучанне рэлігіі і за кантакт з людзьмі.

    Немагчыма назваць дакладную лічбу загінуўшых святароў і свецкіх вернікаў, бо няма дакладных статыстычных дадзеных. Па гэтай прычыне цяжка сёння ўстанавіць усё, што датычыць масавых арыштаў і расстрэлаў. Значная колькасць святароў і свецкіх так і не вярнулася дадому з месцаў ссылкі. Знойдзеная да гэтага часу інфармацыя дазваляе акрэсліць лёсы толькі некаторых замучаных і ўказаць месца, а таксама дату іх смерці. У многіх выпадках адшуканая інфармацыя заканчваецца сцвярджэннем: «Далейшы іх лёс невядомы».

    У якасці прыкладу падаём няпоўныя дадзеныя аб святарах, якія загінулі ў розных дыяцэзіях Беларусі: у Мінскай дыяцэзіі - 9 святароў, у Магілёўскай архідыяцэзіі - каля 45, у Пінскай дыяцэзіі - 61 святар і некалькі законных сясцёр, у Віленскай архідыяцэзіі ў былых яе межах - 91 святар. На жаль, няма магчымасці падаць колькасць замучаных свецкіх асобаў.

    У выніку рэпрэсій на Беларусі апусцелі касцёлы, часам у дэканаце працаваў толькі адзін святар, які вымушаны быў абслугоўваць некалькі парафій. У некаторых касцёлах Святая Імша адбывалася раз у месяц і нават радзей. У пасляваенны перыяд - з 50-х да 80-х гадоў - не толькі ў дэканатах, але часам у цэлых абласцях, напрыклад, у Магілёўскай альбо Гомельскай, не было ніводнага святара. Шматтысячныя гарады такія як Мінск, Віцебск, Магілёў, Гомель, Бабруйск, Орша, Мазыр засталіся без душпастырскай апекі.

    Дакументацыя жыцця асобных святароў і вернікаў была сабраная ў асобных дыяцэзіях, арганізаваны быў касцёльны працэс кананізацыі, у выніку якога 13 чэрвеня 1999 г. у Варшаве Святы Айцец Ян Павел ІІ узвёў да годнасці благаслаўлёных 108 асобаў. Сярод іх 12 асобаў з Беларусі - святары, законныя сёстры і адна свецкая асоба. Іх цнатлівае жыццё, а таксама складзеная ахвяра будзе прадметам нашых ружанцовых разважанняў у гэтым годзе. У святым Юбілейным Годзе ў Рыме адбылася беатыфікацыя 11 сясцёр назарэтанак з Навагрудка, якія былі расстраляныя фашыстамі падчас карных акцый у Навагрудку 1 жніўня 1943 г. Іх жыццё будзем таксама ўзгадваць у нашых разважаннях.

    Гэтыя супольныя беатыфікацыі не былі першымі ў гісторыі Касцёла. Разам таксама былі беатыфікаваны мучанікі з Японіі, Кітая і Уганды. Такія беатыфікацыі з'яўляюцца адзнакай супольнасці Касцёла ў вызнаванні веры і прымання цярпенняў.

    Разважаючы над акалічнасцю мучаніцтва нашых землякоў можна заўважыць у іх супольную рысу, што амаль усе мелі магчымасць уратаваць сваё жыццё, але не выкарысталі яе. Сведчанне іх смерці і жыцця з'яўляюцца доказам, што на свеце няма большай любові за тую, калі хто аддае жыццё сваё са прыяцеляў сваіх. Няхай яны будуць для нас прыкладам для наследавання святасці іх жыцця і перамагання цяжкасцяў, якія нам няспынна спадарожнічаюць у нашай зямной пілігрымцы.

    3 кастрычніка

    З ГАМІЛІІ СВЯТОГА АЙЦА ЯНА ПАЎЛА ІІ ПАДЧАС БЕАТЫФІКАЦЫЙНАЙ СВ. ІМШЫ 13 ЧЭРВЕНЯ 1999 Г. У ВАРШАВЕ

    13 чэрвеня 1999 г. у Варшаве Святы Айцец Ян Павел ІІ беатыфікаваў 108 мучанікаў ІІ сусветнай вайны. Паміж новых благаслаўлёных апынулася 12 асобаў, звязаных сваім жыццём, працай і мучаніцкай смерцю з тэрыторыяй сённяшняй Беларусі. У гаміліі, прамоўленай падчас беатыфікацыйнай Святой Імшы, Святы Айцец падкрэсліў значэнне нашай надзеі, якая выходзіць па-за часавыя межы і з'яўляецца апошнім удзелам чалавека ў плёне збаўчай справы Хрыста. Толькі надзея, якая паходзіць з веры, можа заахвоціць нас адказваць узаемнасцю на бязмежную любоў Бога. З даверліваю надзеяй спалучаў Святы Айцец таксама малітву, якая павінна нас пастаянна суправаджаць так, каб прыклад жыцця святых заахвочваў нас наследаваць Хрыста.

    Ян Павел ІІ у сваёй гаміліі сказаў:

    «Усемагутны, вечны Божа! Ты даеш нам новыя доказы сваёй любові, калі дазваляеш Святым удзельнічаць у Тваім усхваленні. Учыні, каб іх малітва і прыклад абуджалі нас да вернага наследавання Твайго Сына. Такі ж заклік мы ўзносім сёння, калі захапляемся прыкладам сведчання, які даюць нам благаслаўлёныя, узнесеныя толькі што да хвалы алтара. Жывая вера, непахісная надзея і ахвярная любоў стала іх заслугай, бо яны глыбока зліліся з пасхальнай таямніцай Хрыста. Таму просім, каб так, як яны, мы верна крочылі за Хрыстом. (…)

    Менавіта сёння мы адзначаем гэтую перамогу, адзначаем перамогу тых, хто ў нашым стагоддзі аддаў жыццё за Хрыста, аддаў зямное жыццё, каб атрымаць яго на вякі ў Ягонай хвале. Гэтая перамога агульная, бо падзяляюць яе духавенства і свецкія, маладыя і пажылыя людзі рознага паходжання і становішча. (…)

    Калі мы сёння радуемся ў сувязі з беатыфікацыяй 108 мучанікаў духоўных і свецкіх, то найперш таму, што яны з'яўляюцца сведчаннем перамогі Хрыста, дарам, які вяртае надзею. Калі мы выконваем гэты ўрачысты акт, то ў некаторай ступені адраджаецца ў нас вера, што нягледзячы на абставіны, ва ўсім можам атрымаць поўную перамогу дзякуючы Таму, Хто нас палюбіў (гл. Рым 8, 37). Благаслаўлёныя мучанікі звяртаюцца да нашых сэрцаў: «Паверце, што Бог - гэта любоў! Верце, калі вам добра і калі дрэнна! Абудзіце ў сабе надзею! Няхай гэтая надзея дасць плён захавання вернасці Богу ў любых выпрабаваннях».

    «Спадабалася Богу паказваць велічнае багацце Ягонай ласкі на прыкладзе дабрыні тваіх сыноў і дачок у Езусе Хрысце (гл. Эф 2, 7). Вось багацце Ягонай ласкі, вось фундамент нашага непахіснага даверу ў збаўчую прысутнасць Бога на шляхах чалавека ў трэцім тысячагоддзі! Няхай яму будзе хвала на вякі вечныя».

    Праблему святасці шырэй развіў Святы Айцец у Апостальскім лісце да біскупаў, духавенства і вернікаў на заканчэнне Вялікага Юбілею 2000 года і на пачатак новага тысячагоддзя.

    Святасць «... нельга памылкова разумець...» як бачанне надзвычайнага жыцця, даступнага толькі выбраным «геніям» святасці. Шляхі святасці разнастайныя і прыстасаваны да кожнага паклікання. Дзякую Богу за тое, што дазволіў мне за мінулыя гады беатыфікаваць і кананізаваць вельмі шмат хрысціянаў, а сярод іх многіх свецкіх вернікаў, якія былі святымі ў самых звычайных абставінах жыцця. Сёння трэба нанова з упэўненасцю прапаноўваць усім імкненне да гэтай «высокай меры» звычайнага хрысціянскага жыцця. Усё жыццё касцёльнай супольнасці і хрысціянскіх сем'яў павінна ісці ў гэтым накірунку. Безумоўна, існуюць таксама розныя індывідуальныя шляхі да святасці, што патрабуюць сапраўднай педагогікі святасці, якая здольная прыстасавацца да рытму паасобных людзей. Яна павінна аб'ядноўваць усё багацце прапаноў, даступных для ўсіх, з традыцыйнымі формамі індывідуальнай і супольнай дапамогі, а таксама з новымі формамі, даступнымі таварыствам і рухам, якія прызнае Касцёл».

    4 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ А. АХІЛЕС ПУХАЛА, ФРАНЦІШКАНІН

    У святым Евангеллі мы чытаем, што аднойчы Пана Езуса сустрэў малады хлопец і запытаў у Яго: «Настаўнік, што я павінен рабіць, каб дасягнуць Валадарства Нябеснага?» Пан Езус адказаў яму: «Выконвай запаведзі». Тады хлопец сказаў: «Я выконваю запаведзі з самай маладосці, што яшчэ патрабуецца ад мяне?» Езус адказаў: «Калі хочаш быць больш дасканалым, прадай усё, што маеш, і ідзі за Мною». Евангелле не гаворыць пра тое, як далей паводзіў сябе той хлопец, але словы Пана Езуса трэба разумець як указанне шляху да далейшай дасканаласці.

    На імкненні да дасканаласці развілося ў Касцёле законнае жыццё. Пачатак гэтаму жыццю даў св. Бенедыкт, які заснаваў на Монтэ-Касіно кляштар. Для членаў таго кляштара ён напісаў правілы законнага жыцця, падставаю якога сталі два словы: «Маліся і працуй». На аснове гэтых правіл св. Бенедыкта паўсталі потым розныя законы. Дасканаласць законнага жыцця праяўляецца ў складанні шлюбаў убоства, чыстасці і паслухмянасці.

    У 1209 г. св. Францішак Асізскі, у якога бацька забраў ахвяраваны раней маёнтак, дабіўся зацвярджэння закону айцоў францішканаў Папам Інакенціем ІІІ. У аснову гэтага закону было пакладзена цалкавітае ўбоства. Ежа, што заставалася пасля пасілку, раздавалася на вуліцы бедным. Айцы адпраўляліся адпачываць, калі ў кляштары нічога не было з прадуктаў харчавання. На наступны дзень раніцаю, калі айцы былі на малітве, хто-небудзь прыязджаў у кляштар і ахвяраваў ежу на снеданне, пазней - на абед і вячэру. З цягам часу гэта практыка змянілася, а айцы францішкане змянілі прадпісанні ў правілах свайго закону. Да закону францішканаў належаў таксама і а. Юзаф Пухала.

    Юзаф Пухала, сын Францішка і Зоф'і (з роду Альбрыхтаў), нарадзіўся 18 сакавіка 1911 г. у вёсцы Косіна каля Ланьцута, на тэрыторыі Пшэмысльскай дыяцэзіі (Польшча). У той жа дзень быў ахрышчаны ў парафіяльным касцёле імя св. Станіслава-біскупа ў Косіне. Хадзіў у агульнаадукацыйную школу ў сваёй роднай вёсцы. У 1924 г. паступіў у Ніжэйшую духоўную семінарыю айцоў францішканаў у Львове. 6 верасня 1927 г. быў прыняты ў ордэн францішканаў і пачаў праходзіць навіцыят у Лагеўніках каля Лодзі. Першыя законныя шлюбы склаў 29 верасня 1928 г., прыняўшы імя Ахілес. Да 1931 г. вучыўся ў Ніжэйшай духоўнай семінарыі ў Львове, а пасля яе заканчэння працягваў паглыбляць свае веды ў галіне філасофіі і тэалогіі. Перыяд манаскай фармацыі закончыў 22 мая 1932 г., складаючы вечныя шлюбы і прымаючы сакрамэнт святарства 5 ліпеня 1936 г.

    Першыя гады святарскай службы праводзіў у кляштары ў Гродне. Затым быў пераведзены ў Івянец (тагачасная Пінская дыяцэзія), дзе яго і застала ІІ сусветная вайна. Калі распачаліся ваенныя дзеянні, з парафіі ў Пяршаях (цяперашні Валожынскі раён Мінскай вобласці) выехаў пробашч, а. Юзаф па распараджэнні касцёльных уладаў быў пераведзены туды на пачатку 1940 г. і прыняў вакантную парафію. Праз некаторы час з Вільні да яго прыбыў а. Герман Стэмпень. У памяці жыхароў Пяршаяў а. Юзаф Пухала застаўся як незвычайна ахвярны і працавіты чалавек і святар.

    19 чэрвеня 1943 г. у Івянцы, выбухнула паўстанне супраць гітлераўскіх акупантаў. Пасля таго, як яно было падаўлена, у Пяршаі прыехала гестапа і арыштавала шмат людзей, у тым ліку а. Юзафа і а. Германа. Святары не скарысталі магчымасць, каб уцячы. Разам з усімі арыштаванымі іх павялі ў вёску Баравікоўшчына. Там святароў аддзялілі ад парафіянаў і забілі ў гумне сям'і Рудовічаў. Потым гумно падпалілі. Адбылося гэта 19 ліпеня 1943 г. Астатнім жыхарам Пяршаяў гестапа даравала жыццё, змяніўшы смяротны прысуд на прымусовую працу ў Германіі. Абгарэлыя целы святароў былі складзены каля касцёла ў в. Пяршаі, а 23 верасня 2000 г. іх рэліквіі перанеслі на алтар гэтай жа святыні.

    У 1221 г. св. Францішак заснаваў трэці закон - правілы законнага жыцця св. Францішка былі прыстасаваны да жыцця свецкіх людзей. Члены трэцяга закону францішканаў, жывучы ў свецкім стане, захоўваюць законныя шлюбы, прыстасаваныя да ўмоваў іх жыцця, вызначаюцца асабліваю стараннасцю ў выкананні рэлігійных абавязкаў і законных прадпісанняў, з'яўляючыся вялікаю дапамогаю для душпастыраў. Ад сучасных апостальскіх груп адрозніваюцца стылем жыцця, больш звяртаючы ўвагу на развіццё духоўнага жыцця і выконваючы розныя духоўныя практыкі, звязаныя з малітваю і аскезаю. На жаль, у сучасных умовах колькасць членаў трэцяга закону няспынна памяншаецца. Памолімся аб пашырэнні трэцяга закону францішканаў, каб члены гэтай супольнасці прымалі актыўны ўдзел у развіцці духоўнага жыцця ў парафіях.

    5 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ КС. СТАНІСЛАЎ ПЫРТАК

    Найважнейшым заданнем Касцёла на парозе новага тысячагоддзя з'яўляецца абвяшчэнне Божага слова. Нават там, дзе Евангелле прыйшло шмат стагоддзяў назад, ужо перастала існаваць хрысціянская супольнасць. Сёння трэба адважна процістаяць злу, якое становіцца ўсё больш рознапланавым і цяжка распазнавальным з прычыны зменнага ладу жыцця. Гэтую сумную ісціну выказаў Святы Айцец, які пастаянна паўтарае яе і заклікае да новай евангелізацыі. Гэты заклік ён зноў паўтарае ў Апостальскім пасланні «Уваходзячы ў новае тысячагоддзе» і выказвае просьбу, каб Касцёл абудзіў у сабе першапачатковую руплівасць, каб кожны атрымаў запал «апостальскага абвяшчэння», якое ўзяло пачатак у дзень Спаслання Духа Святога.

    Узорам адданасці ў справе катэхізацыі з'яўляецца кс. Станіслаў Пыртак, сын Юзафа і Людвікі (з роду Холева), які нарадзіўся 21 сакавіка 1913 г. у Быстрай Падгалянскай (Польшча). На наступны дзень быў ахрышчаны ў парафіяльным касцёле імя Найсвяцейшай Тройцы ў Іёрданаве. Скончыўшы сярэднюю школу і гімназію, у 1934 г. паехаў у Вільню і там паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю. Адначасова распачаў вучобу на тэалагічным факультэце універсітэта імя Стэфана Баторыя. Абараніў магістэрскую працу па тэалогіі «Аб апостальстве свецкіх жанчынаў», напісаную пад навуковым кіраўніцтвам кс. праф. Міхала Сапоцькі. 16 чэрвеня 1940 г. атрымаў святарскія пасвячэнні з рук Віленскага арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага.

    Пасля святарскіх пасвячэнняў пачаў працаваць вікарыем у парафіі Дукшты Піярскія - непадалёк ад Вільні. Хутка праявіў сябе як руплівы святар, сардэчны ў адносінах да людзей, які клапоціцца аб парафіяльным жыцці. У верасні 1941 г. быў пераведзены ў парафію Іказнь на Браслаўшчыне, дзе пробашчам быў кс.Уладзіслаў Мацьковяк, старэйшы за яго калега па семінарыі. У той час паўночныя і ўсходнія тэрыторыі Віленскай архідыяцэзіі належалі да Генеральнай Акругі Беларусь. Нямецкія акупацыйныя ўлады тут асабліва жорстка пераследавалі каталіцкі Касцёл, між іншым было забаронена рэлігійнае навучанне.

    Тым часам у парафіі Іказнь святары, асабліва кс. Станіслаў Пыртак, старанна катэхізавалі дзяцей, што стала прычынаю вынясення абодвум святарам смяротнага прысуду. Аб намеры нямецкіх уладаў святароў папярэдне патаемна папярэдзілі. Зрабілі гэта ўрач Малецкі, беларус, што паходзіў з ваколіцаў Друі, і Ян Петкун, які па просьбе Малецкага ў сярэдзіне кастрычніка 1941 г. прыбыў у сваю родную парафію Іказнь і апавясціў святароў аб пагражаючай ім небяспецы. Пробашч, кс. Мацьковяк, паехаў тады да арцыбіскупа Ялбжыкоўскага, каб параіцца, што яны павінны рабіць у такой сітуацыі. Мітрапаліт пакінуў вырашэнне гэтай справы на іх святарскае сумленне. Яны маглі альбо пакінуць месца працы, каб уратаваць уласнае жыццё, альбо застацца са сваімі парафіянамі. Святары вырашылі застацца.

    3 снежня 1942 г. гестапа арыштавала кс. Уладзіслава Мацьковяка, яго пасадзілі ў браслаўскую турму. На наступны дзень кс. Станіслаў Пыртак адправіўся да нямецкіх уладаў, каб прасіць аб вызваленні калегі, але яго таксама арыштавалі. Тады парафіяне сабралі подпісы і два прадстаўнікі паехалі з гэтай петыцыяй у гестапа, просячы вызваліць сваіх душпастыраў. На жаль, іх арыштавалі, арыштавалі і наступную дэлегацыю. Праз некалькі тыдняў следства і катаванняў, перад святам Божага Нараджэння 1941 г., абодвух святароў, а таксама арыштаваных парафіянаў, перавезлі ў глыбоцкую турму. На пачатку сакавіка 1942 г. кс. Станіслаў Пыртак і два іншыя святары былі пераведзены ў камеру смяротнікаў, а 4 сакавіка 1942 г. іх расстралялі разам з некалькімі іншымі вязнямі ў лесе Барок каля Беразвечча. Перад выкананнем экзекуцыі кс. Станіслаў Пыртак напісаў да родных: «Некалькі гадзінаў аддзяляе мяне ад нічым не заслужанай смерці. Абавязак святара - скласці і гэтую ахвяру за Хрыста. Я гіну за тое, што навучаў рэлігіі. Не плачце і не сумуйце па мне. Шлю вам святарскае благаслаўленне. Мяне радуе тое, што пасля трох месяцаў знаходжання ў турме я яшчэ здольны пакутаваць і памерці».

    Пасля вайны эксгумацыя не праводзілася. Да сённяшняга дня не ўстаноўлена месца іх пахавання. Паводле мясцовай традыцыі месцам смерці і пахавання забітых святароў лічацца некалькі соснаў, што растуць непадалёк ад помніка ахвярам гітлераўскіх злачынстваў.

    На думку Святога Айца абавязак катэхізацыі ляжыць на ўсіх людзях. Мы павінны разважаць і памятаць словы св. Паўла, які заклікаў: «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелле» (1 Кар 9, 16). Паўсюдны ўдзел у катэхізацыі патрабуе адказнага ўдзелу ўсяго Божага люду. Той, хто пазнаў Хрыста, - гаворыць Святы Айцец, - не можа трымаць Яго для сябе, але павінен абвяшчаць Яго іншым.

    У святле выказванняў Святога Айца задумаемся, як мы выконваем гэты абавязак, ці цікавімся катэхізацыяй сваіх дзяцей, ці пасылаем іх на заняткі па рэлігіі, ці кантралюем вынікі іх рэлігійнага навучання. Ацэнім таксама саміх сябе - ці павышаем мы свой узровень рэлігійных ведаў. Калі ўласнае сумленне папракае нас у нечым, то давайце зробім пастанаўленне, што будзем імкнуцца пашыраць веданне вучэння Хрыста - сваё асабістае і сваіх дзяцей.

    6 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ А. ГЕРМАН СТЭМПЕНЬ, ФРАНЦІШКАНІН

    У Пасланні да Габрэяў чытаем: «Бо ўсякі архірэй, паміж людзей выбіраны, дзеля людзей ставіцца..., каб мог выбачаць тым, што не ведаюць, і блукаючым...». Гэтыя словы сведчаць пра ўзаемаадносіны святара з людзьмі: для іх у імя Хрыста ён спаўняе Найсвяцейшую Ахвяру, праз паслугу святара здзяйсняецца асвячэнне людзей. Людзі таксама адчуваюць дабрадзейнасці святара і выказваюць яму сваю ўдзячнасць. З гэтай узаемазалежнасці душпастырская праца святара чэрпае сваю дзейсную моц. Словы святара людзі разумеюць як словы Хрыста і аказваюць яму сваю паслухмянасць, а святар, па прыкладу Хрыста, аказвае ім сваю любоў. Часам гэта любоў настолькі ўзаемная, што нават заканчваецца ахвяраваннем жыцця. Святар памірае за людзей, а людзі за святара.

    Да такіх святароў належаў а. Герман Стэмпень з закону айцоў францішканаў.

    Благаслаўлёны а. Герман Стэмпень нарадзіўся 21 кастрычніка 1910 г. у Лодзі (Польшча). У 1926 г., пасля заканчэння сямігодкі ў Лодзі, паступіў у Ніжэйшую духоўную семінарыю айцоў францішканаў у Львове. Прыняты ў ордэн Меншых Братоў Канвентуальных (францішканаў), распачаў навіцыят 2 верасня 1929 г. у Лагеўніках каля Лодзі, прыняўшы манаскае імя Герман. Першыя законныя шлюбы склаў 3 верасня 1930 г. і распачаў вучобу ў галіне філасофіі і тэалогіі ў Вышэйшай духоўнай семінарыі айцоў францішканаў у Кракаве. 27 чэрвеня 1934 г. склаў вечныя законныя шлюбы. Паколькі ён быў незвычайна здольным чалавекам, кіраўніцтва ордэна пастанавіла, каб далейшую падрыхтоўку да святарства ён працягваў у Рыме на Папскім тэалагічным факультэце імя св. Банавентуры. У Рым адправіўся восенню 1934 г. і вучыўся там да 1938 г. 25 ліпеня 1937 г. прыняў святарскія пасвячэнні і пасля вяртання ў Польшчу, быў накіраваны на працу ў кляштар у Радомску. 27 чэрвеня 1939 г. абараніў магістэрскую працу на тэму «Культура цела і хрысціянская этыка» на тэалагічным факультэце універсітэта імя Яна Казіміра ў Львове.

    3 Радомска а. Герман быў пераведзены ў Вільню, і адтуль, ужо ў часе вайны, у 1941 г., быў накіраваны спачатку ў Івянец, а потым - у Пяршаі (цяперашні Валожынскі раён Мінскай вобласці). Жыхары Пяршаяў успамінаюць яго як вельмі працавітага і пабожнага святара, які добра выконваў свае душпастырскія абавязкі.

