Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
evden eve nakliyat goztepe evden eve nakliyat bostanci evden eve nakliyat acibadem evden eve nakliyat erenköy evden eve nakliyat yakacık evden eve nakliyat
 

СТАТУТ ПРАВОЎ СЯМ'І

Уступ
Сцвярджаючы, што:
Артыкул 1

Кожны чалавек мае права свабодна выбіраць свой жыццёвы шлях, а гэта значыць заключаць сужэнскі саюз і ствараць сям'ю, альбо заставацца вольным.

а) кожны мужчына і кожная жанчына пасля дасягнення адпаведнага ўзросту для сужэнства, і якія маюць неабходныя для гэтага здольнасці, маюць права да аб'яднання і стварэння сям'і без аніякай дыскрымінацыі; законныя абмежаванні гэтага права, пастаянныя, ці часовыя, могуць быць уведзены толькі тады, калі вынікаюць з аб'ектыўных і сур'ёзных патрабаванняў самой установы сужэнства, а таксама яго публічнага і грамадскага значэння; у кожным выпадку яны павінны шанаваць годнасць і асноўныя правы чалавека;
б) тыя, хто мае намер пажаніцца і стварыць сям'ю, маюць права спадзявацца ад грамадства забеспячэння ім такіх маральных, выхаваўчых, сацыяльных і эканамічных умоў, якія дазволяць ім з усёй свядомасцю і адказнасцю рэалізаваць права на сужэнства;
в) афіцыйная ўлада павінна падтрымліваць вартасць сужэнства як установы; пазашлюбныя саюзы не могуць быць на адзіным узроўні з сужэнствамі, заключанымі правамоцна.

Артыкул 2

Сужэнства можа быць заключана толькі дабравольна і па ўзаемнай згодзе.

а) належным чынам ацэньваючы традыцыйную ў многіх культурных колах ролю сям'і ў кіраванні рашэннямі дзяцей, трэба пазбягаць усякага прымусу, які б перашкаджаў выбіраць пэўную асобу ў якасці мужа, ці жонкі;
б) будучыя муж і жонка маюць права рэлігійнай свабоды; таму патрабаванне адыходу ад веры, альбо змены веравызнання неадпаведна сумленню, пастаўленае як умова для заключэння сужэнства, з'яўляецца парушэннем гэтага права;
в) у натуральным узаемадапаўненні мужчына і жанчына ў сужэнстве карыстаюцца аднолькавай павагай і маюць роўныя правы.

Артыкул 3

Мужу і жонцы належыць нязменнае права ствараць сям'ю і вырашаць калі і колькі нараджаць дзяцей, улічваючы цалкам уласныя абавязкі, абавязкі ў адносінах да дзяцей, сям'і і грамадства, захоўваючы адпаведную іерархію згодна з натуральным маральным парадкам, які выключае антыканцэпцыю, стэрылізацыю і аборты;

а) ініцыятывы афіцыйных уладаў, ці арганізацый, скіраваныя на абмежаванне любым чынам свабоды сужонкаў у прыняцці рашэння аб патомстве, з'яўляюцца вялікай абразай чалавечай годнасці і справядлівасці;
б) у міжнародных адносінах эканамічная дапамога, якая выдзяляецца для развіцця народаў, не павінна трапляць у залежнасць ад прыняцця праграм антыканцэпцыі, стэрылізацыі, ці абортаў;
в) сям'я мае права разлічваць на дапамогу ад грамадства ва ўсім, што звязана з нараджэннем і выхаваннем дзяцей. Шматдзетныя сем'і маюць права атрымліваць адпаведную дапамогу і не павінны быць дыскрымінаваны.

Артыкул 4

Чалавечае жыццё з самага пачатку, несумнненна патрабуе клопату і пашаны.

