Кс. Станіслаў Рыжко пасля заканчэння сярэдняй школы ў Брэсце вывучаў філасофію і тэалогію ў Пінску (1928–34). Пасля святарскага пасвячэння ў 1934 г. працаваў у Пінскай дыяцэзіі аж да 1949 г., калі быў сасланы ў Сібір. Пасля вяртання з Сібіры, пачынаючы з 1956 г., праводзіў апостальскую дзейнасць у гэтай жа дыяцэзіі да самай смерці (1984 г.). Пахаваны на могілках у Лагішыне пад Пінскам. 12 мая 2001 г. у лагішынскім касцёле асвечана памятная шыльда, як знак памяці пра кс. Станіслава Рыжко . Кс. Станіслаў Рыжко з’яўляецца аўтарам дзвюх кніг: «Kronika kościoіa rzymskokatolickiego w Łahiszynie. Listy i notatki z lat 1956–1984» («Летапіс рыма-каталіцкага касцёла ў Лагішыне. Лісты і нататкі. 1956–1984 гады»), Варшава, 1995 г. (298 с.), і «Trzeba zostać» («Трэба застацца)»), Люблін, 1999 г. (369 с.). Пасля смерці аўтара падрыхтаваў кнігі да выдання яго брат кс. Зыгмунт Рыжко fDP. Яны ўяўляюць сабою збор сведчанняў выпускніка Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, у якую Станіслаў Рыжко паступіў на трэцім годзе яе існавання, г. зн. у 1928 г., і аказаўся пад выхаваўчым уплывам Слугі Божага біскупа Зыгмута Лазінскага да 1932 г., г. зн. да смерці біскупа. Кантакты са Слугой Божым аказалі значны ўплыў на жыццё кс. Станіслава Рыжко, які нават праз многія гады (прыблізна 30) з удзячнасцю ўспамінаў пра іх. |
Кс. Станіслаў Паўліна fDP, аўтар дадзенай публікацыі і іншых артыкулаў, прысвечаных Слузе Божаму біскупу Зыгмунту Лазінскаму, якія друкаваліся на старонках «Каталіцкіх навінаў», з’яўляецца пробашчам катэдральнай парафіі ў Пінску, і тым самым – «вартаўніком» тленных астанкаў Слугі Божага, якія захоўваюцца ў Пінскай катэдры. Па яго ініцыятыве ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі адбыўся кангрэс, прысвечаны Слузе Божаму біскупу Зыгмунту Лазінскаму. |
Кс. біскуп Зыгмунт Лазінскі кіраваў спачатку Мінскаю дыяцэзіяй (1917–1925 гг.), а затым Пінскаю (1925–1932). Памёр у стане святасці. У сучасны момант адбываецца працэс беатыфікацыі.
Ксёндз біскуп і семінарысты
Ксёндз біскуп Зыгмунт Лазінскі, ардынарый Пінскай дыяцэзіі і выкладчык, жыў у будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі, таму алюмны сустракаліся са сваім кіраўніком вельмі часта1.
Пры спатканні з кс. біскупам віталіся: «Няхай будзе пахвалёны Езус Хрыстус!»2, а размова пачыналася са зварота «Prosze Pasterza...» альбо «Prosze Ojca...». «Калі хто-небудзь звяртаўся да ксяндза біскупа «Эксцэленцыя», то гучала гэта неяк па-чужому»3.
Спатканні з алюмнамі мелі характар не столькі «суседскі», колькі айцоўскі - выхаваўчы, напоўнены вялікім клопатам пра іх.
Кс. біскуп часам у індывідуальнай размове звяртаўся да алюмна па імені4; браў пад руку і запрашаў да размовы, садзячы алюмна побач з сабою, напрыклад, на лаўцы ў семінарыйным садзе5; даручаў якую-небудзь сакратарскую працу ў сваім пакоі6; браў з сабою ў паездку на маторцы па возеры ад Пінска да Зарэчча7; на кананічныя візітацыі8 і парафіяльныя ўрачыстасці9. Калі была ў тым неабходнасць, умела абараняў алюмна, не прыніжаючы аўтарытэту таго, хто «нападаў»10.
Знаходзячыся паміж алюмнамі, расказваў пра розныя здарэнні альбо прачытаныя ісціны і суадносіў іх з сабою11. Можна сказаць, што ён вучыў алюмнаў разважаць над фактамі, з'явамі і апісаннямі.