    19 чэрвеня 1943 г. у Івянцы, выбухнула паўстанне супраць гітлераўскіх акупантаў. Праз месяц у Пяршаі прыехала гестапа і арыштавала шмат людзей. Прыйшлі таксама і на плебанію. Паводле ўспаміну аднаго са сведкаў, камендант мясцовай нямецкай жандармерыі, які жыў у плебаніі і быў практыкуючым католікам, хацеў арганізаваць айцам францішканам уцёкі. На такую прапанову а. Ахілес і а. Герман адказалі, што «пастыры не могуць пакінуць вернікаў», і далучыліся да арыштаваных і асуджаных на смерць людзей. Гестапаўцы прывялі ўсіх арыштаваных у вёску Баравікоўшчына. Там святароў аддзялілі ад парафіянаў. Абодвух айцоў вывелі на ўскраіну вёскі і там закатавалі ў гумне сям'і Рудовічаў. Потым гумно падпалілі. Іншым жыхарам Пяршаяў гестапа даравала жыццё, змяніўшы смяротны прысуд на прымусовую працу ў Германіі. Астанкі касцей абодвух айцоў былі складзены каля касцёла ў в. Пяршаі, 23 верасня 2000 г. яны ўрачыста перанесены і складзены ў алтары святыні.

    Разважаючы пра акалічнасці жыцця благаслаўлёнага а. Германа, з нашых вуснаў вырываецца пытанне, адкуль а. Герман і іншыя святары чэрпалі такую сілу духа і выбіралі смерць разам з народам, адмаўляючыся ад уцёкаў і жыцця. Адказ на гэтае пытанне можа быць толькі адзін. Духоўную сілу яны чэрпалі са сваёй асабістай святасці.

    Прыняты сакрамэнт святарства робіць кандыдата здольным да выканання святарскай паслугі, павялічвае асвячальную ласку, але не гарантуе асабістай святасці святара. Святар асвячаецца праз свае асабістыя ўчынкі, да якіх адносіцца малітва, разважанні, аскеза і іншыя добрыя ўчынкі. Па іх учынках мы пазнаем святасць святароў.

    Касцёл заахвочвае нас маліцца аб святасці святароў, бо ад іх залежыць ў пэўным сэнсе святасць Божага люду. Давайце будзем выконваць гэтае даручэнне Касцёла, няхай кожная першая субота месяца будзе для нас нагодаю для таго, каб узнесці да Бога такую малітву праз пасрэдніцтва Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Маці.

    7 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНАЯ МАР'ЯНА БЯРНАЦКАЯ

    Найбольшы скарб на свеце - гэта жыццё чалавека. Яно больш каштоўнае, чым багацце, слава і веды. Таму чалавек робіць усё, каб захаваць сваё жыццё і ратаваць яго ўсімі магчымымі сродкамі. Дзякуючы намаганням чалавека павялічылася на некалькі гадоў жыццё на зямлі, а пакаранне смерцю ўсюды лічыцца найбольшым пакараннем для чалавека. Цяпер у свеце вядуцца ажыўленыя дыскусіі, ці гэта пакаранне адмяніць ці захаваць. Калі б пакаранне смерцю было адменена, то пажыццёвыя турмы, якія замянілі б яго, былі б найбольшым пакараннем. Добраахвотнае адданне жыцця за іншага чалавека было і з'яўляецца праявай найбольшай любові да бліжняга. Так зрабіла благаслаўлёная Мар'яна Бярнацкая, над характэрнымі рысамі жыцця якой мы зараз будзем разважаць.

    Мар'яна Бярнацкая нарадзілася ў 1888 г. у Ліпску над р. Бебрай - на тэрыторыі Ломжынскай дыяцэзіі (Польшча). На жаль, не захавалася ніякіх дакументаў з дакладнай датай яе нараджэння. Праўдападобна яна паходзіла з грэка-каталіцкай сям'і. Дзяцінства і маладосць яна правяла ў родным гарадку. Ва ўзросце 20 гадоў выйшла замуж за Людвіка Бярнацкага. У сужэнстве нарадзіла шасцёра дзяцей, прычым чацвёра з іх памерлі нованароджанымі. Засталіся толькі дачка Леакадзія і сын Станіслаў. Мар'яна і Людвік Бярнацкія ўтрымлівалі сям'ю, працуючы на 20 гектарах зямлі. Пасля смерці мужа Мар'яна засталася жыць з сынам, паколькі дачка Леакадзія выйшла замуж. Калі ў ліпені 1939 г. сын Станіслаў жаніўся з Ганнай (з роду Шыманчык), Мар'яна сваё штодзённае жыццё дзяліла з маладой сям'ёй, праяўляючы клапатлівасць, добразычлівасць і мацярынскую любоў ў адносінах да маладажонаў і іх дзяцей.

    На пачатку ліпеня 1943 г. праводзіліся масавыя арышты жыхароў Ліпска і яго ваколіцаў: немцы помсцілі за забітага партызанамі нямецкага паліцая. У спісе арыштаваных апынуўся і Станіслаў Бярнацкі з жонкай Ганнай. Узброены нямецкі салдат увайшоў у дом Бярнацкіх, загадваючы Ганне і Станіславу пакінуць дом. Мар'яна, не задумваючыся, упала да ног эсэсаўца і прасіла, каб дазволіў ёй пайсці на смерць замест нявесткі: «Як яна пойдзе, - прасіла, - яна на апошнім тыдні цяжарнасці, я пайду замест яе». Немец згадзіўся на замену. Мар'яна з сынам Станіславам і іншымі арыштаванымі была перавезена ў гродзенскую турму. 13 ліпеня 1943 г. разам з 49 жыхарамі Ліпска немцы расстралялі іх на фартах за вёскай Навумавічы каля Гродна.

    Благаслаўлёная Мар'яна Бярнацкая ахвяравала сябе за іншага, блізкага ёй чалавека. Яна ўратавала нявестку і дзіця, якое павінна было нарадзіцца. Зрабіла гэта з любові да Бога і іншага чалавека. Жыхары Ліпска і яго ваколіцаў сцвярджаюць, што яна была сумленнаю жанчынаю, як у сямейным, так і ў парафіяльным жыцці. Вылучалася сціпласцю, прастатой і спагадлівым сэрцам. Пра яе глыбокую рэлігійнасць сведчыць той факт, што будучы ў вязніцы ў Гродне, яна папрасіла даць ёй ружанец. Яе гераічны ўчынак параўноўваецца з мучаніцкай смерцю а. Максіміліяна Кольбэ.

    Для благаслаўлёнай Мар'яны любоў да бліжняга значыла больш, чым яе ўласнае жыццё. Яна прыняла дабравольнае рашэнне, каб памерці за сваю нявестку. Трэба запытацца, адкуль яна чэрпала гэта ўнутранае перакананне і па якой прычыне нарадзілася ў яе такая моцная і духоўная сіла. Адказ на гэта пытанне просты: яе гераічная любоў паходзіла з глыбокай веры, штодзённай малітвы, а асабліва ружанцовай малітвы. У жыцці яна часта малілася на ружанцы і ў турме прасіла даць ёй ружанец. Як паказвае вопыт, у апошнія хвіліны жыцця кожны чалавек хоча мець у сябе тое, што было самым дарагім у яго жыцці. Ружанцовая малітва была для благаслаўлёнай Мар'яны духоўнаю моцаю і сілаю для развіцця дзейснай любові да бліжняга.

    Благаслаўлёная Мар'яна з'яўляецца для нас таксама прыкладам, як трэба цаніць жыццё чалавека. Людское меркаванне на гэту тэму супярэчыць само сабе. З аднаго боку жыццё чалавека ахоўваецца законам, а пазбаўленне кагосьці жыцця цяжка караецца. Прыкра сцвярджаць, што гэты ж закон дазваляе маці забіваць ненароджанае дзіця. Гэтыя факты сведчаць аб вялікім вераломстве чалавека, які такі закон устанаўлівае і выконвае. Не дзіўна, што ўчынкі, якія знішчаюць жыццё чалавека, называюцца «злачынствам чалавецтва». Так трэба ацэньваць і эўтаназію - г.зн. пазбаўленне жыцця людзей старых і невылечна хворых.

    Няхай прыклад благаслаўлёнай Мар'яны абудзіць скажонае людское сумленне, няхай асвеціць розумы і сэрцы тых, хто не чуе Божага закліку: «Не забівай». Няхай усе будуць здольныя на дзейсную ахвяру, каб ратаваць жыццё чалавека.

    Так сталася, што сёння распачынаецца Тыдзень Міласэрнасці. Касцёл няспынна паўтарае наказ любові бліжняга, але гэтая праўда асабліва падкрэсліваецца ў Тыдзень Міласэрнасці. Гэта Тыдзень, калі мы павінны асаблівым чынам атуліць апекай хворых людзей і тых, хто знаходзіцца ў патрэбе. Гэтая апека можа быць разнастайнай і заключаецца ў нашай малітве за хворых і ў рэальнай дапамозе, каб аблегчыць ім цярпенні іх жыцця. Трэба ім аказаць нашую спагадлівасць, а яны няхай адчуюць нашую любоў і разнастайную дапамогу. З хворымі і беднымі мы сустракаемся штодзень, яны жывуць побач з намі. Трэба толькі дапамагчы ім і зрабіць для іх штосьці добрае ў бліжэйшы тыдзень. Памятайма пра абяцанні Пана Езуса, што кубак вады, пададзены бліжняму, не застанецца без узнагароды. Добры ўчынак, зроблены для беднага, - гэта добры ўчынак, зроблены для самога Хрыста паводле Яго слоў: «Што зрабілі аднаму з гэтых найменшых, Мне зрабілі». Будзем выкарыстоўваць нашыя магчымасці, каб аказваць дапамогу бедным, а аказаная ім дапамога будзе для нас добрым і збавенным учынкам.

    8 кастрычніка

    З ГАМІЛІІ АРЦЫБІСКУПА ЗЯНОНА ГРАХАЛЕЎСКАГА НА СВ. ІМШЫ ПАДЗЯКІ Ў БАЗЫЛІЦЫ СВ. ПЯТРА, 6 САКАВІКА 2000 Г.

    6 сакавіка 2000 г., у панядзелак, пасля ўрачыстасці беатыфікацыі сясцёр назарэтанак з Навагрудка ў базыліцы св. Пятра ў Рыме адбылося набажэнства падзякі. У ёй удзельнічалі арцыбіскупы і біскупы з Польшчы і Беларусі. Падчас гэтага набажэнства кс. арцыбіскуп Зянон Грахалеўскі, а цяперашні кардынал, у сваёй прамове паяднаў радасць з нагоды ўрачыстасці, прысвечнай беатыфікацыі, з радасцю Юбілейнага Года. Вось фрагменты гэтай прамовы.

    Гаворачы пра Юбілей Адкупіцеля, Юбілей 2000 года, Ян Павел ІІ прыгадаў, што ХХ стагоддзе было перыядам вельмі цяжкім і складаным. Страшэнная лютасць і нянавісць дасягнулі ў ім гіганцкіх маштабаў. У той жа час мелі месца сведчанні вялікай любові, выдатныя прыклады гераізму, здзейсненага дзеля бліжняга. (...)

    Жыццё сясцёр-мучаніц было сканцэнтравана на асобе Хрыста. Яно выплывала з назарэтанскай духоўнасці і з харызмы супольнасці, у якой любоў да Збавіцеля атаясамлівалася з любоўю да Касцёла і любоўю да братоў. Сваю любоў да Касцёла сёстры выказвалі па-рознаму. Быў штодзённы клопат пра матэрыяльнае становішча святыні Перамянення Пана, так званай Белай Фары. Было таксама разуменне таямніцы сакрамэнтальнага святарства і вялікая пашана да тых, хто абраны для ўдзялення Божых ласкаў, якія перадаюцца праз сакрамэнтальную паслугу. Іх любоў да бліжняга выяўлялася ў служэнні сям'і і моладзі. (...) Сярод насельніцтва Навагрудка, якое вельмі рознілася сваёю культураю і веравызнаннем, сёстры былі сімвалам еднасці і Божай дабрыні да ўсіх людзей, нягледзячы на іх перакананні і нацыянальнасць. Яны мелі таксама яскрава выяўленае пачуццё экуменізму, пра што памятаюць да сённяшняга дня жыхары горада. (...)

    Беатыфікацыя, якая адбылася, гэта добрая магчымасць, каб па-новаму зразумець сэнс жыцця і мучаніцтва нашых сясцёр. (...) Новыя благаслаўлёныя заклікаюць нас любіць Касцёл і яго пастыраў. Вучаць жывой веры ў прысутнага ў Касцёле Хрыста, бо толькі Ён з'яўляецца крыніцай нашай святасці. Заахвочваюць клапаціцца пра апостальства і рэлігійную фармацыю, асабліва дзяцей і моладзі, якая ў наш час адчувае сябе згубленай і знаходзіцца ў небяспецы. Благаслаўлёныя мучаніцы вельмі выразна ўказваюць сёстрам назарэтанкам на патрэбу складанання сябе ў ахвяру за сям'ю. Гэта важна сёння, у час, калі сям'я з'яўляецца часткай чалавечага грамадства, якая знаходзіцца пад найбольшай пагрозай і якую атакуюць амаль з усіх бакоў. У сучасным свеце, які вызначаецца нацыяналізмам, фанатызмам, насіллем і войнамі, нашы мучаніцы паказваюць, што любоў мацнейшая за смерць. Вучаць, што няма настолькі змрочных часоў, каб нельга было любіць Хрыста так, «як Ён нас палюбіў». (...)

    9 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ КС. ЮРЫ КАШЫРА, МАРЫЯНІН

    «А цяпер трываюць вера, надзея, любоў - гэтыя тры, але большая з iх любоў» (1 Кар 13, 13).

    Гэтыя словы напісаў св. Павел у Першым Пасланні да Карынцянаў. Гэтае Пасланне ён напісаў у Эфезе падчас свайго трэцяга місійнага падарожжа. Прычынаю яго напісання было спецыяльнае паведамленне з Карынта, у якім ішла размова аб злоўжываннях, што там існавалі. З'явіліся таксама сумненні адносна намераў карынцкіх хрысціянаў, якія рабілі першыя крокі на шляху да новага жыцця. Св. Павел падае ў гэтым Пасланні таксама вучэнне аб сужэнстве, дзявоцтве, аб Эўхарыстыі і аб Касцёле. Падае таксама прыгожае вучэнне аб любові і адносіць яе да найкаштоўнейшых цнотаў. Аскетычныя пісьменнікі даюць азначэнне любові, як кароны ўсялякіх цнотаў. Усе дасканаласці чалавека паходзяць з любові альбо вядуць да любові. У святара любоў да Пана Бога часта спалучаецца з любоўю да вернікаў. Так было ў жыцці кс. Юрыя Кашыры, з жыццёрысам якога мы сёння пазнаёмімся.

    Благаслаўлёны кс. Юры Кашыра нарадзіўся 4 красавіка 1904 г. у в. Аляксандрава, якая належала да Лявонпальскай парафіі (цяпер Віцебская вобласць). У той самы дзень быў ахрышчаны ў праваслаўнай царкве, бо ягоныя бацькі былі праваслаўнага веравызнання. Яны даволі рана памерлі, таму Юрыя выхоўвалі блізкія сваякі. У 18-гадовым узросце 22 кастрычніка 1922 г. ён перайшоў у каталіцтва. У наступным годзе паступіў у марыянскую гімназію ў Друі. Скончыўшы IV клас гэтай гімназіі, ён выказаў жаданне ўступіць у закон айцоў марыянаў. 2 жніўня 1926 г. склаў першыя законныя шлюбы і далей працягваў вучобу. Быў добрым сябрам, чулым і ветлівым да кожнага. Яго выбіралі суддзёй школьнага самакіравання, што сведчыць аб ягоным справядлівым і аб'ектыўным характары.

    У 1929 г. Юры Кашыра скончыў сярэднюю школу, а 2 жніўня склаў вечныя законныя шлюбы, назаўсёды звязваючы сваё жыццё з законам айцоў марыянаў. Пасля канікулаў выехаў у Рым. Там вывучаў курс па асновах філасофіі у Папскім універсітэце айцоў дамініканаў. Пасля двух гадоў вучобы ў Рыме, восенню 1931 г., накіраваўся ў Вільню, каб там вывучаць тэалогію. Ва ўрачыстасць Божага Цела 20 чэрвеня 1935 г. прыняў святарскія пасвячэнні з рук віленскага арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага.

    На працягу года кс. Юры Кашыра быў настаяцелем клерыкаў-марыянаў у Вільні, а ў 1936 г. вярнуўся ў Друю, дзе быў прызначаны кіраўніком маладых выхаванцаў, і адначасова быў настаўнікам рэлігіі ў гімназіі. Праз два гады кс. Кашыру прызначылі настаяцелем кляштару ў Расне (40 км на ўсход ад Семятычаў), а таксама рэктарам мясцовага касцёла імя св. Анны. 16 жніўня 1939 г. быў паўторна выбраны настаяцелем на наступны тэрмін.

    Тым часам 1 верасня 1939 г. распачалася II сусветная вайна. Новыя ўлады пазбавілі законнікаў кляштара. Кс. Кашыра пакінуў Расну і паспеў яшчэ далучыцца да марыянаў у Марыямпалі (Літва), а ў 1940 г. знаходзіўся ў марыянскім кляштары ў Кальварыі Жмудскай. Праз год пасля нямецкай акупацыі Літвы і Беларусі ў ліпені 1942 г. кс. Кашыра вярнуўся ў Друю. У той час працаваў там кс. Антоні Ляшчэвіч, які на поўнач ад Дзвіны, у Росіцы і ваколіцах вёў душпастырскую працу сярод каталіцкага насельніцтва, пазбаўленага святароў. Кс. Юры Кашыра далучыўся да яго, распачынаючы працу ў Росіцы.

    Паколькі ўзрасла актыўнасць партызанскага руху, узнікла і пагроза помсты з боку немцаў. Нягледзячы на небяспеку, кс. Кашыра і Ляшчэвіч вырашылі застацца з вернікамі нават пад пагрозай смерці. У аўторак, 16 лютага 1943 г., распачалася жорсткая расправа ў ваколічных тэрыторыях. Людзей сілаю зганялі ў росіцкі касцёл, ксяндзы дабравольна далучыліся да іх, выконваючы да канца душпастырскую паслугу. Кс. Антоні Ляшчэвіч загінуў 17 лютага 1943 г. На вестку пра яго смерць кс. Юры Кашыра сказаў: «Кс. Ляшчэвіч ужо не жыве, а раніцай і я памру». Усю ноч ён маліўся. Раніцаю адправіў Святую Імшу для сясцёр і развітаўся словамі: «Маліцеся і прасіце ў Бога прабачыць мне грахі, бо я ўжо праз некалькі хвілін стану перад судом Божым».

    Разам з групай каля 30 чалавек святар быў зачынены ў драўляным доме. Будынак аблілі бензінам і падпалілі. Жыхарам Росіцы, якім удалося ўцячы, хавалі потым абгарэлыя целы закатаваных, сярод якіх быў і кс. Ю. Кашыра.

    У кс. Юрыя любоў да вернікаў аказалася мацнейшай за яго ўласнае жыццё. Ён ахвяраў сваё жыццё, аказваючы любоў людзям. Гэтую любоў ён умацоўваў штодзённай малітвай, а гэта сведчыць, што любоў і малітва яднаюцца паміж сабою. Любоў паходзіць з малітвы, а малітва ўмацоўвае любоў. Будзем жа лепш маліцца, і тады ўсе будзем больш любіць. Зробім такое пастанаўленне. як плён сённяшняга ружанцовага разважання.

    10 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ АЙЦЕЦ ІНАЦЭНТ ГУЗ, ФРАНЦІШКАНІН

    Пан Езус, развітваючыся з Апосталамі напярэдадні сваёй Мукі, сказаў ім: «Будзьце маімі сведкамі аж па край зямлі». Апосталы годна выканалі наказ Хрыста. Яны сведчылі аб Хрысце, абвяшчаючы Божае слова, а найбольшым сведчаннем была іх мучаніцкая смерць. Першыя хрысціяне далучылі да гэтага сведчання яшчэ ўзаемную любоў. «Глядзіце, як яны любяць адно аднаго», - гаварылі пра іх.

    У ХХ стагоддзі на першае месца вылучылася сведчанне мучанікаў. Колькасць святых мучанікаў павялічылі мучанікі Іспаніі, а таксама закатаваныя ў часе ІІ сусветнай вайны. Да іх належаў і а. Інацэнт Гуз з закону айцоў францішканаў.

    Благаслаўлёны а. Інацэнт Гуз нарадзіўся 18 сакавіка 1890 г. у Львове. Скончыўшы сярэднюю школу і гімназію ў родным горадзе, вельмі хацеў уступіць у ордэн езуітаў, аднак не быў прыняты з-за недахопу неабходнай маёмасці. Тады вырашыў стаць францішканам. Манаскі габіт і імя Інацэнт прыняў 25 жніўня 1908 г. Адбыўшы год у навіцыяце, склаў першыя законныя шлюбы 26 жніўня 1909 г. у Львове. Потым распачаў вывучэнне філасофіі і тэалогіі ў Кракаве, пасля чаго прыняў сакрамэнт святарства 2 чэрвеня 1914 г.

    Выконваў святарскую паслугу ў Ганачаве, Чыжках, Галічы, Варшаве, Львове і Радомску. Аднак найбольш часу правёў у кляштары ў Гродне. Там сустрэўся са св. Максіміліянам Кольбэ, які з 1922 па 1927 гг. выдаваў у Гродне часопіс «Рыцар Беззаганнай». З 1933 па 1936 гг. знаходзіўся ў Непакалянаве, дзе выконваў функцыі спаведніка законнікаў, віцэ-магістра клерыкаў, выкладчыка спеваў у Ніжэйшай місійнай семінарыі. У 1936 г. быў зноў пераведзены ў Гродна, дзе яго і застала ІІ сусветная вайна. Калі гэтыя тэрыторыі заняла Чырвоная Армія, яго арыштавалі 21 сакавіка 1940 г. і пасадзілі ў турму ў Гродне, адкуль яму ўдалося ўцячы. Пры перасячэнні расійска-нямецкай мяжы быў паўторна арыштаваны, але ўжо немцамі, якія спачатку трымалі яго ў Сувалках, а потым - з 20 красавіка 1940 г. - у Дзялдове. Адтуль 8 мая 1940 г. яго перавезлі ў канцэнтрацыйны лагер Захсенхаузен каля Аранэнбурга.

    «29 мая, - прызнаўся адзін з вязняў, - усіх святароў і яўрэяў сабралі разам і на працягу тыдня муштравалі не па-людску. Айцец Інацэнт быў увесь збіты, у яго апухла нага, і калі наш блок 6 чэрвеня выйшаў на працу, ён не паспяваў за іншымі, таму яго выключылі з шэрагу і з кс. Чапчыкам з Варшавы збілі і з плошчы да блоку гналі, не даючы спыніцца. Там вартаўнік Фрыц забраў іх ва ўмывальню і абліваў халоднай вадой. У пэўны момант ён акунуў святара ў ванну з вадой, увапхнуў яму ў рот гумавы шланг, з якога цякла вада, і такім чынам закатаваў». Перад самай смерцю а. Інацэнт сказаў свайму сябру, які праходзіў паблізу: «Я ўжо адыходжу да Беззаганнай, а ты застанься і рабі сваё». Кс. Бароўчык, сабрат па лагеры Захсенхаузен, узгадваючы побыт у лагеры, сказаў: «Айцец Гуз жыў у апошнія хвіліны як сапраўдны мучанік і, мяркую, што не за ягоную душу... але яго мы павінны прасіць аб дапамозе».

    Айцец Юзаф пакінуў нам падвойнае сведчанне: святасці і мучаніцтва. Ён павінен быў вызначацца асаблівымі цнотамі, бо кіраўніцтва закону даручыла яму абавязак спавядаць законных братоў у Непакалянаве, які ён выконваў на працягу трох гадоў - з 1933 па 1936 гг. За гэтыя гады адбылося значнае развіццё Непакалянава, а колькасць законнікаў павялічылася да некалькіх тысяч. Усіх законнікаў у Непакалянаве было звыш 700 чалавек. Роля спаведніка вельмі вялікая і важная. Ён часткова адказны за духоўнае развіццё пэнітэнта, з'яўляецца кіраўніком яго сумлення і яго адпаведнай фармацыі. Каб годна выконваць заданне, спаведнік сам павінен быць унутрана сфарміраваны, разважлівы і тактоўны. Мы маем права выбіраць спаведніка, а таксама абавязаны кіравацца ў жыцці яго парадамі, дадзенымі на споведзі. Мы таксама абавязаны маліцца за спаведнікоў, але праўдападобна вельмі часта гэты абавязак не выконваем. Можа, гэта адбываецца па прычыне нашага няведання альбо занядбання. Малітва за спаведніка ўплывае таксама на нашую споведзь. Стараймася гэта рабіць перад тым, як падыдзем да канфесіянала.