а) аборт з'яўляецца непасрэдным парушэннем асноўнага права кожнай людской істоты - права на жыццё;
б) павага чалавечай годнасці выключае якія-небудзь эксперыментальныя маніпуляцыі, звязаныя з чалавечым эмбрыёнам, а таксама выкарыстанне яго ў іншых мэтах;
в) кожнае ўмяшанне ў генетычную спадчыну чалавека, мэтай якога не з'яўляецца карэкціроўкі анамалій, супярэчыць праву на фізічную непарушнасць і супярэчыць дабру сям'і;
г) дзеці маюць права на абарону і спецыяльную апеку, як да нараджэння, так і пасля; гэта датычыць і маці ў перыяд цяжарнасці і - у зразумелых межах - пасля родаў;
д) усе дзеці, незалежна ад таго, ці нарадзіліся ў шлюбным, ці ў пазашлюбным саюзе, маюць аднолькавыя правы на сацыяльную апеку і поўнае развіццё сваёй асoбы;
е) сіроты, а таксама дзеці, пазбаўленыя бацькоў ці апекуноў, заслугоўваюць на асаблівы клопат з боку грамадства. Па пытаннях адаптацыі, або прыняцці дзяцей на выхаванне іншымі сем'ямі, дзяржава павінна ўвесці адпаведныя юрыдычныя законы, якія дапамогуць сем'ям, што могуць прыняць такіх дзяцей, назаўсёды, ці часова, і законы, якія будуць улічваць правы бацькоў;
ё) недаразвітыя дзеці маюць права на тое, каб дома і ў школе былі створаны ўмовы, якія спрыялі б іх развіццю.

Артыкул 5

Бацькі, паколькі яны далі жыццё дзецям, маюць першаснае нязменнае права і пяршынства ў выхаванні патомтсва, таму павінны быць прызнаны першымі і галоўнымі яго выхавацелямі.

а) бацькі маюць права выхоўваць дзяцей згодна са сваімі рэлігійнымі і маральнымі поглядамі, з улікам культурных традыцый сям'і, што спрыяюць дабру і годнасці дзіцяці; павінны таксама атрымліваць ад грамадства адпаведную дапамогу і падтрымку, неабходную для рэалізацыі ролі выхавацеляў.
б) бацькі маюць права свабоднага выбару школы, ці іншых, неабходных для фарміравання дзяцей, устаноў згодна з уласнымі перакананнямі. Афіцыйная ўлада павінна ўсё рабіць так, каб падзел дзяржаўных датацый сапраўды даў магчымасць бацькам карыстацца гэтым правам, і не ствараць для іх непатрэбных цяжкасцяў. Бацькоў не павінны ўскосным чынам, альбо непасрэдна змушаць да дадатковых выдаткаў, што з'яўлялася б несправядлівай перашкодай, ці абмежаваннем магчымасці карыстання з гэтага права.
в) бацькі маюць права забараніць дзецям наведваць тыя школы, якія не адпавядаюць іх уласным маральным і рэлігійным поглядам. Асабліва гэта датычыць сексуальнага выхавання, якое з'ўляецца асноўным правам бацькоў і якое павінна весціся заўсёды пад іх клапатлівым кіраўніцтвам, як дома, так і ў выхаваўчых установах, выбраных і кантралюемых імі самімі.
г) правы бацькоў парушаюцца, калі дзяржава навязвае абавязковую сістэму выхавання, у якой цалкам адсутнічае рэлігійная фармацыя.
д) асноўнае права бацькоў на выхаванне дзяцей павінна падтрымлівацца рознымі формамі супрацоўніцтва паміж бацькамі і настаўнікамі, а таксама дырэкцыяй школы, і асабліва праз удзел грамадзян у жыцці школы, а таксама ў тым, што датычыць вызначэння і рэалізацыі выхаваўчай палітыкі.
е) сям'я мае права патрабаваць, каб сродкі масавай інфармацыі былі станоўчым інструментам у будаўніцтве грамадства і каб яны падтрымлівалі асноўныя каштоўнасці сям'і. Сям'я адначасова мае права на адпаведную абарону, і асабліва на абарону сваіх дзяцей ад адмоўных ўплываў і злоўжыванняў з боку сродкаў масавай інфармацыі.

Артыкул 6

Сям'я мае права існаваць і развівацца як сям'я.

а) афіцыйная ўлада павінна прызнаваць і падтрымліваць годнасць, сапраўдную незалежнасць, інтымнасць, інтэгральнасць і нязменнасць кожнай сям'і.
б) развод парушае сам інстытут сужэнства і сям'і.
в) сістэма вялікай сям'і, там, дзе яна існуе, павінна мець пашану і апеку, каб магла найлепш выконваць свае традыцыйныя функцыі ў сэнсе салідарнасці і ўзаемадапамогі пры адначасовай павазе невялікіх сем'яў і годнасці кожнага з яе членаў як асобы.

Артыкул 7

Кожная сям'я мае права на свабоду арганізацыі рэлігійнага жыцця ў гроне сваёй сям'і пад кіраўніцтвам бацькоў, а таксама мае права на публічнае вызнанне і прапаведванне сваёй веры, на ўдзел у публічным кульце, а таксама на вольны выбар праграм рэлігійнага выхавання, без аніякай дыскрымінацыі.

