Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
 

БОЖАЯ ВІЗІЯ СУЖЭНСТВА І СЯМ'І

сінадальная душпастырская дапамога для нарачоных

Аднавіць ўсё ў Хрысце!
(Эф 1,10)

Распараджэнне
Ліст да чытачоў
1. Сужэнства як сакрамэнт Новага Запавету
2. Рысы хрысціянскага Сужэнства
    2. 1. Сужэнская еднасць
    2. 2. Непарыўнасць сужэнства
3. Мэта і задачы сям'і
    3. 1. Стварэнне супольнасці асобаў
    3. 2. Сям'я на службе жыцця
        3. 2. 1. Грахі супраць жыцця
        3. 2. 2. Выхаваўчае заданне сям'і
    3. 3. Удзел у развіцці грамадства
    3. 4. Удзел у жыцці і місіі Касцёла
        3. 4. 1. Пераказванне веры
        3. 4. 2. Святарская місія сям'і
4. Канфлікты і пагрозы ў сужэнстве і сям'і
5. Змешаныя сужэнствы
6. Літургія сакрамэнту Сужэнства
Заканчэнне
Дадатак
1. Слоўнік некаторых тэрмінаў
2. Слоўнічак асобаў
3. Умоўныя скарачэнні

М-М № 208/98
П № 92/98

Мінск - Пінск, 2.07.1998

Распараджэнне

Касцёл на Беларусі, ведаючы актуальную сітуацыю сужэнстваў і сем'яў, з удзячнасцю прымае працу на тэму «Божая візія сужэнства і сям'і», якая ўзнікла ў працэсе дзейнасці Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі.

Веру, што гэтая праца ў якасцi сінадальнай душпастырскай дапамогi, паспрыяе рэалізацыі патрабаванняў паўсюднага (кан.1063 ns.) і партыкулярнага (ІІІ, stat. 32-36) Касцёла, а нарачоным наблізіць святасць сужэнства, яго неацэннае значэнне для грамадства, а таксама для членаў сям'і, і дапаможа зразумець значэнне рашэння, якое робіць іх адказнымі за будучыню - сваю і іншых.

Таму пастанаўляю: праца «Божая візія сужэнства і сям'і. Сінадальная душпастырская дапамога для нарачоных»

з сённяшняга дня становіцца абавязковай кнігай для кандыдатаў да сакрамэнту Сужэнства абодвух партыкулярных Касцёлаў, якія праводзяць Сінод.

На працу пераказвання і здабывання каштоўнасцяў, якія складаюць шчасце сужэнства і сям`і, усіх благаслаўляю

† Кардынал Казімір Свёнтэк,
Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі
кс. д-р Станіслаў Паўліна fDP, канцлер

 

Каардынацыйная Камісія Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі пісьмом ад 9 чэрвеня 1998 г. (№ 95/98) прадставіла Яго Эмінэнцыі ксяндзу кардыналу Казіміру Свёнтку, Арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму і Апостальскаму Адміністратару Пінскай дыяцэзіі працу «Божая візія сужэнства і сям'і» з просьбаю даць імпрыматур і прызнаць яе за сінадальную душпастырскую дапамогу для нарачоных і выдаць распараджэнне, што яна з'яўляецца абавязковай кнігай для кандыдатаў да сакрамэнту Сужэнства на тэрыторыі абодвух партыкулярных Касцёлаў.

Тэкст быў падрыхтаваны на падставе Сінадальных матэрыялаў (сш. 4), пратаколаў Сінадальных супольнасцяў, а таксама на падставе вынікаў паседжанняў Пленарнай сесіі Сіноду, прысвечанай сужэнству і сям'і на Беларусі.

Аўтарамі Сінадальных матэрыялаў (сш. 4) з'яўляюцца
кс. д-р Генрых Акалатовіч і кс. д-р Ян Саламон.
Дадатак і апрацоўку да друку падрыхтаваў
кс. д-р Станіслаў Паўліна fDP

Imprimatur
Cа згоды Мітрапалітальнай Курыі ў Мінску
ад 2.07.1998 г. № 208/98г.
і Дыяцэзіяльнай Курыі ў Пінску № 92/98

† Кардынал Казімір Свёнтэк
Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі

кс. д-р Станіслаў Паўліна fDP, канцлер

 

ДАРАГІЯ СЯБРЫ!

Прапануем вашай увазе невялікую працу Сіноду Мінска-Магілёўскай і Пінскай дыяцэзій, прысвечаную сужэнству і сям’і.

Спадзяемся, што вы старанна і з адказнасцю пазнаёміцеся з гэтай працай. Няхай вас не палохаюць пытанні, якія могуць узнікнуць. Адказ на іх вы знойдзеце, калі ўважліва прачытаеце прапанаваныя тэмы. Карыстайцеся «Дадаткам», у якім пададзены скарачэнні, тлумачэнне тэрмінаў і інфармацыя аб постацях, якія ўзгадваюцца ў працы. Незразумелыя фрагменты, прысвечаныя якой-небудзь праблеме, няхай стануць тэмаю размоваў з сям’ёй, з нарачонай, нарачоным, катэхеткай або душпастырам.

Дадзеная праца не з’яўляецца звычайнай кнігай для чытання. Гэта своеасаблівая душпастырская дапамога. Трэба яе ўспрымаць так, як успрымаюцца выказванні сяброў, добразычлівых людзей, што клапоцяцца пра нашую будучыню.

Няхай набытая Божая мудрасць і навука Касцёла, так патрэбныя для пазнання «паклікання да сужэнства і сям’і», напоўняць вас радасцю і паспрыяюць адказнай любові.

Ад усяго сэрца жадаем вам з адказнасцю падысці да рашэння, якое паставіць вас перад новымі жыццёвымі заданнямі. Ад іх вырашэння дзень за днём будзе залежаць вашае месца ў зямным грамадстве і ў вечнасці.

Абяцаем маліцца за вас і паведамляем, што рашэннем Яго Эмінэнцыі ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка кожны год 14 сакавіка будзе адпраўляцца Св. Імша ў Мінскай Архікатэдры і ў Пінскай Катэдральнай Базыліцы ў інтэнцыі тых, хто рыхтуецца да сакрамэнту Сужэнства ў Мінска - Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі.

З Богам!

Каардынацыйная Камісія Сіноду

 

1. СУЖЭНСТВА ЯК САКРАМЭНТ НОВАГА ЗАПАВЕТУ

Прачытай уважліва выбраныя фрагменты са Св. Пісання, а таксама з вучэння Касцёла і вызнач, чым з'яўляецца сужэнства ў плане Божым. Можаш гэта зрабіць, адказваючы на наступныя пытанні:

Тэксты:

Быц 2, 21-24; Tb 8, 5b-8; Mц 19, 3-9; Эф 5, 21-33.

Св.Ян Хрызастом раіць мужам так звяртацца да сваіх жонак: «Узяў цябе ў свае абдымкі і люблю цябе больш за сваё жыццё. Бо ведаю, што цяперашняе жыццё - нішто, а маім самым гарачым жаданнем з'яўляецца: пражыць яго з табой такім чынам, каб быць упэўненым, што не будзем раздзелены і ў тым жыцці, якое для нас падрыхтавана. Любоў да цябе стаўлю над усім і нішто не было б для мяне больш балючым, чым нязгода з табою» (ККК 2365).

Св. Пісанне пачынаецца з апісання стварэння мужчыны і жанчыны на вобраз і падабенства Божае, а заканчваецца візіяй «Бяседы Баранка». Ад пачатку і да канца ў Св. Пісанні гаворыцца пра шлюб і яго «таямніцу», пра яго ўстанаўленне і значэнне, якое надаў яму Бог, пра яго пачатак і мэту, пра розныя спосабы яго здзяйснення ў Гісторыі збаўлення, пра яго цяжкасці, што вынікаюць з граху, і яго аднаўленні ў «Пану», у Новым Саюзе Хрыста і Касцёла» (ККК 1602).

Бог стварыў чалавека з любові, паклікаў яго таксама да кахання. Бо чалавек быў створаны на вобраз і падабенства Бога, які сам ёсць Любоў. Паколькі Бог стварыў мужчыну і жанчыну, іх узаемнае каханне становіцца вобразам абсалютнай і незнішчальнай любові, якою Бог любіць чалавека» (ККК 1604).

Усё хрысціянскае жыццё мае адзнаку абранніцкай любові Хрыста да Касцёла. У сваю чаргу хрысціянскі шлюб становіцца дзейсным знакам, сакрамэнтам саюза Хрыста і Kасцёла. Шлюб паміж ахрышчанымі з'яўляецца сапраўдным сакрамэнтам Новага Запавету, паколькі азначае ласку і яе ўдзяляе» (ККК 1617).

«Згода, праз якую муж і жонка аддаюць сябе адзін аднаму і ўзаемна прымаюць адзін аднаго, змацавана самім Богам. З іх саюза па волі Божай узнікае трывалы інстытут таксама і ў адносінах да грамадства. Саюз мужа і жонкі ўвыходзіць у саюз Бога з людзьмі: «сапраўдная любоў мужа і жонкі ўключаецца ў Божую любоў» (ККК 1639).

Хрыстус выходзіць насустрач хрысціянскім сужэнцам, застаецца з імі і дае сілы пайсці за Ім і ўзяць на сябе свой крыж, дае сілы падымацца пасля няўдач, прабачаць адно аднаму і сумесна пераносіць цяжкасці. Дапамагае ім узаемна падпарадкоўвацца ў боязі Хрыстовай і любіць любоўю надзвычайнаю, пяшчотнаю і плоднаю. У радасці іх кахання і сямейнага жыцця Хрыстус ужо тут дае ім прадчуванне асалоды «Бяседы Баранка» (ККК 1642).

Трывалая супольнасць жыцця і сужэнскай любові, устаноўленая Творцам і ўнармаваная Яго законамі, фарміруецца праз шлюбны саюз, г.зн., праз канчатковую асабістую згоду. Гэты святы саюз дзеля дабра, як мужа і жонкі, іх нашчадкаў, так і грамадства, не залежыць ад людскога меркавання, бо сам Бог ёсць творцам сужэнства, адоранага рознымі дабрадзейнасцямі і мэтамі... Хрыстус Пан шчодра блаславіў гэтую шматгранную любоў, якая нарадзілася з Боскай крыніцы любові і была ўстаноўлена па вобразу Яго еднасці з Касцёлам. Як некалі Бог выйшаў насустрач свайму народу з саюзам любові і вернасці, так цяпер Збаўца людзей і Абраннік Касцёла выходзіць насустрач хрысціянскім сужэнствам праз сакрамэнт Сужэнства. І застаецца з імі надалей, каб так, як Ён палюбіў Касцёл і аддаў сябе за яго, таксама і сужэнцы праз узаемны дар сябе ўзаемна любілі адно аднаго ў непарушнай вернасці.

«Асобны сакрамэнт умацоўвае і як бы кансэкруе хрысціянскіх сужэнцаў для абавязкаў і годнасці іх сужэнства» (КDK 48).

«Сужэнскі саюз, праз які мужчына і жанчына ствараюць паміж сабой супольнасць на ўсё жыццё, і які па сваёй прыродзе скіраваны на дабро мужа і жонкі, а таксама на нараджэнне і выхаванне патомства, паміж ахрышчанымі такі саюз узнесены Хрыстом Панам да годнасці сакрамэнту.

Такім чынам, паміж ахрышчанымі не можа быць сапраўднай шлюбнай дамовы, акрамя сакрамэнту» (КПК кан.1055).

Еднасць любові паміж Богам і людзьмі знаходзіць свой яскравы выраз у шлюбным саюзе, заключаным паміж мужчынам і жанчынай. Повязь іх кахання становіцца вобразам і знакам саюза, які аб'ядноўвае Бога з яго народам.

І той самы грэх, які можа параніць сужэнскі саюз, становіцца сведчаннем нявернасці народа адносна свайго Бога; ідалапаклонства з'яўляецца прастытуцыяй, нявернасць - пралюбадзействам.

Аб'яўленне дасягае сваёй поўні ў ахвяры Езуса Хрыста на крыжы. У гэтай ахвяры цалкам адкрываецца той замысел, які Бог упісаў у прыроду мужчыны і жанчыны з моманту іх стварэння; такім чынам сужэнства ахрышчаных становіцца рэальным знакам Новага і Вечнага Саюза, заключанага Крывёю Хрыста. Дух, якім Пан надзяляе, дае новае сэрца і робіць мужчыну і жанчыну здольнымі да такой любові, якою палюбіў нас Хрыстус (...). Таму Касцёл урачыста навучаў і навучае, што шлюб паміж ахрышчанымі з'яўляецца адным з сямі сакрамэнтаў... Сужэнцы пастаянна нагадваюць аб тым, што здзейснілася на крыжы; для сябе і дзяцей узаемна з'яўляюцца сведкамі збаўлення, удзельнікамі якога яны сталі праз сакрамэнт (FC 13).

«Як з сакрамэнту Сужэнства вынікае дар і абавязак мужа і жонкі штодзённа жыць атрыманым асвячэннем, таксама з таго ж сакрамэнту паходзяць ласка і маральны абавязак перамены ўсяго іх жыцця ў няспынную духоўную ахвяру» (FC 56).

2. РЫСЫ ХРЫСЦІЯНСКАГА СУЖЭНСТВА

Прачытай наступныя тэксты і адкажы:

2.1. Сужэнская еднасць

Істотнымі рысамі сужэнства з'яўляюцца еднасць і непарыўнасць, якія ў хрысціянскім сужэнстве набываюць асаблівую моц з прычыны сакрамэнту (кан.1056).

Заўвага

Некаторыя хацелі б, каб Касцёл дазваляў разводы. Спасылаюцца на тое, што Стары Запавет дапускаў развод і нават св. Юзаф думаў пра развод.

Тлумачэнне

Сапраўды, закон Майсея дапускаў развод, але Пан Езус выразна сцвярджае, што гэта была ўступка чалавечай слабасці. Па волі ж Бога сужэнства з'яўляецца адзіным і непарыўным. «Ці не чыталі вы, што Творца ад пачатку стварыў іх як мужчыну і жанчыну. І сказаў: «Таму пакіне чалавек айца і маці і паяднаецца са сваёй жонкай і стануць двое адным целам». Што злучыў Бог, чалавек няхай не разлучае» (пар. Мц 19, 4-6). Гэтыя словы Св. Пісання з'яўляюцца своеасаблівай тэалогіяй шлюбу, якая падкрэслівае еднасць двух асобаў у адным целе. Маецца на ўвазе не толькі еднасць фізічная, але і еднасць веры, клопату пра сям'ю, еднасць думак і жаданняў. Мужа і жонку ажыўляе адзіны дух і адно сэрца і ніхто з іх не называе чаго-небудзь сваім, бо ўсё маюць агульнае (пар. Дз 4, 32). У такой еднасці няма месца для іншых асобаў. Адсюль хрысціянскі шлюб - гэта саюз аднаго мужчыны і адной жанчыны (манагамія). Гэтае адзінства супрацьстаіць як палігаміі (некалькі жонак) і паліандрыі (некалькі мужоў і адна жонка), так і выключае пралюбадзейства.

«Сапраўдная людская любоў ахоплівае ўсяго чалавека, яго цела і душу, імпульсы цела і інстынкту, сілу пачуццяў і адданасці, імкненне духа і волі. Любоў скіравана да глыбока асабовай еднасці, якая вядзе да таго, каб было адно сэрца і адна душа. Яна патрабуе непарыўнасці і вернасці ў поўным узаемным адорванні» (FC 13).

Цялеснае паяднанне датычыць унутранай сутнасці чалавечай асобы. Яно ажыццяўляецца толькі тады, калі з'яўляецца інтэгральнай часткай кахання, г.зн. цялеснае аддаванне - гэта знак цалкавітага аддавання сябе іншай асобе. З гэтага вынікае трываласць кахання. Калі ж чалавек штосьці захоўвае для сябе, ці рэзервуе для сябе магчымасць нейкіх змен у будучым, то праз гэта ён ужо не аддаецца поўнасцю» (FC 11).

Сужэнская еднасць мае свае карані ў натуральным узаемадапаўненні мужчыны і жанчыны і ўмацавана асабістым рашэннем раздзяляць усю праграму жыцця, тое, што маюць і кім з'яўляюцца. Гэтую людскую патрэбу Хрыстус пацвярджае і ўзвышае, ведучы яе да дасканаласці, у сакрамэнце Сужэнства.

Камунія любові, узбагачаная сакрамэнтам, з'яўляецца жывым і сапраўдным вобразам той еднасці, якая чыніць Касцёл непадзельным Містычным Целам Хрыста. Дар Духа з'яўляецца жыццёвым наказам для хрысціянскіх сужэнцаў, і адначасова стымулам, каб з кожным днём сужэнцы імкнуліся да больш глыбокай повязі паміж сабой на кожным узроўні, на ўзроўні саюза целаў, характараў, сэрцаў і імкненняў, саюза душ, паказваючы Касцёлу і свету новую камунію любові як дар ласкі Хрыстовай. Такой камуніі радыкальна супярэчыць палігамія, бо яна перакрэслівае замысел Божы, які быў абвешчаны напачатку, бо яна супярэчыць роўнай годнасці асобаў мужчыны і жанчыны» (FC 19).

2.2. Непарыўнасць сужэнства

Заўвага

Часам можна сустрэцца са сцвярджэннем, што хтосьці мае «касцельны развод».

Тлумачэнне

Няма ніякіх касцельных разводаў. У кан.1141 адзначаецца: «Шлюб, заключаны і аформлены, не можа быць скасаваны ніякаю людскою ўладаю і ні з якой прычыны, акрамя смерці».

Гэты закон каталіцкі Касцёл прымяняе да ўсіх рэлігійных сужэнстваў. Мы не ведаем дакладна, чым абгрунтавана зняцце благаслаўлення ў праваслаўнай Царкве - ці гэта скасаванне шлюбу, ці толькі сепарацыя*, але ў каталіцкім Касцёле кожны шлюб лічыцца непарыўным. Можа толькі ўзнікнуць такая сітуацыя, калі сужэнства было заключана насуперак Касцельнаму Праву. У гэтым выпадку ўзяты шлюб лічыцца неправамоцным і несапраўдным, г.зн. фактычна ён не адбыўся. Несапраўднасць шлюбу можа канстатаваць толькі касцельны суд пасля вывучэння ўсіх абставінаў і доказу, што шлюб быў заключаны насуперак закону. Калі хто-небудзь дапускае, што яго шлюб (які распаўся), мог быць несапраўдным, то ён павінен абмеркаваць гэта са сваім пробашчам і толькі тады, калі пробашч прызнае неабходным, трэба скіраваць справу ў касцельны суд. Толькі правамоцнае рашэнне суда другой інстанцыі, якое сцвярджае, што шлюб быў несапраўдны, дазваляе ўступаць у новы сакрамэнтальны саюз.

«Св. Пісанне сцвярджае, што мужчына і жанчына былі створаны адно для аднаго. Нядобра, калі мужчына самотны. Бог пасылае яму жанчыну «цела з яго цела», г.зн. істоту, роўную яму і блізкую, як дапамогу, што зыходзіць ад Пана. Вось чаму мужчына пакідае бацьку свайго і маці сваю і злучаецца са сваёй жонкай да такой ступені, што становяцца адным целам (Быц 2, 24). Езус указвае, што гэта азначае непарушнае адзінства іх жыцця, напамінаючы якім быў «напачатку» замысел Творцы: «а так ужо сужэнцы не двое, а адно цела» (ККК 1605).

«Непарыўнасць сужэнства, укаранёная ў асабовым і поўным узаемным адорванні сужэнцаў і неабходная для дабра дзяцей, знаходзіць сваю канчатковую праўду ў замысле Божым: Бог жадае непарыўнасці сужэнства і дае яго як плод, як знак і патрэбу любові абсалютна вернай, якою Ён адорвае чалавека і якую Хрыстус мае да свайго Касцёла» ( FC 20).

«Шлюбная повязь была ўстаноўлена самім Богам так, што заключаны і аформлены шлюб ахрышчаных асобаў ніколі не можа быць скасаваным. Саюз, які вынікае са свабоднага чалавечага акта сужэнцаў і з афармлення шлюбу, з'яўляецца з гэтага моманту канчатковай рэчаіснасцю, і дае пачатак саюзу, гарантаванаму вернасцю Бога» (ККК 1630).

Глыбокае паяднанне, будучы ўзаемным дарам сябе адно аднаму дзвюх асобаў, таксама як і дабро дзяцей, патрабуе поўнай вернасці сужэнцаў і імкнецца да непарыўнай еднасці іх сумеснага жыцця» (KDK 48).