    11 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНЫЯ СЁСТРЫ НЕПАКАЛЯНКІ ЕВА БАГУМІЛА НАІШЭЎСКАЯ І МАРТА ВАЛОЎСКАЯ

    Пачатак жаночым законным супольнасцям дала св. Схаластыка, сястра св. Бенедыкта. Яна па прыкладу свайго брата напісала правілы законнага жыцця для жанчынаў, якія рашыліся выбраць дасканалае жыццё. На аснове гэтых правіл св. Схаластыкі ўзніклі розныя канстытуцыі жаночых законных супольнасцяў, якія на працягу стагоддзяў раздзяліліся на дзве групы. Адныя, з больш строгімі канстытуцыямі закону, выбралі «сузіральніцкі» стыль жыцця, а іншыя прагнулі дзейсна служыць Пану Богу. Да адкрытых жаночых супольнасцяў належаць таксама і сёстры непакалянкі - супольнасць, заснаваная ў Рыме маці Марцэлінай Дарлоўскаю ў 1857 г. Супольнасць павінна была заняцца духоўнаю апекаю людзей, якія былі найбольш занядбанымі ў рэлігійных адносінах. Паколькі такіх людзей было найбольш у паўднёва-ўсходняй Еўропе, то сёстры перабраліся ў Язловец на Украіне. З Язлоўца сёстры перанеслі сваю дзейнасць у іншыя краіны Еўропы, між іншым, і на Беларусь. З гэтай супольнасці паходзілі дзве сястры, якія працавалі ў Слоніме: сястра Ева-Багуміла Наішэўская і сястра Марта Валоўская, беатыфікаваныя Святым Айцом у Варшаве 13.06.1999 г.

    Благаслаўлёная с. Ева Наішэўская нарадзілася 24 чэрвеня 1885 г. у Асанішках, што на Віленшчыне. З адзнакаю закончыла рускую гімназію (каля 1903 г.), а таксама медыцынскія курсы ў Пецярбургу. Пасля таго, як распачалася І-я сусветная вайна, урач с. Наішэўская пачала працаваць у лазарэтах і розных шпіталях, якія сталі для яе полем апостальскай дзейнасці.

    У 1919 г. Багуміла Наішэўская ўступіла ў супольнасць Сясцёр Беззаганнага Пачацця НПМ (непакалянак). 12 мая 1920 г. пачала праходзіць навіцыят у Язлоўцы, а ў наступным годзе склала першыя шлюбы.

    Апошні этап свайго жыцця яна распачала ў Слоніме, будучы настаўніцай сярэдняй школы, якою кіравалі сёстры непакалянкі, а завяршыла яго як мучаніца. Калі пачалася ІІ-я сусветная вайна, новыя ўлады выгналі законніц з кляштара і размясцілі ў ім шпіталь. Сястра Ева выконвала ў ім абавязкі дзяжурнага ўрача. Маючы доступ ва ўсе палаты на працягу сутак, яна стварала хворым умовы для карыстання святарскай паслугай, рыхтавала іх да прыняцця святых сакрамэнтаў. Нягледзячы на атмасферу антырэлігійнасці і падазронасці, ёй неаднойчы ўдавалася ўкрываць у шпіталі людзей, якіх пераследавалі ўлады альбо якія знаходзіліся ў вышуку. У красавіку 1940 г. яе звольнілі са шпіталя.

    У Слонім с. Ева Наішэўская вярнулася ў 1941 г., калі немцы акупіравалі горад. Адразу пачала працаваць у шпіталі і паліклініцы, лячыла людзей прыватна, спяшалася з дапамогаю да кожнага патрабуючага, найбольш дапамагала габрэям. Сёстры ўкрывалі габрэяў на паддашшы кляштара, у аранжарэі і ў гумне, хоць і ведалі добра, што за гэта ім пагражае кара смерці.

    Благаслаўлёная с. Марта Валоўская нарадзілася 12 кастрычніка 1879 г. у Любліне (Польшча). У 1900 г. была паклікана Богам да законнага жыцця, уступіла ў кляштар супольнасці Сясцёр Беззаганнага Пачацця НПМ ў Язлоўцы. Пасля складання вечных шлюбаў (3 ліпеня 1909 г.) будучы настаяцельніцай, працавала там, дзе была найбольшая пагроза духоўнаму жыццю, у месцах са складанымі палітычнымі ўмовамі і міжнацыянальнымі адносінамі, напрыклад, у Віраве і Мацееве на Украіне, а таксама ў Слоніме на Беларусі. Менавіта там яна разгарнула сваю апостальскую, дабрачынную і экуменічную дзейнасць.

    У жніўні 1939 г. с. Марта Валоўская была прызначана кіраўніком манаскай пляцоўкі ў Слоніме. Калі распачалася ІІ сусветная вайна, яна шырока адчыніла дзверы слонімскага кляштара для тых, каму патрэбна была дапамога. Нягледзячы на небяспеку і страх, што паралізуюць чалавека, с. Марта рашуча аказвала дапамогу асобам, якіх пераследавалі немцы, наведвала вязняў і дапамагала іх сем'ям. На тэрыторыі кляштара ўкрывала габрэяў. Яе неаднаразова выклікалі ў гестапа на допыты, але яна не адмовілася дапамагаць бліжнім нават тады, калі ведала, што ўжо занесена ў спіс асуджаных на смерць і што за ёю сочаць. Менавіта ў той час выявілася яе гераічная любоў да бліжніх і бязмежны давер да Бога. Яна была гатова прыняць пакутніцкую смерць, пра якую разважала яшчэ шмат гадоў таму.

    Арыштавалі сясцёр у ноч з 18 на 19 снежня 1942 г. Сясцёр разам з кс. Адамам Старкам SJ (езуітам) прывезлі ў гестапа, дзе над імі здзекваліся, зневажалі і білі. Адзін з паліцаяў, які прысутнічаў пры катаванні, прапанаваў сёстрам уцячы, але яны адмовіліся. Расстралялі іх на Петралевіцкай гары каля Слоніма. Месца смерці стала іх магілаю. Сведка тых падзей сцвярджаў: «Увесь горад аплакваў смерць сясцёр, якія рабілі столькі дабра людзям і загінулі за свае міласэрныя ўчынкі».

    Петралевіцкая гара, якая ляжыць у межах горада Слоніма, на якой цяпер устаноўлены вялікі крыж і каменны абеліск, нагадвае нам падзеі мінулых гадоў. Тыя падзеі з'яўляюцца крыніцаю для разважанняў і роздуму аб крытэрыях ацэнкі людзей, а таксама аб нянавісці і любові. Просім Пана Бога праз пасрэдніцтва Найсвяцейшай Маці і мучаніц, сясцёр непакалянак, каб мы ніколі не схіляліся да злачынстваў, але заўсёды былі здольнымі да прабачэння і ахвярнай любові.

    12 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ КС. УЛАДЗІСЛАЎ МАЦЬКОВЯК

    «Бо трэба было, каб Той, ... хто прывёў многіх сыноў да хвалы, Правадыра збаўлення іх, праз мукі завяршыў» (Гбр 2, 10). Гэтыя словы мы чытаем у Пасланні да Габрэяў, якое было напісана да ерузалемскіх хрысціянаў. Падчас рымска-ерузалемскай вайны яны апынуліся ў складанай сітуацыі, бо іх лічылі здраднікамі. Аўтар гэтага Паслання суцяшае іх, каб яны не засмучаліся, бо Пан Бог хоча іх удасканаліць праз цярпенне. Пан Бог кіруе лёсамі свету і таму ўсё, што адбываецца на свеце, адбываецца з дазволу Бога. Адзнака святасці - гэта не шуканне чалавечага цярпення, а перажыванне яго згодна з Божай воляй. Гэтая згода павінна праявіцца ў нашай цярплівасці, даверы да Бога.

    Такім жыццём вызначаліся святыя, якія радаваліся цярпенню і гаварылі: «Бог нас палюбіў, бо спаслаў нам цярпенне».

    Згоднасць з Божай воляй з'яўляецца таксама ўмоваю атрымання вечнай узнагароды як заслугі. Але ўсялякая пагарда і бунт гэтую заслугу змяншаюць альбо цалкам знішчаюць.

    Такім чалавекам, паслухмяным Божай волі ва ўсім, быў кс. Уладзіслаў Мацьковяк.

    Благаслаўлёны кс. Уладзіслаў Мацьковяк нарадзіўся 14 лістапада 1910 г. у вёсцы Суткі ў парафіі Драгічын. Скончыўшы сярэднюю школу, ён вучыўся ў гімназіі ў Драгічыне над Бугам. Пасля атрымання атэстата спрабаваў паступіць у Пінскую духоўную семінарыю, але яго не прынялі. Тады ён паехаў у Вільню і там у 1933 г. паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю.

    18 чэрвеня 1939 г. атрымаў святарскія пасвячэнні з рук віленскага мітрапаліта арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага, адначасова абараніў ступень магістра ва універсітэце імя Стэфана Баторыя ў Вільні. Летам 1939 г. арцыбіскуп Ялбжыкоўскі прызначыў кс. Уладзіслава вікарыем парафіі Іказнь, што знаходзіцца ў паўночна-усходнім напрамку за 200 км ад Вільні). У хуткім часе распачалася вайна, і мясцовы пробашч - кс. Ян Завістоўскі - быў вымушаны ўцякаць перад наступленнем савецкіх войскаў. Кс. Мацьковяк застаўся адзін у парафіі, якая налічвала 4,5 тыс. вернікаў і на тэрыторыі якой акрамя католікаў жылі праваслаўныя і яўрэі. З гэтага часу ён пачаў выконваць абавязкі пробашча. Працаваў вельмі ахвярна і аддана, але душпастырская праца пераўзыходзіла сілы аднаго святара. Па просьбе кс. Ул. Мацьковяка ў верасні 1941 г. арцыбіскуп прыслаў яму на дапамогу вікарыя - кс. Станіслава Пыртка, малодшага на год па пасвячэнні калегу.

    Праца маладых святароў у Іказні ішла вельмі добра. Аднак іх стараннасць у святарскай паслузе і навучанні дзяцей рэлігіі не падабаліся нямецкім акупантам. Браслаўскі стараста пасадзейнічаў вынясенню смяротнага прысуду. Папярэджаны аб гэтым, кс. Мацьковяк у сярэдзіне кастрычніка 1941 г. паехаў да арцыбіскупа Ялбжыкоўскага, каб атрымаць параду, што далей рабіць. Арцыбіскуп параіў прымаць рашэнне самім. Гестапа арыштавала кс. Мацьковяка 3 снежня 1941 г. і пасадзіла ў браслаўскую турму, дзе над ім здзекаваліся і катавалі яго. Вікарый кс. Пыртак спрабаваў ратаваць свайго пробашча, але таксама быў арыштаваны. Парафіяне сабралі подпісы з просьбаю аб вызваленні святароў і з гэтай петыцыяй звярнуліся да нямецкіх уладаў у Браславе, але іх таксама арыштавалі.

    Перад Божым Нараджэннем 1941 г. святароў і затрыманых парафіянаў перавезлі ў глыбоцкую турму. Намаганні глыбоцкага дзекана кс. Антона Зянкевіча вызваліць іх былі беспаспяховымі. 2 сакавіка 1942 г. ксяндза Станіслава Багаткевіча і Станіслава Пыртка, а на наступны дзень таксама і кс. Уладзіслава Мацьковяка пасадзілі ў камеру смяротнікаў. Кс. Уладзіслаў Мацьковяк, чакаючы смерці, напісаў на вокладцы брэвіярыя свайму біскупу: «Іду скласці апошнюю ахвяру жыцця. Праз тры гадзіны стану перад Панам. Апошнія думкі скіроўваю да цябе, найдастойнейшы арцыпастыр, і выказваю апошні раз сыноўнюю пашану і прыхільнасць. Радуюся, што Бог выбраў мяне, а перш за ўсё, што дадае ласкі і сілы».

    Кс. Уладзіслаў Мацьковяк быў расстраляны раніцай 4 сакавіка 1942 г. у лесе Барок каля Беразвечча разам з кс. С. Багаткевічам і кс. С. Пырткам, а таксама з дзвюмя іншымі асобамі. Забітых засыпалі ў выкапанай яме разам з іншымі вязнямі, расстралянымі раней. Пасля вайны не праводзілася эксгумацыя і таму дакладна невядома, дзе знаходзяцца іхнія астанкі. Праўдападобна, што аб месцы іх смерці нагадвае помнік ахвярам гітлераўскіх злачынстваў.

    З кожным цярпеннем звязана асаблівая Божая ласка. Гэта спецыяльная Божая дапамога, каб чалавек, які апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, даверыўся Пану Богу. Самай лепшай малітвай у такой сітуацыі будуць словы: «Езу, давяраюся Табе», «Езу, не мая, але Твая воля няхай будзе», «Будзь воля Твая» альбо ружанцовая малітва. Такія малітвы супакойваюць унутраны стан чалавека, дадаюць яму духоўную сілу, каб пераадольваць цярпенні. Калі чалавек унутрана супакоіцца і пагодзіцца з Божаю воляю, часам нават вяртаюцца да яго фізічныя сілы і вяртаецца здароўе. Гэта вялікі дар Божай ласкі, спалучаны з нашым адданнем Богу.

    13 кастрычніка

    СВЯТЫ КАЗІМІР, КАРАЛЕВІЧ

    Калі чытаем біяграфіі святых, нам часта здаецца, што святыя былі надзвычайнымі людзьмі, не мелі ніякіх недахопаў, а вызначаліся цнотамі, не мелі ніякіх слабасцяў, а толькі станоўчыя якасці. Але гэта не так. Той, хто сустракаўся з імі, сцвярджае, што святыя былі звычайнымі людзьмі, якія выконвалі свае абавязкі надзвычайным чынам. Не былі таксама святымі на зямлі, але сталі імі пасля смерці. З лёгкасцю таксама можам заўважыць, што святыя былі рознага паходжання і мелі розныя прафесіі. Да такіх людзей належаў св. Казімір, апякун Гродзенскай дыяцэзіі.

    Сын і пераемнік Уладзіслава Ягайлы, Казімір IV Ягелончык меў шэсць сыноў і сем дачок. Другім, па чарзе, быў сын Казімір, які пазней стаў святым. Ён нарадзіўся ў Кракаве 3 кастрычніка 1458 г.

    Бацька каралевіча быў вядомы сваёй шчодрасцю, малых патрабаванняў да сябе і невялікім пачуццём меры. Маці вяла ціхае і вельмі працавітае жыццё. Шмат часу прысвячала дзецям, адначасова добра ведала публічныя справы мужа і Рэч Паспалітая карысталася яе парадамі, а Касцёл - яе спагадлівасцю і шчодрасцю. Многія з гэтых бацькоўскіх рысаў пераняў і Казімір. Разам з братамі выхоўваўся ў жорсткай школе жыцця. Бацькі не даравалі слабасцяў, клапаціліся пра вучобу, культуру і духоўнае выхаванне, адчуванне дабра і прыгажосці. Шматгадовым выхавацелем каралеўскіх сыноў быў гісторык і летапісец кс. Ян Длугаш.

    «Длугаш сярод сваіх вучняў найбольш цаніў Казіміра, якога назваў высакародным юнаком з рэдкімі здольнасцямі і годнага памяці розуму», а калі яго запрасілі на венгерскі трон у 1471 г., зазначыў, што многія тады дарадчыкі Кароны выказваліся вельмі за тое, каб такога «лепш захаваць для роднай зямлі, чым аддаваць яго чужым».

    Ужо з дзяцінства Казімір ахвотна маліўся і пазбягаў дрэнных учынкаў. Аднак не быў без недахопаў. Быў упартым, самавольным, няхуткім да паслухмянасці хлопцам. Старанная і крапатлівая праца над сабой у хуткім часе прывяла яго да надзвычай моцнай волі і гераічнай цноты. «Меў прыроджанае пачуццё справядлівасці, сумленнасці і ўмілавання праўды. Таксама тагачасная пруская хроніка «дае пахвалу каралевічу, падкрэсліваючы адначасова яго мудрасць, беззаганнасць звычаяў і справядлівасць», а таксама тое, што гэтыя рысы далі яму агульную любоў і прыхільнасць». Калімах, які добра ведаў яго як свайго вучня, пасля яго смерці сцвердзіў: «Ён павінен альбо не нарадзіцца, альбо быць вечным».

    У планы дынастыі Казіміра Ягелончыка і Альжбеты Ракускей, яго сужонкі, уваходзіла захапленне чэшскай і венгерскай кароны праз заняцце трону адным з старэйшых сыноў. Паход (1471 г.) за венгерскай каронай трываў коратка і не прынёс чаканых вынікаў. Гэты няўдалы паход мог пакінуць пэўныя сляды на чуллівай псіхіцы Казіміра.

    Божую Маці ён абраў за сваю Маці, акружаючы Яе асаблівай пашанай. Тэкст гімна «Omni die dic Mariae» пастаянна насіў пры сабе і загадаў пакласці яго ў сваю труну. Свабодныя ад заняткаў хвіліны праводзіў на малітве, а калі яго заахвочвалі да адпачынку, адказваў, што малітва дае яму падмацаванне. Уставаў рана, каб адараваць Найсвяцейшы Сакрамэнт. Нярэдка бачылі яго, як ляжаў крыжам альбо кленчыў, пранікнуты размовай з Богам, каля дзвярэй зачыненага касцёла.

    Дзякуючы нястомнай працы над сабою, ён выпрацаваў нязломны характар і мужнасць у цнотах. Не згаджаўся ў адносінах да сваіх намераў на кампраміс, не адыходзіў ніколі ад прынятых пастанаўленняў. Сярод выгодаў, дастатку і вясёлага прыдворнага жыцця ён адзін вёў выключна аскетычнае жыццё, устрымліваючы сябе і знаходзячыся ў сталым кантакце з Хрыстом. Не патураў сабе нават падчас хваробы, якая развівалася ў ім. Калі лекары параілі яму для ўмацавання здароўя ўжываць у дні посту малочныя, больш пажыўныя стравы, забароненыя тагачасным касцёльным правам, не хацеў згадзіцца на тое з-за пашаны Касцёльных прадпісанняў.

    Яшчэ больш заяснела яго мужнасць у абароне цноты чыстасці. Калі стан здароўя Казіміра пагаршаўся, шукалі паратунку на дрэнным шляху, раячы яму паводзіны, якія супярэчылі каталіцкай этыцы. Аднак усялякія такога роду прапановы ён рашуча адкідваў, гаворачы: «Лепш памерці, чым стаць брудным» і абураўся на тых, хто асмельваўся яму раіць грэх.

    Бедныя людзі і тыя, хто знаходзіўся ў пастаяннай патрэбе, былі заўсёды пры ім. Ён падтрымліваў іх, чым мог, апекаваўся імі і загадваў пускаць іх да сябе ў кожную пару дня. Акрамя гэтага сам адведваў бедных дома, выконваючы найніжэйшыя паслугі.

    Калі хвароба перамагла гэты духоўна моцны, але аслаблены аскетызмам арганізм, Казімір, будучы ў абсалютнай свядомасці, акружаны духавенствам, якое малілася, памёр 4 сакавіка 1484 г., у нядзелю ў Гродне ў каралеўскім замку. Яго цела спачывае ў катэдральнай базыліцы ў Вільні.

    Пры жыцці здзіўляў цнотамі, а пасля смерці рознымі ласкамі. Тысячы засмучаных, церпячых людзей знаходзіла каля яго труны дапамогу. Па прычыне многіх цудаў, якія здзяйсняліся праз заступніцтва праведнага каралевіча, Папа Лявон Х урачыста кананізаваў яго у 1521 г. Урачыстасці, прысвечаныя кананізацыі, адбыліся ў Вільні 10 мая 1604 г., а 12 мая гэтага ж года віленскі біскуп Бенедыкт Война пасвяціў пры езуіцкім законным доме ў Вільні вуглавы камень пад першы касцёл у гонар св. Казіміра.

    Успамін св. Казіміра Касцёл адзначае 4 сакавіка.

    Апісаныя недахопы і станоўчыя якасці св. Казіміра пацвярджаюць тое, кім ён быў і кім стаў. Ён можа быць прыкладам для нас усіх, а асабліва для тых, хто змагаецца з рознымі цяжкасцямі ў жыцці, упадаючы ў роспач. Тады мы павінны ўзгадваць словы св. Аўгустына, які перажыў розныя прыгоды жыцця, а пасля казаў сам пра сябе: «Могуць гэта зрабіць іншыя, але чаму не ты». Будзем жа наследаваць св. Казіміра ў працы над сабой, сумленна выконваючы свае абавязкі і спадзяваймася на Пана Бога.

    14 кастрычніка

    ПРАМОВА КС. БІСКУПА АЛЯКСАНДРА КАШКЕВІЧА Ў БАЗЫЛІЦЫ СВ. ПЯТРА 6 САКАВІКА 2000 г.

    Для Касцёла на Беларусі ўчарашняя беатыфікацыя назарэтанскіх мучаніц з Навагрудка з'яўляецца вялікім дарам - асаблівым Божым благаслаўленнем.

    На працягу дзесяцігоддзяў Касцёл на Беларусі знішчаўся. Тысячы вернікаў, святароў, кансэкраваных асобаў аддалі сваё жыццё за веру і вернасць Апостальскай Сталіцы.

    Беатыфікацыя назарэтанак з Навагрудка для вернага люду на нашых землях будзе ўмацаваннем вернасці Крыжу, Евангеллю і Апостальскай Сталіцы.

    Назарэтанскія мучаніцы, якія выконвалі апостальскую місію ў Навагрудку - горадзе Адама Міцкевіча, атулялі сардэчнай апекай сем'і, клапаціліся пра бедных і пакінутых, аказвалі дапамогу ўсім жыхарам, незалежна ад іх веравызнання, мовы і культуры. Католікі, праваслаўныя, мусульмане і вызнаўцы майсеевай рэлігіі казалі пра іх: нашыя сёстры. Благаслаўлёныя мучаніцы клапаціліся пра навучанне дзяцей і моладзі. Школа, у якой працавалі сёстры, была ўзорам рэлігійнай талерантнасці і экуменізму.

    Вечарам, пасля працоўнага дня, у Белай Фары Перамянення Пана, каля падножжа Езуса, яны чэрпалі сілы для далейшай працы. Там адбывалася іх штодзённае духоўнае перамяненне. Да сённяшняга дня ў Фары захавалася адзінаццаць іхніх кленчнікаў - нямых сведкаў малітвы навагрудскіх мучаніц.

    «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё аддасць за прыяцеляў сваіх» (Ян 15, 13). Гэтыя словы былі натхненнем для назарэтанскіх мучаніц, калі яны ахвяравалі сваё жыццё, каб уратаваць ад расстрэлу 120 заложнікаў і ад арышту адзінага на тых землях святара.

    Бог прыняў іх ахвяру 1 жніўня 1943 г. - ранішнюю ахвяру пасля ночы ў нямецкай вязніцы. Благаславёныя мучаніцы сталі новым пасевам законных і святарскіх пакліканняў, за якія мы так удзячны Богу.

    Для Касцёла на Беларусі, які падымаецца з духоўных руін, а асаблівым чынам для Касцёла Гродзеншчыны, благаслаўлёныя назарэтанкі ёсць і застануцца ўказальнікамі на шляху хрысціянскага жыцця. Дзякуем Святому Айцу за дар Юбілейнага года; дзякуем, што праз беатыфікацыю мучаніц з Навагрудка атуліў хвалою гродзенскую і навагрудскую зямлю, шго гэтым натхніў сэрцы засмучанага люду.

    Наша сённяшняе спатканне на Эўхарыстыі ў гэтай базыліцы і мая прамова з'яўляюцца нагодай, каб перадаць вам сардэчную просьбу, з якой праз мае вусны звяртаецца да вас Касцёл беларускай зямлі. Мы просім у вас, браты і сёстры, малітоўнай падтрымкі. Шмат яшчэ духоўных ран трэба залячыць нашай краіне. Мноства дарослых людзей скалечана хваробай атэізму, пазбаўлена маральных прынцыпаў. Разбітыя сужэнствы і сем'і, трывожная навала алкагалізму, пашырэнне сектанцтва - гэта наш вялікі смутак.

    У многіх мясцовасцях вернікі і надалей у пустых касцёлах чакаюць святароў. Мы просім вашай малітвы ў інтэнцыі манаскіх і святарскіх пакліканняў.