Артыкул 8

Сям'я мае права выконваць свае грамадскія і палітычныя функцыі ў будаўніцтве грамадства.

а) сем'і маюць права аб'ядноўвацца з іншымі сем'ямі і ўстановамі з мэтай адпаведнага і адказнага выканання сваіх задач, а таксама з мэтай абароны правоў сям'і, падтрымкі яе дабра і прадстаўлення яе інтарэсаў.
б) сем'і і іх аб'яднанні павінны мець гарантаванае права на выкананне адведзенай ім ролі ў падрыхтоўцы і рэалізацыі эканамічных, сацыяльных, юрыдычных і культурных праграм, якія маюць уплыў на сям'ю.

Артыкул 9

Сем'і маюць права чакаць ад афіцыйных уладаў адпаведнай сямейнай палітыкі, без дыскрымінацыі, у сферы прававых, гаспадарчых, сацыяльных і фінансавых пытанняў.

а) сем'і маюць права на такія эканамічныя ўмовы, якія змогуць гарантаваць такі ўзровень жыцця, які адпавядае іх годнасці, і поўнае развіццё. Нельга іх пазбаўляць права набываць і валодаць прыватнай маёмасцю, якая б спрыяла стабілізацыі сямейнага жыцця; правы адносна прыняцця ў спадчыну і перадачы маёмасці павінны ўлічваць патрэбы і правы членаў сям'і.
б) сем'і маюць права спадзявацца, што грамадства, улічваючы іх патрэбы, забяспечыць ім аказанне дапамогі ў надзвычайных сітуацыях, такіх, як, напр., заўчасная смерць аднаго ці абодвух бацькоў; калі адзін з бацькоў пакіне сям'ю; у выпадку аварый, хвароб, ці інваліднасці, беспрацоўя, альбо тады, калі на сям'ю ўскладаецца дадатковы цяжар, звязаны са старасцю, фізічнай, ці разумовай недаразвітасцю аднаго са сваіх членаў, ці таксама ў сувязі з выхаваннем дзяцей.
в) старыя людзі маюць права на гарантаванае месца ў сваёй сям'і, альбо, калі гэта немагчыма, у адпаведных установах, дзе змогуць дажываць спакойна сваю старасць, займаючыся пасільнай працай, і прымаючы ўдзел у грамадскім жыцці.
г) правы і патрэбы сям'і, а асабліва каштоўнасць сямейнай еднасці, павінны карыстацца павагай з боку палітыкі і судовага заканадаўства такім чынам, каб асуджаныя мелі магчымасць падтрымліваць сувязь са сваімі сем'ямі, а сем'і, у выпадку асуджэння аднаго з іх членаў, мелі неабходную падтрымку.

Артыкул 10

Сем'і маюць права мець такую грамадскую і эканамічную сістэму, у якой арганізацыя працы спрыяе сумеснаму перажыванню членаў сям'і і не пагражае еднасці, шчасцю, здароўю і стабільнасці ў сям'і і адначасова гарантуе магчымасць здаровага адпачынку.

а) заработная плата павінна быць дастатковай для стварэння і годнага ўтрымання сям'і, ці то ў выглядзе адпаведнага заробку («сямейны заробак»), ці ў выглядзе іншых сацыяльных сродкаў, (напр., дапамога на сям'ю, узнагарода за хатнюю працу аднаго з бацькоў); яна павінна быць такой, каб маці не была вымушана працаваць па-за домам, што дрэнна ўплывае на сямейнае жыццё і асабліва на выхаванне дзяцей.
б) неабходна прызнаць і паважаць хатнюю працу маці, улічваючы карысць, якую прыносіць яна сям'і і грамадству.

Артыкул 11

Сям'я мае права на жыллё, якое адпавядала б нормам сямейнага жыцця, з улікам колькасці яе членаў, і размешчанае ў месцы, дзе маюцца ўсе ўмовы, неабходныя для жыцця сям'і і супольнасці.

Артыкул 12

Сем'і эмігрантаў маюць права на такую ж сацыяльную абарону, якая належыць іншым сем'ям.

а) сем'і эмігрантаў маюць права на шанаванне сваёй культуры, а таксама на падтрымку і апеку, неабходную для іх уваходу ў супольнасць, у якую ўносяць свой уклад.
б) эмігранты, якія працуюць у якой-небудзь краіне, маюць права як мага хутчэй перавесці свае сем'і на месца свайго побыту.
с) бежанцы маюць права чакаць ад афіцыйнай улады і міжнародных арганізацый дапамогі для аб'яднання са сваімі сем'ямі.

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.