«Любоў, пацверджаная ўзаемнай вернасцю, і перш за ўсё асвячоная сакрамэнтам, застаецца непарушна вернай фізічна і духоўна ў шчасці і бядзе і таму не дапускае пралюбадзейства і разводу. Праз аднолькавую годнасць мужчыны і жанчыны прадстаўляецца таксама ў поўным святле пацверджанае Панам еднасць сужэнства» (KDK 49).

«Заключаны і аформлены шлюб не можа быць скасаваны ніякай людской воляй і ні з якой прычыны, акрамя смерці» (кан. 1141).

«З сапраўднага шлюбу ўзнікае паміж мужам і жонкай вузел вечны і выключны па сваёй прыродзе» (кан. 1134).

«Каханне мужа і жонкі па сваёй прыродзе патрабуе еднасці і непарыўнасці асабовай супольнасці, якая ахоплівае ўсё іхняе жыццё: і так сужэнцы ўжо не двое, але адно цела (пар. Мц 19, 6). Пакліканы яны да пастаяннага ўзрастання ў гэтай еднасці праз штодзённую вернасць. Гэтая людская супольнасць пацверджана, ачышчана і дапоўнена еднасцю ў Езусе Хрысце праз сакрамэнт Сужэнства. Умацоўваецца яна на працягу жыцця ў супольнай веры і ў супольным прыняцці Эўхарыстыі» (ККК 1644).

«Сужэнская любоў па сваёй прыродзе патрабуе ад сужэнцаў непарушнай вернасці. Любоў хоча быць трывалай, яна не можа быць часовай» (ККК 1646).

«Найглыбейшы стымул вынікае з вернасці Бога ў адносінах да свайго саюза і з вернасці Хрыста ў адносінах да Касцёла. Праз сакрамэнт Сужэнства муж і жонка становяцца здольнымі жыць гэтай вернасцю і сведчыць пра яе. Праз гэты сакрамэнт непарыўнасць шлюбу набывае новы і больш глыбокі сэнс» (ККК 1647).

«Вернасць азначае пастаянства ў стрыманні дадзенага слова. Бог ёсць верны. Сакрамэнт Сужэнства ўводзіць мужчыну і жанчыну ў вернасць Хрыста адносна Касцёла» (ККК 2365).

Падвядзем вынікі нашай працы

Св. Пісанне пачынаецца з апісання стварэння мужчыны і жанчыны - мужа і жонкі, а заканчваецца візіяй «Бяседы Баранка». Тэма сужэнства вельмі часта закранаецца ў Слове Божым. Гэта Бог ёсць Творцам сужэнства. Любоў мужа і жонкі - гэта вобраз любові Бога да людзей, а сужэнскі саюз з'яўляецца адлюстраваннем Саюза Бога з людзьмі. Аб гэтым вучылі яшчэ прарокі Старога Запавету, а св. Павел у Пасланні да Эфесцаў зноў пацвярджае гэтае вучэнне. Муж і жонка - гэта вобраз Хрыста і Касцёла, а іх узаемныя сужэнскія адносіны з'яўляюцца вобразам адносін паміж Хрыстом і Касцёлам. Так, як Хрыстус аддае сваё жыццё за Абранніцу-Касцёл, так муж аддаецца поўнасцю сваёй абранніцы; так, як Касцёл падпарадкоўваецца Хрысту, так жонка падпарадкоўваецца свайму мужу. Сужэнства з'яўляецца адным з сямі сакрамэнтаў. Так, як і іншыя сакрамэнты, ён удзяляе асвячальную і дзейсную ласку, г.зн. удзяляе дапамогу мужу і жонцы для выканання іх сужэнскіх абавязкаў. Вынікам гэтага сакрамэнту з'яўляецца сужэнскі саюз, адзіны і непарыўны. Еднасць і непарыўнасць з'яўляюцца істотнымі рысамі сужэнства. Еднасці і непарыўнасці патрабуе каханне, бо яно заўсёды хоча быць выключным і трывалым, а таксама дабро саміх сужэнцаў і іх дзяцей патрабуе пастаяннага і нязменнага саюза. Найглыбейшую аснову гэтыя рысы маюць у Богу. Як ёсць адзін Бог, адна вера, адзін Касцёл, так адзіным ёсць сужэнства. Так, як Бог верны сваёй любові - нават, калі абранніца здраджвае, - так муж і жонка, нягледзячы на цяжкасці, застаюцца вернымі адно аднаму. Касцёл заўсёды абараняў еднасць і непарыўнасць сужэнства, не звяртаючы ўвагі на людскія погляды і не адступаючы перад ахвярай. (Гэта было прычынай адлучэння англіканскага Касцёла. Кароль Генрых VIIІ, жадаючы ўзяць шлюб з прыдворнаю дамай Аннай Болейн, звярнуўся да папы Клеменса VІІ аб скасаванні яго папярэдняга шлюбу. Касцельны суд і Папа пацвердзілі сапраўднасць першага шлюбу. Тады Генрык VIII абвясціў сябе галавой Касцёла ў Англіі, знішчыў вернікаў каталіцкага Касцёла, а астатнім навязаў сваю волю). Сужэнская еднасць выключае ўсялякую замену мужа ці жонкі, выключае развод і пралюбадзейства. Гэта азначае, што няма падзелу на «я» і «ты», «маё» і «тваё», але ёсць адзінае «мы» - адно сэрца і адна душа. Муж і жонка разам перажываюць радасць і смутак, няўдачы і перамогі. Яны падтрымліваюць адно аднаго ва ўсіх справах зямнога жыцця і разам імкнуцца да жыцця вечнага, прабачаючы адно аднаму. Сілу для сумеснага жыцця і прабачэння яны атрымліваюць з ласкі сакрамэнту Сужэнства праз сумесную малітву і Эўхарыстыю. Еднасць і непарыўнасць Сужэнства - гэта рысы хрысціянскага сужэнства. Для іх захавання неабходна цнота вернасці. Сужэнская вернасць - гэта цнота і асабістая рыса. Яна азначае ўзаемаадданне, узаемны давер, а таксама вернасць свайму слову, сваім абяцанням. Бог верны свайму слову і не забірае сваё абяцанне, а заклікае нас, каб мы Яго наследавалі: «будзьце святымі, бо Я - святы Пан Бог ваш» (Kpl 19, 2).

3. МЭТЫ І ЗАДАЧЫ СЯМ'І

З сакрамэнтальнага сужэнства ўзнікае сям'я. Пасля заключэння сакрамэнту Сужэнства муж і жонка павінны забыць пра існаванне слова «я». Цяпер найбольш адпаведным для іх выразам будзе «мы». Сям'я з'яўляецца адной цэлай супольнасцю, якая злучана моцай Божай. Сям'я - гэта супольнасць асобаў, для якіх уласцівым спосабам існавання - сумеснага існавання - з'яўляецца «камунія»: communio personarum. У гэтым праяўляецца таксама, з улікам усёй бытавой дыспрапорцыі, падобнасць да Боскага «Мы» (...). Сям'я бярэ пачатак з такой сужэнскай супольнасці, якую Другі Ватыканскі Сабор называе «Саюзам». У гэтым саюзе мужчына і жанчына «узаемна аддаюцца адно аднаму і прымаюць адно аднаго» (Ян Павел ІІ Ліст да сем'яў 7, пар. KDK 48). Касцёл - гэта супольнасць Божага люду, якая складаецца з паасобных сакрамэнтальных сем'яў. Сям'я - гэта Хатні Касцёл, сямейны Касцёл, Касцёл у мініяцюры. Сям'я як актыўная і жывая клетка веруючых людзей удзельнічае ў будаўніцтве паўсюднага Касцёла. Праз добрае хрысціянскае жыццё, праз штодзённае выкананне запаведзяў Божых хрысціянская сям'я становіцца відавочным знакам паяднання Хрыста - Бога з людзьмі.

Папа Ян Павел ІІ навучае, што хрысціянская сям'я павінна выканаць чатыры асноўныя задачы:

  1. Ствараць супольнасць асобаў.
  2. Служыць жыццю.
  3. Удзельнічаць у развіцці грамадства.
  4. Удзельнічаць у жыцці і місіі Касцёла (FC 17).

Пералічаныя задачы з'яўляюцца вельмі важнымі і актуальнымі для ўсіх сакрамэнтальных сем'яў, якія складаюць партыкулярны Касцёл на Беларусі.

3.1. Стварэнне супольнасці асобаў

«Сям'я, заснаваная і ажыўленая любоўю, з'яўляецца супольнасцю асобаў: мужчыны і жанчыны ў якасці мужа і жонкі, бацькоў, дзяцей і сваякоў». Любоў мужа і жонкі, паблагаслаўлёная ў сакрамэнце Сужэнства, з'яўляецца тым цэментам, які ўмацоўвае сям'ю. Каб сям'я была сапраўднай супольнасцю на ўсё жыццё, недастаткова аднаго фізічнага кахання, кахання людскога, якое, на жаль, зменлівае і вельмі часта мінае. Адсутнасць любові выклікае спрэчкі, непаразуменні і шматлікія трагедыі асобных сем'яў. У хрысціянскіх сем'ях нельга, каб узнікалі пытанні накшталт: хто ў сям'і галоўны, альбо: хто павінен выконваць тыя ці іншыя абавязкі? Касцельны закон гаворыць: «Кожны з сужэнцаў мае аднолькавыя абавязкі і правы ў тым, што датычыць сумеснага сямейнага жыцця» (кан.1135).

У некаторых краінах Заходняй Еўропы падчас заключэння сужэнства нарачоныя падпісваюць так званы шлюбны кантракт. У гэтым «кантракце» пералічаны прадметы, якія з'яўляюцца ўласнасцю жаніха і нявесты, і ў выпадку разводу агаворваецца, што атрымлівае кожны з іх. Мы лічым, што такі кантракт не служыць чалавеку і грамадству і супярэчыць закону Божаму: «Што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае» (пар. Мц 19,6). Сакрамэнтальнае сужэнства з'яўляецца непарушным да самай смерці. Касцёл мае рацыю, абараняючы Божы люд ад такога «прагрэсу».

Сямейная супольнасць, заснаваная на Хрыстовай любові, павінна аказваць узаемадапамогу - духовую і матэрыяльную. «Мужчына і жанчына, якія праз шлюбны саюз ужо не ёсць двое, але адно цела, праз цеснае паяднанне асобаў і дзеянняў аказваюць адно аднаму ўзаемадапамогу і паслугу, а таксама пазнаюць сэнс сваёй еднасці і дасягаюць яе з кожным разам усё паўней».

Сямейнае жыццё патрабуе ахвяры. Толькі глыбока веруючы і практыкуючы чалавек гатовы да ахвярнасці дзеля дабра сужэнца і ўсёй сям'і. «Сямейная камунія можа быць захавана толькі ў вялікім духу ахвяры, бо патрабуе высакароднай гатоўнасці ўсіх і кожнага да зразумення, талеранцыі, прабачэння і паяднання. Кожная сям'я разумее, што напружанне і канфлікты, эгаізм і нязгода нечакана ўдараюць па гэтай камуніі, а часам смяротна раняць яе. Адсюль шматлікія і разнастайныя формы распаду сямейнага жыцця. Але кожная сям'я адначасова паклікана Богам спакою да радаснага аднаўлення вопыту прымірэння, г.зн. да адноўленай камуніі і асягнутай еднасці» (FC 21).

Сямейная супольнасць - гэта супольнасць роўнасці мужа і жонкі. Хрыстус, прымаючы чалавечае цела з Марыі, узвысіў годнасць жанчыны нароўні з мужчынам і выказаў пашану да жанчыны, просячы, каб добрую навіну пра змёртвыхпаўстанне жанчыны абвясцілі Апосталам. Касцёл асуджае ўсялякую адсутнасць талерантнасці ў адносінах да жанчыны. Муж заўсёды павінен праяўляць любоў і павагу да сваёй жонкі, маці, а таксама да дзяцей. «Ты не пан для яе, але муж, не служку атрымаў ты, але жонку... адплаці зычлівасцю на зычлівасць, каханнем адкажы на каханне» (св. Амброзій, Hexameron, V, 7,19).

У сям'і на працягу зямнога жыцця муж павінен жыць са сваёю жонкай «у асаблівай форме прыязнасці асобаў» (HV 9). Муж павінен клапаціцца і забяспечваць кожнаму члену сям'і роўнасць у развіцці. «Выканай гэтае заданне з велікадушнай адказнасцю за жыццё, пачатае пад сэрцам маці, клапатлівым выкананнем абавязку выхавання разам з жонкай, працаю, якая ніколі не разбівае сям'і, але ўмацоўвае яе ў сталай сувязі праз сведчанне сталага хрысціянскага жыцця, якое дзейсна ўводзіць дзяцей ў жывы вопыт Хрыста і Касцёла» (FC 25, пар. KDK 52).

Сямейная супольнасць датычыць не толькі мужа і жонкі, але і іх дзяцей, бацькоў (дзядоў) і сваякоў. Еднасць і згода паміж трыма пакаленнямі - задача няпростая. Тут часта сустракаюцца непаразуменні і канфлікты. Таму стварэнне такой еднасці патрабуе сапраўднай любові, цярплівасці і ўзаемаразумення ўсіх членаў сям'і. Без Божай любові, без сакрамэнтальнасці і глыбокай веры немагчыма сапраўдная сямейная супольнасць. З Божаю дапамогаю пры пасрэдніцтве Касцёла кожны член сям'і абавязаны сваім жыццём, словам і ўчынкам ствараць і ўмацоўваць сямейную супольнасць. Падчас гэтага будаўніцтва нельга разлічваць толькі на ўласныя сілы. Чалавек - істота слабая, таму трэба як найчасцей прасіць дапамогі ў Духа Святога, які дадзены сужэнцам у часе сакрамэнтальнага сужэнства. «Дар Духа - гэта жыццёвая запаведзь для хрысціянскіх сем'яў і адначасова стымул, каб з кожным днём імкнуліся да ўсё больш глыбокай сувязі паміж сабой на кожным узроўні: на ўзроўні саюза цел, характараў, сэрцаў, розуму і імкненняў, саюза душ, паказваючы такім чынам Касцёлу і свету новую камунію любові як дар ласкі Хрыстовай» (FC 19).

3.2. Сям'я на службе жыцця

Дзеці - гэта бясцэнны дар Божы, а бацькоўства - Божае пакліканне. Божы дар неабходна прыняць з удзячнасцю, а Божае пакліканне выканаць годна і з пашанай. Абавязак Касцёла - падрыхтаваць нарачоных да адказнага бацькоўства, крыніцай якога з'яўляецца сам Бог.

Гледзячы на бацькоўства вачамі веры, сцвярджаем, што дзіця не з'яўляецца ўласнасцю мужа і жонкі, але ўласнасцю Бога, а людзям даецца на пэўны час і для пэўнай мэты. «Будзьце плоднымі і размнажайцеся, каб засялілі зямлю і падпарадкавалі яе сабе» (пар. Быц 1, 28). Служба жыццю з'яўляецца асноўным заданнем мужа і жонкі. Чалавек створаны на вобраз і падабенства Творцы, і праз нараджэнне дзяцей - як ДАРУ БОЖАГА - Бог павялічвае чалавечую сям'ю як сям'ю Божую. У чалавечым бацькоўстве Бог прысутнічае асаблівым чынам і «інакш, чым гэта адбываецца ў іншым нараджэнні. Бо толькі ад Яго можа паходзіць «вобраз і падабенства», уласцівыя чалавечай істоце» (Ліст да сем'яў, 9). Таму перадаванне людскога жыцця - бацькоўства - гэта справа не біялогіі, а генеалогіі. «Роля супрацоўнікаў Бога, які перадае свой вобраз новай істоце, сведчыць пра годнасць мужа і жонкі» (EV 43). «Сапраўдная павага да сужэнскай любові і ўвесь сэнс сямейнага жыцця вядуць да таго, каб муж і жонка, прызнаючы іншыя мэты шлюбу, былі гатовы мужна супрацоўнічаць з любоўю Створцы і Збаўцы, які праз іх пастаянна павялічвае і ўзбагачае сваю сям'ю» (KDK 50).

У апошні час насельніцтва Беларусі, як і ўвесь свет, страцілі паняцце бацькоўства. Прычыны гэтай з'явы розныя. У эканамічна багатых краінах муж і жонка хочуць мець адно дзіця, каб больш часу мець для сябе, сваіх патрэбаў. У эканамічна адсталых краінах, да якіх належыць і Беларусь, бацькі не хочуць мець больш як адно дзіця, матывуючы гэта цяжкімі эканамічнымі ўмовамі. Гэтыя і іншыя аргументы беспадстаўныя і амаральныя.

Па-першае, Сінод напамінае вернікам Божую запаведзь «Не забівай». Жыццё чалавечае - святое, паколькі з самага пачатку дамагаецца «стваральнага дзеяння Бога», і застаецца назаўсёды ў асаблівых адносінах да Створцы, адзінай сваёй мэты. Сам Бог з'яўляецца Панам жыцця - з самага яго пачатку і да канца. Ніхто і ні ў якой сітуацыі не мае права знішчаць непавінныя людскія істоты» (DV 5).

Біблія выразна вучыць, што толькі Бог з'яўляецца дарыцелем і Панам жыцця. Гэта Ён стварыў чалавека на Свой вобраз і ўдыхнуў у яго «дыханне жыцця, у выніку чаго чалавек стаў істотаю жывою» (пар. Быц 2, 7). Пасля патопу Бог напамінае Ною, што толькі Ён ёсць Панам жыцця і ніводзін чалавек не павінен пра гэта забываць: «спытаю ў чалавека пра жыццё чалавечае і ў кожнага пра жыццё брата» (пар. Быц 9, 5). Жыццё і смерць чалавека знаходзяцца ў руках і моцы Божай: «у Яго руках дыханне жыцця і душа кожнага чалавека» (пар. Job 12, 10).

Гэтыя прынцыпы вызначаюць маральную навуку Касцёла аб свядомым бацькоўстве. Касцёл добра разумее розныя цяжкасці, з якімі змагаюцца сужэнцы і сем'і, а таксама прэсінг антыхрысціянскага свету, сярод якога мы жывём, але ён верны сваёй місіі і выразна прапаведуе праўды Божыя. Таму Касцёл рашуча асуджае аборты, эўтаназію і рознага роду забойствы. Ён не прызнае кантрацэпцыю і так званае рэгуляванне дзетараджэння, а навучае свядомаму і адказнаму бацькоўству, якое часам называецца «рэгуляваннем зачаццяў». У Душпастырскай Канстытуцыі аб Касцёле ў п. 51 чытаем: «Калі гаворка ідзе пра сумяшчэнне любові мужа і жонкі з адказным перадаваннем жыцця, тады маральны характар спосабу паводзін не залежыць выключна ад самых шчырых намераў і ацэнкі матываў, а павінен быць ацэнены ў святле аб'ектыўных крытэрыяў, якія ўлічваюць прыроду людской істоты і яе ўчынкі». Свядомае бацькоўства - гэта пазіцыя, адкрытая на жыццё і любоў. Яно патрабуе ведання натуральных цыклаў плоднасці жанчыны, спосабаў іх распазнавання, а таксама сумеснай адказнасці мужа і жонкі. «Шлюбнае паяднанне ў кожным выпадку вядзе да адказнасці абодвух», - вучыць Папа Ян Павел ІІ і тут жа дадае, што пра гэта неабходна напамінаць асабліва мужчынам. «Ён не можа заставацца абыякавым, не можа не прызнаць, ці таксама не прыняць тое, у чым сам удзельнічаў. Не можа сказаць «не ведаю», «не хацеў», «ты хацела» (Ліст да сем'яў, 12).

Адказнае бацькоўства азначае адказнасць за сужэнца, за дзяцей, а таксама за Касцёл і народ. Адказнае бацькоўства - гэта магчымасць мець столькі дзяцей, колькі бацькі змогуць выхаваць. «Калі ёсць слушныя прычыны для таго, каб рабіць перапынкі паміж нараджэннем дзяцей... Касцёл навучае, што сужэнцам можна браць пад увагу натуральны цыкл жанчыны, уласцівы функцыі нараджэння, і мець стасункі толькі ў перыяд няплодных дзён, рэгулюючы такім чынам колькасць зачаццяў без парушэння маральных прынцыпаў (HV 16).