    За кожную дапамогу і падтрымку - духоўную і матэрыяльную, атрыманую ад вас да гэтага часу, стократна аддзяч вам, Божа! Дзякуючы вашай ахвярнасці нам удалося узняць з руін шэраг святынь. Яшчэ раз - аддзяч вам, Божа!

    Верым, што назарэтанскія мучаніцы з Навагрудка стануць для Касцёла на Беларусі пуцяводнымі зоркамі Трэцяга Тысячагоддзя.

    15 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНАЯ С. СТЭЛА МАРДАСЕВІЧ

    Самай шматлікай законнай супольнасцю на Беларусі з'яўляюцца сёстры назарэтанкі. Заснавала іх у Рыме ў 1875 г. благаслаўлёная Маці Францішка Седліцкая. Мэта кангрэгацыі - клопат аб аднаўленні сем'яў на ўзор Святой Сям'і з Назарэту. На сённяшні дзень сёстры працуюць у 10 краінах свету, а з Беларусі выйшла большая колькасць благаслаўлёных.

    У Навагрудак сёстры прыбылі 14 верасня 1929 г. па запрашэнні пінскага біскупа Зыгмунта Лазінскага. У 1931 г. яны заснавалі агульнаадукацыйную школу, якая мела вялікі атарытэт.

    Калі 17 верасня 1939 г. увайшлі савецкія войскі, новыя ўлады пазбавілі сясцёр школы, а пасля таксама і памяшкання. Яны вымушаны былі пакінуць дом і жыць у сем'ях сяброў. Сувязь паміж сабою яны падтрымлівалі перш за ўсё праз касцёл, сустракаючыся на штодзённай Святой Імшы і вечарам на ружанцовай малітве. Яны не маглі таксама насіць габіты і толькі па неабходнасці былі вымушаны абмежаваць апостальскую працу.

    У ліпені 1941 г. у горад увайшлі нямецкія войскі. Сітуацыя нібы выправілася. Сёстрам вярнулі дом і яны маглі ўжо апранаць габіты. Але не вярнулі ім школу. Акупацыйны тэрор пачаўся ў 1942 г. спачатку пераследам яўрэяў, а пасля мясцовага насельніцтва.

    Благаслаўлёная с. Стэла Мардасевіч нарадзілася 14 снежня 1888 г. у в. Цясноўка Нясвіжскага павета.

    14 верасня 1910 г. с. Стэла Мардасевіч уступіла ў Вільні ў супольнасць сясцёр назарэтанак Найсвяцейшай Сям'і з Назарэту.

    Першы этап законнай фармацыі яна праходзіла ў Вільні, пасля выехала ў Італію, дзе 22 кастрычніка 1911 г. у Альбана пад Рымам, распачала навіцыят. Пасля складання першых шлюбаў 15 жніўня 1913 г. вярнулася на радзіму. Неспакойны час І-й сусветнай вайны сястра Стэла правяла ў доме супольнасці ў Чэнстахове. Нестабільная сітуацыя ў Польшчы паўплывала на яе рашэнне выехаць у Рым, каб там падрыхтавацца да вечных шлюбаў. Пасля складання шлюбаў 1 мая 1921 г. сястра Стэла вярнулася на радзіму.

    Наступны этап жыцця с. Стэлы - гэта праца і апостальства ў Чэнстахове, Кракаве, Вадавіцах і Стрыі. Там яна выконвала розныя функцыі: была выхавацельніцай у інтэрнаце, эканомкай, сакрыстыянкай, займалася і вышываннем.

    У Навагрудак с. Стэла прыехала, хутчэй за ўсё, восенню 1936 г. Да 1939 г. яна выконвала функцыі выхавацельніцы інтэрната, эканомкі і сядзелкі. Найперш сястра Стэла была для ўсіх як маці. З духоўнай мацярынскай любоўю яна клапатліва атуляла давераных ёй сясцёр: спачатку як асістэнтка, а з 1939 г. як настаяцельніца дома ў Навагрудку. Сёстры любілі яе і цанілі яе парады, шанавалі кожнае яе слова.

    Сястра Стэла была таксама прыёмнай маці для многіх асірацелых дзяўчат з Навагрудка, а таксама для вялікай колькасці вучаніц. Стараючыся дапамагчы ўсім сіротам, перш за ўсё яна фармавала іх характары. Заўсёды ласкавая, цярплівая, спагадлівая, але і мудра патрабавальная - с. Стэла ўсім сэрцам аддавалася педагагічнай працы. Па натуры нясмелая, яна праяўляла вялікую вытрымку і клопат у адносінах да бліжняга. Клопат пра законны дом, парафіяльная праца, харытатыўная дапамога людзям, дэпартаваным у далёкія куткі Савецкага Саюза, сіротам, колькасць якіх узрастала з кожным днём, - усё гэта брала пачатак з глыбіні малітоўных адносінаў с. Стэлы з Богам.

    У цяжкія для супольнасці часы яна імкнулася падтрымліваць законнае жыццё, збіраючы сясцёр на супольную малітву ў касцёле Перамянення Пана. Калі ў чэрвені 1941 г. пачалася нямецкая акупацыя, сястра Стэла паўплывала на тое, каб сёстры зноў апранулі габіты, адкрыта даючы сведчанне аб прыналежнасці Богу. Ніколі не забывала аб назарэтанскай гасціннасці, удзяляючы сардэчную дапамогу і месца пад сціплым дахам усім патрабуючым.

    У ліпені 1943 г., пачуўшы аб масавых арыштах, з велікадушнай непасрэднасцю сказала наступныя словы: «Калі патрэбна ахвяра жыцця, то няхай лепш нас расстраляюць, чым тых, хто мае сем'і, - мы нават молімся аб гэтым». Такім чынам яна выказала гатоўнасць цэлай назарэтанскай супольнасці да ахвяры.

    Асабістым прыкладам сястра Стэла заахвоціла іншых сясцёр да прыняцця гераічнага рашэння. Яна была, як сведчыць яе законнае імя, пуцяводнай зоркай на шляху іх духоўнага сталення і гераічнай любові.

    У апошнія хвіліны свайго жыцця, стоячы над магілай, з мацярынскай любоўю благаславіла сваіх адданых сясцёр і духоўных дачок і першая дала прыклад годнага выканання Божай волі.

    Расстраляныя сёстры былі пахаваныя ў адной магіле ў лесе на адлегласці 5-6 кіламетраў ад Навагрудка. 19 сакавіка 1945 г. адбылася эксгумацыя астанкаў, якія былі пакладзены ў агульнай магіле на прыкасцёльных могілках фарнага касцёла ў Навагрудку. Адтуль 27 верасня 1991 г. астанкі сясцёр перанеслі і паклалі ў саркафагу капліцы Маці Божай фарнага касцёла. На месцы іх смерці пастаўлены драўляны крыж. Гэтае месца наведваюць шматлікія пілігрымы, якія ўзгадваюць мінулыя падзеі. Няхай заступніцтва благаслаўлёных сясцёр загартуе нас у веры і духоўна ўмацуе ў адносінах да перамогі над сабою.

    16 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ КС. ГЕНРЫХ ГЛЯБОВІЧ

    У сучасным Касцёле выразна падкрэсліваецца роля свецкіх католікаў, якая вынікае з факту, што ўсе вернікі ўтвараюць Хрыстовы Касцёл і ўсе адказваюць за яго развіццё. Аб гэтым гаворыць таксама Святы Айцец у Апостальскім лісце «Novo millennio ineunte» («Уваходзячы ў новае тысячагоддзе»). Ён выразна піша, што калі хтосьці ў сваім жыцці сустрэў Хрыста, то ён не можа Яго затрымаць для сябе, але павінен Яго абвяшчаць іншым. Абвяшчэнне Хрыста звязана з апостальскім жыццём, якое грунтуецца на ўдзеле чалавека ў дзейнасці супольнасцяў і хрысціянскіх груп. Гэтае заданне выконвае ў Касцёле Каталіцкая акцыя, якая арганізавана ў розных апостальскіх групах. Так ёсць і сёння. Добра вядомыя нам рухі «Аазісы сем'яў», «Святло - жыццё», ружанцовыя групы, «Трэці закон», «Лёгіён Марыі», неакатэхуменат, дзявочая Марыйная служба, міністранцкія групы і розныя брацтвы. Усе гэтыя апостальскія групы маюць адну супольную мэту - развіваць рэлігійнае жыццё ў парафіяльнай супольнасці. Гэтыя групы паўстаюць, дзейнічаюць і развіваюцца па ініцыятыве святароў-мадэратараў. Святары ўносяць свой дух у створаныя групы, прапаноўваюць праграму дзейнасці і даюць свабоду ў рэалізацыі гэтай праграмы. Славутым мадэратарам, які «запальваў» душы для Бога, быў кс. Генрых Глябовіч.

    Благаслаўлёны кс. Генрых Глябовіч нарадзіўся 1 ліпеня 1904 г. у Гродне. Быў сынам Францішка і Ядвігі (з роду Храптовічаў). У 1912 г. падчас рэпрэсій, якія праводзіла расійская ўлада адносна польскіх каталіцкіх служачых, яго бацька разам з сям'ёй быў сасланы ў Арэнбург. Там Генрых скончыў гімназію і атрымаў атэстат сталасці. У верасні 1921 г., калі яго сям'я вярнулася ў Гродна, Генрых паступіў у Віленскую духоўную семінарыю і адначасова трапіў у спіс студэнтаў тэалагічнага факультэта Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя. Тэалагічна-філасофскую адукацыю скончыў на выдатна ў 1924 г. Пасля працягваў вучобу на тэалагічным факультэце Люблінскага каталіцкага універсітэта. Праз тры гады атрымаў святарскія пасвячэнні. Прыміцыйная Святая Імша адбылася ў цяперашняй катэдральнай базыліцы ў Гродне. У 1928 г. атрымаў ступень доктара тэалогіі і быў накіраваны вывучаць філасофію ў Рым, дзе ў 1929 г. атрымаў ступень доктара філасофіі.

    Вярнуўшыся ў Вільню, кс. Генрых Глябовіч распачаў душпастырскую працу як вікарый у парафіі Усіх Святых, а пасля ў бернардынскай парафіі. Адначасова яму прапанавалі выкладаць у Віленскай духоўнай семінарыі. У 1930 г. быў прызначаны выкладчыкам тэалагічнага факультэта Віленскага універсітэта. Акрамя навукова-дыдактычнай працы выконваў адначасова функцыю сакратара секцыі Веры, Культу і Абрадаў у архідыяцэзіяльнай курыі, а таксама быў дырэктарам архідыяцэзіяльнага таварыства школьнай моладзі, якое называлася «Гурток св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус» і капеланам даларыстаў (мужчынскага ордэна, у якім не носяць манаскага адзення). Аднак найбольш дзейсная і вядомая была яго дзейнасць у каталіцкіх акадэмічных арганізацыях. Аказаў вялікі ўплыў на мясцовую моладзь і добра вызначыўся ў гісторыі культурных рухаў Вільні. Яго цанілі не толькі як добрага выкладчыка, але і як незвычайна ахвярнага душпыстара. Быў адважным заступнікам убогіх, прыхільнікам грамадскіх рэформаў, заснаваных на духу Евангелля. Пра яго гаварылі: «Гэта быў чалавек-паходня, які, дзе толькі магчыма, спыняўся і запальваў душы для Бога».

    З 1935 г. працаваў у Тракаі. Знясілены працай і сухотамі, у 1938 г. ён быў вымушаны на працягу года знаходзіцца пад медыцынскім наглядам у Рабцы (Польшча), дзе адначасова выконваў функцыі прэфекта жаночай гімназіі. Вельмі дрэнны стан здароўя прымусіў яго адмовіцца ад выканання паўнамоцтваў пробашча.

    Пасля пачатку вайны з верасня 1939 г. знаходзіўся ў Вільні. Падчас казання на Св. Імшы 3 мая 1941 г. кс. Генрых склаў акт ахвяравання свайго жыцця Богу за ратаванне веры ў моладзі. У першыя месяцы гітлераўскай акупацыі па просьбе арцыбіскупа Р. Ялбжыкоўскага ён паехаў працаваць на акупаваную тэрыторыю Беларусі. Там у канцы верасня 1941 г. распачаў душпастырскую працу ў Хатаевічах, Корані і Аколаве (цяпер Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). Надзвычай ахвярна арганізоўваў рэлігійнае жыццё сярод мясцовых жыхароў, не звяртаючы ўвагі на небяспеку з боку гітлераўцаў і іх прыслужнікаў. Па прычыне абвінавачванняў палітычнага характару, а, менавіта, за паланізацыю мясцовага насельніцтва, 7 лістапада 1941 г. быў арыштаваны беларускай паліцыяй і выдадзены ў рукі гітлераўскай жандармерыі. У нядзелю 9 лістапада кс. Генрыха Глябовіча расстралялі ў лесе каля Барысава. Па сённяшні дзень не знойдзена месца, дзе закапалі яго цела пасля экзекуцыі.

    Роля апостальскіх груп у парафіі вельмі вялікая. Яны цікавяцца рэлігійным жыццём у парафіі і ў Касцёле, развіваюць яго, а праз розную апостальскую дзейнасць становяцца сведкамі Хрыстовай праўды.

    «Асабліва хрысціянскія супольнасці, - як гаворыць Святы Айцец у Апостальскім лісце на новае тысячагоддзе, - павінны станавіцца сапраўднымі школамі малітвы. Гэтыя малітвы выяўляюцца не толькі праз падзяку, праслаўленне, адарацыю, сузіранне, але асабліва канцэнтруюцца на палымянасці пачуццяў аж да праўдзівай прыгажосці сэрца. Гэта павінна быць глыбокая малітва, якая не перашкаджае ўдзельнічаць у зямных справах, але той, хто любіць Бога, любіць таксама братоў і дае магчымасць фармаваць гісторыю паводле Божай задумы».

    Прымаючы ўдзел у дзейнасці апостальскіх груп, пастараемся асабліва выканаць жаданне Святога Айца, які гэтыя групы атуляў і атуляе асаблівым клопатам. Для Святога Айца гэта будзе асаблівы дар ад нас, бо сёння мы адзначаем 23 гадавіну яго абрання на кіраўніка Апостальскай Сталіцы. Калі мы кожны 16 дзень месяца молімся ў інтэнцыі Святога Айца, то сёння памолімся асабліва шчыра і выкажам пажаданне, каб апостальскія групы, якія развіваюцца ў Касцёле, былі для яго духоўнай радасцю і вясной Касцёла.

    За такія малітоўныя групы будзем маліцца падчас ружанцовай малітвы і будзем клапаціцца пра іх развіццё ў нашай парафіі.

    17 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНЫЯ СЁСТРЫ КАНУТА ХРОБАТ І СЕРГІЯ РАПЕЙ

    Часта мы чуем розныя заклікі да святасці. Яны вынікаюць са слоў Пана Езуса: «Будзьце дасканалымі як Айцец ваш Нябесны ёсць дасканалы» (Мц 5, 48). Святы Айцец у Апостальскім лісце «Уваходзячы ў новае тысячагоддзе» заахвочвае ўсіх вернікаў, каб у новым тысячагоддзі яны імкнуліся да святасці. Святасць не павінна быць надзвычайнаю з'яваю, але штодзённаю, бо ўсе хрысціяне любога стану і прафесіі пакліканы да поўні хрысціянскага жыцця.

    Аднак шляхі святасці розныя, разнастайныя і прыстасаваныя да кожнага паклікання. Такім шляхам крочылі сёстры Канута Хробат і Сергія Рапей. Яны вызначаліся святасцю ў штодзённым жыцці і свае законныя паслугі выконвалі дзеля хвалы Божай.

    Благаслаўлёная с. Канута Хробат нарадзілася 22 мая 1896 г. у Рачыне (Польшча). У супольнасць сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэту была прынятая 21 красавіка 1922 г. у Чэнстахове.

    Пасля пастулату, які яна праходзіла ў Чэнстахове, прыехала ў Гродна, дзе распачала навіцыят. Там жа 16 ліпеня 1925 г. склала першыя шлюбы. Потым знаходзілася ў Стрыі і Львове, працуючы на кухні, дзяжурнаю пры ўваходзе, дапамагаючы сёстрам ў шыцці. Вечныя шлюбы склала 22 ліпеня 1931 г. у Гродне. Адразу ж пасля шлюбаў выехала ў Навагрудак, дзе працавала на кухні. Сёстры ўспамінаюць, што нягледзячы на фізічную слабасць, яна вызначалася асабліваю працавітасцю. Ніколі ні на каго і ні на што не скардзілася. Яна заўсёды была лагоднаю, радаснаю, імкнулася служыць Езусу праз служэнне сёстрам і ўбогім, не робячы паміж імі розніцы.

    Калі ёй было цяжка, адразу ішла ў капліцу. «У самым пачатку вайны, - узгадвае с. Верытас Пянткоўская, - яна штодзённа да поўначы ляжала крыжам у капліцы, просячы Божай міласэрнасці.

    Благаслаўлёная с. Сергія Рапей нарадзілася 18 жніўня 1900 г. у вёсцы Рагожына каля Аўгустова. У супольнасць сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэту была прынята 25 снежня 1922 г. у Гродне. Там жа 29 лютага ў 1924 г. распачала навіцыят, а пасля 4 жніўня 1925 г. з групай сясцёр выехала ў Амерыку. Законную фармацыю прадоўжыла ў Дэ Плэйне (ЗША), дзе 17 красавіка 1926 г. склала першыя шлюбы. Ужо ў навіцыяце сфарміраваліся асноўныя рысы яе духоўнасці: марыйнасць, глыбокая сузіральнасць і гераічная пакора.

    У часе пачатковай фармацыі (з жніўня 1926 г.) сястра Сергія знаходзілася ў Доме св. Антонія ў Філадэльфіі, дапамагаючы ў працы іншым сёстрам. Там жа 16 красавіка 1932 г. яна склала вечныя шлюбы. 2 лютага 1933 г. вярнулася ў Польшчу. Перад выездам з Філадэльфіі, баючыся ваеннай небяспекі, шчыра тлумачыла сёстрам, што не мае нічога іншага, што магла б даць Пану Езусу за Яго любоў, таму жадае аддаць Яму сваё жыццё і не баіцца мучаніцтва. Адразу пасля вяртання ў Польшчу была накіравана ў Навагрудак - такім чынам навагрудская законная супольнасць стала для яе месцам духоўнага ўзрастання.

    Падчас акупацыі, калі сёстры вымушаны былі пакінуць свой дом, сястра Сергія разам з сястрой Гвідонай жыла ў сям'і Рамановічаў, даглядаючы законную гаспадарку, якая ў вялікай ступені дапамагала сёстрам выжыць у тыя цяжкія часы. Сястра Сергія шчыра дапамагала гатаваць ежу, а па меры магчымасці ўдзельнічала і ў іншых працах. Як і Марыя паглыбляла сузіральны кантакт з Богам.

    Ва ўспамінах сясцёр і жыхароў Навагрудка яна засталася назаўсёды радаснаю, ціхаю, пакорліваю і пры гэтым шчыраю, як дзіця. Будучы вельмі ахвярнаю, поўная анёльскай дабрыні, нікому не адмаўляла ў дапамозе. Валодала духам малітвы. Яе малітва «была прыкладам і надзеяй у пошуках шляху да дасканаласці, насуперак паўсюднай нянавісці атручанага вайною свету. Гераічна адданая Укрыжаванаму, жыла ў Ім, з Ім і для Яго, маючы ў сабе Божы спакой, які ўсюды і заўсёды выпраменьвала».

    Абавязак імкнення да святасці паходзіць з нашай прыналежнасці да Касцёла. Азначэнне Касцёл, - гаворыць Святы Айец у Апостальскім лісце «Уваходзячы ў новае тысячагоддзе», - як народа, аб'яднанага еднасцю Айца, Сына і Духа Святога, павінна давесці да лепшага зразумення яго святасці, разуметай як прыналежнасць да таго, хто «тройчы з'яўляецца святым». Гэты дар святасці ахвяроўваецца кожнаму ахрышчанаму, бо Божая воля - гэта ваша асвячэнне.

    Да святасці Бога чалавек далучаны праз сакрамэнт святога хросту. Таму не можа ён задаволіцца мінімальнай этыкай і павярхоўнай рэлігійнасцю, але павінен стаць адданым у выкананні рэлігійных абавязкаў так, каб быць дасканалым. Таму, - гаворыць далей Святы Айцец, - сапраўднае далучэнне чалавека да святасці Бога, далучэнне да Хрыста і напаўненне Духам Святым супярэчыць сцвярджэнню, што чалавек можа задаволіцца мінімальнай этыкай і павярхоўнай рэлігійнасцю. Пытанне, зададзенае катэхумену, «ці хочаш прыняць хрост», раўназначна пытанню, «ці хочаш быць святым».

    Таму Святы Айцец рэкамендуе ўсім хрысціянам імкнуцца да такой «высокай меры хрысціянскага жыцця». На такі шлях мы павінны скіроўваць усе касцёльныя супольнасці, хрысціянскія сем'і і адзінокіх людзей.

    Будзем імкнуцца рэалізоўваць рэкамендацыі Святога Айца так, каб нашы парафіяльныя супольнасці, чэрпаючы святасць са святасці Бога, станавіліся святымі.

    18 кастрычніка

    СВЯТЫ АНДРЭЙ БАБОЛЯ

    У хвіліны развітання з найбольш блізкімі людзьмі мы імкнемся перадаць ім самае важнае. Выказваем свае пажаданні, напамінаем пра свае просьбы і просім іх выканаць. Такія хвіліны развітання перажыў Пан Езус з Апосталамі падчас Апошняй Вячэры ў Вялікі чацвер, пасля ўстанаўлення Наясвяцейшага Сакрамэнту. Ён размаўляў з імі, даваў ім розныя наказы, прадказваў іх жыццёвы лёс.

    У гэтым развітанні на першым месцы стаіць малітва Пана Езуса аб еднасці апосталаў. «Ойча Святы, захавай іх у імя Тваё, тых, каго Ты Мне даў, каб яны былі адно» (Ян 17, 11). Будучы Богам, Пан Езус прадбачыў лёс Апосталаў і сваіх вызнаўцаў. Яго просьба аб еднасці Апосталаў і хрысціянаў была прарочаю, бо раскол хрысціянства стаў балючаю ранаю. Святы Айцец Ян Павел ІІ называе адсутнасць еднасці сярод хрысціянаў спакусай ХХ стагоддзя. На працягу вякоў шмат хрысціянаў загінула ў абароне еднасці Касцёла. Да іх належаў таксама св. Андрэй Баболя.

    Андрэй Баболя паходзіў з роду Баболяў, што жылі ў Сілезіі, а з ХІV стагоддзя - у Малой Польшчы. Андрэй нарадзіўся ў 1591 г., праўдападобна, 30 лістапада. Пачатковую адукацыю атрымаў, па ўсёй верагоднасці, у езуіцкім калегіуме ў Вільні, а потым на працягу пяці гадоў вывучаў гуманітарныя навукі. 31 ліпеня 1611 г. звярнуўся с просьбаю аб прыняцці яго ў Таварыства Езуса ў Вільні. У законным жыцці вызначаўся вялікаю стараннасцю, запалам і духам пабожнасці, таму кіраўніцтва закону паслала яго вывучаць тэалогію ў Віленскую акадэмію. Падчас вучобы, 12 сакавіка 1622 г., атрымаў святарскія пасвячэнні.

    У 1623 г. А. Баболя быў прызначаны ў Нясвіж рэктарам касцёла і місіянерам. Як сялянскі місіянер ён наведваў запушчаныя ў рэлігійных адносінах вёскі, хрысціў, яднаў сакрамэнтальным саюзам сужэнскія пары, многіх грэшнікаў схіліў да споведзі і выпраўлення жыцця. Калі распачалася эпідэмія, Андрэй ахвотна спяшаўся з дапамогаю да хворых і паміраючых.

    Андрэй Баболя меў дар пераконвання, таму яго пропаведзі, поўныя шчырасці, навярталі многіх людзей. Некаторы час працаваў у езуіцкіх калегіях у Бабруйску, Полацку, Варшаве і Ломжы.

    Шырока вядомай стала яго місія сярод насельніцтва, якое, жывучы ў цяжкадаступных вёсках, сярод балотаў і лясоў, было далёкім ад рэлігійнага жыцця - усё гэта што спрыяла распаўсюджванню забабонаў і п'янства. Тэрыторыяй місійных экспедыцый а. Андрэя былі прасторы паміж Пінскам і Янавам Палескім (цяперашняе Іванава).

