Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
evden eve nakliyat goztepe evden eve nakliyat bostanci evden eve nakliyat acibadem evden eve nakliyat erenköy evden eve nakliyat yakacık evden eve nakliyat
 

Ян Павел ІІ
ДАР І ТАЯМНІЦА

Вельмі жыва ўспамінаецца


Каля вытокаў... таямніца
Першыя знакі паклікання
Вучоба ў Ягелонскім універсітэце
Пачатак другой сусветнай вайны
Тэатр слова

РАЗДЗЕЛ IІ

Рашэнне пайсці ў семінарыю
Студэнцкія вакацыі
Кардынал Адам Стэфан Сапега

РАЗДЗЕЛ ІII

Уплыў розных асяродкаў і асобаў на маё пакліканне
Сям'я
Завод Сольвай
Парафія ксяндзоў салезіянаў у Дэмбніках
Айцы кармэліты
Ксёндз Казімеж Фіглевіч
«Марыйная лінія» паклікання
Святы брат Альберт
Досвед вайны
Ахвяра польскіх святароў
Дабро, спазнанае ў цяжкі перыяд вайны

РАЗДЗЕЛ ІV

Святар!
Успамін пра брата ў святарскім пакліканні
Veni, Creator Spiritus!
Падлога капліцы
Прыміцыйная Святая Імша
Сярод Люду Божага

РАЗДЗЕЛ V

Рым
«Вывучаць Рым»
Душпастырскі вопыт
Еўрапейскі гарызонт
Сярод эмігрантаў
Постаць святога Яна Марыі Вяннэя
Слова ўдзячнасці
Вяртанне ў Польшчу

РАЗДЗЕЛ VІ

У вясковай парафіі ў Негавіці
У святога Фларыяна ў Кракаве
Навуковая праца

РАЗДЗЕЛ VIІ

Дзякую табе, Касцёл у Польшчы
Святарская супольнасць Кракаўскага Касцёла
Дар свецкіх людзей

РАЗДЗЕЛ VIIІ

Што значыць быць святаром?
Admirabile commercium!
Святар і Эўхарыстыя
In persona Christi
Mysterium fidei
Хрыстус - Святар і Ахвяра

РАЗДЗЕЛ ІX

Быць святаром сёння
Насустрач людскім спадзяванням
Даўца Міласэрнасці
Чалавек, які кантактуе з Богам
Пакліканы да святасці
Cura animarum
Чалавек Слова Божага
Паглыбленне ведаў
Дыялог з сучаснаю думкаю

РАЗДЗЕЛ X

Да братоў у святарстве
Pupilla oculi
Deo gratias!

Дадатак

Літанія да Хрыста Святара і Ахвяры

У пяцідзесятую гадавіну майго святарскага пасвячэння

Вельмі жыва ўспамінаецца мне ўрачыстая сустрэча, якая адбылася мінулаю восенню (27 кастрычніка 1995 г.) у Ватыкане ў сувязі з трыццатаю гадавінаю саборавага Дэкрэту Presbyterorum ordinis. Ініцыятарам сустрэчы выступіла Кангрэгацыя па справах Духавенства. У прыўзнятым настроі, які панаваў сярод сабраных, многія святары гаварылі пра сваё пакліканне. Я таксама падзяліўся ўласным сведчаннем, бо ўбачыў, што гэта прыгожая і патрэбная форма служэння, якую святары перадаюць адзін аднаму ў прысутнасці Люду Божага дзеля ўзаемнай акрыленасці.

Тое, што я тады сказаў, знайшло пазітыўны водгук. У выніку многія настойліва прасілі мяне, каб я яшчэ раз вярнуўся да тэмы майго паклікання і шырэй распавёў пра яго ў сувязі з юбілеем святарства.

Павінен прызнацца, што ў першую хвіліну гэта прапанова выклікала ў мяне зразумелую нязгоду. Аднак пазней я палічыў, што трэба прыняць гэтае запрашэнне, паколькі яно звязваецца з пэўным аспектам Пятровага служэння. Натхнёны некалькімі пытаннямі, якія сфармуляваў пан доктар Жан Франко Свідэркошы і якія пэўным чынам фармавалі сюжэт гэтых разважанняў, я аддаўся ўспамінам, ніколькі не спрабуючы стварыць строга дакументальнага запісу.