Меў пачуццё гумару
Кс. біскуп быў вясёлым чалавекам. «Любіў жартаваць і любіў тых, хто ўмеў падтрымліваць вясёлы настрой»12. Вось некалькі прыкладаў:
Здарылася так, што клерык купіў занадта дарагія білеты ад Брэста да Пінска. Адзін з ксяндзоў пралатаў з-за гэтага накрычаў на яго ў цягніку. Кс. біскуп разрадзіў сітуацыю, сказаўшы: «Не крычы на яго. Ён быў абавязаны да рэстытуцыі - ехаў калісьці другім класам, а меў білет у трэці». Усе гучна засмяяліся. Сапраўды, некалькі дзён назад кандуктар угаварыў кс. біскупа, які ехаў з гэтым клерыкам, перайсці з вагона трэцяга класа ў вагон другога класа13, і кс. біскуп, напэўна, звярнуўся да таго факта, але выкарыстанне гэтай прыгоды для разрадкі сітуацыі, што ўзнікла паміж пралатам і клерыкам, было па ўсіх мерках дасціпным, сяброўскім і добразычлівым.
Аднойчы напрыканцы кананічнай візітацыі парафіі на вячэру запрасіў да сябе адзін граф, які быў нежанатым. У сваёй прамове ён адзначаў добрыя якасці кс. біскупа, паўтараючы, што ён з'яўляецца ўзорам для наследавання. Кс. біскуп у адказ спачатку гаварыў сур'ёзна, а затым, звяртаючыся да выказванняў графа, заахвоціў яго, каб той даў прыклад такога наследавання і «паступіў у семінарыю, стаў святаром і біскупам. Усе пачалі пляскаць у далоні і гучна засмяяліся»14.
Неяк, падчас заняткаў кс. біскуп выклікаў да дошкі аднаго з клерыкаў і загадаў яму напісаць лацінскае слова «seni»*, а затым спытаў, што яно азначае. Клерык, адчуўшы, што галава ў яго абсалютна пустая, просячымі вачыма шукаў дапамогі ў калег. Адзін з іх, «растапырыў пяць пальцаў і прыклаў да іх шосты з другой рукі. «Растапыраны», - адказаў клерык... Уся аўдыторыя зайшлася ад смеху. Смяяўся і кс. біскуп, ды так, што ў яго нават зваліліся акуляры»15.
Клапаціўся аб пакліканых Богам да святарства
Кс. біскуп прымаў у семінарыю малодшых і старэйшых хлопцаў, часам мужчын сталага ўзросту, а таксама тых, якіх выгналі з іншых семінарый16. Прымаў таксама і тых, хто праяўляў прыкметы паклікання... хоць яны і не ведалі лацінскай мовы17. У той жа час браў на сябе клопат суправаджаць іх (падчас вучобы), выстаўляючы патрабаванні і прадастаўляючы ўмовы, неабходныя для іх выканання.
Ён дбаў пра кантакты з клерыкамі ад першых дзён знаходжання іх у семінарыі, хацеў добра ведаць іх18 і суправаджаць на шляху рэалізацыі паклікання. Пра прынятага хлопца, незнаёмага з лацінай, памятаў і, без яго просьбы, даручаў другому алюмну, каб той дапамагаў яму ў вывучэнні гэтай мовы19 і г. д.
Яго засмучвала, калі алюмн адмаўляўся ад працы над сабою, што ў выніку прыводзіла да пакідання дарогі паклікання і семінарыі. Стараўся ўнікнуць у гэтае «новае небяспечнае жыццё» алюмна, зразумець яго прычыны і, мажліва, уберагчы ад памылковага рашэння. Кожны алюмн - як лацінскага, так і ўсходняга абраду - быў для кс. біскупа скарбам20.
Цікавіўся здольнасцямі і інтарэсамі алюмнаў
Кс. біскуп прымаў штогадовыя экзамены, каб атрымаць сваё ўражанне пра здольнасці алюмнаў і, магчыма, абмяняцца з выкладчыкамі семінарыі думкамі аб экзаменаваных. Так можна меркавацьпа наступным запісе: «Экзамен па філасофіі за першы год я здаваў прафесару кс. пралату Вінцэнту у прысутнасці кс. біскупа Зыгмунта Лазінскага. Кс. біскуп спытаўся пра «Капітал» Маркса. Здаецца, адказам ён быў задаволены. Кс. пралат Гебартоўскі памятаў пра гэта, і пасля заканчэння курса філасофіі паставіў мне адны пяцёркі, хоць адказваў я даволі слаба»21.