    У 1655 г., калі царскае войска захапіла горад і ўчыніла разню, частка езуітаў пакінула гэтыя тэрыторыі. Андрэй быў з тымі, хто застаўся. Яго прысутнасць прыносіла ўсім супакой, бо ўжо тады ён меў славу святога.

    Праз два гады Пінск захапілі казакі, якія не хавалі сваёй варожасці ў адносінах да католікаў. Уніяцкае насельніцтва і каталіцкае духавенства шукалі сховінаў у лясах. Самая вялікая пагроза навісла над пінскімі езуітамі, святарамі Баболем і Мафонам. 15 мая а. Мафон трапіў у рукі казакаў і быў зверскі забіты. Адразу ж пачаліся пошукі другога «душахвата». А. Баболя ўкрываўся тады ў вёсцы Перадзела. З Янава былі высланы казакі, каб яго арыштаваць. Атрымаўшы дрэнныя навіны, А. Баболя сеў на воз, каб уцячы. Аднак яго дагналі яшчэ ў вёсцы. Спачатку крыкамі і пагрозамі яго прымушалі вырачыся ад веры. Калі гэта не ўдалося, а пагрозы не далі ніякіх вынікаў, казакі бязлітасна збілі Андрэя нагайкамі. Затым звязалі яму рукі, прывязалі паміж двума коньмі і накіравалі іх у Янаў. Там яго завялі на бойню, кінулі на стол і вянком, сплеценым з галінак, сціскалі яму галаву. Прымушаючы вырачыся веры, пяклі цела агнём. Цвёрдасць Андрэя Баболі прывяла казакаў да шаленства. Яны здзерлі яму скуру з рук, грудзей, плячэй і галавы, выкалалі вока, а раны прысыпалі мякінаю. Мучанік сярод пакутаў заклікаў імя Езуса і Марыі. Яму адсеклі язык, нос і губы. Нарэшце падвесілі за ногі да столі і засеклі шабляю. Адбылося гэта 16 мая 1657 г. Цела мучаніка перанеслі і пахавалі ў крыпце пад алтаром у Пінску.

    Праз гады працяглых войнаў і хваляванняў імя мучаніка пачало адыходзіць у небыццё. 16 красавіка 1702 г. Андрэй Баболя аб'явіўся рэктару пінскага калегіума. Абяцаючы апеку, ён загадаў адшукаць цела і змясціць яго ў асобнай крыпце. Пасля некалькіх дзён пошукаў цела было знойдзена. Аказалася, што яно засталося некранутым і добра захавалася, нягледзячы на тое, што спачывала ў вільготнай зямлі. Гэтая вестка хутка разышлася, пачалі памнажацца цудоўныя аздараўленні праз заступніцтва А. Баболі. З 1712 г. распачаліся старанні аб беатыфікацыі. 9 лютага 1755 г. Папа Бенедыкт ХІV прызнаў, што смерць Андрэя Баболі была сапраўды мучаніцкай смерцю. У выніку падзелаў Польшчы і чарговага пераходу касцёла ў Пінску з рук езуітаў да уніятаў, а потым да праваслаўных, рэліквіі былі перавезеныя ў парафіяльную святыню ў Полацку. Нарэшце ўсе захады аб беатыфікацыі закончыліся паспяхова: у 1853 г. Папа Пій ІХ абвясціў Андрэя Баболю благаслаўлёным.

    У 1938 годзе ва ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана Пій ХІ кананізаваў Андрэя Баболю. Рэліквіі былі ўрачыста вернуты ў Польшчу і складзены ў капліцы айцоў езуітаў у Варшаве па вул. Ракавецкай. Св. Андрэй Баболя з'яўляецца апекуном Пінскай дыяцэзіі.

    Успамін св. Андрэя Баболі адзначаецца 16 мая. У мучаніцтве св. Андрэя праявілася моцная нянавісць казакаў у адносінах да святога і поўная адданасць св. Андрэя Езусу Хрысту. Шматлікія здзекі былі выразам злосці і нянавісці да св. Андрэя, а яго вытрымка і адданасць Хрысту былі годныя захаплення. Гэтыя факты сведчаць аб тым, як далёка могуць быць аддаленыя паміж сабою людзі з-за розніцы веравызнання. Сведчаць яны таксама пра тое, якім доўгім з'яўляецца шлях да поўнай еднасці.

    У апошнія гады адбылося значнае збліжэнне вызнаўцаў Хрыста. Адменены ўзаемныя экскамунікі - адлучэнне ад Касцёла. Да поўнай супольнай еднасці шлях яшчэ доўгі. Калі Святы Айцец Ян Павел ІІ быў у Юбілейным годзе на Сінаі, праваслаўныя манахі прынялі яго вельмі сардэчна, але з Папам не маліліся.

    Задумаемся, якім чынам мы можам далучыцца да аднаўлення еднасці паміж хрысціянамі і якія ў гэтай справе мы зробім пастанаўленні.

    19 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ КС. АНТОНІ ЛЯШЧЭВІЧ, МАРЫЯНІН

    «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў». Гэтыя словы калісьці Пан Езус скіраваў да апосталаў і звычайных галілейскіх рыбакоў зрабіў апосталамі, перадаў ім паўнату святарскай улады, а таксама паслаў па ўсёй зямлі. Яны, паслухмяныя голасу Божаму, годна выканалі даручаную ім місію.

    З таго часу Хрыстус Пан пастаянна будзе клікаць кандыдатаў да працы ў Панскім вінаградніку. Робіць Ён гэта праз так званае «пакліканне» да святарства. Пакліканне - гэта ўнутраны голас Божы, у якім Пан Бог дае любоў і захапленне святарствам. Гэты ўнутраны голас Божы пацвярджае Касцёл, удзяляючы святарскія пасвячэнні.

    Святы Айцец Ян Павел ІІ піша, што пакліканне да святарства і святарства - гэта Божая таямніца. Мы не можам адказаць на пытанне, чаму адзін быў пакліканы, а другі не. Аднак мы можам сцвердзіць, што шлях кандыдата за голасам паклікання ашчасліўлівае яго ўнутрана, дае яму духоўную радасць і пабуджае да ахвярнай святарскай працы. Таму сярод святароў мы заўважаем часта здольнасць да гераічных пасвячэнняў, а нават да ахвяравання свайго жыцця.

    Да такіх святароў адносіцца кс. Антоні Ляшчэвіч.

    Благаслаўлёны кс. Антоні Ляшчэвіч нарадзіўся 30 верасня 1890 г. у в. Абрамаўшчына, у парафіі Войстам у Віленскай дыяцэзіі (цяпер Гродзенская дыяцэзія). Вучыўся ў чатырохгодцы ў Войстаме. Пасля працягваў вучобу ў гімназіі св. Кацярыны ў Пецярбургу. У 1909 г. Антоні паступіў у Духоўную семінарыю Магілёўскай архідыяцэзіі ў Пецярбургу і быў залічаны на падрыхтоўчы курс, бо не меў атэстата сталасці. За чатыры гады вучобы прайшоў семінарыйны курс філасофіі і тэалогіі. Святарскія пасвячэнні адбыліся 13 красавіка 1914 г.

    Амаль 25 гадоў кс. Антоні выконваў душпастырскія абавязкі на Далёкім Усходзе. На працягу аднаго года быў вікарыем у Іркуцку, два гады працаваў у Чыце. У 1917 г. быў прызначаны вікарыем у Харбін, спачатку працаваў у пасёлку Манджурыя, а з 1920 г. у самым Харбіне ў парафіі св. Станіслава. Там быў настаўнікам рэлігіі і лацінскай мовы ў рускіх і польскіх школах. У 1924 г. стаў пробашчам новай польскай парафіі св. Язафата, дзе пабудаваў касцёл і плебанію, адчыніў прытулак і школу для бедных дзяцей. Дзякуючы сваёй ахвярнасці заслужыў добразычлівасць, павагу і прызнанне парафіянаў.

    Напачатку 1937 г., ён нечакана прыняў рашэнне ўступіць у закон. Пакінуў Харбін, праз Токіо і Рым прыехаў у Польшчу і ўступіў у закон айцоў марыянаў. Прайшоў навіцыят у Скурцы каля Седльцаў, а 13 чэрвеня 1939 г. склаў законныя шлюбы. Згодна з сваім уласным жаданнем выехаў у марыянскі кляштар у Друі на Віленшчыне, каб там распачаць душпастырскую дзейнасць. Праз тыдзень пасля прыезду ў Друю пачалася ІІ сусветная вайна, але кс. Антоні Ляшчэвіч вёў душпастырскую працу надалей і выкладаў рускую мову ў Друйскай гімназіі, аж пакуль яна не была зачынена новымі ўладамі ў канцы снежня 1939 г. У час нямецкай акупацыі ў 1941 г. католікі, якія жылі на тэрыторыі БССР, былі пазбаўлены святарскай апекі, таму звярнуліся да марыянаў у Друі з просьбай узяць іх пад душпастырскую апеку. Кс. Антоні Ляшчэвіч быў прызначаны кіраўніком місіі на гэтай тэрыторыі, дзе разам з групай айцоў-марыянаў і сясцёр эўхарыстак абвяшчаў Евангелле. Пачаў працаваць у парафіяльным касцёле ў Росіцы (30 км ад Друі за Дзвіною). У ліпені 1942 г. прыехаў на дапамогу яму кс. Юры Кашыра (таксама марыянін), які толькі што прыбыў з Літвы. З гэтага часу святары сумесна вялі душпастырскую дзейнасць у Росіцы і яе ваколіцах.

    Перад Божым Нараджэннем 1942 г. кс. Ляшчэвіча папярэдзілі аб тым, што ў хуткім часе немцамі будзе праведзена карная акцыя супраць савецкіх партызанаў і мясцовага насельніцтва, якое ім дапамагае. Таму лепш, каб святары і сёстры пакінулі гэту тэрыторыю. Аднак яны вырашылі, што не могуць пакінуць людзей у такія цяжкія для іх хвіліны, таму засталіся на месцы. У сярэдзіне лютага 1943 г. у Росіцы і яе ваколіцах з'явіліся падраздзяленні карнай экспедыцыі. Карнікі палілі будынкі, а жыхароў зганялі ў касцёл. Кс. Антоні Ляшчэвіч разам з кс. Юрыем Кашырам спавядалі і ўдзялялі Святую Камунію, рыхтуючы людзей да смерці.

    17.02.1943 г. забралі кс. А. Ляшчэвіча разам з іншымі людзьмі і на санях вывезлі на бераг Дзвіны, замкнулі ў драўлянай стайні. Перапоўненую людзьмі стайню аблілі бензінам і падпалілі. Людзі жыўцом гінулі ў полымі, а хто спрабаваў уцячы - гінуў пад кулямі. Праз некалькі дзён мясцовыя жыхары хавалі абгарэлых ахвяраў, сярод якіх было цела кс. Антонія Ляшчэвіча.

    Ахвярнасць вынікае з любові да сакрамэнту святарства. Святар - гэта «alter Christus» - другі Хрыстус, таму па прыкладу Хрыста ён павінен зносіць усялякія ахвяры дзеля дабра бліжніх. Ахвяра кс. Антонія была дабравольная, так як і Хрыста. Ён мог уцячы, але гэтага не зрабіў. Працаваў для асвячэння людзей і з імі хацеў быць да канца жыцця.

    Молімся ў інтэнцыі святароў, каб усе наследавалі Хрыста ў Яго ахвярнай любові. У іх інтэнцыі будзем чытаць таксама частку Святога Ружанца.

    20 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНЫЯ СЁСТРЫ ГВІДОНА ЦЕРПКА І РАЙМУНДА КУКУЛОВІЧ

    Наша жыццё на зямлі мы напаўняем малітваю і працаю. Малітва нас аб'ядноўвае з Богам, а праца гарантуе нам утрыманне. Гэтыя абавязкі нельга адзін ад аднаго аддзяліць. Даверлівая малітва заахвочвае нас да сумленнай працы, а сумленная праца пабуджае нас да малітвы. Дзякуючы гэтаму ў законным жыцці становіцца бачным духоўнае і матэрыяльнае развіццё. Падобнае адбываецца і ў свецкіх супольнасцях. Малітваю і працаю вызначаліся сёстры Гвідона Церпка і Рамуальда Кукуловіч.

    Вось характэрныя рысы іх жыцця.

    Благаслаўлёная с. Гвідона Церпка нарадзілася 11 красавіка 1900 г. у Граноўцы (Польшча) у сялянскай сям'і.

    У супольнасць сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэту была прынята 17 лютага 1927 г. у Львове. Навіцыят распачала 6 студзеня 1928 г. у Гродне, дзе 7 снежня 1930 г. склала першыя законныя шлюбы. Верагодней усяго, што засталася ў Гродне да ліпеня 1933 г., а потым выехала ў Астрашова, дзе адкрывалася новая фундацыя. Працавала там па гаспадарцы і ў агародзе. Ужо ў навіцыяце праявіла сябе як асоба, сканцэнтраваная на малітве, была верная канстытуцыям і незвычайна працавітая.

    У ліпені 1935 г. сястра Гвідона зноў прыехала ў Гродна, каб падрыхтавацца да вечных шлюбаў, якія склала 7 студзеня 1936 г. Склаўшы вечныя шлюбы, выехала ў Навагрудак, дзе, як і ў Астрашове, займалася працаю ў агародзе і па гаспадарцы, а дадаткова яшчэ і ў пральні.

    Даўно мела хворыя ногі, але ніколі не скардзілася на гэта, не ўхілялася ад сваіх абавязкаў. Брала найчасцей на сябе самую цяжкую працу. Была заўсёды сардэчная і добразычлівая. Часта паўтарала: «Нам трэба быць Хрыстовымі рыцарамі, трэба аддацца Яму цалкам за ўсіх - Яму і супольнасці». Цяжкая сельскагаспадарчая праца не перашкаджала ёй займацца сузіральнасцю. Шчыра малілася і Бог благаславіў яе працу, і дазваляў цешыцца яе плёнам.

    Благаслаўлёная с. Раймунда Кукуловіч нарадзілася 24 жніўня 1892 г. у Барванішках (Літва).

    1 лістапада 1918 г. была прынятая ў супольнасць сясцёр назарэтанак. Навіцыят праходзіла ў Гродне, дзе 25 сакавіка склала першыя шлюбы, а 19 сакавіка 1928 г. - вечныя.

    У Навагрудак сястра Раймунда прыехала пасля 1934 г. Прыбірала школу, дапамагала сёстрам па хатняй гаспадарцы, у кухні, у пральні і агародзе. Ва ўспамінах сясцёр яна засталася прыкладам бескарыслівай любові да бліжняга, а таксама вернасці канстытуцым закону. У цяжкія хвіліны жыцця яна не раз паўтарала сёстрам: «Трымайцеся, канстытуцыі і Назарэта - гэта наша сіла». Была вельмі пабожная і вольны час заўсёды праводзіла ў капліцы.

    Такім чынам абедзве сястры рэалізавалі ў жыцці бенедыктынскі прынцып «Маліся і працуй». Таму сярод насельніцтва Навагрудка сёстры атрымалі прызнанне і павагу. Пра іх гаварылі, што яны працавітыя, а іх жыццё было пастаяннаю малітваю.

    Гэтыя якасці павінны ўпрыгожыць кожнага з нас. Праца, паводле св. Паўла, забяспечвае нам на зямлі ўтрыманне, а малітва дапамагае дасягнуць вечнага збаўлення. Гэтыя якасці ўзаемадапаўняюцца. Праца пабуджае нас да малітвы, а малітва вучыць нас цярплівасці ў працы. Таму вялікі прымас Польшчы кардынал Стэфан Вышынскі дапоўніў словы св. Паўла і часта паўтараў: «Маліся працуючы».

    Мы маем розныя малітвы і ў розных абставінах іх чытаем. Ранішнімі малітвамі мы павінны распачынаць, а вячэрнімі завяршаць працоўны дзень. Не будзем забывацца таксама пра малітву на працягу дня і, па меры магчымасці, будзем чытаць «Анёл Панскі». Гэтая малітва асвячае нашу працу. Яна з'яўляецца малітваю свецкіх людзей і замяняе малітву з брэвіярыя на працягу дня. Святы Айцец чытае гэту малітву на заканчэнне апостальскай сустрэчы з вернікамі ў кожную нядзелю і рэкамендуе, каб яе чыталі ўсе веруючыя. Будзем выконваць яго даручэнне, тым больш, што малітва гэта ўводзіць нас у таямніцу Уцелаўлення. З гэтай малітвай мы спалучаем таксама малітвы за памерлых, каб ласкавы Бог адарыў іх вечнай святасцю.

    Гэту малітву будзем чытаць у поўдзень альбо перад абедам, бо яна дапамагае нам перажываць увесь дзень у духоўнай еднасці з Богам.

    21 кастрычніка

    СВЯТЫ БРУНОН З КВЕРФУРТА

    «Ідзіце і навучайце ўсе народы», - такі наказ пакінуў Пан Езус Апосталам на заканчэнне свайго прабывання на зямлі. Апосталы, паслухмяныя гэтаму закліку, разышліся па ўсёй зямлі і абвяшчалі Евангелле. Іх словы пацвярджаў Пан Езус сваімі чынамі. Вынікам гэтай дзейнасці было інтэнсіўнае развіццё Касцёла, які з 12 Апосталаў разросся да міліярднай колькасці вызнаўцаў Хрыста. На працягу стагоддзяў у выніку асаблівай ласкі Божай не было недахопу ў такіх людзях, якія праводзілі евангелізацыю ў розных канцах свету. Поспехі ў евангелізацыі былі і ёсць вялікія. Насельніцтва, якое прымала веру ў Хрыста, арганізоўвала касцёльныя структуры, мае сваіх біскупаў, якім лягчэй знайсці кантакт з мясцовым насельніцтвам. Прагрэс у гэтай справе вельмі значны. Напрыклад, яшчэ 100 гадоў назад у Афрыцы не было ніводнага біскупа-негра, сёння ж, наадварот, няма ў Афрыцы амаль што ніводнага белага біскупа.

    На місійную дзейнасць Касцёла асаблівую ўвагу звярнуў ІІ Ватыканскі сабор. Місійная дзейнасць была аднесена да сутнасці Касцёла, ён быў названы «місійным Касцёлам».

    Ісціну пра «місійны Касцёл» выказаў яшчэ раней, больш за 1000 гадоў назад, св. Брунон з Кверфурта. Ён абвяшчаў неабходнасць місій і амаль што ўсё жыццё рыхтаваўся да місійнай дзейнасці ў Касцёле. У наш час мы разважаем аб гэтай ісціне ў місійны тыдзень, які пачынаецца сёння. Місійны тыдзень напамінае нам, што мэтаю Касцёла з'яўляецца абвяшчэнне Евангелля кожнаму стварэнню. Мы павінны таксама ўсвядоміць, што місійнаю дзейнасцю павінны займацца не адзінкі, але ўсе веруючыя ў Хрыста. На гэтым тыдні мы павінны актыўна ўключыцца ў місійную дзейнасць Касцёла на ўзор св. Брунона.

    На працягу ўсіх стагоддзяў Пан Езус клікаў асобных людзей да місійнай дзейнасці ў Касцёле. Гэта - асаблівая ласка і дамінуе ў ёй імкненне абвяшчаць Божае слова. Гэта - асаблівае імкненне, яно мацнейшае за ўсе абставіны, звязаныя з цяжкасцямі, што спадарожнічаюць місійнай дзейнасці. Місіянераў не палохае нават пагроза смерці: амаль штогод на місіях гіне 20-30 толькі місіянераў з Польшчы, гэтую колькасць павялічваюць яшчэ місіянеры з іншых краін свету.

    Такую ласку місійнага паклікання атрымаў св. Брунон з Кверфурта. Дата яго нараджэння невядомая, але паўсюдна лічыцца, што год 974 - гэта год яго з'яўлення на свет. Калі яму было дванаццаць год, св. Брунон апынуўся ў катэдральнай школе ў Магдэбургу. Наведванне такой школы было асаблівым вызначэннем. Бацькам св. Брунона хацелася, каб іх малодшы сын пасвяціў сябе службе Божай. У св. Брунона ўжо ў маладосці праяўлялася любоў да малітвы і перад тым, як пайсці ў школу, ён звярнуўся да кіраўніцтва з просьбаю, каб пакінулі яму вольную хвілінку на малітву. У катэдральнай школе вывучалі маральную тэалогію, філасофію, касцёльнае права, біблейскія і літургічныя навукі, а таксама сакральную музыку. Калі яму споўніўся 21 год, св. Брунон стаў канонікам у магдэбургскай катэдральнай капітуле. Ужо падчас вучобы ў Магдэбургу ён сутыкаўся з дваром нямецкага караля Аттона і, праўдападобна, тады ж пазнаёміўся са славянамі, што былі яшчэ паганамі, а таксама са св. Войцехам, які тады быў біскупам у Празе. Восенню 997 г. св. Брунон суправаджаў караля ў яго падарожжы ў Рым. У магдэбургскай школе асаблівы націск ставіўся на паўсюднасць Касцёла, на абвяшчэнне Евангелля не мячом, але ў духу і любові. Там, праўдападобна, і нарадзілася яго місійнае пакліканне.

    Паводле тагачаснай навукі Касцёла, місійнае пакліканне было асаблівым вызначэннем і патрабавала грунтоўнай падрыхтоўкі. З гэтаю мэтай св. Брунон выязджае ў Рым, дзе на Авентыне з найбольшай пакораю і пабожнасцю рыхтаваўся да місійнай працы. Ён уступіў у закон айцоў бенедыктынаў і ў 999 г. склаў законныя шлюбы, выбраўшы імя Баніфацый. Імя гэтае стала як бы сімвалам яго будучай місійнай дзейнасці.

    Прабыванне на Авентыне св. Брунон выкарыстаў для вывучэння славянскіх моваў. Ён спадзяваўся таксама атрымаць ад Святога Айца пасведчанне аб накіраванні яго на місійную працу праз удзяленне біскупскіх пасвячэнняў. Хаця Папа і не ўдзяліў такіх пасвячэнняў, але адарыў св. Брунона амафорам, што было абяцаннем атрымання біскупскай сакры ў будучым.

    Па розных абставінах св. Брунон не адправіўся на місію да славян, але ў 1002 г. кіраваўся ў Венгрыю, дзе працаваў да 1004 г. У гэтым жа годзе ён атрымаў біскупскую сакру з рук мітрапаліта магдэбургскага і выехаў у Польшчу. У Польшчы ён ажыццяўляў дзейнасць як місійны біскуп, займаючыся фармаваннем місійнага клеру і арганізацыяй місій. У выніку яго дзейнасці, у Польшчы ў часы караля Баляслава Храбрага разгарнулася законнае жыццё - канвентуальнае і пустэльніцкае. Узніклі кляштары ў Міжрэччы над Одэрам, у Ленчыцы і ў Казімеры Біскупскім. У місійнай працы ў Польшчы св. Брунону спадарожнічала група законнікаў, якія паходзілі з Германіі. Місійная дзейнасць св. Брунона ў Польшчы была скіравана на заходніх славянаў.

    Пасля некалькіх гадоў місійнай дзейнасці ў Польшчы св. Брунон рыхтуе другую місійную экспедыцыю ў Венгрыю, якая і адправілася туды ў 1007 г. Св. Брунон застаўся ў прыдунайскай краіне і наладзіў кантакты з князем Уладзімірам Вялікім, які ўшаноўваецца як апякун Русі. Атрымаўшы яго падтрымку, заснаваў на Русі місійныя пляцоўкі і пасвяціў у сан першага місійнага біскупа для гэтай зямлі, пасля чаго вярнуўся ў Польшчу.

    У 1009 г. св. Брунон адпраўляецца з Польшчы ў Прусію, у апошнюю місійную экспедыцыю. Шлях вёў праз Гнезна і Познань.

    Пра місійную дзейнасць св. Брунона ў Прусіі гаворыцца ў трох дакументах, напісаных пасля яго смерці. У іх згадваецца аб будоўлі на місійных тэрыторыях новых касцёлаў і арганізацыі касцёльных структураў. Загінуў св. Брунон мучаніцкаю смерцю ад рук прусаў падчас справавання ім Святой Імшы. У часе мучаніцтва навярнуўся адзін з катаў, што прывяло да яшчэ большай лютасці паганаў. Катуючы св. Брунона, яму адсяклі руку, потым - галаву і кінулі ў раку. Было гэта 3 сакавіка 1009 г. Разам з ім загінула 18 святароў з яго місійнай экспедыцыі.