Тут могуць дапамагчы навуковыя веды, якія дазваляюць дакладна акрэсліць магчымы перыяд зачацця дзіцяці, дзякуючы вывучэнню біялагічных працэсаў, звязаных з людской плоднасцю. Дарослы мужчына ў прынцыпе заўсёды плодны, а плоднасць жанчыны - перыядычная. Фунцыянаванне палавых гармонаў у яе арганізме - цыклічная і выклікае фізіялагічныя змены, якія паўтараюцца ў пэўныя фазы месячнага цыклу. У адным месячным цыкле жанчына можа стаць маці на працягу толькі некалькіх дзён, затое большасць дзён - гэта дні, у якія зачацце новага жыцця немагчыма. Існуюць навукова апрацаваныя метады, якія дазваляюць жанчыне вывучыць свой цыкл плоднасці. Вядомы чатыры такія метады:

Свядомае бацькоўства патрабуе ведання гэтых метадаў. Яны заснаваны на штодзённым самакантролі жанчыны, каб вызначыць, у якой стадыі цыклу яна знаходзіцца. Гэта дазваляе сужэнцам набыць неабходныя веды для прыняцця сумеснага адказнага рашэння - мець блізкасць, ці ўстрымацца ад яе (Гл. нпр: А. Лихтарович. Когда может произойти зачатие, а когда нет. Катовицэ, 1997. Э. Вуйцик. Естественное планирование зачатий. Познань, 1997. Ks. Z. Domagalski, Malzenstwo darem i wezwaniem, Gniezno 1992; Kramarek Teresa, Metoda objawowotermiczna regulacji poczec, Wloclawek 1992.wyd. 30; Wojcik E., Naturalne planowanie rodziny, Tarnow 1994; Evelyn Billings, Ann Westmore, Metoda Billingsa. Warszawa 1986 i iнш).

3.2.1. Грахі супраць жыцця

Імі з'яўляюцца:

а) Аборт

«Перарванне цяжарнасці, незалежна ад таго, якім чынам яно робіцца, з'яўляецца свядомым і непасрэдным забойствам людской істоты ў пачатковай стадыі яе развіцця, якая ахоплівае перыяд ад зачацця да нараджэння» (EV 58). Касцёл ў сваёй навуцы і практыцы вельмі сурова асуджае забойства ненароджаных. Другі Ватыканскі Сабор навучае: «Трэба з самым вялікім клопатам абараняць жыццё ад самых першых хвілін яго зачацця, аборт, як і забойства дзяцей, - гэта пачварныя злачынствы» (KDK 51). За перарванне цяжарнасці Касцельнае права карае адлучэннем ад Касцёла. Кан.1398: «Хто становіцца прычынаю перарвання цяжарнасці, пасля яго здзяйснення падлягае экскамуніцы ў сілу самога права». «Маральны цяжар гэтага ўчынку праяўляецца ва ўсёй паўнаце, калі прызнаецца, што справа тут датычыць забойства, і асабліва, калі ўзяць пад увагу яго падрабязныя абставіны. Тым, каго забілі, - з'яўляецца людская істота на парозе жыцця, а значыць істота найбольш непавінная, якую толькі можна сабе ўявіць: нельга яе называць агрэсарам, тым больш несправядлівым агрэсарам! Яна слабая і безабаронная да такой ступені, што пазбаўлена нават той мінімальнай абароны, якою з'яўляецца для нованароджанага дзіцяці яго ўмольны піск і плач. Яна цалкам даверана клопату і апецы жанчыны, якая носіць яе ў сваім лоне. Але часам менавіта яна, маці, прымае рашэнне і дамагаецца забойства гэтай істоты, і нават сама яго ажыццяўляе» (EV 58). Таму і Ян Павел ІІ ясна навучае: «Заяўляю, што непасрэднае перарыванне цяжарнасці, г.зн. задуманае як мэта альбо як сродак, з'яўляецца сур'ёзным маральным непарадкам, таму што гэта - дабравольнае забойства непавіннай людской істоты. Ніякія абставіны, ніякія мэты, ніякія законы на свеце ніколі не могуць апраўдаць гэты ўчынак, які сам па сабе з'яўляецца ганебным» (EV 62).

Аборты на Беларусі пагражаюць не толькі будучыні Касцёла, але пагражаюць самому існаванню народа. Ніколі не было і ніколі не можа быць гэтаму апраўдання. Адно з пытанняў у рытуале сакрамэнту Сужэнства гучыць так: «Ці хочаце з любоўю прыняць і па-каталіцку выхаваць патомства, якім вас Бог адорыць?» Маладыя адказваюць: «Хочам». Што ж можна яшчэ сказаць? Шлюб жа бяруць дарослыя людзі, якія добра ведаюць і разумеюць яго вынікі. Пытанне пра патомства задаецца ў множным ліку, - значыць, тут маецца на ўвазе некалькі, а не адно дзіця. Факт, што аборты на Беларусі дазволены афіцыйна, годны асуджэння.

«Як цяжкую знявагу чалавечай годнасці і справядлівасці Касцёл асуджае ўсю тую дзейнасць ураду, ці іншых органаў улады, якая скіравана на кожнае абмежаванне свабоды мужа і жонкі ў прыняцці рашэнняў, якія датычаць патомства. Таму таксама ўсялякі прэсінг, які робяць улады з мэтаю выкарыстання кантрацэптыўных сродкаў, а нават спіраляў і абортаў, павінен быць безумоўна асуджаны і рашуча адхілены» (FC 30).

Дзяржава, якая дазваляе забіваць ненароджанае жыццё, паступае амаральна. Касцёл - гэта адзіны інстытут, які змагаецца за тое, каб у заканадаўстве кожнай дзяржавы былі адпаведныя артыкулы, якія бароняць жыццё і перш за ўсё жыццё ненароджаных дзяцей. Дзяржаўнае заканадаўства павінна прадугледжваць пакаранне асобаў, якія дазваляюць аборты.

«Калі які-небудзь закон пазбаўляе абароны пэўную катэгорыю людскіх істот, якіх па сваёй прыродзе павінен абараняць, тым самым дзяржава не прызнае роўнасці ўсіх перад законам. Калі дзяржава не прымяняе сваю ўладу для абароны правоў кожнага грамадзяніна і асабліва таго, хто з'яўляецца найбольш слабым, тады знаходзяцца пад пагрозаю асновы законнасці дзяржавы... Выражэннем належнай павагі і клопату аб дзіцяці, якое павінна нарадзіцца, пачынаючы ад моманту яго зачацця, павінны быць адпаведныя караючыя санкцыі, прадугледжаныя заканадаўствам за кожнае дабравольнае парушэнне яго правоў» (DV 3).

Некаторыя вучоныя выказваюцца пра эмбрыён як пра «біялагічны матэрыял» і не прызнаюць яго чалавечай індывідуальнасці. Той, хто так думае, глыбока памыляецца і ўводзіць у зман іншых. Чалавечы эмбрыён павінен кожным чалавекам і асабліва вучонымі успрымаюцца як чалавечая істота ад самага зачацця і разглядацца як кожная чалавечая асоба. Вучоныя Беларусі, як і іншыя людзі, да сённяшняга дня пазбаўлены інфармацыі аб пазіцыі Касцёла адносна эмбрыёнаў: «Як і ўсялякую медыцынскую аперацыю на пацыенце, неабходна прызнаць дапушчальнай і аперацыю на чалавечым эмбрыёне пры ўмове, што (урачы - рэд.) будуць аберагаць жыццё і цэласнасць эмбрыёна, не падвяргаючы яго занадта вялікай рызыцы, пры ўмове, што робяць гэта з мэтаю лячэння, паляпшэння яго стану здароўя альбо, каб выратаваць жыццё».

«Вытворчасць чалавечых эмбрыёнаў толькі дзеля таго, каб выкарыстаць іх у якасці «біялагічнага матэрыялу» з'яўляецца амаральнаю». «Некаторыя спробы ўмяшання ў сферу храмасомнай ці генетычнай спадчыннасці носяць не лячэбны характар, а накіраваны на вытворчасць чалавечых істот запланаванага полу, ці з іншымі, загадзя запраграмаванымі асаблівасцямі. Такія маніпуляцыі супярэчаць таксама асабовай годнасці чалавечай істоты, яе недатыкальнасці і індывідуальнасці, адзінай і непаўторнай» (ККК 2275, DV 3;5;6).

Ніводзін чалавек і ніводная навука на зямлі не заменяць Бога ў генетычным фармаванні чалавечай істоты, паколькі Бог «трымае ў сваіх руках душу кожнай жывой істоты і кожны ўздых чалавечага цела» (пар. Job 12, 10).

б) Кантрацэпцыя

азначае прымяненне розных сродкаў і метадаў з мэтай прадухілення зачацця новага жыцця. Гаворачы папулярна, да кантрацэпцыі адносяцца ўсе сродкі, якія засцерагаюць ад цяжарнасці. Аднак трэба выразна адрозніваць сродкі кантрацэпцыі і сродкі, якія выклікаюць аборт. Першыя прадухіляюць зачацце, а апошнія забіваюць эмбрыён (г.зн. чалавека) у першыя гадзіны яго існавання.

Да кантрацэптыўных сродкаў адносяцца:

некаторыя метады - перарваны палавы акт - г.зн. такі сужэнскі кантакт, пры якім мужчына выводзіць член з похвы перад семясцяканнем;
хімічныя сродкі - таблеткі, якія, парушаючы гарманальны цыкл, прадухіляюць авуляцыю;
механічныя сродкі - прэзерватывы і г.д., якія перашкаджаюць пранікненню сперматазоідаў у похву.

Сродкі, якія выклікаюць аборт

Гэта спіралі і іншыя ўнутрыматачныя сродкі, якія выклікаюць такі стан, калі аплодненая клетка-эмбрыён не можа прымацавацца да маткі і наступае аборт, г.зн. выкідванне эмбрыёна і смерць. Да сродкаў, якія выклікаюць аборт, неабходна аднесці таксама часта выкарыстоўваемае адсмоктванне (вакуум). Сродкі, якія выклікаюць аборт, гэта не што іншае, як перарыванне цяжарнасці на самай ранняй яе стадыі.

Касцёл адкідвае розныя віды кантрацэпцыі, бо ўсе яны супярэчаць Божай запаведзі «Не забівай». На думку ж бязбожных забойцаў, пазбыцца непажаданай цяжарнасці можна, выкарыстоўваючы метады кантрацэпцыі, інакш кажучы, забіваючы дзіця. Касцёл звяртае ўвагу ў гэтым выпадку на своечасовае выкарыстанне спосабаў рэгулявання зачаццяў і заахвочвае да свядомага бацькоўства. Асноўнымі дакументамі Касцёла на гэту тэму з'яўляюцца энцыклікі Humanae vitae Папы Паўла VI і Evangelium vitae Папы Яна Паўла ІІ. У аснове гэтай навукі Касцёла ляжыць закон Божы, змешчаны ў Бібліі, а таксама замысел Божы, які датычыць самой сутнасці шлюбнага саюза. Акт сумеснага жыцця мужа і жонкі - гэта праяўленне іх адзінства, якое адначасова павінна весці да пераказвання жыцця. «Праз з'яднанне мужа і жонкі рэалізуецца падвойная мэта сужэнства: дабро саміх мужа і жонкі і пракрэацыя. Нельга раздзяляць гэтыя два значэнні, г.зн. рысы сужэнства, без парушэння духоўнага жыцця мужа і жонкі, без рызыкі на карысць сужэнства, а таксама будучыні сям'і» (ККК 2363). «Калі муж і жонка выкарыстоўваюць кантрацэптыўныя сродкі, яны супярэчаць таму прызначэнню, якое Бог заклаў у саму прыроду мужчыны і жанчыны і ў дынаміку іх палавога злучэння, і займаюць пазіцыю суддзяў Божага замыслу, маніпулююць, а таксама прыніжаюць пол чалавека і адначасова сябе і асобу сваёй «палавіны». Такім чынам, у мове прыроды, якая выражае ўзаемны поўны дар мужа і жонкі, кантрацэпцыя дыктуе супрацьлеглы спосаб захавання, г.зн. такі, які не выражае поўнай аддачы адзін другому. Адсюль паходзіць не толькі актыўнае супрацьстаянне жыццю, але таксама фальсіфікацыя ўнутранай праўды любові» (FC 32).

Таму Касцёл не пагаджаецца з «усякім дзеяннем, якое - ці то падчас планавання сужэнскага акту, ці падчас яго рэалізацыі, ці падчас развіцця яго натуральных вынікаў - мае на мэце зрабіць немагчымым зачацце, альбо прыводзіць да гэтага» (HV 14). «Калі ж муж і жонка прыстасоўваюцца да перыядаў бясплоднасці, тады яны шануюць непарыўны саюз, саюз у значэнні генерацыі і аб'яднання, тады яны выкарыстоўваюць дар плоці згодна з Божым замыслам» (FC 32).

«Перыядычнае ўстрыманне, метады рэгулявання зачаццяў могуць адпавядаць аб'ектыўным крытэрыям маральнасці. Гэтыя метады спрыяюць узаемнаму шанаванню цела сужэнцаў, выхаванню сапраўднай свабоды, заахвочваюць да ўзаемнай пяшчоты» (ККК 2370). «З выбару натуральнага рытму вынікае згода з цыклам асобы, г.зн. жанчыны, а за гэтым ідзе згода на дыялог, узаемнае шанаванне, сумесная адказнасць, валоданне сабой. Гэта азначае прызнанне духоўнага і цялеснага характару і адначасова сужэнскай еднасці. Сужэнская супольнасць узбагачаецца такімі вартасцямі як пяшчота і сардэчнасць» (FC 32).

в) Эўтаназія

Вельмі шмат людзей на свеце хварэе самымі рознымі хваробамі, у тым ліку і невылечнымі. Не заўсёды старасць бывае спакойнай і ціхай. Часта людзі скардзяцца на тое, як цяжка жыць на схіле жыцця і зносіць увесь цяжар невылечнай хваробы. Сёння ў некаторых краінах на Захадзе афіцыйна існуюць службы, якія старых нямоглых людзей альбо невылечна хворых пазбаўляюць жыцця, іншымі словамі, займаюцца забойствам. Гэтае забойства робяць, прыкрываючыся тым, што яны нібыта дапамагаюць старым і невылечна хворым людзям. Эўтаназія з'яўляецца злачынствам, а тыя, хто прапагандуе яе і выкарыстоўвае, з'яўляюцца злачынцамі. Бог дае чалавеку жыццё і толькі Бог можа яго забраць. Старасць - гэта своеасаблівы перыяд, у які чалавек павінен падрабязна праэкзаменаваць сябе за ўсё пражытае жыццё і годна падрыхтавацца да сустрэчы з Хрыстом-Суддзёй. Хваробы, цярпенні з'яўляюцца адной з магчымасцяў, праз якія чалавек можа перапрасіць Пана Бога за свае грахі. Лепш цярпець за іх тут, на зямлі, чым у чысцы альбо пекле. Хто карыстаецца эўтаназіяй? Людзі, якія не вераць альбо якія мала вераць і якія не давяраюць Богу.

Афіцыйнага прымянення эўтаназіі на Беларусі яшчэ няма, але існуюць некаторыя формы яе праяўлення. Прыкладам з'яўляюцца тыя факты, калі цяжка хворым і паміраючым не аказваецца медыцынская дапамога, ці не даюцца лекі, матывуючы гэта тым, што яны ім ужо ўсё роўна не дапамогуць. Такія дзеянні годны асуджэння. Урачы павінны змагацца за жыццё чалавека нават у безнадзейных сітуацыях. Вось што гаворыць Касцёл на тэму эўтаназіі:

«Непасрэдная эўтаназія, незалежна ад матываў і сродкаў, заключаецца ў пазбаўленні жыцця калек, хворых ці паміраючых. Яна з'яўляецца маральна недапушчальнай» (ККК 2277).

«Нават калі смерць лічыцца немінучай, нельга спыняць звычайную медыцынскую дапамогу, на якую мае права хворы чалавек. Прымяненне абязбольвальных сродкаў, каб зменшыць цярпенні паміраючага, нават з рызыкай скараціць яго жыццё, можа маральна адпавядаць чалавечай годнасці, калі смерць не запланавана ані як мэта, ані як сродак, але толькі прадбачыцца і прымаецца як непазбежны зыход. Паліатыўная (гл. слоўнік) апека з'яўляецца важнай формай бескарыснай любові. І таму яе неабходна падтрымліваць» (ККК 2279).

г) Самазабойства

Бог з любові дае жыццё чалавеку і акрэслівае мэту яго жыцця. Галоўнай мэтай жыцця кожнага чалавека з'яўляецца збаўленне ўласнай душы і дасягненне Валадарства Божага. Трэба падкрэсліць, што гэтая галоўная мэта пастаўлена перад кожным чалавекам, незалежна ад яго нацыянальнасці, колеру скуры, месца працы і пражывання. Цяжкім з'яўляецца гэты шлях, шмат перашкод, няўдач, падзенняў сустракаецца на гэтай дарозе да Неба. Некаторыя людзі па прычыне расчаравання, няздзейсненых мараў, непераадоленых цяжкасцяў, атрыманай крыўды пазбаўляюць сябе жыцця. Гэта вельмі цяжкі грэх, які пярэчыць запаведзі «Не забівай». Кожны чалавек павінен клапаціцца пра захаванне і працяг свайго жыцця, а самазабойства супярэчыць гэтаму натуральнаму імкненню чалавечай істоты. Жыццёвы шлях чалавека нялёгкі, але Крыжовы Шлях Хрыста быў непараўнальна цяжэйшым. На гэтым шляху Сын Божы тройчы падаў, але ўставаў, браў крыж на Свае плечы і ішоў далей, пакуль не выканаў волю Бога Айца. Нягледзячы на жыццёвыя няўдачы, чалавек не павінен страчваць веру, а з Божай дапамогай павінен уставаць і ісці далей па шляху, які вядзе да Неба.

Касцёл асуджае самазабойства як антымаральны і грэшны ўчынак, што супярэчыць Божай запаведзі. Гэты грэх застаецца на сумленні таго, хто яго ўчыняе і тых, хто праз несправядлівасць ці крыўду давёў кагосьці да самазабойства. Адказнасць кладзецца таксама на тых, хто ведаў пра намер самазабойства, і не перашкодзіў яго ажыццявіць. Касцёл дапамагае пазбегнуць гэтага цяжкага граху і мае для гэтага сродкі. Такімі сродкамі з'яўляюцца: вера, надзея, любоў, Святыя сакрамэнты, добрыя ўчынкі, Божыя і Касцельныя запаведзі, а таксама штодзённае наследаванне Хрыста.

Апошні Суд належыць Богу, а Касцёл, спадзеючыся на Божую міласэрнасць, моліцца за тых, хто ўчыніў самазабойства. «Самазабойства супярэчыць натуральнаму імкненню чалавечай істоты да захавання і прадаўжэння жыцця. Яно глыбака супярэчыць належнай любові да сябе. Яно зневажае любоў да бліжняга, таму што беспадстаўна знішчае повязі салідарнасці з сям'ёй, сваім народам і ўсім чалавецтвам, перад якімі мы маем абавязкі. Самазабойства супярэчыць любові Бога Жывога» (ККК 2281).

«Самазабойства, учыненае з намерам даць «прыклад», асабліва маладым людзям, набывае дадатковы цяжар дрэннага ўплыву. Дабравольнае супрацоўніцтва ў самазабойстве супярэчыць маральнаму праву. Цяжкія псіхічныя хваробы, страх ці сур'ёзная боязь перад выпрабаваннем, цярпеннем ці катаваннем могуць зменшыць адказнасць самазабойцы» (ККК 2282).