Усё тое, пра што я тут кажу, не датычыць толькі знешніх падзеяў, але сягае да каранёў маіх самых глыбокіх і найбольш асабістых перажыванняў і майго вопыту. Успамінаю іх, а перадусім дзякую Богу: Misericordias Domini in aeternum cantabo!

Запіс гэты ахвярую святарам і Люду Божаму як сведчанне любові.

РАЗДЗЕЛ І

Каля вытокаў... таямніца!

Гісторыя майго святарскага паклікання? Гісторыя гэта вядома перадусім аднаму Богу. Кожнае святарскае пакліканне ў сваёй найглыбейшай аснове - гэта вялікая таямніца, гэта дар, які бясконца пераўзыходзіць чалавека. Кожны з нас, святароў, вельмі выразна спазнае гэта ва ўсім сваім жыцці. Перад веліччу такога дару мы адчуваем, наколькі не дарастаем да яго.

Пакліканне - гэта таямніца Божага абрання: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і паставіў вас, каб ішлі і прыносілі плод, і каб плод ваш трываў» (Ян 15, 16). «І ніхто сам сабе не бярэ гэтае годнасці, але толькі той, хто пакліканы Богам, як і Аарон» (Гбр 5, 4). «Перш чым сфармаваў цябе ва ўлонні маці, Я ведаў цябе, перш чым ты прыйшоў на свет, Я асвяціў цябе, прарокам для народаў устанавіў цябе» (Яр 1, 5). Гэтыя натхнёныя словы павінны праняць глыбокім хваляваннем кожную святарскую душу.

Таму, калі мы ў розных абставінах (напрыклад, у сувязі са святарскімі юбілеямі) гаворым пра святарства і даем аб ім свае сведчанні, то павінны рабіць гэта з вялікаю пакораю, усведамляючы, што Бог нас «паклікаў прызваннем святым не паводле ўчынкаў нашых, але паводле пастановы сваёй і ласкі» (2 Тым 1, 9). Разам з тым мы ўсведамляем, што людскія словы не ў стане ўзняць цяжар таямніцы, якую нясе ў сабе святарства.

Мне здаецца, што гэты кароткі ўступ абавязковы, каб адпаведным чынам зразумець тое, што я буду казаць пра свой шлях да святарства.

Першыя знакі паклікання

Калі я вучыўся ў гімназіі, князь Адам Стэфан Сапега, арцыбіскуп, мітрапаліт Кракаўскі візітаваў нашу парафію ў Вадавіцах. Мой катэхет ксёндз Эдвард Захэр даручыў мне прывітаць князя мітрапаліта. Такім чынам, першы раз у жыцці я меў магчымасць стаць перад чалавекам, які карыстаўся ўсеагульнаю глыбокаю павагаю. Ведаю таксама, што пасля мае прамовы арцыбіскуп спытаў у катэхета, куды я збіраюся пайсці вучыцца пасля гімназіі. Ксёндз Захэр адказаў: «Ідзе на паланістыку». «Шкада, што не на тэалогію», - заўважыў на гэта арцыбіскуп.

У той перыяд жыцця маё святарскае пакліканне яшчэ не выспела, хоць многія са знаёмых дапускалі, што я мог бы пайсці ў духоўную семінарыю. Калі малады чалавек з такімі выразнымі рэлігійнымі схільнасцямі не ішоў у семінарыю, гэта магло нараджаць домыслы, што вінаваты ў тым якіясь іншыя любові альбо захапленні. Я меў у школе шмат сябровак і сяброў, быў звязаны з працаю ў школьным аматарскім тэатры, але не гэта было вызначальным. У той перыяд вызначальным здавалася мне перадусім улюбёнасць у літаратуру і асабліва ў драматургію і тэатр. Любові да тэатра даў пачатак старэйшы за мяне паланіст Мечыслаў Катлярчык. Ён быў сапраўдным піянерам аматарскага тэатра з вялікімі рэпертуарнымі амбіцыямі.