    Вестка пра смерць св. Брунона дайшла да польскага караля Баляслава Храбрага, які выкупіў з рук паганаў астанкі св. Брунона, а таксама астанкі 18 святароў і загадаў пахаваць іх з належнаю пашанаю. Кароль Баляслаў здзейсніў падобнае і з целам св. Войцеха, накіраванне якога ў Гнезна паклала пачатак утварэнню мітраполіі ў Гнезне. Св. Брунон загінуў на мяжы Прусіі і Русі. Вучоныя спрабуюць устанавіць месца мучаніцтва і называюць мясцовасць пад Квідзынам альбо Прабутамі. Землі гэтыя належаць сёння Польшчы.

    Сваёй місійнай дзейнасцю св. Брунон ахопліваў, праўдападобна, таксама і беларускую зямлю, пра што сведчаць сляды яго культу, што існуюць тут да сённяшняга дня.

    Культ св. Брунона хутка пашыраўся. Адразу ж пасля яго смерці біскуп мерсебургскі выказвае сваю павагу польскаму каралю за тое, што той выкупіў астанкі святога і загадаў пахаваць іх з належнаю пашанаю. Культ св. Брунона бярэ пачатак у 1009 г. Дзеля таго, каб падкрэсліць веліч справы св. Брунона, мясцовасць Кверфурт, дзе нарадзіўся св. Брунон, набывае статус горада, а тутэйшы парафіяльны касцёл атрымлівае св. Брунона як апекуна. Дата кананізацыі святога, на жаль, невядомая.

    Ацэньваючы місійную дзейнасць св. Брунона, трэба падкрэсліць яго геніяльнасць у ацэнцы хрысціянства і неабходнасці пашырэння веры ў Адзінага Бога, яго вялікі місійны запал. Можна сказаць, што ўсё яго жыццё было падрыхтоўкаю да місій і іх рэалізацыі.

    Св. Брунон карыстаецца асабліваю пашанаю ў паўночных дыяцэзіях Польшчы, а таксама на Беларусі. З'яўляецца галоўным апекуном Ломжынскай дыяцэзіі, што суседнічае з Беларуссю.

    Давайце ж будзем звяртацца да яго ў нашых штодзённых малітвах і праз яго заступніцтва даручым Божай Міласэрнасці місійную працу сучаснага Касцёла.

    22 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНАЯ С. ДАНІЭЛЯ ЮЗВІК

    Кожны чалавек павінен вызначыцца ў жыцці рознымі дасканаласцямі. Мы называем іх цнотамі альбо добрымі звычкамі. З гэтага азначэння вынікае праўда, што цноты нараджаюцца ў выніку працы над сабою, здзяйснення добрых учынкаў, паўтарэнне якіх праз даўжэйшы час нараджае ў чалавеку добрую звычку. Пачатак цнотам заўсёды дае чалавеку асвячальная і дзейсная ласка. Аднак самой ласкі не хопіць, патрэбна дзейнасць з боку чалавека. Ёсць цноты розныя: боскія і маральныя, прыроджаныя і набытыя, у залежнасці ад таго ці адносяцца да Бога, ці таксама рэгулююць жыццё чалавека. Прыроджаныя цноты ўдзяляюцца нам разам з асвячальнаю ласкаю. Да іх адносяцца: вера, надзея і любоў. Набытыя цноты мы здабываем з дапамогаю Божай ласкі і працы над сабою.

    Цноты - гэта рыса святых. У кананізацыйных працэсах заўсёды звяртаецца ўвага на гэтак званую «гераічнасць цнотаў». Гэта валоданне цнотамі ў найвышэйшай ступені. Цноты праяўляюцца ў выкананні розных абавязкаў, а іх прыкмета - пабожнасць, сумленнасць, абавязковасць, дакладнасць і г.д.

    Такімі цнотамі вызначалася благаслаўлёная с. Даніэла Юзвік

    Благаслаўлёная сястра Даніэля нарадзілася 25 студзеня 1895 г. у Пайздове на Падляшшы (Польшча).

    У супольнасць сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэту была прынята 21 студзеня 1920 г. у Варшаве. З 21 ліпеня 1921 г. да 25 лютага 1923 г. прайшла фармацыю ў навіцыяце ў Гродне і склала там першыя законныя шлюбы. Потым знаходзілася ў Львове, дзе працавала ў пральні, на кухні і прыбірала ў школе.

    З самага пачатку жыцця ў законе вызначалася пабожнасцю, вернасцю і духоўнай сталасцю. Сёстры сцвярджаюць, што была прадбачлівай, працавітай, ахвярнай і пакорнай, а таксама абавязковай у выкананні сваіх абавязкаў.

    Вечныя шлюбы сястра Даніэля склала 24 лютага 1929 г. у Гродне. Потым выехала ў Каліш, дзе працавала дзяжурнай пры ўваходзе ў кляштар, апекавалася гасцямі і прыбірала.

    У Навагрудак яна прыехала ў верасні 1932 г. Тут таксама апекавалася гасцямі, акрамя таго працавала ў сталоўцы закону і на школьнай кухні. Асабліва праца на кухні выявіла яе мацярынскую дабрыню да дзяцей і бедных.

    Вялікага сэрца, напоўненая прысвячэннем, цярплівасцю сястра Даніэля ўносіла Божыя каштоўнасці ў жыццё падапечных, пакідаючы незабыўны след у іх душах.

    У час нямецкай акупацыі сястра Даніэля выконвала кравецкую працу і вязала. Дапамагала таксама капелану кс. Аляксандру Зянкевічу.

    Сястра Даніэля ўмела спалучаць евангельскую паслугу Марты з сузіральнасцю Марыі. Сёстры, якія яе ведалі, узгадваюць, што «па-за духоўным навучаннем у капліцы, шмат малілася сваёй працай, выконваючы волю Бога і здзяйсняючы акты Божай любові».

    Сярод розных цнотаў найбольш бачная ў жыцці чалавека з'яўляецца цнота пабожнасці, якую мы рэалізуем праз малітву.

    Дзякуючы малітве мы становімся прыяцелямі Бога, яна ажыўляе нашу адданасць у служэнні Богу і Касцёлу, а таксама становіцца сакрэтам «жывога хрысціянства». Дзякуючы малітве, хрысціянства не павінна баяцца будучыні, бо яно пастаянна вяртаецца да крыніцаў і з іх чэрпае новыя сілы. З малітвы вынікае таксама таямніца ўнутранага супакою. Чалавек, які моліцца, паслухмяны Божай волі і лягчэй пераносіць усялякія цярпенні і крыжы. Без малітвы чалавек шукае шчасця так, каб яго не знайсці, шукае Бога так, каб з Ім не сустрэцца. Яго жыццё вядзе ў нікуды.

    Да малітвы пакліканы асабліва тыя вернікі, якія атрымалі дар паклікання да кансэкраванага жыцця. Гэта пакліканне робіць іх здольнымі да сузірання, каб яго рэалізоўваць са шчырай адданасцю. Аднак памылковым было б сцярджэнне, што звычайныя хрысціяне могуць задаволіцца павярхоўнаю малітваю. «Такія хрысціяне, - як гаворыць Святы Айцец у Апостальскім лісце «Уваходзячы ў новае тысячагоддзе», - былі б не толькі часткова хрысціянамі, але былі б таксама «хрысціянамі ў небяспецы». Яны трапілі б у небяспечную сітуацыю, якая вядзе да аслаблення веры, і ўрэшце маглі б выбраць якую-небудзь іншую рэлігію альбо паддацца якім-небудзь асаблівым забабонам. З вучэння Святога Айца ясна вынікае, што павярхоўная малітва аслабляе веру ці нават можа прывесці да яе страты. Таму Святы Айцец просіць, каб у парафіяльных супольнасцях стваралася адпаведная малітоўная атмасфера, захоўваліся формы традыцыйнай малітвы, каб вернікі прывучыліся да літургічнай малітвы.

    Будзем выконваць гэтае пажаданне Святога Айца, і, прымаючы чынны ўдзел у малітве Касцёла, будзем маліцца асабіста, духоўна яднаючыся з Богам.

    23 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНАЯ С. КАНІЗІЯ МАЦКЕВІЧ

    Часта ў жыцці мы скардзімся на недахоп вытрымкі. Хутка расчароўваемся з-за розных непрыемнасцяў і трапляем у роспач пад уплывам розных цяжкасцяў. Марцін Лютэр, які спачатку імкнуўся да вялікай пабожнасці і не заўважаў адразу ў сабе яе станоўчага плёну, трапіў у другую крайнасць і пачаў сцвярджаць, што чалавек, заклеймаваны сімвалам зла, не здольны выконваць добрыя ўчынкі. Яго погляды прывялі да падзелаў у Касцёле.

    Цнота вытрываласці надае нашай дзейнасці пастаянства і вядзе да яе сталасці. Чалавек, адораны такою цнотаю, адрозніваецца ад іншых і ў жыцці дасягае вялікага поспеху.

    Таксама і Пан Езус вытрываласцю ў добрым абумоўлівае нашае збаўленне, калі гаворыць: «Хто вытрывае, той будзе збаўлены».

    Благаслаўлёная с. Канізія Мацкевіч вызначалася такой цнотаю, не расчароўвалася з-за немачы сваёй хваробы, няўдач у педагагічнай працы, але аддавалася цалкам даручаным абавязкам і ўкладала ў іх сваё сэрца.

    Благаслаўлёная с. Канізія нарадзілася 27 верасня 1903 г. у Сувалках (Польшча).

    Да 1922 г. вучылася ў польскай дзяржаўнай гімназіі ў Сувалках. Пасля заканчэння настаўніцкай семінарыі ў 1927 г. працавала настаўніцай. У 1929-1933 гадах працягвала працу ў Шчытніках, жывучы разам з бацькам і братам. У 1933 г. памёр яе брат Леапольд, які быў святаром і з якім яе яднала моцная духоўная сувязь. Смерць брата стала пераломным момантам у яе жыцці. У тым жа годзе с. Канізія звярнулася да сясцёр назарэтанак з просьбаю прыняць яе ў супольнасць.

    24 ліпеня 1933 г. яна распачала пастулат у Варшаве, а ў 1934 г. - навіцыят у Альбана ў Італіі. Пасля двух гадоў інтэнсіўнай духоўнай падрыхтоўкі 16 ліпеня 1936 г. с. Канізія склала першыя шлюбы. Вярнулася ў Польшчу, каб распачаць настаўніцкую працу спачатку ў школе назарэтанак ў Калішы, а з верасня 1938 г. - у Навагрудку.

    Ужо тады праявілася асаблівым запалам і адданасцю. Была патрабавальнаю да дзяцей, але яшчэ больш да сябе. Яна мела незвычайную здольнасць спалучаць выхаваўчыя заданні з апостальствам. З вялікім запалам працавала з дзецьмі, цудоўна разумеючы дзіцячую душу.

    У с. Канізіі была хворая печань, таму яна часта пакутавала ад цяжкіх прыступаў. Але ні сёстры, ні іншыя не чулі ад яе ніводнай скаргі альбо ценю раздражнення. Сястру Канізію любілі дзеці, а яна, радуючыся іх вялікаму даверу, вучыла іх рэлігіі, асновам арыфметыкі, польскай мове, а таксама ручной працы - мастацкай вышыўцы і цыраванню. Праз некаторы час сястра пакінула Навагрудак, каб пазбегнуць арышту, і хавалася ў гродзенскім кляштары пад іншым іменем.

    У часе нямецкай акупацыі с. Канізія вярнулася ў Белую Фару. Як і да вайны, рыхтавала дзяцей да першай Святой Камуніі. Па просьбе бацькоў тайна вучыла дзяцей польскай мове і гісторыі. З 1942 г. кіравала парафіяльным хорам. Жыццё сястры Канізіі найлепш адлюстроўваюць яе апошнія словы, якія яна сказала перад экзекуцыяй: «Трэба ісці да канца...».

    Св. Тамаш Аквінскі, які напісаў шмат працаў на тэалагічна-маральныя тэмы, цноту вытрываласці называе «асаблівым Божым дарам», які заўсёды спадарожнічае нашай волі. Дзякуючы гэтаму ў нашай душы адбываецца ўзрастанне духоўнага жыцця і розных цнотаў. Недахоп вытрываласці, паяднаны са зменаю паводзін, вядзе да страты гэтага жыцця і ўводзіць чалавека ў стан цяжкага граху. Ён знішчае ў нас дзеянне ласкі, спыняе яе далейшае развіццё, а ўчынкі, якія мы робім, пазбаўляюць нас характару заслугі.

    Працуйма так над сабою, каб недахопам вытрываласці мы не знішчалі ў сабе стан асвячальнай ласкі, але пастаянна яе развівалі, штодзённа жывучы ў духоўнай еднасці з Хрыстом. Будзем прасіць аб вялікім дары вытрываласці ў ружанцовай малітве, памятаючы словы Хрыста: «Хто стаіць, няхай зважае, каб не ўпасці».

    24 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНАЯ С. ГЕЛІАДОРА МАТУШЭЎСКАЯ

    «Праслаўляць буду Пана ад усяго сэрца, усе цуды Твае абвяшчаць буду» (Пс 9, 2). Сутнасць гэтага псальма павінна стаць мэтаю ўсёй нашай дзейнасці. Унутранае перакананне аб накіраванасці такой дзейнасці не толькі дадаткова ўплывае на якасць нашай працы, але таксама здзейсненым учынкам надае характар заслугі. Лепш не пытаць аб прычыне даручаных нам абавязкаў, але лічыць іх праяўленнем Божай волі адносна нас. Чым ахвотней і лепш мы выконваем гэтыя абавязкі, тым больш мы развіваемся духоўна. У гэтым ўтойваецца наша веліч і ўзрастае прыдатнасць для грамадства.

    Такой была благаслаўлёная с. Геліадора Матушэўская. Яна выконвала вельмі сумленна ўсе свае абавязкі ў кляштары і ўкладала ў іх сваё сэрца. Вось некаторыя моманты яе жыцця.

    Благаслаўлёная сястра Геліадора Матушэўская нарадзілася 8 лютага 1906 г. у Старой Гуце (Польшча). Яе бацькі займаліся сельскай гаспадаркай. Скончыўшы чатыры класы ў роднай мясцовасці, жыла ў сястры ў Грудзёндзы, дзе працавала на фабрыцы. Актыўна ўдзельнічала ў жыцці мясцовай парафіяльнай супольнасці, належала амаль да ўсіх касцёльных брацтваў і часта прыступала да святых сакрамэнтаў.

    У супольнасць сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэту была прынята 8 снежня 1933 г. у Калішы і там пачала працаваць у школе сясцёр назарэтанак. На думку сясцёр з першых дзён паказала сябе, як сталая і сімпатычная асоба з прыроджанай інтэлігентнасцю.

    Навіцыят сястра Леакадзія праходзіла ў Гродне, дзе 28 ліпеня 1935 г. склала першыя шлюбы, прыняўшы імя Геліадора. Імя гэтае дакладна характарызавала яе як чалавека з прыроджаным аптымізмам. Пасля складання шлюбаў выехала ў Навагрудак, дзе выконвала розныя абавязкі: прыбірала ў школе, выконвала абавязкі дзяжурнай пры ўваходзе, дапамагала па кухні. Любую распачатую працу старалася выканаць спрытна і добра. Маючы добрае здароўе і фізічныя сілы, была здольна за дзень зрабіць шмат спраў.

    Сёстры са здзіўленнем глядзелі на вынаходлівую сястру, якая шанавала пакліканне і жыццё ў супольнасці. Пра яе гаварылі: «Па натуры энергічная, у законным жыцці руплівая, ахвярная, імкнулася да высокіх спраў, жадала ўчыніць штосьці ўзнёслае для Бога». Поўная прамяністага цяпла, сястра Геліадора была вядомая ўсюды, яе любілі і паважалі. Усе гарнуліся да яе. Калі яна была кур'ерам у школе, то мела дачыненне з дзецьмі, моладдзю і бацькамі. Хутка заваявала прыхільнасць сваёю ветлівасцю і прыроджанай інтэлігентнасцю. Жонкі вышэйшых чыноўнікаў самі прыводзілі дзяцей у школу, каб перакінуцца некалькімі словамі з сястрой Геліадорай. Яе вельмі любілі дзеці. Заўсёды група дзяцей акружала яе, чапляючыся за габіт, як за матчыну спадніцу.

    Падчас ІІ сусветнай вайны ўвесь час яна заставалася ў школе сясцёр, у якой прыбірала і якую новая ўлада замяніла на савецкую, і таксама служыла ў сям'і дырэктара школы. Яна не толькі выконвала абавязкі апякункі дому, але таксама вяла апостальскую дзейнасць. Паступова прывяла ўсю сям'ю да веры.

    Вечных шлюбаў не дачакалася, але склала іх у хвіліну мучаніцкай смерці.

    Дзейнасць с. Геліадоры можна назваць апостальскаю дзейнасцю. Да апостальства закліканы кожны хрысціянін і можа здзяйсняць яго словам альбо прыкладам уласнага жыцця. Сваім апостальствам можа зрабіць шмат добрага і іншых прывесці да веры. Апостальстваваць можна нават маўчаннем і сваёй прысутнасцю. Калі св. Францішак заснаваў кляштар у Асізі і ў кляштары жыла ўжо законная супольнасць, ён аднойчы запрасіў аднаго з братоў, гаворачы яму: «Пойдзем апостальстваваць». Св. Францішак хадзіў з братам па вуліцах і амаль не шмат размаўляў з ім. Здавалася, ён маліўся на ружанцы. Праз некаторы час ён гаворыць брату: «Вяртаемся ў кляштар». Брат запытаўся ў св. Францішка: «Калі і дзе мы будзем гаварыць казанне?» Св. Францішак адказаў: «Казанне мы сказалі нашай прысутнасцю падчас вандроўкі». Безумоўна гэтая вандроўка была спецыфічным казаннем. Людзі спыняліся і глядзелі на св. Францішка, які ў сціплым законным габіце і басанож выклікаў у людзей захапленне і здзіўленне. Можа, не ў аднаго з прахожых узнікла тады думка аб марнасці свету і яго выкарыстанні для вечнага збаўлення. Усялякі кантакт добрых людзей абуджае ў іншых роздум і ацэнку жыцця, а часам становіцца прычынаю іх навяртання.

    Аднак можа здарыцца і наадварот. Адбываецца гэта тады, калі ў прысутнасці іншых мы робім дрэнныя ўчынкі. У такім выпадку мы не толькі самі грашым, але і іншых вучым грашыць. Святое Пісанне такія ўчынкі называе спакусай, бо тады ўчынкамі мы даём дрэнны прыклад і для іншых становімся пачаткам граху. Пан Езус вельмі сурова асуджае тых, хто быў спакушальнікам іншых, і выразна гаворыць, што «лепш было б, калі б павесілі яму млынавы камень на шыю і ўтапілі яго ў глыбіні марской» (Мц 18, 6). Калі Пан Езус нікога не асуджаў, а ўсім людзям дараваў грахі, і калі так востра асудзіў спакушальнікаў, то Яго словы маюць вялікі сэнс. У сэрцах такіх людзей яны павінны выклікаць адпаведную рэакцыю. Спакушальнікі павінны выправіць свае памылкі і адпаведным чынам перасцерагаць тых, каго спакусілі, ад здзяйснення такіх грахоў. Ці так яны паступаюць? Вопыт гаворыць, што такіх людзей няшмат.

    Молімся ў інтэнцыі грэшнікаў аб іх навяртанні і направе жыцця, а самі заўсёды давайма бліжнім добры прыклад, заахвочваючы іх да добрага.

    25 кастрычніка

    СВЯТЫ ЯЗАФАТ КУНЦЭВІЧ

    «Будзеце маімі сведкамі аж па край зямлі», - гэтымі словамі акрэсліў Пан Езус будучую дзейнасць Апосталаў. Ён выразна хацеў, каб яны сваімі чынамі сведчылі пра Хрыста. Сведчанне было і заўсёды звязана з абвяшчэннем і прыняццем галоўных прынцыпаў веры, а сведчанне мучаніцтва было асаблівым спосабам давання сведчання аб Хрысце. Таму тых, хто паміраў за Хрыста, з пачатку хрысціянства лічылі святымі, а дзень іх адыходу з гэтага свету называлі «днём нараджэння для неба». Да такіх людзей належаў св. Язафат Кунцэвіч, біскуп і мучанік.

    Родны горад яго - Уладзімір Валынскі, дзе ён нарадзіўся каля 1580 г. Яго бацька быў багатым купцом і мясцовым лавачнікам, усімі паважаным чалавекам. Падчас хросту хлопцу далі імя Ян. Выхоўваўся ён у пабожнай атмасферы бацькоўскага дому. Бацькі часта бачылі яго ў парафіяльным касцёле на малітве перад укрыжаваным Хрыстом, якога ён асабліва любіў і ўшаноўваў. Пасля заканчэння мясцовай школы, бацькі паслалі яго ў Вільню навучацца купецкаму майстэрству. Падчас побыту Яна ў Вільні адбылася гістарычная падзея, якая мела рашаючае значэнне для рэлігійнага жыцця вызнаўцаў Хрыста ва ўсходніх абласцях Рэчы Паспалітай. Менавіта ў 1595-1596 гг. дайшло да пагаднення і паяднання хрысціянаў грэцкага і рымскага абраду, называемае Берасцейскай уніяй. Аднак частка біскупаў была незадаволена паяднаннем, адышла ад каталіцкага Касцёла, што ў выніку прывяло да няшчасця раздваення. Гэты факт быў прычынаю перажыванняў Яна Кунцэвіча. Будучы купецкім падмайстрам, ён ахвотна спяваў у касцёльным хоры. Пасля быў лектарам Св. Пісання, навязаў кантакты з езуітамі, чытаў рэлігійныя кнігі, а таксама штораз больш уваходзіў у літургічнае жыццё.

    Адчуваючы пакліканне да выключнага Божага служэння, у 1604 г. Ян уступіў у закон айцоў базыльянаў. Атрымаўшы габіт, выбраў сабе імя Язафат. Яго жыццё было настолькі аскетычным, што спаведнікі вымушаны былі яго ўстрымліваць. У келлі спаў на зямлі альбо на цвёрдым ложку аж да смерці. Насіў валасяніцу. Малады законнік, каб выпрасіць у Бога ласку навяртання для блукаючых, пастанавіў ахвяраваць сваё ўласнае цела, абмяжоўваючы яго да вынішчэння. Доўгія гадзіны праводзіў на малітве і паводле ўсходняга звычаю датыкаў зямлі ілбом, паўтараючы заклікі аб еднасці Касцёла. На працягу пяці гадоў законнага жыцця не спажываў мяса і часта ўстрымліваўся ад мучных страваў. Ноччу, нават калі быў моцны мароз, хадзіў на могілкі, дзе доўга маліўся: «Пане Божа, знішчы адшчапенства, якое пануе сярод нас, дай нам еднасць Касцёла».

    Пасля атрымання святарскіх пасвячэнняў у 1609 г. быў прызначаны настаўнікам і выхаваўцам маладых законнікаў. Быў выдатным прапаведнікам. Яго словы краналі сэрца і выклікалі слёзы. Галоўнай тэмай яго казанняў была справа еднасці Касцёла. Пра гэтую еднасць пісаў трактаты, напрыклад, «Абарона веры», «Хрост св. Уладзіміра», «Аб першынстве св. Пятра».

    Віленскі архімандрыт Юзаф Руцкі, бачачы плённую законную і святарскую дзейнасць Язафата Кунцэвіча, які вызначаўся праведнасцю, даручыў яму ў 1613 г. выкананне функцыі кіраўніка ў іншых базыльянскіх кляштарах, а з 1614 г. у некалькіх кляштарах Найсвяцейшай Тройцы. Апостальская дзейнасць Язафата яшчэ больш узрасла і набыла дынамічны характар. Руцкі, стаўшы кіеўскім мітрапалітам, захацеў далучыць Язафата да непасрэднага супрацоўніцтва, таму паклапаціўся, каб атрымаць адпаведны дазвол Папы і караля, і кансэкраваў яго 12 лістапада 1617 г. у Вільні на біскупа суфрагана ў Полацку. Зімой 1618 г. Язафат адправіўся ў Полацк, каб прыняць уладу над дыяцэзіяй. Незадоўга, пасля смерці яе кіраўніка арцыбіскупа, Язафат Кунцэвіч быў менаваны арцыбіскупам і распачаў сваю працу з фармацыі і выхавання духавенства. Пасля змагаўся са злоўжываннямі ў сваёй дыяцэзіі, галоўным чынам з п'янствам, ліхвярствам, сужэнствамі святароў. Уводзіў дысцыпліну ў кляштарах. Усё, што рабіў, мела мэту паглыбіць рэлігійнае жыццё і ўмацаваць еднасць з каталіцкім Касцёлам. Штогод склікаў сіноды ў Полацку, Віцебску і Мсціслаўлі, прымаючы ў іх актыўны ўдзел. Для духавенства Язафат Кунцэвіч устанавіў «Правілы», што складаліся з 48 пунктаў, якія ахоплівалі духоўнае жыццё святароў і акрэслівалі іх абавязкі, а таксама сферу душпастырскай працы. Акрамя гэтага склаў «Катэхізіс» для вернікаў, прыстасаваны да патрабаванняў Усходняга Касцёла. Язафат славіўся сваёй міласэрнасцю. Штодзень садзіў за стол побач з сабою бедных, уласнаручна раздаваў міласціну. Той дзень, у які не суцешыў беднага, лічыў страчаным.