3.2.2. Выхаваўчае заданне сям'і

Сям'я паклікана служыць жыццю, каб у супрацоўніцтве з Богам Стварыцелем даваць жыццё новаму чалавеку, які з'яўляецца не толькі адлюстраваннем Бога, але таксама адлюстраваннем сваіх бацькоў і праяўленнем іх любові. Нараджэнне чалавека - гэта не столькі з'ява біялогіі, колькі генеалогіі. Не вычэрпваецца яна выключна ў момант зачацця і нараджэння, а ахоплівае доўгі працэс станаўлення чалавека. Нараджэнне і выхаванне дзяцей - галоўная задача мужа і жонкі. Выконваючы гэты абавязак, яны з'яўляюцца «супрацоўнікамі любові Божай і як бы яе выразнікам» (KDK 50). «Заданне выхавання вынікае з першапачатковага паклікання сужэнцаў да ўдзелу ў стваральнай місіі Бога: нараджаючы ў любові і для любові новую асобу, бацькі бяруць на сябе адказнасць забяспечыць ёй як мага паўней чалавечыя ўмовы жыцця» (FC 36). Аб гэтым напамінае нам і Другі Ватыканскі Сабор: «Бацькі, паколькі яны далі жыццё дзецям, перад усім абавязаны выхоўваць патомства і таму павінны быць прызнаныя першымі і галоўнымі яго выхавацелямі. Гэтая функцыя выхавання вельмі важная, таму яе адсутнасць вельмі цяжка замяніць. Бацькі павінны стварыць такую сямейную атмасферу, прасякнутую любоўю і павагаю да Бога і людзей, каб яна спрыяла ўсяму асабістаму і грамадскаму выхаванню дзяцей» (DWCH 3). У Лісце да сем'яў Папа сцвярджае, што выхаванне з'яўляецца сінонімам нараджэння - «выхавацель з'яўляецца асобай, якая «нараджае» у духоўным значэнні. Нараджэнне з цела азначае пачатак далейшага нараджэння, паступовага, шматбаковага на працягу ўсяго працэсy выхавання» (Ліст да сем'яў, 16). Выхаванне - гэта не перадача інфармацыі ці ведаў, гэта суіснаванне і супрацоўніцтва асобаў. Выхаванне - гэта перш за ўсё адорванне чалавечнасцю. Таму, як сцвярджае Папа, гэты працэс распачынаецца яшчэ ў лоне маці. «Маці ўжо ва ўлонні фарміруе не толькі арганізм дзіцяці, але ўскосна - ўсю яго чалавечнасць» (Там жа, 16). Сапраўды, псіхалагічныя даследаванні паказалі, што паводзіны маці, яе эмоцыі, самаадчуванне маюць вялікі ўплыў на дзіця, якое яна носіць у сваім лоне. Калі маці не прымае цяжарнасць, ненавідзіць дзіця, якое носіць пад сэрцам, то дзіця на працягу ўсяго свайго жыцця адчувае сябе непатрэбным, нелюбімым альбо ўпадае ў дэпрэсію, альбо становіцца агрэсіўным. Дзеці, атуленыя любоўю ў перыяд цяжарнасці, вызначаюцца вялікай псіхічнай і эмацыянальнай раўнавагай у дарослым жыцці.

Такім чынам, выхаванне з'яўляецца, перад усім, адорваннем чалавечнасцю: «... сапраўднае выхаванне імкнецца фарміраваць чалавечую асобу ў накірунку да яе канчатковай мэты і адначасова на карысць грамадства» (DWCH 1). «Праз нараджэнне бацькі ўдзельнічаюць у стваральнай дзейнасці Бога Стварыцеля, а праз выхаванне становяцца ўдзельнікамі Яго айцоўскай і адначасова мацярынскай педагогікі» (Ліст да сем'яў, 16). Важнасць і пачэснасць выхаваўчай паслугі бацькоў настолькі важная, што св.Тамаш параўноўвае яе са святарскай паслугай: «Некаторыя распаўсюджваюць і падтрымліваюць духоўнае жыццё выключна шляхам духоўнай паслугі - гэта адносіцца да сакрамэнту Святарства; іншыя чыняць гэта ў адносінах, як да фізічнага, так і да духоўнага жыцця - гэта датычыць сакрамэнту Сужэнства» (FC 38).

У працэсе выхавання ўдзельнічаюць абое бацькі. Прысутнасць бацькі і маці на ўсіх этапах выхавання неабходна (пар. KDK 52, Ліст да сем'яў, 16). «Ідэальны працэс выхавання, устаноўлены Богам, грунтуецца на тым, што кожнае дзіця мае станоўчую і цесную сувязь з абодвума бацькамі, г.зн. адчувае ўплыў аднолькава, як з боку бацькі, так і з боку маці. Здаровае развіццё чалавечай асобы адбываецца на працягу 18 гадоў дзяцінства і юнацтва, а пасля ў супрацоўніцтве мужчынскай і жаночай паловы. Абое бацькі неабходны для пракрэацыі і абое таксама неабходны для адкрыцця дзецям істоты Бога. Бацькі супольна знаёмяць і адкрываюць Божыя вартасці сваім дзецям. Дзякуючы гэтаму ўзаемаўплыву, дзеці атрымліваюць усе неабходныя ўмовы, каб стаць здаровымі асобамі, якія змогуць даверыць сваё жыццё Богу» (Дж. Мак Даўэл. Яго Вобраз...Мой вобраз. Кракаў, 1987, с.63).

Далей гэты аўтар сцвярджае, што на аснове Бібліі можна вызначыць тры састаўныя часткі працэсy выхавання: прыклад, навучанне і навука асабістых сувязяў. Усе яны надзвычай важныя, але навука асабістых сувязяў з'яўляецца асноўнай, бо без яе дзве папярэднія будуць безвыніковымі.

На чым грунтуецца навука асабістых сувязяў? Коратка можна адказаць так - на выхаванні ў нармальнай здаровай сям'і, у якой ёсць і бацька і маці, якія любяць адно аднаго і любяць сваіх дзяцей. Такім чынам, дзеці пазнаюць, што азначае быць мужчынам ці жанчынай, устанаўліваюць з членамі сям'і здаровыя міжасабовыя адносіны.

Больш падрабязна гэта можна апісаць наступным чынам:

У псіхічным і асабістым развіцці чалавека можна выдзеліць тры перыяды:

1. Першы перыяд ахоплівае перыяд ад нараджэння да 18-га месяца жыцця. Гэта перыяд, у які дзіця асэнсоўвае сваіх бацькоў як сваіх апекуноў, а менавіта бачыць іх абодвух у ролі маці.

2. З трэцяга года жыцця да перыяду палавой сталасці адзін з бацькоў супрацьлеглага полу мае большае значэнне ў развіцці дзіцяці. Хлопец эмацыянальна больш прывязваецца да маці, а дзяўчынка - да бацькі. На гэтым этапе дзіця падрыхтоўваецца да таго, каб добра адчуваць сябе ў дарослых сувязях з асобамі супрацьлеглага полу.

3. Трэці этап у развіцці дзіцяці - гэта перыяд, які распачынаецца ад дасягнення палавой сталасці да дасягнення дарослага ўзросту, ён асноўваецца на тым, што большы ўплыў аказвае адзін з бацькоў таго самага полу. У гэты перыяд дзіця, каб распачаць дарослае жыццё, патрабуе прыкладу, што азначае быць мужчынам ці жанчынай (гл. там жа, с. 67 і наст.).

Выкананне гэтых правілаў з'яўляецца надзвычай важным для далейшага дарослага жыцця (гл. там жа, с. 83-93). Даволі частай з'явай у нас з'яўляецца выхаванне дзяцей у няпоўных сем'ях. Гэта адмоўна ўплывае і на хлопцаў, і на дзяўчат. Дзяўчынцы, якая ў дзяцінстве не мела станоўчых адносін са сваім бацькам, цяжка ўстанавіць адносіны са сваім мужам. Хлопчык, які не бачыў добрага прыкладу, не ўяўляе сабе, што такое быць мужчынам. Маці, якая з'яўлялася для яго і маці і бацькам, была адказнай за яго толькі сама. Таму ў будучым такі хлопец будзе нерашучым, а ўсю сваю адказнасць будзе перакладаць на жанчыну. Прыкладам можа быць чалавек у «масцы» з тэлеперадачы «Мая сям'я». У 17-гадовым узросце ён сустракаецца з дзяўчынай і ў выніку іх адносін нараджаецца дзіця. Каб не ісці ў армію, ён рашаецца на другое дзіця і рашаецца ажаніцца на дзяўчыне. Усё было не так дрэнна, пакуль жыла бабуля, якая займалася дзецьмі. Калі бабуля памерла, жыццё, на яго думку, стала невыносным. Хлопцу 21 год, а ён ужо ненавідзіць сваіх дзяцей, пакрыўджаны і злосны на ўсіх. Ён жадае, каб жонка знайшла сабе мужа і разам з дзецьмі пакінула яго.

Таму, каб сям'я магла выхоўваць псіхічна здаровых і эмацыянальна сталых асобаў, неабходны прыклад і бацькі, і маці. Асабліва важнай з'яўляецца роля бацькі, яго ўдзел у выхаваўчым працэсе. Пра гэта гаварыў яшчэ Другі Ватыканскі Сабор: «Дзейсная прысутнасць бацькі дапамагае фарміраванню дзіцяці» (KDK 52), а Ян Павел ІІ развівае гэта ў сваім вучэнні. У Лісце да сем'яў ён піша: «Неабходна, каб бацька далучаўся да мацярынства сваёй жонкі ўжо падчас чакання дзіцяці і, па-магчымасці, у момант прыходу яго на свет». «Вельмі шмат залежыць ад таго, ці ўдзельнічае, і якім чынам удзельнічае ён, у гэтай першай фазе адорвання чалавечнасцю, ці ўплывае сваёй мужнасцю і бацькоўствам на мацярынства сваёй жонкі» (16). А ў адгартацыі папа сцвярджае, што «любоў да жонкі, якая стала маці, і любоў да дзяцей, з'яўляюцца для мужчыны натуральным шляхам да разумення і рэалізацыі свайго бацькоўства. Перш за ўсё там, дзе сацыяльныя і культурныя ўмовы жыцця без перашкод дазваляюць бацьку вызваліцца ад абавязкаў перад сям'ёй і менш удзельнічаць у выхаванні дзяцей, неабходна скіраваць выхаванне грамадскай думкі на ўсведамленне таго, што бацька ў сям'і з'яўляецца адзіным і незамяняльным. Як паказвае вопыт, адсутнасць бацькі парушае псіхічную і маральную раўнавагу, а таксама выклікае значныя цяжкасці ў сямейных адносінах, падобна, як і наадварот: прыгнятаючая прысутнасць бацькі, асабліва там, дзе ўжо сустракаецца з'ява так званага «махізму», г.зн. злоўжывання мужчынскай сілай, прыніжаюць жанчыну і не дазваляюць развівацца здаровым сямейным адносінам. (...) Мужчына пакліканы, каб забяспечыць аднолькавае развіццё ўсіх членаў сям'і. Ён выканае гэтую задачу дзякуючы свядомай адказнасці за пачатае жыццё і стараннаму выкананню абавязку выхавання, які падзяляе з жонкай у сумеснай працы» (FC 25).

Ніхто і нішто не заменіць бацькоў у выхаванні. Касцёл выразна вучыў і вучыць, што бацькі - гэта першыя і галоўныя выхавацелі. Права і абавязак выхавання з'яўляецца чымсьці істотным «ёсць першапачатковым і мае перавагу перад выхаваўчымі задачамі іншых людзей; выключае замяняльнасць і не падлягае перадачы, таму не можа быць цалкам даручаны іншым і іншымі заменены» (FC 36). Менавіта «сям'я з'яўляецца школай грамадскіх дабрадзейнасцяў» (DWCH 3). «Гэта першая школа хрысціянскага жыцця і школа чалавечнасці. У ёй дзіця вучыцца вытрымцы і радасці працы, братняй любові, шчыраму прабачэнню, нават шматразоваму, і асабліва ўшанаванню Бога праз малітву і ахвяраванне свайго жыцця» (ККК 1657). «Сямейны дом - адпаведнае месца фарміравання дабрадзейнасцяў» (ККК 2223).

Свае абавязкі сям'я не можа перадаць іншым, ніякія іншыя ўстановы не маюць права заняць месца сям'і. Вядома, што бацькі не ў стане зрабіць усё, бо дзіцяці трэба таксама перадаць веды, пазнаёміць з дасягненнямі сучаснай навукі. Таму бацькі карыстаюцца дапамогай розных выхаваўчых установаў (пар. DWCH 3). Аднак толькі яны адказваюць за выхаванне. Іншыя ж ім толькі дапамагаюць і «дзейнічаюць ад іх імя, атрымаўшы згоду бацькоў, а ў некаторай ступені нават па іх даручэнні» (Ліст да сем'яў, 16). «Бацькі першымі адказваюць за выхаванне дзяцей, яны маюць права выбіраць для іх школу, якая адпавядае іх уласным перакананням, г.зн. такая, што найлепш дапаможа ў выкананні заданняў хрысціянскіх выхавацеляў» (ККК 2229, DWCH 6). «Калі ў школах навучаюць ідэалогіі, якая супярэчыць хрысціянскай веры, то сем'і, наколькі гэта магчыма, пры дапамозе розных форм сямейных аб'яднанняў, з усіх сіл і ўсім сваім уменнем павінны дапамагчы маладым, каб яны не адыходзілі ад веры» (FC 40).

Як вынікае з вышэй прадстаўленага вучэння Касцёла, бацькі нясуць адказнасць за выхававанне сваіх дзяцей. Іншыя ўстановы могуць толькі дапамагаць сям'і. Таксама і Касцёл не хоча і не можа замяніць сям'ю, а толькі дапамагае ёй ў выкананні асноўных абавязкаў. З гэтай мэтай Касцёл прапануе сем'ям так званыя арыенціры на тэму выхавання. Вось некаторыя з іх:

«Бацькі выконваюць свае абавязкі перш за ўсё ствараючы сямейнае цяпельца, у якім пануе пяшчота, прабачэнне, павага, вернасць і бескарыснае служэнне. (...) Бацькі павінны вучыць дзяцей падпарадкоўваць матэрыяльныя і інстынктыўныя патрэбы... унутраным і духоўным патрэбам. На бацькоў кладзецца сур'ёзная адказнасць: быць добрым прыкладам для сваіх дзяцей. Калі яны умеюць прызнаваць перад дзецьмі свае ўласныя недахопы, то змогуць больш эфектыўна кіраваць дзецьмі і папраўляць іх» (ККК 2223).

«Хто любіць свайго сына, няхай часта прымяняе розгу, каб у канцы мог ім цешыцца» (пар. Syr 30, 1-2). «А вы, айцы, не дражніце вашых дзяцей, але выхоўвайце іх у навуцы і напамінанні Пана» (пар. Эф 6, 4).

«Сямейны дом з'яўляецца натуральным асяроддзем увядзення дзяцей у cупольную салідарнасць і адказнасць. Бацькі павінны вучыць сваіх дзяцей пазбягаць фальшывых уступак і прыніжэнняў. (ККК 2224).

«У ім (бацькоўскім доме) дзіця вучыцца настойлівасці і радасці працы, братняй любові, шчыраму прабачэнню, нават шматразоваму, і асабліва ўшанаванню Бога праз малітву і ахвяраванне свайго жыцця» (ККК 1657).

«Дзеці павінны расці ў атмасферы незалежнасці ад матэрыяльных дабротаў, прымаючы просты і спартанскі стыль жыцця, будучы глыбока перакананымі, што «чалавек варты не тым, што мае, а тым, кім ён ёсць». Дзецям павінна быць прывіта не толькі пачуццё сапраўднай справядлівасці, што вядзе да ўшанавання асабістай годнасці кожнага чалавека, але таксама і пачуццё сапраўднай любові як пазіцыя шчырага клопату і бескарыснай службы іншым.

У сям'і праз узаемны дар сябе бацькі вучаць гэтаму сваіх дзяцей. Гэты дар павінен праяўляцца ва ўзаемаадносінах братоў і сясцёр, а таксама розных пакаленняў у сям'і. Выхаванне да любові, зразуметай як дар сябе, - гэта пастаяннае заданне для бацькоў, пакліканых ясна і далікатна перадаваць дзецям сексуальнае выхаванне. У культуры, якая апашляе пол чалавека, паслуга бацькоў павінна асабліва быць накіравана на культуру палавога жыцця, каб была яна сапраўды і цалкавіта асабовай. Гэтае выхаванне павінна садзейнічаць знаёмству з маральнымі прынцыпамі, якія б сталі канчатковым крытэрыем і каштоўнай гарантыяй адказнага ўзросту асобы ў сферы сексуальнасці.

Неад'емнай часткай з'яўляецца таксама выхаванне чыстасці як цноты, якая вядзе асобу да сапраўднай сталасці і робіць яе здольнай шанаваць і развіваць праўдзівае зразуменне абранніцкага сэнсу цела» (FC 37).

Сямейнае выхаванне павінна накіроўваць дзяцей на тое, каб яны «адчулі сябе істотамі, надзеленымі складанай і багатай псіхікай, а таксама сябе як асобу з яе моцнымі і слабымі бакамі. Неабходна прывіць павагу да кожнай сапраўднай вартасці чалавека і да ўсяго таго, што мае значэнне для фарміравання характару, для авалодвання і выкарыстання ўласных схільнасцяў, патрэбных для ўспрымання і адносін да асобаў супрацьлеглага полу» (FC 66).

3.3. Удзел у развіцці грамадства

Сям'я - гэта грамадства ў мініяцюры. Грамадства ў маштабе дзяржавы складаецца з мільёнаў сем'яў. Кожная сям'я з'яўляецца фундаментам дадзенага грамадства. Кожны чалавек па сваёй прыродзе патрабуе другога чалавека, г.зн. жадае жыць у грамадстве. Жыццё ў грамадстве - гэта прызванне чалавека. Ва ўзаемным служэнні грамадству і людзям чалавек развівае свой талент і магчымасці і выконвае сваё прызначэнне і пакліканне (KDK 25). Сям'я як супольнасць асобаў з'яўляецца першай школай грамадскага жыцця. Бо ў сям'і і дарослыя, і дзеці - усе працуюць на карысць сям'і. Сямейныя супольнасці, якія аб'ядноўваюцца на аснове пэўных інтарэсаў (напр., эканамічных, культурных, рэлігійных), працуюць дзеля агульнага дабра на карысць грамадства.

«Чаго сям'я-інстытут чакае ад грамадства? Чакае, перш за ўсё, прызнання сваёй адметнасці і ўспрымання яе ў якасці грамадскага суб'екта. Суб'ектыўнасць звязана з адметнасцю кожнага мужа і жонкі, а таксама кожнай сям'і. Сужэнства - гэта фундамент сямейнага інстытута. Устаноўлены ён дзякуючы саюзу паміж мужчынам і жанчынай, якія ўтвараюць супольнасць на ўсё жыццё, скіраваную па сваёй прыродзе для карысці сужэнцаў, а таксама для нараджэння і выхавання патомства». Толькі такі саюз можа быць прызнаны і пацверджаны грамадствам як сужэнства. Не могуць быць прызнаны грамадствам як сужэнства іншыя саюзы паміж людзьмі, якія не адпавядаюць неабходным крытэрыям, хоць сёння і існуюць тэндэнцыі, вельмі небяспечныя для будучыні чалавецтва і грамадстваў» (Ліст да сем'яў, 17, кан.1055, 1, ККК 1601).

Касцёл заўсёды абараняў і абараняе сем'і як супольнасці асобаў. Нягледзячы на тое, што сям'я жыве ў акружэнні іншых сем'яў, можна сказаць, што кожная з іх у пэўным сэнсе з'яўляецца суверэнным грамадствам. У 1980 годзе ў Рыме адбыўся Сінод Біскупаў, прысвечаны хрысціянскай сям'і і яе задачам у сучасным свеце. Сінод Біскупаў звярнуўся да Папы з просьбаю апрацаваць дакумент аб асноўных правах сям'і. Так з'явіўся Статут правоў сям'і. Гэты дакумент быў прадстаўлены ўсяму свету. Апостальская Сталіца выказала пажаданне, каб усе дзяржаўныя ўлады, установы і арганізацыі cтаноўча аднесліся да гэтага дакумента, да прызнання і захавання правоў сям'і. Наколькі вядома, Статут правоў сям'і яшчэ не быў апублікаваны ў беларускім друку. Грамадства як дзяржава складаецца з сем'яў, таму сям'я як фундамент дзяржавы павінна быць трактавана годна і з належнаю пашанаю. Калі дзяржаўныя ўлады не будуць рэальна, а не дэкларатыўна, клапаціцца пра сям'ю, то такая дзяржава не будзе мець будучыні. У грамадскія функцыі сям'і ўваходзіць таксама выказванне меркаванняў у форме палітычнай інтэрвенцыі. Сем'і павінны клапаціцца пра тое, каб дзяржаўныя ўстановы не парушалі правоў і абавязкаў сям'і, а таксама неслі адказнасць за змены ў грамадстве.

З радасцю перадаём Божаму люду Беларусі «Статут правоў сям'і». Спадзяёмся, што гэты дакумент дапаможа хрысціянскім сем'ям будаваць Божае Валадарства ў сваіх сем'ях і дзяржаве.

Каталіцкі Касцёл на Беларусі выдаў «Статут правоў сям'і» на беларускай і польскай мовах накладам 50.000 экзэмпляраў і 14 сакавіка 1998 г. у Мінскай Архікатэдры была арганізавана яго прэзентацыя.

3.4. Удзел у жыцці і місіі Касцёла

Хрысціянская сям'я з'яўляецца не толькі фундаментам грамадства і дзяржавы, але таксама фундаментам і будучыняй Касцёла. Касцёл паўсюдны і сям'я як «Касцёл Хатні» узаемна пранікаюць адзін у другі. Касцёл паўсюдны з'яўляецца «паслом» Бога на ўсёй зямлі, а сям'я з'яўляецца «паслом» Касцёла паўсюднага на сваім узроўні і ў сваім асяроддзі. Касцёл будуе Божае Валадарства сярод усіх людзей на зямлі, а ў абавязкі хрысціянскай сям'і ўваходзіць будаванне Божага Валадарства ў самой сям'і і сярод іншых людзей, дзякуючы чаму сакрамэнтальная сям'я паказвае людзям жывую і збаўчую таямніцу Хрыстовага Касцёла.