Цікавілі яго таксама навуковыя інтарэсы алюмнаў22. Відавочна, што ён выбіраў кандыдатаў для далейшай вучобы на радзіме альбо за мяжою, памятаючы пра свой навуковы шлях і патрэбы дыяцэзіі.
Дбаў пра здароўе алюмнаў
Агульнавядома, што для здароўя важнае значэнне мае харчаванне. «А між тым у першыя гады дрэнна было з ежаю. Сухі хлеб і чорная кава, часам забеленая малаком, - гэта было сняданнем. Але на тое, што прыкладам служыў кс. біскуп Лазінскі, не памятаю нараканняў»23. «Аднойчы, - успамінае кс. Рыжко, - я спазніўся (бо служыў на Святой Імшы) і застаў кс. біскупа за сталом выкладчыкаў. Павітаўшы кс. біскупа, я ўзяў хлеб і каву і сеў за адзін з нашых сталоў. Раптам падышоў да мяне кс. біскуп з талеркаю, на якой ляжалі лустачкі каўбасы ці нейкай вяндліны, якую ён узяў са стала выкладчыкаў, і пачаставаў мяне. Так рабіў, відавочна, і для іншых маіх калег»24.
Разам з харчаваннем вялікае значэнне мае для здароўя сон. Кс. біскуп дбаў пра тое, каб алюмны не скарачалі свой сон, па меншай меры з-за яго, нават падчас хваробы. «Было гэта ў ноч з Вялікага чацвярга на Вялікую пятніцу. Калі мы прыйшлі (клерыкі Ян Карніцкі і Станіслаў Рыжко, каб быць у распараджэнні хворага), кс. біскуп сказаў нам легчы на ложку, што стаяў побач. На ложку былі дзве падушкі, пакладзеныя з кожнага канца, так што лажыліся мы валетам. У пэўны момант я заўважыў, як кс. біскуп паціхеньку падняў руку і асцярожна ўзяў нешта з лекаў, што стаялі побач з яго ложкам на тумбачцы. Нас не клікаў»25. Памёр ён на наступны дзень26.
Для здароўя важна падтрымліваць у норме тэмпературу цела. Для гэтага служыць адпаведнае адзенне. Не кожны алюмн яго меў. Здарылася так, што кс. біскуп падарыў сваё паліто аднаму з іх і даручыў краўцу, каб той адпаведна падагнаў яго да фігуры абдаранага27.
Алюмну, як і кожнаму вучню, патрэбны грошы. Між тым не кожная сям'я магла іх даць. Кс. біскуп ведаў, каму патрэбна дапамога. Рабіў ён гэта з тонкім чуццём выхавацеля, даручаючы выканаць працу, грошы за якую перадаваў праз «Братнюю дапамогу»28.
Пасля працы па здабыванні ведаў - канікулы. У семінарыі заставаліся клерыкі, прызначаныя для службы ў катэдры. Кс. біскуп часам браў іх з сабою ў Зарэчча, што ляжала на адлегласці крыху больш за дзесяць кіламетраў ад Пінска. З Пінска да Зарэчча, дзе знаходзіўся кляштар усходняга абраду «Дзеці Марыі», можна было дабрацца водным шляхам (15 км) альбо па сушы (19 км). Сухапутны шлях адольвалі конным возам. Падарожжа было доўгім і часта праходзіла ў клубах пылу. Водны шлях быў карацейшым за сухапутны, а падарожжа па ўсіх мерках - больш прыемным. Кс. біскуп выбіраў водны шлях, выкарыстоўваючы маторку. Такі адпачынак для алюмнаў быў прыгодаю, якая надоўга заставалася ў памяці29.
Не ўтойваў свайго меркавання пра алюмна
Кс. біскуп выказваў сваё меркаванне пра алюмна з розных нагодаў, як у размовах з алюмнам, напрыклад, падчас асвячэння сутаны і комжы30, удзяленні танзуры31, на прагулцы32, так і ў кампаніі клерыкаў, напрыклад, у трапезнай33, падчас лекцыі34, пры развітанні35.