    Актыўная рэлігійная і на карысць адзінства дзейнасць полацкага біскупа стала прычынай незвычайнага развіцця хрысціянскага жыцця і паглыбіла пачуццё еднасці Касцёла пад кіраўніцтвам Папы. Хуткі росквіт рэлігійнага жыцця і распаўсюджванне дзейнасці на карысць адзінства не падабалася праваслаўным брацтвам і выклікала моцнае супраціўленне. Цяжкай для арцыбіскупа Кунцэвіча стала тая сітуацыя, калі ў 1620 г., пасля паражэння польскага войска пад Цэцорай, прабываючы ў Польшчы ерузалемскі патрыярх аднавіў праваслаўную іерархію ў Рэчы Паспалітай і ўдзяліў біскупскую сакру вучонаму дзеячу Сматрыцкаму, прызначаючы яго на біскупскую сталіцу ў Полацк. Сматрыцкі, не прызнаны каралём, але падтрыманы праваслаўнымі брацтвамі, распачаў раптоўную агітацыю супраць арцыбіскупа Кунцэвіча, не грэбуючы ніякімі сродкамі. Пад уплывам пісьмаў і водгукаў Сматрыцкага адбывалася сумяціца, дэзарыентацыя, насельніцтва бунтавалася. Частка духавенства выказала паслухмянасць правамоцнаму біскупу.

    У нядзелю 12 лістапада 1623 г. узброены ўзбунтаваны натоўп мяшчанаў уварваўся ў біскупскі палац. Кінуліся на Язафата, сякерай рассеклі яму галаву, знявечанае цела ўкінулі ў Дзвіну. Пасля некалькіх дзён цела знайшлі і як цела мучаніка выставілі ўрачыста ў Віцебскай катэдры, а пасля перавезлі ў працэсіі ў Полацкую катэдру.

    «Хвала святасці Язафата, акружаная легендай цудаў, умацавала ў веры слабых, умацавала апостальскую адданасць духоўных» (НР І, 642). Тысячы схізматыкаў вярнулася да уніі. Сматрыцкі, якога мучыла сумленне, навярнуўся і стаў шчырым прыхільнікам уніі і яе абаронцам. Культ Язафата ўсё больш распаўсюджваўся не толькі сярод уніятаў, але і сярод католікаў рымскага абраду. Аддаванне пашаны, а таксама многія цуды прычыніліся да таго, што польскія біскупы звярнуліся ў Рым з просьбай аб вынясенні Язафата Кунцэвіча да хвалы алтара. Праз 20 гадоў пасля смерці мучаніка Папа Урбан VІІІ залічыў яго да шэрагу благаслаўлёных, а 29 чэрвеня 1867 г. Пій ІХ абвясціў Язафата Кунцэвіча святым, устанаўліваючы яго ўрачыстасць 14 лістапада.

    Рэліквіі св. Язафата да паловы ХVІІ ст. знаходзіліся ў катэдры ў Полацку. З-за войнаў іх перавезлі спачатку ў Вільню, пасля назад у Полацк, і нарэшце ў Белую Падляску. У час першай сусветнай вайны рэліквіі былі перавезены ў касцёл уніятаў св. Барбары ў Вене, а адтуль (1949г.) у Рым, дзе і па сённяшні дзень знаходзяцца ў базыліцы св. Пятра.

    Св. Язафат з'яўляецца прыкладам умілавання Касцёла і захавання яго адзінства. Часта ў сваім жыцці паўтараў, што прагне памерці за еднасць Касцёла, за Апостальскую Сталіцу і ўмілаванага Святога Айца. Пан Бог выслухаў яго малітву, а мучаніцтва св. Язафата стала прычынай навяртання праваслаўнага біскупа Сматрыцкага.

    Жаданне св. Язафата цалкам адпавядае «сучаснаму экуменізму», які абвяшчае ідэю з'яднання ў супольнай веры і любові. Імкнёмся ж і мы наследаваць яго адданасць і зробім пастанаўленні, што кожны з нас, па меры магчымасцяў, будзе чытаць частку Святога Ружанца, просячы аб еднасці ўсіх вызнаўцаў Хрыста.

    26 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНЫ КС. МЕЧЫСЛАЎ БАГАТКЕВІЧ

    З вопыту мы ведаем, якую вялікую ролю адыгрываюць у нашым жыцці ўказальнікі. Яны не толькі ўказваюць дарогу, але таксама ратуюць людзей, якія заблудзіліся, і накіроўваюць іх да мэты вандроўкі. Знішчаныя знакі альбо іх ігнараванне можа нават пагражаць смерцю. Маральнымі знакамі, якія вядуць людзей да збаўлення, з'яўляюцца Божыя запаведзі. Яны дазваляюць людзям аддзяліць дабро ад зла, цноту ад граху. Гэтыя знакі не ўсе людзі добра ведаюць, чытаюць і разумеюць. Пан Бог уліў у душу кожнага чалавека ўнутраны ўказальнік, які вядзе на шлях збаўлення. Гэтым унутраным указальнікам з'яўляецца сумленне чалавека.

    Сумленне - гэта ўнутраны голас, які падказвае нам, што добра і што дрэнна, ён хваліць нас за добрыя ўчынкі і абвінавачвае за дрэнныя. Пахвалою сумлення за добрыя ўчынкі становіцца ўнутраны супакой, а вымоваю - дакоры сумлення, якія вельмі часта вядуць людзей да навяртання. Сумленне - гэта ўнутраны, прыроджаны і паўсюдны голас. Каб яно было адпаведным, чалавек павінен фармаваць сваё сумленне згодна з Божым правам. Калі гэтага не робіць, у яго можа ўзнікнуць фальшывае сумленне і нават дваякае, што здараецца ў людзей, якія жывуць ненармальна. Чуллівае сумленне, далікатнае, уражлівае на розныя недасканаласці мелі святыя. Да такіх належаў кс. Мечыслаў Багаткевіч. Вось некаторыя моманты з яго жыцця.

    Благаслаўлёны кс. Мечыслаў Багаткевіч быў святаром Пінскай дыяцэзіі, але частку свайго жыцця і працы звязаў з Віленскай архідыяцэзіяй. Нарадзіўся 1 студзеня 1904 г. у маёнтку Крыкалы на віленскай зямлі, сын Станіслава і Юзэфы (з роду Зянкевічаў). Быў ахрышчаны ў парафіяльным касцёле ў Дунілавічах. Дзяцінства і маладосць правёў дома, дзе з дзяцінства выхоўваўся ў рэлігійнай і патрыятычнай атмасферы. Там прывілася любоў да Бога і павага да кожнага чалавека. Праз некалькі гадоў у апошнім з сваіх лістоў ён напіша: «Дзякую вам, дарагая мама, і вам, браты і сёстры, за ўсё. Не плачце па мне, а радуйцеся, што ваш нашчадак і брат здаў экзамен. (...) Усім маім ворагам прабачаю ад усяго сэрца, хацеў бы ім усім выслужыць неба».

    У сярэднюю школу хадзіў у в. Сітка каля Парафіянава. Пасля заканчэння яе вучыўся ў Будслаўскай гімназіі, потым у Докшыцах, а пасля ў Навагрудку. У Навагрудку паступіў у духоўную семінарыю, якая пазней была перанесена ў Пінск. Святарскія пасвячэнні прыняў 23 ліпеня 1933 г. Пасля пасвячэнняў распачаў працу ў Драгічыне над Бугам у якасці выхавацеля моладзі ў мясцовай Ніжэйшай духоўнай семінарыі. Адначасова працягваў вучобу ў Варшаўскім універсітэце. У перыяд з 1936 па 1939 гг. быў прэфектам гімназіі ў Лунінцы, дзе праявіў сябе як вельмі старанны педагог, добры святар, які мог прывабіць сэрцы маладых людзей.

    Пасля распачацця вайны ў верасні 1939 г. паехаў да свайго брата кс. Станіслава Багаткевіча, пробашча ў Пушках. Там даведаўся, што ў бліжэйшай парафіі Пеліканы няма святара. Ён накіраваўся туды і застаўся там да восені 1941 г., абслугоўваючы мясцовае насельніцтва: удзяляў святыя сакрамэнты, прамаўляў казанні, клапаціўся пра найбяднейшых.

    У лістападзе 1941 г. пераехаў у Дрысу, якая ўжо знаходзілася на тэрыторыі БССР і была пад нямецкай акупацыяй. Гады савецкага ўціску не знішчылі цалкам веры ў сэрцах людзей, таму што яны з радасцю віталі кс. Багаткевіча ў вернутай святыні. Кс. Багаткевіч з вялікім запалам распачаў абнаўленне парафіяльнага жыцця, але гэтая праца не падабалася акупантам. Гестапа выдала загад на арышт, аб чым яго тайна папярэдзілі святары з Друі. Аднак ён не зрабіў ніякіх спробаў дзеля ўратавання ўласнага жыцця. Быў арыштаваны 16 студзеня 1942 г. і зняволены ў браслаўскай турме. Праз некаторы час яго перавезлі ў глыбоцкую турму, дзе ўжо некалькі месяцаў знаходзіліся іншыя святары. Нягледзячы на намаганні глыбоцкага дзекана кс. Антонія Зянкевіча, святароў не ўдалося вызваліць. Было дазволена толькі на некаторы час іх шпіталізаваць. Каб не падвяргаць небяспецы жыццё іншых людзей, святары адмовіліся ад усялякіх спробаў ўцячы.

    Вечарам 2 сакавіка 1942 г. нямецкая паліцыя забрала кс. М. Багаткевіча і кс. С. Пыртка назад у турму, а на наступны дзень таксама і кс. У. Мацьковяка. Усіх змясцілі ў камеру смяротнікаў. Уначы перад экзекуцыяй святары паспавядаліся адзін у аднаго і адправілі Святую Імшу. У брэвіярах напісалі апошнія развітальныя словы да найбліжэйшых. Кс. Багаткевіч напісаў: «Іду сёння ноччу на смерць, я і мае сабраты з Іказні. Іду спакойна і маю ў Богу надзею, што маё цярпенне і кроў выслужаць мне збаўленне. Відавочна, такая Божая воля, бо мог бы ўцячы з Дрысы і з іншага месца таксама, але баяўся, каб Божая воля не была такім чынам зганьбавана і каб пазней падчас смерці не мець дакораў сумлення». Развітваючыся з найбліжэйшымі, не забыў таксама пра тых, сярод якіх вёў душпастырскую дзейнасць: «Маім сябрам як у пеліканскай, так і дрысенскай парафіі перадаю сардэчнае прывітанне і прашу іх аб малітве...».

    На світанні 4 сакавіка 1942 г. кс. М. Багаткевіч, кс. С. Пыртак і кс. У. Мацьковяк былі вывезены ў Беразвечча і там расстраляныя ў лесе Барок.

    Кс. Мечыслаў меў далікатнае і чулае сумленне. Уцёкі ад смерці ў такіх абставінах маральна дазволены. Аднак ён не пажадаў выкарыстаць гэта, каб пасля не мець дакораў сумлення, што не прыняў Божую волю.

    Чуллівае сумленне - гэта прывілей добрага чалавека і сведчыць яно таксама аб яго духоўным выхаванні. Сумленне з'яўляецца таксама аховаю ад лёгкіх грахоў і недасканаласцяў, гэта значыць ад такіх учынкаў, якія адбываюцца без удзелу нашай волі альбо датычаць дробных рэчаў.

    Такое сумленне мелі святыя людзі, таму рашаліся на гераічныя ўчынкі і ахвяры. Сумленне кс. Мечыслава стала прычынаю таго, што ён не хацеў уцякаць ад смерці, каб не супраціўляцца Божай волі. Гэта асаблівая якасць яго паслухмянасці Богу і ўзор для наследавання. Кіруймася ж усе далікатным і чуллівым сумленнем.

    27 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНАЯ С. ФЕЛІЦЫТА БАРАВІК

    Важную ролю ў жыцці чалавека выконвае цнота пакоры. Яна яднае людзей між сабою, з'яўляецца фундаментам узаемазгоды і супольнага жыцця, з яе нараджаюцца іншыя цноты, з яе таксама паўстае сяброўства, злучанае з ахвярнасцю для іншых. Аскетычныя пісьменнікі па-рознаму акрэсліваюць гэтую цноту. Яны гавораць, што пакора - гэта аднясенне сябе на далейшы план, каб пакінуць месца для іншых. Яны таксама гавораць, што пакора - гэта праўда аб самім сабе. Якім бы не было азначэнне пакоры, гэтая цнота будзе мець заўсёды вялікае значэнне для развіцця іншых цнотаў. Здаецца, што духоўнае развіццё чалавека немагчыма без цноты пакоры.

    Гэтая цнота праяўляецца ў кожнай сферы дзейнасці і працы чалавека, лёгка заўважаецца, а таксама ўсе яе хваляць. Такой цнотай у законным жыцці вызначалася благаслаўлёная с. Феліцыта Баравік.

    Благаслаўлёная сястра Феліцыта нарадзілася 30 жніўня 1905 г. у Рудне, што ў Люблінскім ваяводстве (Польшча). Бацькі - Лявон і Ганна (з роду Дашчук) - займаліся сельскай гаспадаркай. Ахрышчана была праз 9 дзён пасля нараджэння. Пасля смерці маці Паўлінаю і яе двума братамі заапекаваліся родныя. Дзяўчынка не хадзіла ў школу, дапамагала сваім апекунам па гаспадарцы і ў полі.

    Ціхая і нясмелая па натуры с. Феліцыта ўжо з малых гадоў вылучалася сталасцю і глыбокім рэлігійным жыццём. Яна належала да ІІІ закону св. Францішка і ружанцовага «кола».

    У супольнасць сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэту была прынята 4 сакавіка 1932 г. у Калішы. Разам з белым вэлюмам прыняла імя Феліцыта, што азначае «шчаслівая». Навіцыят прайшла ў Гродне, дзе 21 снежня 1935 г. склала першыя шлюбы. Пасля першых шлюбаў была накіравана ў Навагрудак, дзе працавала прыбіральшчыцай у інтэрнаце і ў доме сясцёр. Заўсёды з добрым настроем усё выконвала і не скардзілася на жыццё. Яе любілі сёстры і ўсё атачэнне. Кожны звяртаў увагу на яе ціхмянасць і пакору. Поўная пасвячэння і ахвярнасці, яна ўмела быць удзячнай за ўсё. Сястра Феліцыта пакінула незабыўны след ва ўспамінах сясцёр і жыхароў Навагрудка. Адна з сясцёр занатавала: «Ціхая і замкнёная пярлінка Назарэта. Праўдзівая абранніца Езуса Хрыста. Верна следавала канстытуцыі закону, захоўваючы пры гэтым дзіцячую прастату. Перад вачыма заўсёды мела Езуса, жыла сапраўдным духам малітвы. (...) Не клапацілася пра сябе і пакорна прымала ўсе слушныя ці няслушныя заўвагі».

    У часы, калі на тэрыторыі Заходняй Беларусі была ўстаноўлена савецкая ўлада, с. Феліцыта працавала прыбіральшчыцай у школе сясцёр, замененай новай уладай на савецкую. Сястра Дэадата Маркевіч напісала пра яе: «Пакорная, ціхая, забываючы аб сабе, шукала схаваных ахвяраў, нябачных людскімі вачыма, вядомых толькі адзінаму Богу, якім вельмі багатым павінна было быць яе жыццё. Акружэнне магло аб гэтым толькі здагадвацца. (...) Адданая малітве, паслухмяная, яна рабіла ўсё вельмі ціха, незаўважна. Трымала школу ў такім парадку, што можна было ўсюды глядзецца, як у люстэрка. Жыла як бы ва ўкрыцці - у цяні Божага крыжа. Крыж быў яе адзінай любоўю».

    Сястра Феліцыта не дачакалася вечных шлюбаў, але вельмі жадала іх скласці.

    Супрацьлегласцю пакоры з'яўляецца пыха, альбо празмернае ўзвышэнне сябе. Гэтая загана - прычына многіх непаразуменняў, зайздрасці і гневу паміж людзьмі. Яна знішчае таксама розную людскую дасканаласць, а нават малітву. Пан Езус асудзіў малітву ганарлівага фарысея і пахваліў пакорнага сотніка. У многіх людзей пыха з'яўляецца галоўнаю заганаю альбо прычынаю розных асабістых грахоў. Галоўную загану ў сабе мы можам пазнаць, задаючы пэўныя пытанні: які грэх найчасцей раблю ў жыцці, з якой прычыны гэта вынікае, што мне даецца найскладаней у жыцці, як зношу непрыемнасці і прыніжэнні. Атрыманыя адказы на гэтыя пытанні ўкажуць нам галоўную загану. Веданне галоўнай заганы аблегчыць чалавеку шлях да дасканаласці. Імкніцеся пазбягаць гэтай заганы і заўсёды жывіце ў праўдзе, развіваючы ў сабе цноту пакоры.

    28 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНАЯ C. БАРАМЕЯ НАРМАНТОВІЧ

    Шлях да дасканалага жыцця, указаны Панам Езусам, цяжкі і патрабуе шмат ахвяры. Перашкодаю на гэтым шляху з'яўляюцца асабістыя заганы чалавека, да якіх Святое Пісанне адносіць сквапнасць цела, сквапнасць вачэй, пыху. Гэтыя заганы, якія з'яўляюцца вынікам першароднага граху, цяжка ўтаймаваць, яны праяўляюцца ў розных жыццёвых абставінах.

    Іх процілегласцю з'яўляюцца цноты і шлюбы законныя, якія складаюць фундамент імкнення да дасканаласці. Праца па ўтаймаванні заганаў і развіцці цнотаў працягваецца ўсё жыццё. Таму некаторым людзям складана прыняць такое рашэнне на ўсё жыццё, аж да смерці, а асабліва выканаць прынятыя пастановы. Адсюль паходзяць розныя змаганні і ўнутраная барацьба з самім сабою. Такую ўнутраную барацьбу перажыла сястра Нармантовіч і перамагла ў ёй.

    Благаслаўлёная сястра Барамея нарадзілася 18 снежня 1916 г. у Верцялішках на Гродзеншчыне. Была ахрышчана 14 студзеня 1917 г. у парафіяльным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Яе бацькі належалі да так званай засцянковай шляхты, праўда, не мелі маёнтка, але культывавалі сямейныя шляхецкія традыцыі.

    Жыццё законніцы ў супольнасці Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэту Вераніка распачала 24 снежня 1936 г. у Гродне. Там жа, пасля навіцыяту, 5 жніўня ў 1939 г. склала першыя шлюбы. Ужо тады перад сёстрамі яна паказала сябе як асоба, якая «гарнулася да Бога і малітвы, імкнулася да дасканаласці, верная прадпісанням закону, працавітая, сумленная, далікатная і паслухмяная». Аднак некаторыя з сясцёр лічылі, што яна «была слабою фізічна, мела складаны характар, была замкнутая, высакамерная, цяжка падпарадкоўвалася загадам (...), а калі крыху не далікатна з ёй абыходзіліся, лічыла гэта прыніжэннем чалавечай годнасці, мела свецкія амбіцыі, - але дадавалі таксама, - ведала сама сябе і працавала над сабою...».

    У Навагрудак прыехала адразу пасля шлюбаў, прыкладна за месяц да пачатку вайны. Яна была самай маладой сястрой у навагрудскай супольнасці. Яе прыгажосць, яе маладосць, мілая ўсмешка, далікатнасць і лагоднасць, сардэчнасць і адначасова прыроджаная нясмеласць - гэта тыя асноўныя рысы, якія засталіся ў памяці жыхароў Навагрудка. Праз некалькі гадоў яны таксама ўспомняць яе апякунства і надзвычай цесны кантакт з дзецьмі, яе адкрытасць, шчырасць і праўдзівасць. Заўсёды была адданая кожнай справе, спагадлівая ў адносінах да сясцёр. Дапамагала ў пральні. Ціхая, спакойная і баязлівая, вельмі чынная і працавітая.

    Пасля распачацця ІІ сусветнай вайны і ўстанаўлення савецкай улады працавала прыбіральшчыцай у школе, а калі яе зачынілі дапамагала па гаспадарцы. Калі сёстры былі вымушаны пакінуць дом і пасяліцца асобна ў розных знаёмых, успаміналі, што с. Барамея ўспрыняла гэта вельмі балюча. І хоць праз пэўны час сёстры вярнуліся і пасяліліся разам у гаспадарчым доміку, гэтая сітуацыя моцна паўплывала на яе духоўнае жыццё. У сувязі з гэтым два разы яна выязджала з Навагрудка. Першы раз па просьбе бацькоў і са згоды настаяцельніцы ненадоўга паехала ў родныя Верцялішкі. Вярнуўшыся, напісала да сваёй выхавацелькі навіцыяту: «Штосьці мяне падштурхоўвае вярнуцца да сясцёр». Другі раз, летам 1943 г., калі яна расказала настаяцельніцы пра свае ваганні ў пакліканні, настаяцелька адправіла яе ў вёску да сяброў. Там сястра Барамея зразумела, якім вялікім дарам з'яўляецца законнае пакліканне. Яна вярнулася, удзячная настаяцельніцы за ўратаванне гэтага дару. З гэтага часу яна ўсё больш ахвярна служыла Богу, аж да дня сваёй мучаніцкай смерці. Можа, адчувала сваім вельмі ўражлівым, як гаварылі навагрудчане, сэрцам, што яна патрэбна Богу.

    Законнае жыццё нясе шмат духоўных радасцяў. Убоства вызваляе чалавека ад хцівасці, чыстасць скіроўвае нашыя думкі да Бога, а паслухмянасць лягчэй рэалізаваць у супольным жыцці. Выкананне законных шлюбаў вызваляе чалавека ад прыроджаных заганаў і яднае з Богам, які ёсць бязмежным шчасцем. Так назваў Бога старажытнагрэцкі філосаф Платон, які сказаў, што найшчаслівейшы на свеце Бог, а пасля Бога самы шчаслівы той, хто найбольш падобны да Бога.

    Чалавек становіцца падобным да Бога праз рэалізацыю сваіх пастановаў і іх выкананне. Падабенства да Бога гарантуе чалавеку сапраўднае шчасце і ўнутраны супакой сумлення. Давайце будзем часта маліцца, каб людзі зразумелі гэтую праблему і шукалі сапраўднага шчасця на шляху цнатлівага жыцця.

    29 кастрычніка

    СВЯТЫ МАКСІМІЛІЯН КОЛЬБЭ

    Святы Айцец Ян Павел ІІ у Апостальскім пасланні з нагоды распачацця новага тысячагоддзя піша, што адзначаемы Юбілей можна назваць сузіраннем Аблічча Хрыста, якога мы сустракаем як гістарычную постаць і як таямніцу Яго разнастайнай прысутнасці ў Касцёле. Гэтае азначэнне - выдатнае і гаворыць, што Юбілейны Год быў асаблівай магчымасцю звярнуць увагу на Хрыста і асэнсаваць Яго прысутнасць. Святы Айцец пералічвае розныя спосабы кантэмпляцыі Аблічча Хрыста. На першае месца ён ставіць праслаўленне Бога. З гэтага праслаўлення вынікае наш адказ на аб'яўленне Бога ў Хрысце. Юбілей дазволіў нам таксама адчуць блізкасць Бога і запоўніў прастору дзвюх тысяч гадоў з пачатку нашага збаўлення аж да сённяшняга часу. Блізкасць Бога дазваляе нам адчуць моц збаўлення і чыніць, што для грэшнага чалавека адчынены «брамы Божага Валадарства». Таму Юбілей быў няспынным адчуваннем Бога і ўсведамленнем Яго прысутнасці.