«Да прынцыповых заданняў хрысціянскай сям'і адносіцца таксама заданне Касцёла: сям'я паклікана будаваць Божае Валадарства ў гісторыі праз удзел у жыцці і місіі Касцёла.

Каб лепш зразумець асновы, змест і характэрныя рысы гэтага ўдзелу, неабходна паглыбіць разнастайныя і трывалыя сувязі, якія узаемна яднаюць Касцёл і хрысціянскую сям'ю, cтвaраючы з яе нешта накшталт «Касцёла ў мініяцюры» (Ecclesia domestica) і робячы яе ў пэўным сэнсе жывым адлюстраваннем і гістарычным аб'яўленнем таямніцы Касцёла» (FC 49, ККК 11).

3.4.1. Пераказванне веры

Гэта адна з місій Касцёла і хрысціянскай сям'і. Бацькі - гэта першыя і галоўныя настаўнікі святой веры для сваіх дзяцей. Дзіця павінна з самага ранняга ўзросту бачыць у сваіх бацьках прадстаўнікоў Касцёла. Выхаванне ў сям'і павінна грунтавацца толькі і выключна на прынцыпах веры Хрыстовай. На жаль, сённяшнія сацыяльныя ўмовы на Беларусі вельмі мала спрыяюць хрысціянскім бацькам у навучанні веры сваіх дзяцей. Таму бацькі павінны самым цесным чынам супрацоўнічаць з Касцёлам.

«Бацькам неабходна стварыць такую сямейную атмасферу, прасякнутую любоўю і павагай да Бога і людзей, каб яна спрыяла асабістаму і грамадскаму выхаванню дзяцей. (...) У хрысціянскай сям'і, адоранай ласкай і абавязкамі сакрамэнту Сужэнства, неабходна ўжо з самага ранняга ўзросту вучыць дзяцей, згодна з верай, атрыманай пры хрышчэнні, пазнаваць і шанаваць Бога, а таксама любіць бліжняга. У сям'і яны таксама спачатку набіраюцца вопыту сапраўднай супольнасці і Касцёла, а затым праз сям'ю яны паволі ўваходзяць у грамадзянскую супольнасць і далучаюцца да Божага люду» (DWCH 3).

Добрасумленнае і рэлігійнае жыццё бацькоў павінна быць найлепшым прыкладам і падручнікам для дзяцей. За рэлігійнае выхаванне дзяцей адказныя і бацька і маці. У сям'і павінна быць так званая сямейная катэхеза, а галоўнымі катэхетамі павінны быць бацькі. Яны абавязаны вучыць сваіх дзяцей жыць паводле Евангелля і накіроўваць іх на шлях любові да Бога, бліжніх і Касцёла. Як Касцёл з'яўляецца Апостальскім, так і сям'я з'яўляецца «школай апосталаў». Апостальскія функцыі яна павінна ажыццяўляць у сваёй сям'і, сярод суседзяў і сярод людзей, з якімі штодзённа сустракаецца.

«Сям'я павінна шчодра дзяліцца сваім духоўным багаццем з іншымі сем'ямі. Менавіта хрысціянская сям'я, будучы вобразам абранніцкага саюза Хрыста і Касцёла, сям'я, якая бярэ ўдзел у гэтым саюзе праз любоў сужэнцаў, ахвярную плоднасць, еднасць і вернасць, а таксама праз супрацоўніцтва ўсіх членаў, заснаванае на любові, будзе сведчыць усім аб жывой прысутнасці Збавіцеля ў свеце, а таксама адкрываць сапраўдную прыроду Касцёла» (KDK 48).

3.4.2. Святарская місія сям'і

Паўсюднае святарства вернікаў і афіцыйнае святарства, г.зн. іерархічнае, хоць адрозніваюцца не толькі па ступені, але і па-сутнасцi, аднак суаднесены адно да другога, бо адпаведным чынам удзельнічаюць у адным Хрыстовым святарстве. Менавіта афіцыйны святар, дзякуючы святой уладзе, якую мае, выхоўвае люд святарскі і кіруе ім. Як наступнік Хрыста (in persona Christi) ён чыніць Эўхарыстычную Ахвяру і складае яе Богу ад імя ўсяго народа, а вернікі на аснове свайго каралеўскага святарства таксама саўдзельнічаюць у ахвяраванні Эўхарыстыі. Яны рэалізуюць таксама сваё святарства шляхам прыняцця сакрамэнтаў, праз малітву і ўдзячнасць, сведчанне сваім праведным жыццём, праз самаахвяраванне і дзейсную любоў» (KDK 10, пар. Пій XII, Прамова Magnificate Dominum 2.10.1954г. AAS 46 (54) с.669, Enck. Mediator Dei, 20.10.47 AAS 39(47) c.555).

Значыць, не толькі Касцёл абавязаны прапаведваць навуку аб Хрысце, але і бацькі як «святары Хатняга Касцёла» павінны весці сваіх дзяцей да Бога. Як Касцёл прыносіць Богу ахвяру за ўвесь свет, так і бацькі абавязаны прыносіць ахвяру, мілую Богу.

Ахвярай бацькоў і хрысціянскай сям'і з'яўляецца:

Побач з Літургіяй Касцёла існуе хатняя літургія. Плён касцёльнай літургіі сям'я павінна рэалізаваць у сваім штодзённым жыцці. Сямейныя святы, напр., гадавіны, павінны святкавацца ў сям'і ў духу ўдзячнасці Богу, павінны спрыяць узрастанню пабожнасці і рэлігійнай стараннасці.

На жаль, на Беларусі жыве шмат людзей, якія не чуюць Добрай Навіны аб збаўленні. Беларусь з'яўляецца шырокім полем для евангелізацыі, на якім адчуваецца вялікі недахоп работнікаў. Наш Сінод заахвочвае Божы люд Беларусі да евангелізацыі праз сям'ю як Хатні Касцёл. Асаблівую ўвагу на гэта звяртае Ян Павел ІІ, гаворачы: «Будучае Евангелізацыі ў значнай меры залежыць ад Хатняга Касцёла» (Ян Павел ІІ, Прамова на ІІІ Агульнай канферэнцыі Епіскапатаў Лацінскай Амерыкі, VI, а (28.01.1979) ААS 71 (79), 204).

Важнасць прапаведвання Добрай Навіны праз сям'ю яшчэ раней падкрэсліваў Павел VI: «Сям'ю, так, як і Касцёл, неабходна лічыць полем, на якое пераносіцца Евангелле і з якога яно разрастаецца. Таму ва ўлонні сям'і, якая ўсведамляе гэтае заданне, усе яе члены евангелізуюць, а таксама падлягаюць евангелізацыі. Бацькі не толькі дзеляцца з дзецьмі Евангеллем, але могуць таксама пераняць ад іх гэтае Евангелле, якое глыбока праяўляецца ў жыцці. Сям'я становіцца прапаведнікам Евангелля для многіх іншых сем'яў, а таксама для асяроддзя, у якім жыве» (Павел VI, Adhort. Apost. Ewangelii nuntiandi, 71).

4. КАНФЛІКТЫ І ПАГРОЗЫ Ў СУЖЭНСТВЕ І СЯМ'І

Часта ў перыяд падрыхтоўкі да сужэнства можна пачуць ад будучых мужа і жонкі «Кахаю яго (яе) больш за жыццё», і гэта з'яўляецца натуральным чалавечым пачуццём. Сужэнства ствараецца на аснове кахання паміж мужчынам і жанчынай. Словы сужэнскай прысягі пацвярджаюць гэтае каханне нарачоных. Але калі паглядзім навокал, мы заўважым шмат негатыўных з'яў у сужэнстве і сям'і. Куды ж знікае тое ўзаемнае каханне, пра якое гаварылі перад шлюбам?

Прычыны, якія выклікаюць пагрозу для сужэнства, наступныя:

Пералічаныя прычыны з'яўляюцца даволі характэрнымі і частымі ў сем'ях і сужэнствах на Беларусі.

а) Лаіцызацыя. Хрыстус Пан узвысіў саюз мужчыны і жанчыны да годнасці сакрамэнту. Як надвор'е бывае сонечным і воблачным, так і ў сужэнстве бываюць перыяды радасці і смутку, канфліктаў і згоды. Праз сакрамэнт Сужэнства Хрыстус даў мужу і жонцы ласку пажыццёвага выканання іх сужэнскага паклікання. «Ласку, якая ўдасканальвае гэтае натуральнае каханне, умацоўвае яго непарыўную еднасць і асвячае сужэнцаў, выслужыў праз Сваю муку Сам Хрыстус. Ён ўстанавіў Святыя сакрамэнты і дзейнічае праз іх» (Conc. Trid. Sess.24. Doctrina de sacramento Matrimonii, Bf, VII, n. 594, 603).

Такім чынам Сын Божы не толькі ўстанавіў сакрамэнт Сужэнства, але праз гэты сакрамэнт дапамагае мужу і жонцы, дае радасць і вядзе дарогаю спакою, любові і згоды. Касцёл таксама прапануе розную духоўную дапамогу ў сужэнскім жыцці. Хто ж вінаваты ў тым, што некаторыя муж і жонка адмаўляюцца ад дапамогі Касцёла, а перад Хрыстом замыкаюць дзверы сваіх сэрцаў. Хрыстус, Касцёл, Святыя сакрамэнты, малітва і вера робяць жыццё сужэнцаў спакойным, даюць сілы для пераадолення цяжкасцяў і канфліктаў. Акрамя гэтага, малітва, практыка рэлігійнага жыцця, выкананне Божых і касцельных запаведзяў - усё гэта з'яўляецца духоўным пасілкам, неабходным для кожнай сям'і. Так, як адсутнасць ежы аслабляе арганізм чалавека і можа прывесці да смерці, так і адсутнасць духоўнага пасілку, несумненна аслабляе сям'ю і можа прывесці да яе распаду.

б) Адсутнасць свядомасці сужэнскага жыцця. У Беларусі, так, як і ва ўсім свеце, узрасла колькасць шлюбаў, заключаных паміж людзьмі адносна маладога ўзросту. Маладыя людзі, якія толькі што скончылі сярэднюю школу і не маюць ніякага жыццёвага вопыту, таксама свой намер стварыць сям'ю аргументуюць каханнем. На жаль, гэта іх «каханне» ў большасці выпадкаў з'яўляецца нясталым, няшчырым і павярхоўным, яно грунтуецца толькі на фізічным каханні. Усё жыццё гэтыя маладыя людзі знаходзіліся на ўтрыманні сваіх бацькоў. Дзеці не ведаюць, што значыць цяжка працаваць, каб зарабіць грошы. Бацькі падрыхтавалі вяселле, купілі шлюбнае ўбранне, заручальныя пярсцёнкі і ў свядомасці маладых складваецца стэрэатып, што ўсё жыццё будзе мядовым месяцам. Але заканчваецца вяселле, мядовы месяц, і наступае штодзённае жыццё са сваімі праблемамі. Першыя жыццёвыя канфлікты праяўляюць непадрыхтаванасць маладых да самастойнага жыцця. Ды і якая можа быць свядомасць сужэнскага і сямейнага жыцця ў 17-19 гадовых маладых людзей? Ніякая! Яны пазнаёміліся на дыскатэцы, ці ў кіно і праз месяц-другі вырашылі пажаніцца. У 1996 годзе колькасць разводаў вырасла на 22%. На 1000 зарэгістраваных у ЗАГСах сужэнстваў прыпадае 675 разводаў. Найбольш слабыя сужэнскія саюзы ў сталіцы Беларусі - Мінску, дзе на 1000 шлюбаў прыпадае ажно 778 разводаў (Р. 22.01.1997, c.3).

в) Алкагалізм і наркаманія. Гэта дзве вялікія пагрозы для сужэнства і сям'і. Афіцыяльная статыстыка не падае звестак аб стане алкагалізму на Беларусі, але і без яе можна назіраць гэтую досыць сумную з'яву сярод беларускага насельніцтва. Вялікую адказнасць за гэта нясе дзяржава, якая дазваляе амаль усюды і ў любы час сутак, нават і ўначы прадаваць алкаголь. У дзяржаўных і прыватных крамах без усялякіх перашкод і абмежаванняў яго можа набыць кожны, нават падлетак. Акрамя свабоднага продажу, існуе шырокая прапаганда і рэклама алкагольных напояў у сродках масавай інфармацыі. Спроба пратэсту была заглушана аргументамі, што алкагольныя вырабы - гэта крыніца дзяржаўнага бюджэту. Дзяржава, якая дазваляе «заліваць» краіну неабмежаванай колькасцю алкаголю, падвяргае грамадзян дэградацыі.

Наркаманія - адносна маладая з'ява на Беларусі, але не менш небяспечная. Аб гэтым сведчыць той факт, што справа наркаманіі была перададзена ў Папскую Раду. Беларускі Kасцёл павінен быць гатовы стаць у абарону люду Божага перад наступаючай небяспекай. Вядуцца спрэчкі, ці з'яўляецца наркаманія прычынай распаду сужэнства і сям'і. З упэўненасцю адказваем: ТАК, і яшчэ ў большай ступені, чым алкагалізм.

З 21 па 23 лістапада 1991 г. у Рыме Папская Рада па пытаннях Душпастырства Службы Здароўя праводзіла навуковы кангрэс пад назвай «Contra spem in spem: наркотыкі і алкаголь супраць жыцця». Звяртаючыся да ўдзельнікаў гэтага кангрэсу, Ян Павел ІІ сказаў: «У той час, калі ўмеркаванае ўжыванне алкагольных напояў маральна не забаронена, і трэба толькі асудзіць злоўжыванне імі, то ў сваю чаргу ўжыванне наркотыкаў заўсёды забаронена, паколькі неапраўдана і ірацыянальна пазбаўляе чалавека мыслення, абмяжоўвае яго волю і здольнасць прыняцця рашэнняў. Зрэшты, нават прымяненне па рэкамендацыі ўрачоў псіхатропных лекаў пры моцным фізічным болю павінна быць вельмі асцярожным, паколькі гэта выклікае небяспеку прывыкання і залежнасці ад іх» (L'Osservatore Romano, французскае выданне, № 51(91), с.18).

Ужыванне наркотыкаў з'яўляецца своеасаблівай рэакцыяй чалавека на штодзённае жыццё, з прычыны ўтраты яго сэнсу, недахопу маральных каштоўнасцяў і недахопу ўнутранай гармоніі. Ужыванне наркотыкаў робіць чалавека няздольным да нармальнага жыцця ў грамадстве. Яшчэ горш уплываюць наркотыкі на арганізм і асаблівасць жанчыны як будучай маці. Такая жанчына калечыць не толькі сябе, але, што самае жахлівае, калечыць новае жыццё, якое носіць пад сэрцам. Які прыклад, якое выхаванне можа даць маці ці бацька, якія ўжываюць наркотыкі?

Адсутнасць сямейнага жыцця як «Хатняга Касцёла» спрыяе залежнасці ад наркотыкаў. Бацькі, якія не могуць справіцца з жыццёвымі цяжкасцямі, знаходзяць паратунак і забыццё ў алкаголі і наркотыках. Канфлікт паміж бацькамі і дзецьмі, у якім дзеці адчуваюць сябе незразуметымі і не атрымліваюць бацькоўскай падтрымкі, з'яўляецца прычынай наркаманіі. Наркаман, каб здабыць наркотыкі, здольны на ўсё: крадзеж, гвалт, забойства.

Беларускаму грамадству пагражае небяспека наркаманіі. На жаль, грамадства займае тут пасіўную пазіцыю. З распадам таталітарнай імперыі, якой быў Савецкі Саюз, усе пастаянна гавораць пра свабоду, якая «не з'яўляецца станоўчай перспектывай у імкненні да дабра... а хутчэй, эмансіпацыяй усіх абумоўленасцяў, якія перашкаджаюць кожнаму чалавеку паводзіць сябе згодна са сваім розумам» (з прамовы кс. кардынала Е. Ратцынгера на Кансісторыі Кардыналаў, 4-7.04.1991г.).

Замест свабоды на грунце хрысціянства развіваецца эгаізм, абыякавасць да няшчасця і цярпенняў бліжніх. У такім грамадстве Бог, вера, маральныя каштоўнасці і прынцыпы хрысціянскага жыцця ігнаруюцца. Замест маральна-рэлігійных каштоўнасцяў чалавек шукае іншыя, фальшывыя ідэалы, якімі з'яўляюцца не заўсёды добрасумленная праца, грошы, алкаголь, пастаянныя забавы і ўрэшце рэшт наркотыкі. У такім грамадстве рэлігія можа выкарыстоўвацца не з мэтаю ўсталявання маральнага ладу, але для задаволення палітычных, эканамічных, сацыяльных, этнічных амбіцый індывідыумаў або партый.

«Асэнсаванне нанава канчатковай мэты жыцця і яго асноўных каштоўнасцяў з'яўляецца вялікім заданнем сённяшняга дня на шляху аднаўлення грамадства. Толькі ўсведамленне прыярытэту гэтых каштоўнасцяў дазволіць такое выкарыстанне велізарных магчымасцяў, якое навука дала чалавеку, і якое сапраўды будзе скіравана на развіццё чалавечай асобы ва ўсёй яе ўнутранай праўдзе, у яе свабодзе і годнасці» (FC 8).

Касцёл і праблема наркаманіі. Наркаман - гэта таксама адзін з членаў люду Божага, і Касцёл як клапатлівая Маці не толькі спачувае, але і стараецца дапамагчы знайсці «дарогу, праўду і жыццё» (пар. Ян 14,6).

Супраць наркаманіі Касцёл змагаецца шляхам евангелізацыі, прапаведуючы Добрую Навіну і «адкрываючы яму (чалавеку) любоў Божую, якая аб'явілася ў Езусе Хрысце» (RM 2).

«Навяртайцеся і верце ў Евангелле» (пар. Мк 1, 55).

«Прыйдзіце да мяне ўсе, хто стомлены і абцяжараны, а я вас суцешу» (пар. Мц 11, 28), - гэтыя біблейскія заклікі Касцёл скіроўвае і да наркаманаў. Не шукайце спакою, радасці і шчасця ў наркотыках, Бог - гэта крыніца сапраўднага і трывалага спакою, радасці і шчасця. Гаворачы пра наркамана, Папа прапануе «весці яго да адкрыцця і паўторнага адшукання ўласнай чалавечай годнасці (...), дапамагаць яму зноў стаць актыўным грамадзянінам і ажывіць зруйнаваныя наркотыкамі ўласныя магчымасці, дзякуючы даверліваму абнаўленню механізмаў волі, скіраванай да надзейных і высакародных ідэалаў» (Прамова Папы да ўдзельнікаў VIII Сусветнага кангрэсу тэрапеўтычных супольнасцяў, 7.09.1984, L'O.R. франц. выд., № 38, с. 21).

Толькі вера і вучэнне Хрыста даюць правільны адказ на пытанне пра сэнс жыцця чалавека, а малітва, Святыя сакрамэнты і духоўнае багацце Касцёла дапамагаюць чалавеку без ужывання алкаголю і наркотыкаў перамагчы ўсе крызісы і жыццёвыя праблемы. Наркотыкі - гэта зло, а іх ужыванне - грэх. Касцёл напамінае, што Бог у сваёй міласэрнасці не прагне смерці грэшніка, Бог хоча, каб грэшнік адвярнуўся ад граху, вярнуўся да Бога - як да Айца - і меў жыццё вечнае.

г) Сужэнская здрада. У сакрамэнтальнай сужэнскай прысязе сярод іншых абавязкаў і абяцанняў, нарачоныя шлюбуюць вернасць і сужэнскую павагу да канца жыцця. Адзін мужчына і адна жанчына разам ствараюць хрысціянскую сям'ю. Сужэнская здрада прычыняе крыўду не толькі адно аднаму, але з'яўляецца грахом і крыўдай у адносінах да Пана Бога, перад якім нарачоныя складалі сужэнскую прысягу. Здрада выклікае неспакой і парушэнне сямейнай гармоніі, якая часта заканчваецца распадам сужэнства і сям'і.