Вучоба ў Ягелонскім універсітэце

У маі 1938 года я атрымаў атэстат сталасці і падаў заяву ва універсітэт на польскую філалогію. У сувязі з гэтым мы з бацькам пераехалі з Вадавіцаў у Кракаў. Пасяліліся мы ў доме на вуліцы Тынецкай, 10, на Дэмбніках. Дом належаў маёй радні з боку маці. Я распачаў вучобу на філасофскім факультэце Ягелонскага універсітэта, на аддзяленні польскай філалогіі. Аднак паспеў закончыць толькі першы курс, бо 1 верасня 1939 года пачалася другая сусветная вайна.

Што датычыць вучобы, то хачу падкрэсліць: выбар паланістыкі быў абгрунтаваны маёю выразнаю арыентацыяй на вывучэнне літаратуры. Аднак ужо першы год вучобы скіраваў маю ўвагу ў бок мовы. Мы вывучалі апісальную граматыку сучаснай польскай мовы, потым гістарычную граматыку, надаючы асаблівую ўвагу стараславянскай мове. Гэта ўвяло мяне ў абсалютна новае вымярэнне, калі не сказаць у таямніцу слова.

Слова, перш чым прамовіцца на сцэне, жыве спачатку ў гісторыі чалавека, становіцца нейкім важным параметрам яго духовага жыцця. Урэшце яно з'яўляецца арыентацыяй на неспасцігальную таямніцу самога Бога. Адкрываючы слова праз вывучэнне літаратуры ці мовы, я не мог не наблізіцца да таямніцы Слова - таго Слова, пра якое мы штодзённа гаворым у малітве «Анёл Панскі»: «Слова целам сталася і пасялілася між нас» (Ян 1, 14). Пазней я зразумеў, што вывучэнне паланістыкі рыхтавала ў ва мне грунт пад іншы кірунак зацікаўленняў і вучобы: маю на ўвазе філасофію і тэалогію.

Пачатак другой сусветнай вайны

Але вернемся цяпер да 1 верасня 1939 года. Пачатак вайны прынцыповым чынам змяніў сітуацыю ў маім жыцці. Хоць выкладчыкі Ягелонскага універсітэта намагаліся распачаць новы навучальны год, але заняткі былі толькі да 6 лістапада 1939 года. У гэты дзень нямецкія ўлады склікалі ўсіх выкладчыкаў на сход, які закончыўся вывазам гэтых шаноўных людзей навукі ў канцэнтрацыйны лагер Захзэнхаўзэн. На гэтым спыняецца ў маім жыцці перыяд вучобы на паланістыцы і распачынаецца перыяд нямецкай акупацыі, у часе якой я стараўся найперш шмат чытаць і пісаць. Менавіта ў гэты перыяд з'явіліся мае першыя юнацкія літаратурныя творы.

Каб асцерагчыся ад вывазу на прымусовыя работы ў Германію, я пачаў восенню 1940 года працаваць чорнарабочым у каменяломні, што належала хімзаводу Сольвай. Каменяломня знаходзілася на Закжувку, які быў у паўгадзіне хады ад майго дому на Дэмбніках. Такім чынам, я штодня хадзіў на працу ў тую каменяломню, пра якую пасля напісаў паэтычны твор. Калі праз гады прачытваю яго ў кантэксце таго асаблівага выпрабавання, то ён здаецца мне поўным экспрэсіі:

Слухай, калі рытмічны і такі знаёмы стук малаткоў
я пераношу ўнутр людзей, каб даследаваць сілу ўдараў,
слухай, тады ток электрычны камяністую раку рассякае,
а ў ва мне нарастае думка, дзень за днём нарастае,
што ўся веліч гэтай працы знаходзіцца ўнутры чалавека...
(Каменяломня: І, матэрыял, 1)

Тады я быў сведкам, як у часе выбуху камяні забілі рабочага, і гэта мяне вельмі глыбока ўзрушыла:

Узялі цела, ішлі маўкліваю шарэнгаю.
Праца яшчэ сыходзіла ад яго і крыўда якаясь...
(Каменяломня: ІV. Памяці таварыша па працы, 2. 3)

Палякі, адказныя за каменяломню, стараліся аберагаць нас, студэнтаў, ад самых цяжкіх работаў. Так, напрыклад, мяне прызначылі ў дапамогу падрыўніку. Звалі яго Францішак Лабусь. Згадваю яго таму, што ён не раз казаў мне так: «Караль, пайшлі б Вы вучыцца на ксяндза. Вы добра б спявалі, бо маеце прыгожы голас, і было б Вам добра...» Гаварыў ён гэтак з усёю павагаю, выказваючы даволі распаўсюджаныя сярод людзей погляды на тэму святарства. Гэтыя словы старога рабочага захаваліся ў маёй памяці.