Выказванні кс. біскупа напэўна ж глыбока западалі ў сэрцы алюмнаў36. Аўтар кнігі «Трэба застацца» праз 36 гадоў памятаў некаторыя выказванні кс. біскупа, асабліва першую пахвалу, якую пачуў з вуснаў кс. біскупа: «Мы задаволеныя табою»37.
Выхоўваў стылем свайго жыцця
Выпускнікі семінарыі захавалі ў памяці стараннае адпраўленне ім Святой Імшы38 і служэнне падчас яе старэйшаму святару39, адараванне Найсвяцейшага Сакрамэнта40, засяроджанасць - нягледзячы на пакуты, выкліканыя смяротнаю хваробаю, - падчас прымання Святой Камуніі41, адпраўленне ў самоце Крыжовага шляху42, засяроджанасць на малітве43, вынясенне заўваг алюмнам, седзячы на месцы іх дэкана, а не ў біскупскім крэсле44, дапамога клерыкам пры пераносе іх рэчаў, выбіраючы самыя цяжкія з іх45, падзяка за кожную паслугу46.
Кс. біскуп вызначаўся рознымі добрымі якасцямі, якія рабілі яго пабожным, натхнёным47, умацоўваючым на шляху службы Божай, на шляху рэалізацыі святарскага паклікання48.
Вучыў «Братняй дапамозе»
Семінарысту, як і кожнаму студэнту, патрэбны грошы на штодзённыя выдаткі. У семінарыі былі таксама хлопцы з бедных сем'яў. Кс. біскуп аказваў ім фінансавую падтрымку. Рабіў ён гэта з вялікім пачуццём выхавацеля. Даручаючы, напрыклад, перапісаць свой рэферат, каб аддаць яго ў друк, гаварыў: «Калі падрыхтуешся да заняткаў і будзеш мець час, зайдзі да мяне; тут я маю сёе-тое перапісаць, дапаможаш мне»49. (Элементы гэтай фразы заахвочваюць да асаблівых разважанняў). За гэтую дапамогу кс. біскуп перадаваў алюмну грошы праз «Братнюю дапамогу»50. Думаецца, такім чынам ён выхоўваў здольнасці да творчай працы, а перадаючы алюмнам грошы не непасрэдна ў рукі, але праз «Братнюю дапамогу», выхоўваў удзячнасць і заснаваў сістэму фінансавай падтрымкі ў будучым бедных клерыкаў і святароў, што працуюць у небагатых парафіях, праз пасрэдніцтва той дыяцэзіяльнай установы, заснавальнікам якой быў сам.
Прыхільнік згоды паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў, абрадаў і вызнанняў
Біскуп Зыгмунт Лазінскі быў і адчуваў сябе палякам. Аднойчы ён расказваў алюмнам, што падчас свайго прабывання ў Сібіры, на пахаванні заспяваў па-польску (...) і «быў задаволены, што і Сібір чуе гэтыя словы па-польску»51. Аднак, паколькі на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі жылі беларусы, літоўцы, палякі, украінцы, ён клапаціўся пра тое, каб усе жылі ў згодзе. Напрыклад, з нагоды 400-годдзя з дня смерці вялікага князя літоўскага Вітальда, пасля пантыфікальнай Св. Імшы за таго ж, святой памяці князя, у духоўнай семінарыі адбылося ўрачыстае паседжанне, падчас якога алюмны чыталі рэфераты па гісторыі на беларускай, літоўскай, латышскай, нямецкай, польскай і ўкраінскай мовах. Гэты пачын атрымаў працяг, бо курыя біскупа выдала рэфераты ў форме кніжачкі52.
Біскуп Зыгмунт Лазінскі ад усяго сэрца прагнуў навяртання паганаў і габрэяў і аб'яднання Касцёла. Вельмі перажываў, аж да слёз, малітвы аб іх навяртанні, якія чыталіся ў Вялікую пятніцу і Вялікую суботу53.
У семінарыю прымаў кандыдатаў як лацінскага, так і ўсходняга абрадаў54. Прагнуў, каб духоўныя асобы яго дыяцэзіі былі актыўнымі апосталамі еднасці хрысціянаў. Таму «ўсходні гурток», які існаваў у семінарыі, атрымліваў ад яго вялікую падтрымку. У яго членаў выхоўвалі павагу да ўсходніх абрадаў, а таксама да навяртання праваслаўных55.