д) Адсутнасць маральнай адказнасці за сужэнства і сям'ю. Навуковыя даследаванні пацвярджаюць той факт, што сужэнствы, заключаныя ва ўзросце да 20 гадоў, вельмі слабыя і нетрывалыя. Малады чалавек яшчэ не разумее, што такое адказнасць. Сужэнства, сям'я - гэта адказнасць не толькі перад грамадствам, дзецьмі, але яшчэ большая маральная адказнасць перад Богам. У многіх сучасных беларускіх сем'ях наступае так званая лаіцызацыя, - г.зн. сціраецца свядомасць рэлігійнага, сакральнага сужэнства. Такая лаіцызацыя выклікае ў сужэнцаў страту маральных, рэлігійных нормаў, якія павінны рэгуляваць сужэнскае і сямейнае жыццё згодна з Божым планам. Асабліва гэта датычыць гарадскіх сем'яў, дзе знікаюць рэлігійныя традыцыі і сямейныя звычаі, напрыклад, сумеснае святкаванне нядзелі, сумесная малітва, удзел у Святой Імшы. Гэта вядзе да страты адчування «свайго парафіяльнага касцёла» і да разрыву повязяў паміж сям'ёй і парафіяльнай супольнасцю.

е) Недахоп добрай волі ў сужэнцаў у пераадоленні канфліктаў. Падчас сакрамэнту Сужэнства святар пытаецца: Ці хочаце трываць у гэтым саюзе ў здароўі і ў хваробе, у шчасці і ў горы аж да канца жыцця? Нарачоныя адказваюць: Хочам.

Калі гэты абавязак не выконваецца і забываюцца пра яго, тады ўзнікаюць шматлікія канфлікты паміж мужам і жонкай. Хто з іх галоўны ў сям'і, хто кіруе, падзел сужэнскіх і бацькоўскіх абавязкаў на «твае» і «мае» з'яўляецца пачаткам небяcпечных канфліктаў.

Сям'я сакрамэнтальная як «Хатні Касцёл» павінна мець рысы паўсюднага Касцёла, і не толькі мець, але кіравацца імі ў стварэнні сям'і. «Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, а я - у Табе, каб яны былі ў Нас адно» (пар. Ян 17, 21-23).

Еднасць паўсюднага Касцёла рэалізуецца праз хрысціянскае жыццё сужэнцаў, еднасць сужэнства і сям'і: (...) «каб вы паводзілі сябе згодна з пакліканнем, якое атрымалі, з усёй пакораю і ціхмянасцю, з цярплівасцю вытрымліваючы адно аднаго ў любові. Намагайцеся захаваць еднасць Духа, дзякуючы сувязі, якой з'яўляецца спакой. Адно ёсць Цела і адзін Дух, бо вы таксама пакліканы да адной надзеі, якую дае вашае пакліканне. Адзін ёсць Пан, адна вера, адзін хрост. Адзін ёсць Бог і Айцец усіх, які (ёсць і дзейнічае) над усімі, праз усіх і ва ўсіх» (пар. Эф 4, 1-6).

З гэтых слоў Св. Пісання можна выявіць прычыны, якія выклікаюць недахоп добрай волі ў сужэнцаў, так патрэбнай для пераадолення канфліктных сітуацый у сямейным жыцці. Гэтымі прычынамі з'яўляюцца:

Вялікай памылкай з'яўляецца тое, што ў крызісных сітуацыях муж і жонка спадзяюцца толькі на сябе, на свае чалавечыя ўбогія сілы, забываючы пра Божую дапамогу, пра сакрамэнтальную і звышнатуральную ласку: «А калі вернікі шчыра праяўляюць такую згоду, яны адкрываюць для сябе скарбніцу сакрамэнтальнай ласкі, з якой чэрпаюць надзвычайныя сілы для таго, каб верна, свята і стойка аж да смерці выконваць свае абавязкі і заданні. Бо гэты сакрамэнт у тых, хто не чыніць перашкодаў (ласцы), не толькі ўмацоўвае трывалы фундамент звышнатуральнага жыцця, якім з'яўляецца асвячальная ласка, але акрамя гэтага нясе з сабой асаблівыя дары: добрае натхненне, узмацоўвае і ўдасканальвае натуральныя сілы, каб сужэнцы маглі не толькі зразумець, але і ўнутрана атрымліваць асалоду, добра сцерагчы, моцна жадаць і рэалізаваць на практыцы ўсё тое, што датычыць сужэнства, яго мэтаў і абавязкаў. Нарэшце, гэты сакрамэнт дае ім права атрымліваць дапамогу дзейснай ласкі, колькі разоў яны яе не патрабавалі б для выканання абавязкаў свайго стану» (Пій ХІ, Энцыкліка Casti conubii, 31.12.1930, Breviarum fidei, VII, № 615, 612 і наст.).

ж) Пазіцыя дзяржавы і сродкаў масавай інфармацыі.

Дзяржаўная сістэма Беларусі ў вялікай ступені нясе адказнасць за сямейныя канфлікты, якія пераходзяць у крызіс сужэнства і якія заканчваюцца распадам сям'і.

Усё гэта вядзе да шматлікіх разводаў.

Каталіцкі Касцёл, усведамляючы, што ён - люд Божы, перадае грамадству Беларусі, па меры магчымасці, евангельскія каштоўнасці, якія садзейнічаюць таму, каб грамадства было маральна здаровае, рэлігійна адукаванае, каб сем`і былі трывалыя і моцныя. Безумоўна, значна больш дасць гэтаму грамадству, калі напр., будзе арганізавана катэхізацыя ў дашкольных, школьных, вышэйшых навучальных установах, на месцы працы.

Таксама можна спадзявацца на тое, што, калі каталіцкі Касцёл будзе дапушчаны да тэлебачання, а таксама ў большай меры да штодзённай прэсы і радыё, тады разам з іншымі хрысціянскімі веравызнаннямі будзе мець магчымасць яшчэ больш садзейнічаць барацьбе з маральным злом у нашым грамадстве.

5. ЗМЕШАНЫЯ СУЖЭНСТВЫ

ТЛУМАЧЭННЕ

Кодэкс Кананічнага Права прадстаўляе азначэнне такога сужэнства: «Сужэнства паміж дзвюма ахрышчанымі асобамі, калі адна з асобаў была ахрышчана ў каталіцкім Касцёле, альбо пасля хрышчэння была прынята ў Касцёл і фармальным актам ад яго не адлучылася, а другая належыць да Касцёла, ці да касцёльнай супольнасці, якая не мае поўнай сувязі з каталіцкім Касцёлам, без дазволу адпаведных уладаў забаронена» (кан.1124). Таксама гаворыцца пра сужэнства каталіцкага боку з неахрышчанай асобай: «Несапраўдным з'яўляецца сужэнства паміж дзвюма асобамі, адна з якіх была ахрышчана ў каталіцкім Касцёле або была ў яго прынята і не адлучылася ад яго фармальным актам, а другая неахрышчана» (кан.1086).

У першым выпадку гаворыцца пра змешанае сужэнства, у другім - гаворка ідзе пра перашкоды з-за рознага веравызнання. Гэта перашкода касуе сужэнства, заключанае без адпаведнай згоды (т.зв. дыспенсы) і робіць яго несапраўдным.

Каталіцкі Касцёл не раіць вернікам ствараць змешаныя сужэнствы. На жаль, заключэнне такіх сужэнстваў вядзе да падзелу сям'і, да абыякавасці адносна Касцёла і веры, не развівае гармоніі сужэнскага жыцця, што прыводзіць да распаду сужэнства як сям'і. Як паказвае практыка, рэлігійнае жыццё ў мяшаных сужэнствах надзвычай слабое, альбо ўвогуле адсутнічае. Вынікам гэтага з'яўляецца тое, што дзяцей, народжаных у такім сужэнстве, цяжка выхоўваць у веры каталіцкага Касцёла і ў працэсе выхавання дзяцей узнікаюць шматлікія небяспечныя сямейныя канфлікты. Касцёл, беручы пад увагу дабро Божага люду, дабро будучых пакаленняў, натуральнае права ў заключэнні сужэнства і нараджэнні патомства, навуку св. Паўла апостала пра абавязак клапаціцца, абараняць і захоўваць чысціню веры (пар. Гал. 1,9; Ціт 3,10), паставіў пэўныя юрыдычныя патрабаванні, пасля выканання якіх дазваляе на змешанае сужэнства.

ДАЗВОЛ НА ЗАКЛЮЧЭННЕ ЗМЕШАНАГА СУЖЭНСТВА

Для заключэння змешаных сужэнстваў патрэбны дазвол адпаведных уладаў Касцёла - мясцовага ардынарыя, які пры наяўнасці слушнай і разумнай прычыны можа выдаць дазвол пры ўмове, што будуць выкананы наступныя патрабаванні (кан.1125):

1) каталіцкі бок павінен абвясціць, што гатовы адкінуць ад сябе небяспеку утраты веры, а таксама даць шчырае абяцанне, што зробіць усё магчымае, каб усе дзеці былі ахрышчаны і выхаваны ў каталіцкім Касцёле;
2) другі бок павінен быць паінфармаваны ў адпаведны час аб дадзеных абяцаннях каталіцкага боку так, каб сапраўды ўсвядоміў іх змест гэтых абяцанняў і абавязкі каталіцкага боку;
3) абодва бакі павінны быць азнаёмлены з мэтамі і істотнымі рысамі сужэнства, якіх не можа выключыць ніводзін з бакоў.

Сведчанні і гарантыі нарачоных прымаюцца ў канцы падрыхтоўкі да сакрамэнту Сужэнства. Гэты дакумент падпісвае пробашч, пацвярджае яго пячаткай і разам з заяваю, напісанаю ад імя нарачоных, прадстаўляе мясцоваму біскупу, каб атрымаць дазвол на благаславенне гэтага сужэнства. У выпадку, калі нарачоны (нарачоная) некаталіцкай веры выразна паказвае, што будзе перашкаджаць і не дазволіць выканаць абавязкі нарачонаму (нарачонай) каталіцкай веры, пробашч павінен дакладна пазнаць гэтую сітуацыю і высветліць прычыны такой пазіцыі некаталіка (некаталічкі). Потым пробашч павінен яшчэ раз падрабязна растлумачыць сэнс сакрамэнтальнага сужэнства, яго асновы і заданні, як «Хатняга Касцёла», ужываючы той аргумент, што хрысціянская сям'я пазбягае канфліктаў. Калі некаталіцкі бок не падпарадкуецца гэтым аргументам, справу неабходна перадаць біскупу ардынарыю. Можна таксама звярнуцца ў Кангрэгацыю Сакрамэнтаў.

Каталіцкі і некаталіцкі бaкi павінны падпісаць тры экзэмпляры сваіх сведчанняў і абяцанняў. Адзін экзэмпляр далучаецца да пратакола перадшлюбных пытанняў, другі разам з заявай на дазвол аб змешаным сужэнстве перасылаецца ардынарыю, трэці атрымліваюць нарачоныя.

Неабходна падкрэсліць, што ўсё сказанае вышэй датычыць змешаных сужэнстваў. Каб узяць шлюб з неахрышчанай асобай, неабходна атрымаць дазвол біскупа дыяцэзіі. Для гэтага трэба аформіць такія ж дакументы, што і пры змешаным сужэнстве.

З практыкі вядома, што сустракаюцца такія выпадкі, калі католік, ці каталічка хочуць узяць шлюб:

1) з ахрышчанай асобай іншага веравызнання (напр., праваслаўным, пратэстантам і г.д.);
2) з неахрышчанай асобай: атэістам, ці вызнаўцам іншай рэлігіі (напр., мусульманінам, габрэем і г.д.);
3) з асобай, ахрышчанай у Касцёле, але якая альбо фармальна выйшла з Касцёла, альбо фактычна з'яўляецца няверуючай, ці ўступіла ў якую-небудзь секту.

У выпадку сужэнстваў паміж католікам (каталічкай) і асобай, ахрышчанай у іншай Царкве, неабходны дазвол біскупа т.зв. «Nihil obstat», а правілы дзеянняў у такіх выпадках пададзены вышэй. У выпадку сужэнстваў з неахрышчанай асобай неабходна дыспенса. Інструкцыя падобная да прыкладу са змешанымі сужэнствамі: каталіцкі бок дае гарантыі, што будзе супрацьстаяць адыходу ад веры, а дзяцей ахрысціць і будзе выхоўваць у каталіцкай веры. Калі гаворка ідзе пра асобы, якія адышлі ад веры, мясцовы Касцёл на Беларусі патрабуе, каб некаталіцкі бок заявіў пісьмова, што не будзе ствараць ніякіх перашкод мужу, жонцы ў вызнаванні веры і рэлігійным выхаванні дзяцей (ІІІ. Стат. 46).

Паводле заканадаўства, якое дзейнічае ў лацінскім Касцёле, «дазвол на змешанае сужэнства альбо дыспенса ў выпадку рознага веравызнання (нарачоных) прадугледжвае, што абодва бакі ведаюць істотныя асаблівасці сужэнства, а таксама абавязацельствы каталіцкага боку, і не выключаюць іх» (ККК 1635). Нагадаем яшчэ раз, што «з годна прынятага сужэнства паўстае вечны саюз, выключны па сваёй прыродзе» (ККК 1638) і ніякая людская ўлада не можа яго развязаць (ККК 1640). Гэтую праўду трэба моцна прывіць абодвум нарачоным, асабліва ў выпадку змешаных сужэнстваў, бо ў розных Цэрквах па-рознаму падыходзяць да праблемы непарушнасці сужэнства. Нават, калі ў якой-небудзь Царкве магчыма зняць благаслаўленне, ці парушыць сужэнства, то каталіцкі Касцёл не прымае такіх сітуацый. Таму неабходна навучыць нарачоных, а таксама добрасумленна выканаць усе фармальнасці, каб канстатаваць вольны стан і атрымаць дазвол альбо дыспенсу. На Беларусі змешаныя сужэнствы сустракаюцца даволі часта. У 1996г. у Пінскай дыяцэзіі ўсяго зарэгістравана 267 шлюбаў, у тым ліку 125 змешаных, у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі - 1074, у тым ліку 444 змешаных. Таму на душпастырах ляжыць надзвычай важны абавязак дакладнай падрыхтоўкі нарачоных да сакрамэнту Сужэнства. Пробашчы павінны сачыць, каб усе дакументы, якія патрабуе закон, былі аформлены і захоўваліся ў адпаведных месцах: у курыі, парафіі, у нарачоных.

На тэрыторыі Беларусі пры заключэнні змешаных сужэнстваў, а таксама пры хрышчэнні часта сустракаюцца выпадкі «паўтарэння» абраду, напр., узялі шлюб у каталіцкім Касцёле, а каб не крыўдзіць некаталіцкі бок, паўтараюць абрад у праваслаўнай Царкве. Пробашчы павінны памятаць правілы КПК: «Забараняецца перад, альбо пасля кананічнага заключэння шлюбу, згодна з правіламі параграфа 1, выконваць іншыя рэлігійныя абрады, якія датычаць гэтага ж сужэнства з мэтай выражэння, альбо аднаўлення шлюбнай згоды. Забараняецца таксама такі рэлігійны абрад заключэння шлюбу, пры якім прысутныя каталіцкі і некаталіцкі асістэнты, адначасова прымяняючы свой уласны абрад, пытаюцца аб згодзе» (кан.1127 пар.3).

6. ЛІТУРГІЯ САКРАМЭНТУ СУЖЭНСТВА

«Абрад шлюбу як сакрамэнтальны акт асвячэння... павінен быць сам па сабе сапраўдным, годным і плённым» (FC 67). «У лацінскім абрадзе шлюб заключаецца звычайна падчас Св. Імшы з увагі на сувязь усіх сакрамэнтаў з Пасхальнай Таямніцаю Хрыста» (ККК 1621).

Пасля Літургіі Божага Слова святар пытаецца ў нарачоных:
Святар: N. і N., вы выслухалі Божае слова і прыпомнілі сабе значэнне чалавечага кахання і сужэнства. Ад імя Касцёла пытаюся ў вас аб вашых намерах.
Святар: N (імя) і N (імя), ці жадаеце вы дабравольна і без усялякага прымусу заключыць сужэнскі саюз?
Заручаныя: Жадаем.
Святар: Ці жадаеце пражыць у гэтым саюзе ў здароўі і ў хваробе, у шчасці і няшчасці аж да смерці?
Заручаныя: Жадаем.
Святар: Ці жадаеце з любоўю прыняць і па-каталіцку выхаваць патомства, якім адорыць вас Бог?
Заручаныя: Жадаем.

Гэтыя тры пытанні святара, зададзеныя нарачоным, і іх адказы з'яўляюцца надзвычай важнымі і павінны быць вымаўлены выразна і зразумела.

Першае пытанне і адказ сведчаць пра тое, што нарачоныя кахаюць адно аднаго і з любові жадаюць стварыць уласную сям'ю. Вельмі важна, каб любоў нарачоных абапіралася не толькі на чалавечых пачуццях, але ў большай ступені на веры і сакрамэнтальнасці. Каханне нарачоных, каханне мужа і жонкі павінна мець сваю крыніцу ў любові Бога Айца да людзей, у любові Хрыста да Касцёла. Людская любоў, на жаль, зменлівая, таму вельмі важна, каб святар, які рыхтуе нарачоных да шлюбу, «прывіў» ім цноту Любові Божай. Сужэнства, якое будзе заснавана толькі на каханні і людскіх пачуццях, будзе пастаянна пад пагрозай канфліктаў, а часта нават і распаду. Любоў Божая з'яўляецца тым акумулятарам, які пастаянна будзе дадаваць сілы мужу і жонцы пераадольваць канфліктныя і крызісныя сітуацыі.

У другім пытанні і адказе заключаецца сэнс сужэнства як непадзельнай клеткі да канца жыцця. Нарачоныя павінны разумець, што сямейнае жыццё - гэта не «мядовы» месяц, і што яны жывуць не ў раі, а на зямлі. Так, як мінаюць поры года, мінаюць маладыя гады і наступае старасць. Ці муж і жонка, нягледзячы на жыццёвыя буры, здолеюць захаваць цэласнасць свайго сужэнства? З Хрыстом - так, без Хрыста, без веры кожнае дробнае непаразуменне можа стаць прычынаю для расставання і распаду сям'і. Лёгка кахаць маладога, здаровага чалавека, але ці зможам кахаць чалавека старога, абцяжаранага рознымі хваробамі? Так, як Хрыстус любіць дзяцей, дарослых, старых і хворых, так і каханне мужа і жонкі павінна быць моцным і непарыўным аж да канца жыцця.

Трэцяе пытанне і адказ датычаць мэты сужэнства. Дзіця - дар Бога. У адказе на гэтае пытанне муж і жонка прысягаюць перад Богам і людзьмі прыняць кожнае дзіця, пасланае ім Богам. Не толькі прыняць, але і выхаваць у любові і боязі Божай. Ужо самім адказам на гэтае пытанне веруючыя муж і жонка цалкам і рашуча адмаўляюцца ад абортаў як цяжкага злачынства супраць Бога, Дарыцеля жыцця.

Святы Дух, які асвячае сэрцы і розум людзей, няхай асвячае, умацоўвае, накіроўвае і дапамагае будучым сужэнцам. Гэтай дапамогі мы просім, спяваючы гімн «Veni Creator», пасля якога наступае галоўны момант сакрамэнту: сужэнская прысяга, якую нарачоныя складаюць адно аднаму перад Панам Богам.

Святар і іншыя прысутныя на гэтай урачыстасці з'яўляюцца сведкамі сужэнскай прысягі. Нарачоныя павінны памятаць, што сужэнскую прысягу складаюць не перад людзьмі, а перад Богам. Таму невыкананне гэтай прысягі нясе крыўду не толькі мужу ці жонцы, але ў першую чаргу Богу.

Нарачоныя звяртаюцца адно да аднаго і падаюць сабе правыя рукі, якія святар звязвае стулаю. Святар - гэта слуга Божы, стула - знак святарскай годнасці, звязванне рук нарачоных стулаю з'яўляецца відавочным знакам слоў «Што Бог злучыў, чалавек няхай не раздзяляе» (пар. Мц 19, 6).

Спачатку нарачоны паўтарае за святаром:

Я, N (імя нарачонага), бяру цябе, N (імя нарачонай), за жонку і прысягаю табе сужэнскую любоў, вернасць і сужэнскую павагу, а таксама, што не пакіну цябе аж да смерці. Няхай дапаможа мне ў гэтым Бог усемагутны, у Тройцы адзіны, і ўсе святыя.

Затым словы прысягі за святаром паўтарае нарачоная. Хочам адзначыць, што словы прысягі павінны

Благаславенне шлюбных пярсцёнкаў:

Важным момантам абраду сужэнства з'яўляецца благаславенне шлюбных пярсцёнкаў. Заручальны пярсцёнак толькі тады лічыцца шлюбным, калі ён быў паблагаслаўлены спецыяльна ўстаноўленай малітвай. Пасля благаславення ён ужо з'яўляецца не звычайным золатам, срэбрам, але святою рэччу, якая будзе служыць для дабра сужэнцаў. Людзі, якія не заключылі сакрамэнтальнага сужэнства, не могуць называцца перад Панам Богам мужам і жонкай і не могуць называць пярсцёнкі, якія носяць, шлюбнымі.