    Аскетычная тэалогія падае, што духоўнае жыццё чалавека - гэта звяртанне ўвагі на прысутнасць Бога і жыццё ў духоўнай лучнасці з Ім. Так жылі святыя. Усе распачатыя і выконваемыя імі чыны былі будаваннем Божага Валадарства на зямлі, а для іх - часам заслугаў.

    Да такіх людзей адносіўся св. Максіміліян Марыя Кольбэ. Нарадзіўся ён у Здуньскай Волі ў 1894 г. Будучы 14-ці гадовым хлопчыкам пастанавіў уступіць у закон св. Францішка. З гэтаю мэтаю адправіўся ў Львоў, дзе францішкане мелі Меншую Семінарыю. Пасля складання часовых шлюбаў быў скіраваны ў Рым, дзе атрымаў ступень доктара філасофіі з адзначэннем. Святарскія пасвячэнні атрымаў у 1918 г. За год да пасвячэнняў у Рыме заснаваў Рыцарства Беззаганнай для навяртання грэшнікаў і тых, хто не належыць да Касцёла. У 1919 г. атрымаў яшчэ адну доктарскую ступень, на гэты раз па тэалогіі, і вярнуўся ў Польшчу. Стаў выкладчыкам гісторыі Касцёла ў Кракаве. У апостальскай працы на першае месца ставіў друк і радыё, распачынаючы ад выдання розных часопісаў, лічба якіх з часам узрасла да 7. Выклікала гэта вялікія фінансавыя выдаткі, на якія ўлады закону не хацелі згадзіцца. Першыя грашовыя сродкі на выданне часопісаў М. Кольбэ сабраў у Кракаве, жабруючы на вуліцах. У 1922 г. з'явіўся першы нумар «Рыцара Беззаганнай». Спачатку часопіс выходзіў нерэгулярна з-за недахопу грошай. Слабы арганізм Максіміліяна і вандраванне па дажджы стала прычынай запалення лёгкіх і спынення працы. У сувязі са станам здароўя ён атрымаў загад пераехаць на працу ў Гродна, куды прыехаў 20 кастрычніка 1920 г. У Гродне было лепшае паветра, але горшыя ўмовы працы. Кошты выдання «Рыцара» ўзрасталі з-за адсутнасці ўласнай друкарні. Калі а. Максіміліян папрасіў айца правінцыяла аб грашовай дапамозе для пакупкі друкарні, атрымаў адказ: «Святы Францішак не меў друкарні, але стаў святым». Дзякуючы дзівосным шляхам Божага Провіду грошы на друкарню знайшліся і наклад «Рыцара» ў 1925 г. павялічыўся на 300 %. Умовы выдання ў Гродне былі цяжкімі і а. Максіміліян шукаў месца для развіцця друкарні. Любэцкі князь ахвяраваў яму для гэтага 5 гектараў поля ў вельмі выгодным месцы. У жніўні 1927 г. Максіміліян Кольбэ паехаў наведаць запраектаваны ўчастак і на голым полі паставіў фігурку Беззаганнай. Так узнік Непакалянаў, які стаў цэнтрам культу Беззаганнай па ўсім свеце.

    У 1930 г. а. Максіміліян звярнуўся да правінцыяла з намерам выехаць на місію ў Кітай і Японію. «Мае айцец грошы?» - запытаў правінцыял. «Не маю», - адказаў а. Максіміліян.

    - Ведае айцец японскую мову?
    - Не ведаю, але Беззаганная дапаможа.

    Правінцыял, не адважваючыся сам вырашаць, скіраваў гэтую справу ў Рым. А айцец генерал у Рыме даў на гэта дазвол. У Японіі а. Максіміліян звярнуўся да біскупа, прадставіў яму свае місійныя прапановы, а таксама выданне на японскай мове «Рыцара». Біскуп бачыў у гэтым вялікія цяжкасці, бо польскі алфавіт складаецца з 30 літар, а японскі налічвае 6000 розных знакаў. Нягледзячы на гэтыя цяжкасці у хуткім часе з'явіўся «Рыцар». Усе здзіўляліся гэтаму, але не здзіўляўся а. Максіміліян, ведаючы, што гэта справа Беззаганнай. Праз некаторы час тыраж «Рыцара» ў Японіі павялічыўся да 12 тыс. асобнікаў. Разам з развіццём выдавецтва а. Максіміліян пабудаваў японскі Непакалянаў, а калі ён быў ужо гатовы, а. Максіміліян меў намер адправіцца ў Індыю, каб пашыраць там культ Беззаганнай.

    Справа а. Максіміліяна ў Непакалянаве пачала распаўсюджвацца, выдавалася 7 часопісаў, самым папулярным быў «Малы дзённік». У Непакалянаве пабудавана 15 новых будынкаў, а тыраж «Рыцара» ўзрос да 700 тыс. экзэмпляраў.

    У 1936 г. а. Максіміліян пакідае Японію і вяртаецца ў Непакалянаў. У 1939 г. Непакалянаў налічваў 746 законнікаў. У такіх умовах кошты ўтрымання кляштара былі вельмі вялікія, а з моманту распачацця вайны яшчэ большыя.

    17 лютага 1941 г. а. Максіміліяна арыштавалі разам з 4 іншымі айцамі. Вывезлі ў канцэнтрацыйны лагер у Асвенціме і прызначылі на дрэваапрацоўку. Пасля ўцёкаў з лагера аднаго з вязняў, на смерць у бункеры смерці было асуджана 10 вязняў. Смяротны лёс выпаў на Гаёвнічка, сяржанта з 56-га пяхотнага палка. Айцец Максіміліян папрасіўся пайсці на смерць за Гаёвнічка. Асуджаным знялі турэмную вопратку. Усе пайшлі ў блок 11, дзе знаходзіўся бункер смерці. Апошнім ўвайшоў а. Максіміліян. Праз 2 тыдні з бункера не было чутно ніякіх галасоў, не было ані нараканняў, ані праклёнаў, панавала ціша. Даносіліся галасы малітвы, аж нарэшце сціхлі. Вязні паміралі на бетоне, айцец Максіміліян сядзеў і быў прытомны. Лагерны кат Бок увайшоў у бункер, каб дабіць ахвяраў. Айцу Максіміліяну ён зрабіў укол з фенолавай кіслаты. Праз хвіліну а. Максіміліян памёр. Цела было спалена ў крэматорыі, а попел развеяны на чатыры бакі свету.

    Па загаду Кангрэгацыі Абрадаў у Падуі ў 1947 г. распачаўся працэс беатыфікацыі, пазней адбыліся дадатковыя працэсы ў Варшаве, Нагасакі і Рыме. Працягваліся яны да 1952 г. і закончыліся дэкрэтам «Аб гераічнасці цнотаў», выдадзеным Кангрэгацыяй. 17 кастрычніка 1971 г. Святы Айцец Павел VІ абвясціў а. Максіміліяна благаслаўлёным і залічыў да ліку вызнаўцаў, а Святы Айцец Ян Павел ІІ кананізаваў яго 10 кастрычніка 1982 г. і залічыў да шэрагу святых мучанікаў.

    Святы Максіміліян з'яўляецца мучанікам ХХ стагоддзя і так, як Пан Езус, аддаў жыццё за іншых. Для нас ён з'яўляецца прыкладам гераічнага чыну і вялізарнай любові да бліжняга. Паказвае нам, што іншага чалавека можна зразумець толькі праз любоў і павагу, бо шлях насілля, знявагі і страху вядзе ў нікуды. Св. Максіміліян гаворыць сённяшняму свету, што павага да іншага чалавека, братэрства і пасвячэнне не з'яўляюцца толькі ідэяй утопіі, але могуць быць праўдзівымі і рэальнымі.

    30 кастрычніка

    БЛАГАСЛАЎЛЁНАЯ С. ІМЭЛЬДА ЖАК

    Чалавек створаны па вобразу і падабенству Божаму. Ён падобны да Бога сваім розумам і воляю. Аднак, гэтае падабенства частковае, абмежаванае сферамі пазнання і дзеяння. Пан Бог пазнае ўсё сваім неабмежаваным розумам і як усемагутны дзейнічае сваёю бясконцаю воляю. Пазнанне і дзеянне чалавека - абмежаваныя.

    Асаблівым чынам чалавек становіцца падобным да Бога праз асвячальную ласку, якая робіць яго дзіцём Божым і дае права на жыццё ў небе. Чалавек можа знішчыць гэтае падабенства да Бога праз цяжкі грэх, а развіваць - праз добрыя ўчынкі. Дзякуючы добрым учынкам, якія здзяйсняем, мы становімся сведкамі Божай прысутнасці сярод людзей, мы - «святло свету» і паказваем сваімі ўчынкамі «Божае аблічча». Заданнем Касцёла з'яўляецца ўказанне свету Хрыста ва ўсе гістарычныя эпохі. Святы Айцец у Апостальскім лісце «Уваходзячы ў новае тысячагоддзе» раіць, каб бляск аблічча Хрыста ззяў таксама і пакаленням новага тысячагоддзя.

    Благаслаўлёная с. Імэдьда сваім законным жыццём на розных пляцоўках указвала аблічча Хрыста і ўздзейнічала сваім спакоем на іншых.

    Благаслаўлёная сястра Імэльда нарадзілася 29 снежня 1892 г. у Асвенціме (Польшча), дзе 8 студзеня 1893 г. была ахрышчана ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Бацькі Ядвігі - Юзаф і Зоф'я з роду Зёра - былі даволі заможнымі людзьмі (бацька быў служачым). Пасля заканчэння шасці класаў народнай школы ў Асвенціме Ядвіга засталася ў бацькоўскім доме і займалася кравецтвам.

    13 мая 1911 г., у дзевятнаццацігадовым узросце Ядвіга ўступіла ў супольнасць Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэту ў Кракаве, дзе яе прыняла маці Рафаэла Любавіцкая. Пастулат праходзіла ў Вадавіцах, дапамагаючы ў шпіталі. Пазней ненадоўга выехала ў Вену. 22 кастрычніка 1911 г. распачала навіцыят у Альбана каля Рыма, прыняўшы манаскае імя Імэльда. Першыя шлюбы склала 15 жніўня 1913 г. і выехала на шэсць гадоў у Львоў, дзе працавала ў школе назарэтанак, а ў вольны час займалася павышэннем сваёй адукацыі. З чэрвеня 1914 г. працавала ў жаночай настаўніцкай семінарыі ў Львове.

    Ваенныя гады з 1914 па 1921 гг. былі не самым лёгкім часам для сясцёр. Вучоба ў назарэтанскай школе, як і ў іншых школах Львова, некалькі разоў перарывалася. У 1920 г. сястра Імэльда пакінула Львоў і выехала ў Рым, дзе 23 студзеня 1921 г. склала вечныя шлюбы.

    Пасля вяртання на радзіму ў снежні 1922 г., здала экстэрнам экзамен сталасці ў Народнай настаўніцкай семінарыі ў Шамборы. Чарговымі месцамі яе працы былі: Варшава (працавала выхавацельніцай у інтэрнаце і праводзіла заняткі па геаграфіі), Стрый і Гродна (настаўнічала ў агульнаадукацыйнай школе і гімназіі), а таксама Лукаў (працавала выхавацельніцай хлопчыкаў у сіроцкім доме і сакрыстыянкай у касцёле). У 1936 г. яна прыехала ў Навагрудак, дзе да пачатку ІІ сусветнай вайны настаўнічала ў агульнаадукацыйнай школе.

    Пасля таго, як выбухнула вайна і ў сясцёр забралі школу, сястра Імэльда асабліва апекавалася Фараю, выконваючы там функцыі сакрыстыянкі. Навагрудчане з цеплынёю ўспамінаюць сястру Імэльду як сакрыстыянку, якая ўсё сэрца аддавала святыні, упрыгожваючы яе алтары. Нягледзячы на цяжкія часы, яна да канца сумленна і адважна выконвала сваю паслугу.

    Была вельмі ўраўнаважаная ў экстрэмальных і рызыкоўных сітуацыях, сваім супакоем уплывала на іншых. Мела вельмі багаты ўнутраны свет і дар містычнай еднасці з Богам. Вылучалася глыбокаю пакораю і паставаю ўдзячнасці ў адносінах да Бога і людзей. Жыла ісцінаю, якую часта выказвала ў словах: «Аблічча законніцы - гэта адлюстраванне самаго Бога». З дня на дзень ўсё больш словам і дзеяннем, а таксама інтэнсіўнаю працаю над сабою і любоўю да бліжняга, яна выказвала сваю паслухмянасць Божай волі.

    Бог у сваёй неспасцігальнай міласэрнасці прыняў не толькі малітвы благаслаўлёнай сястры Імэльды, але прыняў таксама і дар яе жыцця.

    Сваё падабенства да Бога чалавек можа знішчыць дрэнным жыццём. Так здарылася ў жыцці пэўнага чалавека, якога вядомы італьянскі мастак Леанарда да Вінчы запрасіў пазіраваць, калі пісаў карціну «Апошняя Вячэра». На падставе яго твару мастак хацеў намаляваць твар Пана Езуса. Для таго чалавека гэта было асаблівай адзнакай і гонарам. З таго моманту прайшло некалькі гадоў. Леанарда зноў выйшаў на вуліцу і шукаў чалавека, з якога ён мог бы намаляваць твар Юды. Нарэшце сустрэў такога чалавека, запрасіў да сябе і на падставе выгляду яго твару пачаў пісаць твар Юды. Якім жа было яго здзіўленне, калі даведаўся, што гэта той жа самы чалавек, з якога некалькі гадоў назад маляваў Пана Езуса. Мы не ведаем лёсу таго чалавека, які выклікаў такія вялікія змены, што яго твар, падобны да твару Пана Езуса, стаў падобным да Юды.

    Давайце будзем так паводзіць сябе ў жыцці, каб у нас не адбыліся вялікія змены, і з падобных да Бога не сталі мы падобнымі да сатаны.

    31 кастрычніка

    СЛУГА БОЖЫ ЗЫГМУНТ ЛАЗІНСКІ, БІСКУП ПІНСКІ

    Заканчваецца кастрычнік і мы таксама заканчваем ружанцовае набажэнства. Хоць мы і перастанем на нейкі час сумесна маліцца на ружанцы ў касцёле, няхай ён застанецца нашай асабістай малітвай і - па меры магчымасці - нашай штодзённай малітвай. Няхай гэтая малітва стане нашай абаронай падчас розных жыццёвых цяжкасцяў, няхай ён захавае нас ад няшчасцяў і ўмацоўвае нас у даванні сведчання Хрысту. Давайце будзем настолькі перакананыя ў моц ружанцовай малітвы, як быў перакананы ў гэтым св. Ян Боска. У яго араторыі ў 1861 г. пасля ўдару маланкі ўзнік вялікі пажар. Араторыя была моцна знішчана. Пасля завяршэння рэстаўрацыі св. Яну параілі змясціць на будынку громаадвод. Св. Ян Боска, молячыся на ружанцы, замест громаадвода загадаў устанавіць фігурку Маці Божай і сказаў: «Вось мой громаадвод». Ведаем, якія вялікія справы здзяйсняў св. Ян Боска, дзякуючы святасці жыцця і адданасці Найсвяцейшай Маці.

    У ружанцовай малітве ў мінулым месяцы мы ўспаміналі тых, хто даваў сваім жыццём і мучаніцтвам сведчанне любові да Бога і чалавека. Нашы ружанцовыя разважанні заканчваем разважаннем пра сведчанне Слугі Божага пінскага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Гэта было сведчанне асабістай святасці, цярпення, а таксама надзвычай ахвярнай працы для Касцёла.

    Біскуп Зыгмунт Лазінскі нарадзіўся 5 чэрвеня 1870 г. у в. Бараціна, у былым Наваградскім ваяводстве. Ён быў ахрышчаны ў касцёле ў Навагрудку. Калі яму было 7 гадоў, бацькі прадалі маёнтак у Бараціне і купілі маёнтак каля Радзыміна пад Варшавай. Пачатковую адукацыю атрымаў дома, а пазней быў прыняты ў гімназію ў Варшаве. Са згоды бацькоў паехаў ў Пецярбург і, жывучы ў свайго дзядзькі кс. Чачота, атрымліваў далейшую адукацыю.

    Пасля атрымання атэстата сталасці паступіў у Пецярбургскую духоўную семінарыю. Праз два гады, заўважыўшы яго выключныя здольнасці, кіраўніцтва семінарыі перавяло яго ў мясцовую духоўную акадэмію. Зыгмунт Лазінскі закончыў яе са ступенню магістра тэалогіі. Атрымаў святарскія пасвячэнні 11 чэрвеня 1895 г.

    Святарскую паслугу распачаў як выкладчык Святога Пісання ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі. Пасля двух гадоў працы біскуп Сімон выклікаў Лазінскага, каб той дапамагаў яму ў працы і суправаджаў у пастырскіх візітацыях. У выніку канфлікту з царскім урадам быў сасланы на тры гады прымусовага прабывання ў кляштары ў Аглоне ў Латвіі. Пасля памілавання выконваў абавязкі вікарыя ў Смаленску, Туле і Рызе, а потым быў пробашчам у Воўчкавічах, Анопалі і Мінску. У 1907 г. для паглыблення тэалагічных ведаў выязджае ў Святую Зямлю, а затым у Рым.

    У працы быў нястомны: вучыў, выкладаў, аддаваўся душпастырскай працы сярод польскіх, літоўскіх, нямецкіх і латышскіх студэнтаў. Гадзінамі спавядаў і абвяшчаў пропаведзі, атуляючы асабліваю апекаю дзяцей. Ведаў 11 моваў. Працу спалучаў са шчыраю малітваю і пастаяннай аскезай.

    Святы Айцец Бенедыкт ХV у буле ад 2 лістапада 1917 г. менаваў яго мінскім біскупам. Мінская дыяцэзія была заснавана 15 лістапада 1798 г. Пасля студзеньскага паўстання дэкрэтам цара Аляксандра ІІ з 15 ліпеня 1869 г. яна была ліквідавана і далучана да Магілёўскай дыяцэзіі. Пасля падзення царызму Папа Бенедыкт ХV у 1917 г. аднавіў Мінскую дыяцэзію і яе біскупам менаваў кс. Зыгмунта Лазінскага. Біскупскую сакру кс. Лазінскі атрымаў 28 ліпеня 1918 г. у варшаўскай катэдры, а ўрачысты ўваход у мінскую катэдру адбыўся 14 жніўня 1918 г. У хуткім часе ён стварыў усе важнейшыя дыяцэзіяльныя структуры так, каб дыяцэзія магла функцыянаваць на ўзор паўсюднага Касцёла. Устанаўліваючы дыяцэзіяльныя структуры, выказаў велікадушнасць у адносінах да ўсіх народаў і напісаў да іх першы пастырскі ліст, заахвочваючы ўсіх да супрацоўніцтва. Прапанаваў усім арганізацыям і кіраўніцтву горада стварыць таварыства ўзаемнага паразумення і грамадскага ладу. У студзені 1919 г. напісаў пастырскі ліст да бацькоў і дзяцей, каб супраціўляліся навязваемай уладамі атэізацыі. Па гэтай прычыне яму пагражаў арышт і біскуп быў вымушаны пакінуць Мінск. Дыяцэзіяльныя структуры ў Мінску тады спынілі сваю дзейнасць. Пасля вяртання са сховішча біскуп нанова стварае дыяцэзіяльныя структуры, але неўзабаве яго арыштоўваюць савецкія ўлады. У маскоўскай турме знаходзіўся 9 месяцаў.

    Пасля ўстанаўлення граніц паміж Расіяй і Польшчаю ў 1921 г. значная частка Мінскай дыяцэзіі аказалася далучанай да Расіі. Вызвалены з турмы біскуп прыбывае ў Навагрудак, дзе ў трэці раз арганізоўвае дыяцэзіяльнае жыццё на астатніх землях Мінскай дыяцэзіі, якія былі далучаныя да Польшчы. У распараджэнні меў 65 святароў, якія працавалі ў 50 парафіях. Яго дзейнасць у Навагрудку ахоплівала сукупнасць касцёльна-грамадскіх справаў, мэтаю якіх было аб'яднанне ўсіх грамадскіх арганізацый на ўсходніх землях. Візітаваў парафіі, арганізаваў курыю і ахапіў душпастырскай апекай таксама і тых вернікаў, якія засталіся ў Расіі.

    28 кастрычніка 1925 г. быў менаваны біскупам ардынарыем наовастворанай Пінскай дыяцэзіі. Калі адбываўся ўрачысты ўваход у пінскую катэдру, незлічоныя натоўпы людзей усіх нацыянальнасцяў і веравызнанняў горача віталі яго.

    Пінская дыяцэзія налічвала звыш 1400000 жыхароў, было ў ёй 133 парафіі, 47 філій, працавалі 154 дыяцэзіяльныя і 9 законных святароў. На пачатку душпастырства ў Пінску першы біскуп ардынарый арганізоўвае, ужо ў чацвёрты раз, дыяцэзіяльную курыю, затым адчыняе Вышэйшую духоўную семінарыю і ўстанаўлівае катэдральную капітулу. Дзеля захавання цвярозасці сярод вернікаў дыяцэзіі стварыў брацтва па ўстрыманні ад алкаголю і напісаў для яго спецыяльны статут.

    З вялікім клопатам дбаў аб развіцці місійнай паставы святароў і свецкіх, арганізоўваў супольныя сустрэчы для каталіцкіх святароў і святароў іншых веравызнанняў. Плёнам гэтых сустрэч быў пераход каля 6 тысячаў праваслаўных на каталіцтва. 31 снежня 1931 г. ён стварыў у Пінску дыяцэзіяльны Інстытут Каталіцкай Акцыі, задачай якога было кіраўніцтва і развіццё Каталіцкай Акцыі ў дыяцэзіі. Заахвочваў святароў уступаць у Апостальскую унію, мэта якой - фарміраванне святасці жыцця святароў.

    Найважнейшай ініцыятывай біскупа было скліканне і правядзенне дыяцэзіяльнага Сінода, які пачаўся 5 верасня 1929 г. Падрыхтоўка да Сіноду ішла на працягу 2 гадоў. У рэдакцыйнай камісіі Сіноду працавалі 64 святары. Рэфераты камісіі аналізаваў і выпраўляў сам біскуп. На жаль, хвароба біскупа не дазволіла яму закончыць усе легіслатыўныя працы. Пастановы Сіноду ажыццявіў яго наступнік біскуп Казімір Букраба.

    Біскуп Зыгмунт працаваў без перадыху. На адпачынак вызначаў 4-5 гадзін у суткі. Дабравольна практыкаваў аскетычнае жыццё, часта спаў на падлозе, яго пакой быў вельмі бедны, без непатрэбных выгодаў, часта без ацяплення, строга захоўваў пасты і заахвочваў да гэтага святароў. У сакавіку 1932 г. біскуп Лазінскі цяжка захварэў, вытрымаў дзве складаныя аперацыі, просячы, каб яму не давалі абязбольваючых лекаў. Перад смерцю сказаў аднаму са святароў: «Памятай, калі я засну, то разбудзі мяне, каб не праспаў такой цудоўнай хвіліны, якой з'яўляецца смерць». Памёр у Вялікую суботу 26 сакавіка 1932 г. За некалькі дзён перад смерцю напісаў да вернікаў дыяцэзіі ліст пад назваю «Ліст з таго свету». У гэтым лісце ён прасіў дыяцэзіянаў, каб засталіся вернымі Пану Богу, а ён будзе іх заступнікам у небе. Яго цела спачывае ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай пры ўваходзе ў пінскі катэдральны касцёл.

    У 1957 г. у Рыме быў распачаты працэс яго беатыфікацыі, які і працягваецца да гэтага часу. Для абвяшчэння біскупа Зыгмунта Лазінскага благаслаўлёным і патрэбны ласкі, атрыманыя праз яго пасрэдніцтва. Молімся ў гэтых інтэнцыях, каб Бог праз вусны Папы абвясціў яго святым. Таму трэба часцей маліцца на ружанцы, а пра атрыманыя ласкі праз заступніцтва Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага належыць паведаміць у біскупскую курыю ў Пінску (вул. Леніна, 18). Можна паведаміць таксама свайму пробашчу з просьбаю перадаць гэтую інфармацыю ў біскупскую курыю.

     

    Publishing House PRO CHRISTO
    Copyright © 2003 PRO CHRISTO
    Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
    без якіх-небудзь зменаў,
    з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.