Кс. біскуп быў прыхільнікам бірытуалізму56. Сам адпраўляў набажэнствы ў абодвух абрадах і не рабіў паміж імі градацыі. Неяк падчас набажэнства ва ўсходнім абрадзе, ва ўрачыстасць св. Язафата Кунцэвіча, асвяціў сутану і комжу аднаму з алюмнаў57, які паходзіў з каталіцкай сям'і лацінскага абраду і не заяўляў аб жаданні прыняць пасвячэнні ва ўсходнім абрадзе58. Гэта быў адзін са знакаў аднолькавага трактавання абодвух рытуалаў у збаўчай справе Касцёла, але і для алюмна гэтая сітуацыя была звычайнаю.
Біскуп Зыгмунт Лазінскі ў клопаце пра тое, каб экуменічнае душпастырства адбывалася належным чынам, супольна з братамі ўсходняга абраду (і не толькі ў яго дыяцэзіі), арганізаваў з'езды уніі ў Пінску. У іх бралі ўдзел выкладчыкі многіх вышэйшых духоўных семінарый, напрыклад, з Львова, Пшэмысля, Станіславова59.
Ён быў занепакоены непаразуменнямі сярод членаў «усходняга гуртка». Гэтую праблему ён прагнуў вырашыць разам з алюмнамі, імкнучыся зразумець чаму пакінулі яго многія алюмны лацінскага абраду. Аўтар кнігі не расказвае, чым закончылася справа, але з апісання вынікае, што кс. біскупа менш непакоілі амбіцыі алюмна, які быў віцэ-старшынёю праўлення, тэрмін паўнамоцтваў якога заканчваўся і які выйшаў з гуртка, бо не быў выбраны ў праўленне; яго больш непакоілі магчымыя аргументы, што вынікалі з прыналежнасці да пэўнай нацыянальнасці альбо абраду60.
Выкладчык
Біскуп З. Лазінскі чытаў лекцыі па Святым Пісанні61. Дазваляў карыстацца Бібліяй, якая была выдадзена Біблійным таварыствам, таму што каталіцкае выданне знайсці было цяжка62. Патрабаваў добрасумленных ведаў. Ставіў тройкі, а часам нават і тройкі з трыма мінусамі63. З-за таго, што біскуп павінен быў выконваць абавязкі ардынарыя, часта яго лекцыі не адбываліся64.
Ужо падчас вывучэння філасофіі часам даваў алюмнам практыкаванні, для выканання якіх патрэбна было папярэдняе чытанне Евангелля. Адно з такіх практыкаванняў заключалася ў выбары дзесяці фраз з Евангелля, якія найбольш падабаліся алюмну65. З кантэксту ўспамінаў можна заключыць, што гэтае практыкаванне, мажліва, служыла кс. біскупу таксама для разумення духоўнасці алюмна альбо нават яго паклікання, паколькі аднаму алюмну, пасля таго, як выслухаў яго фразы, выпісаныя з Евангелля, задаў пытанне: «Калі хочаш, то скажу, што я думаю пра цябе», - а калі атрымаў згоду, сказаў: «Здаецца мне, што твой шлях іншы, чым у тваіх калег». Пачырванеўшы, алюмн адказаў: «Можа быць...», - і, на самай справе, пасля заканчэння курса філасофіі пакінуў семінарыю66.
Душпастыр хворых
Ксёндз біскуп наведваў хворых у шпіталі. Суправаджаў яго клерык. Звычайна біскуп адпраўляўся да католікаў, якія знаходзіліся ў небяспецы смерці, але і праваслаўныя прасілі яго аб благаславенні, якое ён заўсёды ахвотна ўдзяляў67.
Часам біскуп З. Лазінскі завязваў размову з хворымі, не надаючы ўвагі веравызнанню. «Памятаю, як ён падышоў да маладога праваслаўнага хлопца і ўгаварыў яго спавядацца. Сказаў, што бацюшка прыйдзе, толькі б ён згадзіўся. І як жа той хлопец быў задаволены, што біскуп і яго не абмінуў»68. Клерыкі, што суправаджалі кс. біскупа, які выконваў сваю паслугу адносна хворых, выхоўваліся тым самым для такога роду душпастырскай паслугі.