Святар гаворыць:

На знак заключанага сужэнства надзеньце адно аднаму шлюбныя пярсцёнкі.

Муж надзявае на безыменны палец жонкі шлюбны пярсцёнак і адначасова гаворыць:

Муж: N (імя), прымі гэты шлюбны пярсцёнак як знак майго кахання і вернасці. У імя Айца і Сына + І Духа Святога.

Затым жонка надзявае шлюбны пярсцёнак мужу, вымаўляючы тыя ж словы.

А затым наступае малітва верных, якая можа быць узята з рытуалу. Пачынае святар, а затым па адной просьбе вымаўляюць маладыя, бацькі, сведкі, госці. Падчас падрыхтоўкі да сужэнства неабходна дапамагчы нарачоным скласці адпаведныя просьбы.

ЗАКАНЧЭННЕ

На заканчэнне прапануем малітву, складзеную Святым Айцом Янам Паўлам II:

Божа, ад якога паходзіць усялякае бацькоўства ў небе і на зямлі, Ойча, які ёсць Любоўю і Жыццём!

- Учыні, каб праз Твайго Сына Езуса Хрыста, «народжанага з Панны», кожная сям'я на зямлі станавілася сапраўдным скарбам жыцця і любові для ўсё новых пакаленняў.
- Учыні, каб ласка Твая скіроўвала думкі і ўчынкі сужэнцаў да дабра іх уласных сем'яў і ўсіх сем'яў на свеце.
- Учыні, каб маладое пакаленне знаходзіла ў сем'ях моцную падтрымку для свайго чалавецтва і яго развіцця ў праўдзе і любові.
- Учыні, каб любоў, умацаваная ласкаю сакрамэнту Сужэнства, была мацнейшаю за ўсе слабасці і крызісы, з якімі часта сустракаюцца нашыя сем'і.
- Учыні, нарэшце, просім Цябе аб гэтым праз пасрэдніцтва Святой Сям'і з Назарэту, - каб Касцёл сярод усіх народаў свету мог плённа выконваць сваю місію ў сем'ях і праз сем'і.

Ты, Які ёсць Жыццём, Праўдаю і Любоўю ў еднасці Сына і Духа Святога. Амэн.

ДАДАТАК

Слоўнік некаторых тэрмінаў

«Cоntra spem in spem» - насуперак надзеі застацца ў надзеі.

«Communio personarum» - камунія асобаў.

«Ecclesia domestika» - Хатні Касцёл.

Ex cathedra - навучанне з усім аўтарытэтам. Так акрэсліваецца папскае навучанне, якое мае наступныя рысы: папа навучае як найвышэйшы пастыр усяго Касцёла, выкарыстоўвае свой аўтарытэт у справах веры і маральнасці. Навучанне «ex cathedra» з'яўляецца беспамылковым.

«In persona Christi» - лацінскі выраз, які адлюстроўвае тэалагічную праўду аб святары, які дзейнічае «ад імя і ў асобе самога Хрыста».

«Persona non grata» - непажаданая асоба.

Аб'яўленне - паводле Бібліі Бог аб'яўляецца чалавеку разнастайным чынам. Перадусім аб'яўляецца праз стварэнне (Рым 1, 19-20). Акрамя таго, Бог аб'явіў сябе праз пасрэднікаў, анёлаў, прарокаў, праз знакі, візіі і словы. Яны былі пісьмова занатаваны і змяшчаюцца ў святых кнігах. Паўнату Божага аб'яўлення прынёс Пан Езус (Ян 1, 18; Гбр 1, 1). Яго аб'яўленне таксама запісана ў Кнігах Новага Запавету. Касцёл разважае і пераказвае гэтае аб'яўленне. Вера - гэта адказ чалавека на аб'яўленне.

Адгартацыя - (ад лац.) заахвочванне, адабрэнне. Папскі дакумент, які ўказвае на актуальныя заданні духоўных і свецкіх вернікаў, што звязаны з іх пакліканнем і місіяй у Касцёле. Датычаць напр. пытанняў катэхезы, сям'і, фармацыі святароў альбо свецкіх вернікаў. Звычайна выдаюцца пасля Сінодаў біскупаў, якія вырашалі пэўныя праблемы.

Апека паліятыўная - (паліятыўны - ад лац. - той, які прыносіць часовую палёгку) - апека над невылечна хворымі, якая грунтуецца як на даванні абязбольвальных сродкаў, так і на стварэнні для хворага атмасферы любові, клопаце аб ім, добразычлівых адносін да яго.

Aпостал - apostolos (грэц.): пасланнік, пасланец, пасол; Апосталы - гэта перш за усё вучні Езуса, выбраныя Ім да ліку Дванаццаці (Лк 6,13-16). Лічба 12 належыць да дванаццаці пакаленняў ізраэльскіх - фундаменту люду Божага Старога Запавету. Апосталы ствараюць фундамент новага Божага люду - Касцёла. Заданне Дванаццаці - сведчанне пра Пана Езуса ў Ерузалеме і ў Юдэі па ўсёй зямлі (Дз 1,8). Пазней апосталамі называлі ўсіх тых, хто абвяшчаў Евангелле. Св. Павел ганарыўся тытулам апостала Езуса і бараніў яго перад абвінавачваннямі (2 Kар 2,14-7, 16; Гал 1,1.10-2,21). У шырокім значэнні - апостал гэта той, хто абвяшчае Добрую Навіну аб збаўленні свету праз уваскрослага Езуса.

Ардынарый мясцовы - гл. біскуп.

Архідыяцэзія, альбо архібіскупства. Тэрытарыяльная адзінка вышэйшай адміністрацыі каталіцкага Касцёла, на чале якой стаіць арцыбіскуп. Ён - галоўны біскуп касцёльнай правінцыі, г.зн. мітраполіі. На яе тэрыторыі звычайна дзейнічае духоўны суд, які выконвае функцыі апеляцыйнага суда ў адносінах да касцельных судоў у біскупствах (дыяцэзіях) дадзенай касцельнай правінцыі. Часамі тытул архідыяцэзіі атрымлівае біскупства, якое вылучана з існуючай касцёльнай правінцыі, не ўтвараючы, аднак, новай правінцыі. У гэтым выпадку яно падпарадкоўваецца непасрэдна Апостальскай Сталіцы.

Біблія - (грэц.), множны лік слова biblos - кніга. Само па сабе слова Біблія азначае збор кніг Старога і Новага Запавету, якія прызнаваліся хрысціянамі за кнігі, натхнёныя Богам і ў якіх змешчана Божае аб'яўленне, што з'яўляецца падставай іх веры. Вызнаўцы Майсея прымаюць толькі Стары Запавет (Біблію Габрэйскую). Замест назвы «Біблія» ўжываецца таксама азначэнне «Святое Пісанне», раней яго называлі таксама «Святымі Кнігамі», «Святымі Пісаннямі».

Біскуп - ад грэц. episkopos (лац. episсopus) - вартаўнік, стражнік. Найвышэйшы, паводле пасвячэння, член касцельнай іерархіі. Біскупы працягваюць у Касцёле місію Апосталаў. Яны валодаюць паўнатою святарства, якую атрымліваюць шляхам пасвячэння ў біскупы. Пачаткі біскупскай адміністрацыі можна бачыць ўжо ў пакліканні апостальскіх памочнікаў (Цімафей, Ціт). Пасля смерці Апосталаў кіраўніцтва мясцовымі Касцёламі прымалі іх наступнікі. Супольнасць біскупаў стварае працяг апостальсага калегіума. Знакам перадачы кіравання - апостальскай пераемнасці - быў жэст ускладання рук. Біскупскаму калегіуму на чале з папам належыць найвышэйшая ўлада ў Касцёле і адказнасць за яго. Cуб'ектам яе з'яўляецца сам папа як наступнік св. Пятра. Заданне біскупаў - абвяшчаць Евангелле, клопаціцца аб захаванні веры і чысціні звычаяў. Акрамя навучання біскупы выконваюць святарскія функцыі, справуючы Эўхарыстыю, удзяляючы сакрамэнты, асабліва Канфірмацыі і Святарства, асвячаючы святыні. Біскуп дыяцэзіяльны - гэта біскуп, які з'яўляецца кіраўніком мясцовага Касцёла, г.зн. дыяцэзіі. Біскуп дапаможны - гэта біскуп, які ўдзельнічае ў кіраўніцтве, дапамагае дыяцэзіяльнаму біскупу.

Боязь Божая, Хрыстовая - рэлігійная пастава, якая выражае прызнанне магутнасці, святасці і велічы Бога, а таксама боязь выклікаць Божы гнеў праз невыкананне Яго запаведзяў. У Новым Запавеце гэтая боязь вынікае з любові да Бога, які аб'явіў у Хрысце Пану сваю любоў да людзей: баюся абразіць Бога, які гэтак мяне любіць (Дз 9, 31; Рым 3,18; 2 Кар 5,11; 7,1; Эф 5,11).

Гісторыя збаўлення - азначае рэалізацыю Божых планаў (эканомія збаўлення). Цэнтральнай збаўчай падзеяй ёсць прышэсце Хрыста і Яго ахвяра на крыжы. Тое, што адбываецца потым, вынікае з гэтай падзеі. Гісторыя збаўлення працягваецца, паколькі Бог у Хрысце і ў Духу Святым не перастае дзейнічаць для збаўлення чалавека.

Грамадскія цноты - маральныя якасці або паставы, якія робяць чалавека здольным чыніць маральнае дабро ў галіне грамадскай дзейнасці. Уся хрысціянская этыка, згодна з духам евангельскага паслання мае грамадскае адценне. Адрозніваюць грамадскія цноты ў дакладным гэтага слова значэнні: любоў, справядлівасць, салідарнасць.

Грэх - злы чын чалавека. У Святым Пісанні грэх называецца «бяспраўем», «непаслухмянасцю», «несправядлівасцю». Вызваліць з граху можа толькі Хрыстус, які стаўcя чалавекам і прыняў смерць на крыжы дзеля нашага збаўлення; ад чалавека патрабуецца, каб ён навярнуўся.

- Першародны грэх - грэх, які ўчынены першым чалавекам і датычыць усіх людзей і ставіць іх перад Богам у сітуацыю таго, хто патрабуе збаўлення;
- Асабісты грэх - канкрэтны чын чалавека.

Існуе:

- смяротны грэх (цяжкі) - свядомае і дабравольнае парушэнне Божага права ў вельмі важнай справе; цягне за сабою страту асвячальнай ласкі;
- грэх звычайны (лёгкі) - парушэнне Божага права ў менш важнай справе; аслабляе еднасць з Богам.

Добрая Навіна - гл. Евангелле

Дыяцэзія - альбо біскупства. Тэрытарыяльная адзінка каталіцкага Касцёла, што кіруецца лакальным біскупам.

Дыяцэзіяльны біскуп - гэта біскуп, які з'яўляецца кіраўніком мясцовага Касцёла, г.зн. дыяцэзіі. Дапаможны біскуп - гэта біскуп, які ўдзельнічае ў біскупскай установе, дапамагае дыяцэзіяльнаму біскупу.

Запаведзі Божыя - іх дзесяць. Бог даў іх праз пасрэдніцтва Майсея. Хрыстус сказаў: «Калі хочаш увайсці ў жыццё - выконвай запаведзі» (пар. Мц 19,16 н.). Традыцыя Касцёла захоўвае вернасць Бібліі і, ідучы за прыкладам Хрыста, прызнала важнасць і значэнне Дзесяці запаведзяў (Дэкалогу) як асноўнага закону.

Запаведзі Касцёльныя - датычаць маральнага і хрысціянскага жыцця, звязанага з літургіяй, якая з'яўляецца для яго крыніцаю сіл накшталт пасілка. Іх пяць.

Збаўленне - азначае ў Св. Пісанні вызваленне ад усялякага зла, напр., ад хваробы, цярпення, смерці, шатана і асабліва ад граху. Бог збаўляе як свой народ, так і паасобных людзей. Праз муку, смерць і уваскрэсенне Пана Езуса, які ёсць Збавіцелем свету, Божае збаўленне, г.зн. вызваленне ад граху і смерці, ахапіла ўсіх людзей.

Евангелле - з грэцкай мовы, складаецца з eu i aggelion - вестка, навіна, пасланне - разам: добрая навіна, добрая вестка, добрае пасланне. У Бібліі Евангелле азначае добрую навіну аб збаўленні, што было прынесена Хрыстом. Езус абвяшчае гэтую добрую навіну, дадаючы, што яна прадказвае надыход Божага Валадарства (пар. Мц 9,35; Лк 8,1). Існуе чатыры запісы Евангелля: паводле Мацвея, Марка, Лукі і Яна.

Евангелізацыя - ад грэцкага - en angelizo: вяшчаць, абвяшчаць добрую навіну. Азначае несці Добрую Навіну народам, якія яе яшчэ не ведаюць, а таксама - дзейнасць, скіраваную на сталае аднаўленне ахрышчаных людзей «праз жыццё паводле Евангелля». Часам выкарыстоўваюць наступныя азначэнні: місія, апостальства, пашырэнне веры, навучанне Евангелля. Формы і спосабы евангелізацыі складаюцца: з пераказу Божага Слова, сведчання хрысціянскага жыцця, сакрамэнтальнага жыцця, рэлігійнасці, што праяўляецца таксама ў захаванні звычаяў - абраднасці.

Епіскапат - азначэнне ўсіх біскупаў разам. Найчасцей ужываецца адносна супольнасці біскупаў, што працуюць у адной краіне; тады гавораць аб епіскапаце Беларусі, Польшчы і г.д.

Ідалапаклонніцтва - пакланенне, адданне хвалы ідалам, паганскім бажкам, як Богу.

Інстанцыі касцельнага Суда - існуе тры інстанцыі: першая ў дыяцэзіі, другая ў мітраполіі, трэцяя - ў Апостальскай Сталіцы.

Камунія з Богам - communio (лац.) - супольнасць, грамадства, паяднанне. Чалавек быў створаны да жыцця ў адзінстве з Богам, у якім ён знаходзіць сваё шчасце. «Калі прытулюся да Цябе ўсёй істотаю, скончыцца ўсялякі боль і ўсялякі цяжар. Маё жыццё будзе жыццём сапраўдным, усё напоўненае Табою (св. Аўгустын, Вызнанні, X, 28,39)» (ККК 45); «Душа чалавека здольная да таго, каб была задарма ўзвышана да камуніі з Богам» (ККК 367); праяўленне праз веру поўнай падпарадкаванасці нашага розуму і нашай волі Богу, які аб'яўляецца, - ёсць паяднанне з Ім (пар. ККК 154); «Хто кажа: «Веру», кажа: «Прымаю тое, у што мы верым». Камунія ў веры патрабуе супольнай мовы веры, зразумелай для ўсіх і яднаючай у тым самым вызнанні веры» (ККК 185); «Адмаўляць з верай Credo, гэта значыць уваходзіць у камунію з Богам Айцом, Сынам і Духам Святым, а таксама з Касцёлам, які перадае нам веру і ў які мы верым» (ККК 197). Апосталы запрашалі людзей, каб увайшлі ў радасць іх Камуніі з Хрыстом (пар. ККК 425); « Мэта катэхезы - «давесці да камуніі з Езусам Хрыстом, ...бо толькі Ён сам можа весці да любові Айца ў Духу Святым і да ўдзелу ў жыцці Святой Тройцы» (ККК 426); «Калі мужчына і жанчына бяруць шлюб, яны ўваходзяць ва ўзаемную камунію» (ККК 154); «Заданнем аўтэнтычнай інтэрпрэтацыі Слова Божага было даручана самому Настаўніцкаму Інстытуту Касцёла, папам і біскупам, якія знаходзяцца ў камуніі з ім» (ККК 100).

Камунія любові - выраз, які часта ўжываецца ў паслясаборавых дакументах і азначае «вельмі глыбокую супольнасць» паміж Богам і чалавекам. Гэта Камунія любові з'яўляецца асноўным зместам Божага Аб'яўлення досведу веры Ізраэля.

Камунія сужэнская - еднасць сужэнская.

Камунія сямейная - аўтэнтычная супольнасць сям'і.

Касцёл мясцовы, партыкулярны - дыяцэзія, архідыяцэзія, біскупства

Касцёл хатні - у канцы IVст. св. Ян Хрызастом у адной з гаміліяў, тлумачачы тэкст з Дзеянняў Апосталаў, кажа аб хрысціянскім доме так: «І нават уначы... падымайся, кленч і маліся...Трэба, каб твой дом быў пастаянным домам малітвы, Касцёлам». Гэта азначэнне сям'і, як хатняга Касцёла, ад святога Хрызастома пераняў Другі Ватыканскі Сабор і шматразова ўжыў яго ў сваім вучэнні аб сям'і. Яно часта ўжываецца ў навучанні папы Паўла VI, а таксама і Яна Паўла II. Папа Ян Павел II ужывае гэты выраз у прамове на III Агульнай Канферэнцыі Епіскапаў Лацінскай Амерыкі ў 1979г., а пасля зацытаваў у адгартацыі Familiaris consortio (Аб абавязках хрысціянскай сям'і ў сучасным свеце», 1981 г.,n. 86). Пра Касцёл хатні папа ўспамінае таксама ў адгартацыі Ecclesiam Afriсa («Аб Касцёле ў Афрыцы і яго евангелізацыйнай місіі на парозе 2000г.», 1995г., n. 85). У адгартацыі «Аб заданнях сям'і» чытаем: «Трэба зрабіць усё магчымае, каб арганізаваць і развіваць душпастырства сем'яў, клапоцячыся аб першапланавай галіне з перакананнем, што будучыня евангелізацыі залежыць у вялікай ступені ад «Хатняга Касцёла» (n. 65), а таксама «Няхай Панна Марыя, якая з'яўляецца Маці Касцёла, будзе таксама і Маці «Хатняга Касцёла», каб, дзякуючы Яе мацярынскай дапамозе, кожная хрысціянская сям'я магла сапраўды стаць «малым Касцёлам», у якім будзе адлюстроўвацца і жыць таямніца Хрыстовага Касцёла (n. 86).

У перыяд крызісу сям'і, Касцёл указвае на яе эклезіяльны характар, стварае «хатні санктуарый», можна сказаць стварае асноўную, нічым не замяняльную касцёльную структуру.

Для зразумення сутнасці сям'і як «хатняга Касцёла», трэба «у кожнай хрысціянскай сям'і знайсці розныя праяўленні і рысы агульнага Касцёла» (ЕN 71).

Катэхетка, катэхет - асоба, якая вучыць праўдам святой веры на падставе кананічнай місіі, удзеленай мясцовым біскупам.

Кодэкс Кананічнага Права - кніга, якая змяшчае збор законаў Каталіцкага Касцёла, выдадзеная і адміністрацыйна зацверджаная папам. Апошні Кодэкс быў выдадзены 25.01.1983г. Папам Янам Паўлам II.

Ласка - Пан Бог не толькі стварыў чалавека, але паклікаў яго ў супольнасць з сабою, да ўдзелу ў сваім Боскім жыцці. Дасягненне гэтага пераўзыходзіць чалавечыя магчымасці, становіцца магчымым толькі дзякуючы Божаму дару - ласцы. Праз моц адкуплення, якое здзейсніў Хрыстус, з'яднаныя дзякуючы хрышчэнню, мы яднаемся з Хрыстом, і Дух Святы пасяляецца ў нас. Мы становімся дзецьмі Божымі. Гэтае ўсынаўленне з'яўляецца дарам, які дае ўдзел у Боскай натуры. Гэта мы называем асвячальнай ласкай.

Ласка асвячальная, ласка святасці. Чалавек супрацоўнічае з ласкай Божай. Аднак асвячэнне з'яўляецца дарам, які пераўзыходзіць усялякія чалавечыя заслугі, дарам, дадзеным задарма. Бог падрыхтоўвае нас таксама да прыняцця гэтага дару, дапамагае вытрываць у ім. Гэтую Божую дапамогу мы называем дзейснаю ласкаю.

Літургія св. - з грэц. leitourgia: грамадская праца, публічная служба. Публічны культ Касцёла, Містычнага Цела Хрыста, у якім праз адпаведныя бачныя знакі, што асвячаюць чалавека, спаўняецца святарская місія Хрыста.

Любоў - гэта найважнейшая хрысціянская цнота (1 Кар 13,13), якая служыць для выканання самай галоўнай запаведзі - любові Бога і бліжняга (Мц 22,37). Паняцце любові мае некалькі значэнняў:

- Любоў Бога да чалавека, важнейшым праяўленнем якое з'яўляецца стварэнне свету і адкупленне чалавека.

- Любоў чалавека да Бога, якая з'яўляецца адказам на Божую любоў і якая праяўляецца ў паслухмянасці Божай волі, якая, між іншым, адлюстравана ў Дэкалогу, а таксама ў пашане чалавека да Бога.

- Любоў да бліжняга, якая з'яўляецца імкненнем рабіць дабро іншаму чалавеку. Яна мае розныя формы: сужэнская любоў, бацькоўская любоў, братэрская любоў,- аж да любові непрыяцеляў. Вянцом чалавечай любові да Бога і чалавека і своеасаблівай узнагародай за яе будзе вечнае збаўленне.

Містычнае Цела Хрыста - азначэнне Касцёла, узятае з пасланняў св. Паўла. Св. Павел называе Касцёл «Целам Хрыста». Аднак гэтае азначэнне «Цела Хрыста» можа азначаць Яго фізічнае цела, якое Ён меў на зямлі да змёртвыхпаўстання, альбо таксама Святую Камунію. Таму дзеля азначэння Касцёла ўжываецца паняцце «Містычнае Цела Хрыста».

Нуптурыенты - асобы, якія маюць намер заключыць сужэнства.

Osservatore Romano L' - штодзённае выданне Ватыкану (год заснавання - 1861), паўафіцыйны орган Папскай Курыі. Выдаецца таксама на польскай мове як штомесячны часопіс.

Папа - ад грэц. pater. Намеснік Хрыста, наступнік св. Пятра ў прымаце, як біскуп Рыма мае найвышэйшую ўладу ва ўсім Касцёле ў справах веры, звычаяў, дысцыпліны і кіравання Касцёлам. Адначасова валодае санам і ўладаю: з'яўляецца патрыярхам Заходняга Касцёла, прымасам Італіі, мітрапалітам Рымскім, суверэнным уладыкаю (уладаром) Дзяржавы Ватыкан. Іншыя, больш урачыстыя назвы, якімі называюць папу: Святы Айцец, Намеснік Хрыстовы, Найвышэйшы Святар, Вікарый Хрыста. Самі папы, падпісваючыся, часта ў найважнейшых дакументах ужываюць наступнае азначэнне: servus servorum Dei - слуга слуг Божых.

Парафія - частка дыяцэзіі, якая мае свайго ўласнага святара і якая мае пэўную самастойнасць пад юрысдыкцыяй мясцовага біскупа. У парафіях людзі далучаюцца да Касцёла праз Хрост. Цэнтрам парафіяльнага жыцця з'яўляецца Эўхарыстыя і абвяшчэнне Божага слова.

Пісанне Св. - гл. Біблія.

Пралюбадзейства (чужалоства) - парушэнне сужэнскай вернасці, палавое сужыццё асобаў, з якіх прынамсі адна звязана сужэнствам з іншай асобай.

Развод - скасаванне судом грамадзянскага сужэнскага саюза.

Сабор - у каталіцкім Касцёле гэта азначае сход біскупаў усяго свету на чале з папам, на якім абмяркоўваюцца справы ўсяго Касцёла. У гісторыі Касцёла адбылося 22 саборы.

Сабор Ватыканскі ІІ - адбыўся ў 1962-1965гг.

Сакрамэнт - гэта дзейсныя знакі ласкі, устаноўленыя Хрыстом і давераныя Касцёлу, праз якія нам удзяляецца жыццё Божае. Абрады, якія бачым, пры дапамозе якіх справуюцца сакрамэнты, азначаюць і перадаюць ласкі, уласцівыя кожнаму сакрамэнту. Яны прыносяць плён ува ўсіх тых, хто прымае іх, пасля выканання пастаўленых умоваў. Іх сем: Хрост, Канфірмацыя, Эўхарыстыя, Пакаянне, Намашчэнне хворых, Святарства і Сужэнства.

Сепарацыя - права - асобны стол і ложак, раздзяленне сужэнскай супольнасці без права сужэнцаў на новы сужэнскі саюз.

Сінод - сход духавенства і іншых прызначаных асобаў адной дыяцэзіі на чале са сваім біскупам. Сінод склікае біскуп і ўзначальвае яго. Ён таксама, зацвярджаючы сваім подпісам прынятых на ім пастановаў - статутаў - надае ім значэнне дыяцэзіяльнага права (закону).

Сінод надзвычайны - сход біскупаў, на якім прадстаўлены ўсе канферэнцыі епіскапатаў і які звычайна адбываецца раз у тры гады ў Рыме ў кастрычніку. Мэта такога сіноду - падтрымліваць калегіяльную еднасць паміж біскупамі і папам - г.зн. падтрымка яго парадамі ў справах веры, звычаяў і касцёльнай дысцыпліны (DB 5, kan. 342-348). Сінод, які адбыўся ў 1987г., абмяркоўваў ролю свецкіх вернікаў у Касцёле.

Слова Божае - Аб'яўленне Бога ў гісторыі (КО 1-5, 26) як Слова абвешчанае, напісанае і ўцелаўлёнае. Слова Божае - творчае (Быц 1,1-2, 4) і дзейснае (Iz 55, 10-11), Бог прамаўляе праз прарокаў (Гбр 1,1; 2 П 1,21). Езус абвяшчаў слова Божае (Лк 5,1), таксама Яго апосталы (Дз 13,5; 17,13; 1 Фес 2,13), і тыя, хто іх наследаваў у сапраўдным пераказванні «Божага Евангелля» (1 Фес 2,9), у рэчаіснасці, якая адначасова аб'яўляецца і збаўляе (Рым 1,15-17; Кал 1,18; 2 Кар 2,14-16). Святое Пісанне напісана пад асаблівым натхненнем Духа Святога (Рым 15,4; 2 Цім 3,16; 2 П 1,20 н.; DV 11), з'яўляецца словам Божым, якое асвячае і жывіць літургію Касцёла, яго вучэнне і жыццё. Спрадвечны Сын Божы ёсць Словам, якое «сталася Целам» (Ян 1,14), г.зн. асабістае самааб'яўленне Бога. Мы пішам «слова Божае», калі маем на ўвазе аб'яўлены тэкст; пішам «Слова Божае», калі маем на ўвазе Другую Асобу Найсвяцейшай Тройцы, якая сталася чалавекам.

Сталіца Апостальская - называецца таксама Святою Сталіцаю - Sedes Apostolica, Sancta Sedes - азначае біскупскую сталіцу папы, таксама яго прымат у паўсюдным Касцёле; азначае таксама ватыканскія ўстановы, праз якія папа здзяйсняе сваё кіраўніцтва ў Касцёле.

Стварыць - азначае сфармаваць і даць існаванне таму, што зусім не мела існавання, г.зн. даць існаванне, зыходзячы з нічога; зрабіць штосьці з нічога.

Таямніца - ад грэц. mysterion - таямніца. У біблейскім разуменні азначае не столькі таямніцу ў пазнавальным сэнсе, нешта ўкрытае, недаступнае для чалавечага розуму, але хутчэй збавенную падзею, праз якую Бог аб'яўляецца чалавеку.

Тэалогія - (багаслоўе), галіна навуковых даследаванняў, якая датычаць Бога, а таксама сувязі са светам і людзьмі; бярэ на сябе тлумачэнне, навучанне і абарону дадзенай рэлігіі. Тэалогія хрысціянская падзяляецца на тэалогію прыродазнаўчую, якая з'яўляецца вынікам рэфлексіі розуму над чалавекам і прыродаю, а таксама тэалогію аб'яўленую, што галоўным чынам вынікае з Бібліі, у акадэмічным навучанні звычайна ўжываецца падзел на тэалогію гістарычную (біблістыка, патралогія, гісторыя Касцёла), сістэматычную (тэалогія фундаментальная, дагматычная, маральная) і практычную (права кананічнае і пастаральная тэалогія).

Шлюб
- грамадзянскі: адначасовае, па згодзе, сведчанне жадання заключыць сужэнскі саюз, выказанае абедзвюма асобамі процілеглага полу перад работнікамі ЗАГСа ў прысутнасці дзвюх сведкаў;
- касцёльны: сакрамэнт - сужэнская прысяга перад Богам, у супольнасці вернікаў, сакрамэнт Сужэнства ўдзяляе святар.

Экскамуніка - выключэнне з супольнасці. Выключэнне з сакрамэнтальнага жыцця і карыстання з паўнаты правоў у Касцёле. Экскамуніка наступае: аўтаматычна пасля ажыццяўлення пэўных дзеянняў; альбо абвешчана касцельным судом ці адпаведнай касцельнай уладай.

Эмансіпацыя - ад лац. emancipatio - вызваленне, атрыманне раўнапраўя для жанчын.

Энцыкліка - цыркуляр, ліст-дакумент (грэц.). Гэта ліст папы, скіраваны да ўсяго Касцёла, а часам таксама да ўсіх людзей добрай волі. Шырокае кола адрасатаў і тэматыка вызначаюць яго ранг. Назва энцыклікі паходзіць ад яе першых слоў і звычайна падаецца на лацінскай мове. Энцыклікі самі па сабе не з'яўляюцца беспамылковымі выказваннямі, але аўтарытатыўнымі сцвярджэннямі звычайнага Настаўніцкага Інстытуту (DS 3884-3885). Усходнія хрысціяне да гэтага часу называюць аўтарытатыўныя лісты сваіх патрыярхаў «энцыклікамі»; таксама англікане карыстаюцца гэтым выразам дзеля вызначэння паслання, што выдаецца на заканчэнне канферэнцыі англіканскіх біскупаў, якія адбываюцца кожныя 10 гадоў.

Слоўнічак асобаў

Агіна-Кнаус - К. Агіно (япон.), Х. Кнаус (аўстр.) - урачы-гінеколагі, даказалі, што ў перыяд месячнага цыклу жанчыны існуе толькі адзін перыяд плоднасці. На падставе сваіх даследванняў яны распрацавалі так званы сужэнскі каляндар, які указвае перыяды плоднасці і бясплоднасці.

Анна Балейн (1507 - 1536) - каралева Англіі, другая жонка Генрыха VIII, маці Альжбеты І, абвінавачана ў вераломстве, пакарана смерцю. Была прычынаю ўзнікнення англіканскага Касцёла.

Біллінгсы - сужэнства, англійскія гінеколагі. Яны апрацавалі сучасны метад рэгулявання зачаццяў, які заснаваны на даследаванні слізі ў палавых органах жанчыны (гл. E.Billings, A.Westmore. Metoda Billingsa, Warszawa 1986).

Генрых VІІІ (Тудор) - (1491-1547), кароль Англіі з 1509г. Парваў стасункі з каталіцкім Касцёлам, калі не атрымаў дазволу на развод з прававернай жонкай; абвясціў сябе галавою Касцёла ў Англіі і нацыяналізаваў касцёльную ўласнасць.

Майсей - імя егіпецк. паходжання, Mos - азначае сын. Стары Запавет (Wj 1,10) падае папулярную этымалогію: вынуты з вады. Майсей належыць да знакамітых постацяў Старога Запавету. Гісторыю яго апісвае Кніга Выйсця, Святарская Кніга, Лічб і Другазаконне. Паходзіў з пакалення левітаў, да якога належалі яго бацькі. Пазбегнуў смерці, дзякуючы знаходлівасці маці. Выхоўваўся пры двары фараона і «адукаваны ва ўсіх навуках егіпецкіх» (пар. Дз 7,22). Аднак ён не забыўся, што з'яўляецца габрэем, таму і абараніў земляка, якога крыўдзілі, забіўшы крыўдзіцеля-егіпцяніна. З-за гэтага ён вымушаны быў уцячы. Накіраваўся на Сінай, займаўся пастырствам, ажаніўся з медыянкаю. На Сінаі Майсею аб'явіўся Ягвэ і даручыў яму вывесці люд ізраэльскі з Егіпту. Майсей выканаў даручэнне, акрамя таго, згодна Божаму загаду давёў да прымірэння, якое Бог заключыў са сваім людам на Сінаі, і даў гэтаму народу права. Такім чынам, ён стаў збаўцам Ізраэля і яго заканадаўцам, пасрэднікам паміж Панам Богам і людзьмі, настаўнікам і прарокам. Біблейская Традыцыя прыпісвае яму 5 першых Кніг Бібліі, якія называюцца Пяцікніжжам Майсеевым. У Новым Запавеце евангелісты ўспамінаюць Майсея як заканадаўцу і настаўніка (Мц 8,4; 22,24; 23,2; Мк 1,44; 7,10; 12,3-4; Лк 5,14; 20,28), а таксама як прарока, які прадвяшчаў Пана Езуса (Ян 1,45; Дз 3,22; 7,35; 26,22). Майсей памёр, не давёўшы народ ізраэльскі да абяцанай зямлі.

Павел VІ, папа - Джаванні Баттыста Манціні -1897-1978 - папам абраны ў 1963г., прадаўжальнік і ажыццяўляльнік пастановаў ІІ Ватыканскага Сабору. Рэфарматар унутрыкасцёльных спраў. Прадстаўнік экуменічных тэндэнцый, імкнуўся наблізіць Касцёл да праблематыкі сучаснага свету.

Пій ХІ, папа - Ахілле Ратці - 1857-1939 - Папам абраны ў 1922г. Давёў да падпісання латэранскіх суадносін і канкардатаў з 11 краінамі. Вызначыў арганізацыйныя формы Каталіцкай Акцыі. Абвясціў грамадскія энцыклікі Quadragesimo anno; накіраваную супраць гітлерызма - Mit brennender Sorge; і супраць камунізму - Divini Redemptoris.

Пій ХІІ, папа - Эўгеніо Пачэллі - 1876-1958. Папам абраны ў 1939г. Абвясціў догму аб Унебаўзяцці Найсвяцейшай Марыі (1950), энцыкліку аб Касцёле як Містычным Целе Хрыста - Misticis Corporis; аб інтэрпрэтацыі Бібліі - Divino afflante spiritu; аб дактрынальных небяспеках - Humani generis; аб св. Літургіі - Mediator Dei.

Ратцынгер Ёзаф, кардынал - нар. у 1927г., нямецкі тэолаг, арцыбіскуп Мюнхена і кардынал з 1977г.; з 1981г. - прэфект Кангрэгацыі Дактрыны Веры ў Ватыкане.

Св. Амвросій - к. 340-397 - доктар Касцёла; біскуп з 374г. у Мілане; паспрыяў, каб хрысціянства было прызнана адзінаю рэлігіяй рымскай імперыі (380г.). Аўтар тэалагічных прац і гімнаў.

Св. Аўгустын - нар. у 354г. у Тагасце (Афрыка). Пасля бурна праведзенай маладосці навярнуўся і прыняў Хрост у Мілане з рук св. Амвросія ў 387г. Пасля вяртання ў Афрыку вёў аскетычнае жыццё. Выбраны біскупам Гіппоны, на працягу 34 гадоў быў прыкладным пастырам. Напісаў многа тэалагічных і апалагетычных прац. Памёр у 430г.

Св. Павел Ап. - з Тарсу (Кілікія), Саўл. Год нар. - невядомы. Постаць з Новага Запавету. Габрэй (фарысей), паходзіць з пакалення Бэніяміна. Навернуты на хрысціянства, місіянер, называны апосталам народаў; заснавальнік многіх хрысціянскіх супольнасцяў у Малой Азіі і Грэцыі. Значна паўплываў на раннехрысціянскую дактрыну. Аўтар трынаццаці Пасланняў. Пакараны смерцю прыблізна ў 67г. Звесткі аб ім падаюць яго пасланні і Апостальскія Дзеянні: Дз 8,3; 9,1-19; 22,3.6-21; 27-28; 26,5.

Св. Тамаш з Аквіну - нар. у 1225г. у Аквіне. Выхаванак бенедыктынаў з Монтэ Касіна (Італія). Пасля заканчэння вучобы ў Неапалі пайшоў да закону дамініканаў. Далейшую вучобу працягваў у Парыжы і Кёльне пад кіраўніцтвам св. Альберта Вялікага. Выкладаў філасофію і тэалогію. Напісаў у гэтай галіне выдатныя працы. Памёр 7.03.1274г. Яго цела спачывае ў Тулузе.

Св. Юзаф - паводле Св. Евангелля, муж Марыі, Маці Езуса. З пункту гледжання права - бацька Езуса. Праз Юзафа Езус паходзіць з роду Давідавага (Мц 1,16-18; Лк 1,27; 2,4.16). Жыў у галілейскім мястэчку Назарэт (Мц 2,23; Лк 2,4.39.51). Быў цесляром (Мц 13,55). Тагачасныя людзі лічылі яго бацькам Пана Езуса (Лк 3,23; 4,22; Ян 1, 45; 8, 42).

Св. Ян Хрызастом - Златавусны - жыў прыблізна каля 350-407гг. Тэолаг, Айцец Касцёла, прапаведнік у Антыохіі, біскуп Канстанцінопаля, аўтар праваслаўнай імшальнай літургіі.

Эфесцы - жыхары Эфеса - горада, размешчанага на заходнім узбярэжжы Малой Азіі (Турцыі). Тут адбыўся паўсюдны Сабор у 431г. Св. Павел апасталаваў у Эфесе, ён быў тут тройчы. Мянаваў Цімафея біскупам гэтага горада. Эфес быў вядомы, дзякуючы культу багіні Дыяны. Дыяна была багіняй лясоў і звяроў, месяца і ўрадлівасці, апякунка жанчын. Да верных эфесцаў св. Павел напісаў ліст са зняволення, у якім змяшчаецца навука аб Касцёле. У канцы першага стагоддзя пасля Хрыста ў Эфесе працаваў апостал Ян, які напісаў там чацвёртае кананічнае Евангелле.

Ян Павел ІІ, папа - Караль Вайтыла, нар. у 1920г., папам стаў у 1978г.; у 1958г. - стаў біскупам, у 1963г. - арцыбіскупам, мітрапалітам Кракаўскім, у 1967г. - кардыналам. Дзейнічаючы як папа на карысць свабоднага развіцця асобных адзінак і грамадстваў, мірнага суіснавання народаў; свабоднага і адказнага ўдзелу чалавека ў грамадскім жыцці, ён стаў найвышэйшым маральным аўтарытэтам у сучасным свеце. Шматлікія пілігрымкі ў многія краіны; тэарэтык каталіцкай філасофіі чалавека. У 1981г. у Рыме быў тэрарыстычны замах на папу Яна Паўла ІІ.

Умоўныя скарачэнні

Кнігі Старога Запавету
Wj - Кніга Выйсця Is - Кніга Ісаі
Kpł - Кніга Святарская Rdz - Кніга Быцця
Syr - Мудрасць Сіраха  (Eklezjastes)
Job - Кніга Ёва Tb - Кніга Тобія

 

Кнігі Новага Запавету
Мк   -  Евангелле паводле св.Марка
Мц   -  Евангелле паводле св.Мацвея
Лк   -  Евангелле паводле св.Лукі
Ян   -  Евангелле паводле св.Яна
Гал   -  Пасланне св. Паўла да Галатаў
Дз   -  Дзеянні Апосталаў
Кал   -  Пасланне св. Паўла да Каласянаў
Кар   -  Пасланне св. Паўла да Карынцянаў
Рым   -  Пасланне св. Паўла да Рымлянаў
Фес   -  Пасланне св. Паўла да Фесаланікійцаў
Цім   -  Пасланне св. Паўла да Цімафея
Эф   -  Пасланне св.Паўла да Эфесцаў

Дакументы Другога Ватыканскага Сабору
DB   -  Дэкрэт аб душпастырскіх заданнях біскупаў у Касцёле
DWCH   -  Дэкларацыя аб хрысціянскім выхаванні Другога Ватыканскага Сабору
КDК   -  Канстытуцыя душпастырская аб Касцёле ў сучасным свеце
КО   -  Канстытуцыя дагматычная аб аб'яўленні Божаму

Дакументы папскага вучэння
DV   -  Donum vitae («Дар жыцця»)
EN   -  Evangelii nuntiandi (аб евангелізацыі)
EV   -  Evangelium vitae («Евангелле жыцця»)
FC   -  Familiaris consortio (аб задачах хрысціянскай сям'і ў сучасным свеце)
HV   -  Humanae vitae (аб пераказванні чалавечага жыцця)
ККК   -  Катэхізіс Каталіцкага Касцёла
RM   -  Redemptoris missio (аб місіянерстве як пастаянным пакліканні хрысціяніна)

Іншыя скарачэнні
AAS   -  Acta Apostolice Sedis (Акты Апостальскай Сталіцы)
грэц.    -  грэцкая мова
кан.    -  канон (юрыдычныя нормы права, якія знаходзяцца ў Кодэксе Кананічнага Права)
лац.    -  лацінская мова
пав.    -  паводле
энц.    -  энцыкліка

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.