Візітатар парафій
Вернікі парафій, у якіх адбываліся візітацыі, прымалі біскупа З. Лазінскага вельмі сардэчна. Падчас Святой Імшы ён прамаўляў гамілію, у той час як навуку перад удзяленнем сакрамэнту бежмавання гаварыў хто-небудзь са святароў. Пасля набажэнства, а таксама пасля снедання і абеду, кс. біскуп прымаў наведвальнікаў69. Перад тым, як пакінуць парафію, ішоў яшчэ ў касцёл, адгаворваў апошнія малітвы, прадугледжаныя праграмай візітацыі. На развітанне многія людзі стараліся да яго дакрануцца. Хапалі яго за сутану, каб яе пацалаваць, тады ён затрымліваўся, благаслаўляў і ішоў далей70.
У адной з парафій здарылася так, што перад ад'ездам ён загаварыў з вернікамі на беларускай мове: «Звярнуліся да мяне некаторыя католікі і прасілі, каб даў ім дазвол спяваць песні па-беларуску, так што скажыце цяпер: як хочаце вы?». Але і мужчыны і жанчыны пачалі крычаць: «Мы хочам па-польску, па-польску!»... Тады кс. біскуп сказаў: «У сувязі з гэтым няхай у вас усё будзе так, як было. А калі нехта хоча спяваць пабожныя песні па-беларуску, то няхай спявае»71. Несумненна, што тое, як біскуп Лазінскі праводзіў кананічную візітацыю, а таксама розныя сітуацыі, што ўзнікалі падчас яе, былі для клерыкаў асаблівымі лекцыямі па пастаральнай тэалогіі.
Заканадаўца
Кс. біскуп Зыгмунт Лазінскі правёў у 1929 г. Першы сінод Пінскай дыяцэзіі. Ініцыятарам сіноду быў доктар кананічнага права. Аднойчы паказваў ён алюмнам «апрацаваны ім самім раздзел дакумента, які быў выпраўлены кс. біскупам чырвонымі чарніламі. «Ну, што ж, - сказаў кс. пралат, - больш чырвонага, чым чорнага»72.
Член сям'і
«З кс. біскупам жыў ягоны бацька. Брат Вацлаў нейкі час харчаваўся пры семінарыі. Часам прыязджаў яшчэ хто-небудзь з братоў. Мы бачылі, з якой любоўю кс. біскуп адносіўся да іх. У семінарыі жыў таксама кс. пралат Вітальд Чачот, дзядзька кс. біскупа, які ўжо тады быў сляпым. Мы хадзілі да яго па чарзе, каб што-небудзь пачытаць яму»73. Гэта таксама было адною з формаў выхавання для спецыялізаванага душпастырства.
Вялікі пастыр
У святле ўспамінаў кс. Станіслава Рыжко, кс. біскуп З. Лазінскі паўстае перад намі як вялікі пастыр. Чалавек веры і апостал, які рэалізоўваў сваё пакліканне без кампрамісаў, клапоцячыся аб сваёй дыяцэзіі ажно да слёз.
17 лістапада 1945 г. кс. Станіславу прыпомнілася наступнае здарэнне, якое мела месца прыблізна пятнаццаць гадоў назад. «Будучы ў семінарыі, я знаходзіўся з некалькімі калегамі на кватэры ў кс. біскупа Зыгмунта Лазінскага. Кс. біскуп расказваў нам тады пра св. Грыгорыя Цудатворца, свята якога адзначаем 17 лістапада: «Перад смерцю ён спытаў у тых, што былі пры ім, колькі паганаў у гэтым горадзе. Яму адказалі: сямнаццаць. Дзякуй Богу, - сказаў св. Грыгорый, - бо столькі было хрысціянаў, калі я сюды прыбыў». Тут кс. біскуп Лазінскі крыху засмуціўся, у яго вачах паявіліся слёзы, і ён дадаў: «А колькі будзе няверуючых у маёй дыяцэзіі, калі я буду паміраць?» Як жа было б прыкра цяпер кс. біскупу, калі б убачыў тое, што робіцца. Хоць і перанёс падобнае пераследаванне ў Мінску ў 1920 годзе, але не мог нават падумаць, што ўся яго Пінская дыяцэзія будзе знаходзіцца ў падобных умовах74.
Любоў і ўдзячная памяць людзей, якія спадзяюцца на заступніцтва пастыра перад Богам
Кс. біскуп Зыгмунт Лазінскі памёр у Вялікую суботу, пасля полудня, 26 сакавіка 1932 года75. «На пахаванне прыехала шмат біскупаў. Кс. біскуп [Казімір Мікалай] Міхалькевіч, суфраган віленскі, пастаянна паўтараў, што памерлы - святы і будзе абвешчаны ім. Калі хтосьці ўстрымліваў яго, то бп. Міхалкевіч гаварыў: «Калі не ён, то хто з нашых біскупаў можа быць святым?»76.
Паводле волі памерлага, труна была без катафалка. Пасля Святой Імшы яе перанеслі ў падзямелле катэдры. «Туды мы хадзілі пры розных абставінах, у большасці выпадках, каб маліцца праз яго заступніцтва, а не за яго душу»77.
Кс. біскуп кіраваў дыяцэзіяй і семінарыяй больш за сем гадоў. Яго асоба аказала значны ўплыў на традыцыі семінарыі. Пра гэта можа сведчыць між іншым тое, што за працу ў невялічкім семінарыйным магазіне клерык атрымаў ад «Братняй Дапамогі» на памяць партрэт кс. біскупа Лазінскага78.
У часы ваенных дзеянняў, 19.09.1939 г. у Моладаве, маёнтку Скірмунтаў, адзін з прыхільнікаў бальшавікоў, камуніст, «прычапіўся да партрэта святой памяці кс. біскупа Зыгмунта Лазінскага і загадаў зняць яго і знішчыць, але я ўпёрся і сказаў, што зброі я не маю, а гэта іх не датычыць, і другі чалавек мяне таксама падтрымаў...»79 - і партрэт застаўся на сваім месцы.
Вернікі - звычайна ў нядзелю, пасля набажэнства, - спускаліся ў падзямелле на малітву каля труны біскупа Зыгмунта Лазінскага. Труна стаяла на падлозе, была поўнасцю бачная і можна было да яе дакрануцца80. Так было да 11.04.1946 г., калі, асцерагаючыся прафанацыі астанкаў Слугі Божага, труну перанеслі з падзямелля ў залу катэдры і схавалі ў алтары Маці Божай Ружанцовай81.
Пасля 1954 г., калі кс. Казімір Свёнтэк распачаў душпастырства ў Пінску, часам ён даставаў партатыл з алтара і патаемна паказваў давераным асобам труну, а таксама дазваляў дакрануцца да яе, пакласці на хвілінку медалік альбо ружанец82. У 1979 г. труна была змешчана ў нішы сцяны фасада катэдры і замуравана. Гэтае месца давала гарантыю бяспекі для тленных астанкаў Слугі Божага83.
Усё гэта ўказвае на пашану да Слугі Божага бп. З. Лазінскага, на клопат аб захаванні яго астанкаў для будучых пакаленняў, на веру ў яго святасць.
Калі ў 1964 г. кс. Казімір Свёнтэк захварэў на запаленне ныркавых лаханак, кс. Станіслаў Рыжко даверыўся ў справе яго выздараўлення пасрэдніцтву Слугі Божага ў Пана Бога84.
Кс. Ян Васілеўскі, рэктар духоўнай семінарыі ў Пінску, апрацаваў біяграфію біскупаЗыгмунта Лазінскага85. Але яму не ўдалося яе надрукаваць, бо распачалася вайна, а затым, у 1947 г., ён быў арыштаваны і сасланы ў Сібір, дзе і памёр у 1948 г. Твор перапісвалі86, ён распаўсюджваўся паміж людзьмі ў машынапісным варыянце. Аўтар гэтых радкоў таксама чытаў яго каля 1963 г. у Варшаве. Ён не надрукаваны да сённяшняга дня, хоць і цытуецца ў дакументах справы па беатыфікацыі87.
З нагоды 100-годдзя з дня нараджэння біскупа З. Лазінскага (1970 г.)88, а таксама 50-годдзя яго смерці (1982 г.) у Пінскай катэдры былі прачытаны малітвы аб яго беатыфікацыі. Падчас Святой Імшы быў прачытаны яго «Голас з таго свету»89. У 1970 г. кс. Пётр Нарушэвіч, тагачасны пастулатар па справе аб беатыфікацыі, падчас свайго знаходжання ў Рыме, прачытаў па Ватыканскім радыё ўспаміны пра Слугу Божагабп. З. Лазінскага90.
Вера ў заступніцтва Слугі Божага захавалася да сённяшняга дня.