Тэатр слова

У той перыяд я падтрымліваў кантакт з тэатрам слова, які стварыў Мечыслаў Катлярчык і быў яго натхніцелем у падполлі. Пачаткі гэтага тэатра звязаны з маёю кватэраю, у якой Катлярчык пасяліўся разам з жонкаю Зоф'яй пасля прарыву з Вадавіцаў у Генеральную Губернію. Мы жылі разам. Я працаваў чорнарабочым, а ён працаваў напачатку трамвайшчыкам, а пасля чыноўнікам у нейкай установе. Жывучы разам, мы маглі працягваць не толькі нашыя размовы пра тэатр, але таксама канкрэтную справу, якая менавіта й набыла характар тэатра слова. Быў гэты тэатр вельмі просты. Дэкарацыйны і пастановачны бакі зводзіліся да мінімума, а ўсё канцэнтравалася на дэкламаванні паэтычнага тэксту.

Спатканні тэатра слова адбываліся ў вузкім коле знаёмых, запрошаных гасцей, асабліва зацікаўленых літаратураю і разам з тым «пасвечаных» у гэту таямніцу. Захаванне сакрэтнасці вакол тых тэатральных сустрэчаў было неабходным, бо ў процілеглым выпадку нам усім пагражала суровае пакаранне з боку акупацыйных уладаў - хутчэй за ўсё вываз у канцэнтрацыйны лагер. Павінен прызнацца, што ўвесь гэты своеасаблівы тэатральны вопыт вельмі глыбока адбіўся ў маёй памяці, хоць у пэўны момант я ўсвядоміў, што тэатр - не маё прызванне.

РАЗДЗЕЛ ІІ

Рашэнне пайсці ў семінарыю

Восенню 1942 года я прыняў канчатковае рашэнне паступіць у Кракаўскую Духоўную Семінарыю, якая дзейнічала ў падполлі. Прыняў мяне ксёндз рэктар Ян Піваварчык. Аднак гэты факт павінен быў застацца ў глыбокай таямніцы, нават ад самых блізкіх людзей. Я распачаў вучобу на тэалагічным факультэце Ягелонскага універсітэта і працягваў працаваць рабочым на заводзе Сольвай. Універсітэт наш таксама знаходзіўся ў падполлі.

У перыяд акупацыі арцыбіскуп мітрапаліт заснаваў падпольную Духоўную Семінарыю, размясціўшы яе пад дахам свае рэзідэнцыі. У кожную хвіліну гэта пагражала суровымі рэпрэсіямі з боку нямецкіх уладаў як кіраўнікам, так і клерыкам. Знаходзіўся я ў той своеасаблівай семінарыі пад апекаю ўлюбёнага князя мітрапаліта з верасня 1944 года і там разам з сябрамі прычакаў 18 студзеня, дня, а дакладней, ночы вызвалення. Бо ўночы Чырвоная Армія заняла ваколіцы Кракава. Пры адступленні немцы ўзарвалі Дэмбніцкі мост. Памятаю тую жахлівую дэтанацыю, ад якой у арцыбіскупскай рэзідэнцыі вылецелі ўсе шыбы ў вокнах. Мы тады былі ў капліцы на набажэнстве, у якім удзельнічаў ксёндз арцыбіскуп. На наступны дзень узяліся рамантаваць пашкоджаны будынак.

Аднак я павінен вярнуцца да доўгіх месяцаў, што папярэднічалі вызваленню. Як ужо згадвалася, я з іншымі клерыкамі знаходзіўся ў рэзідэнцыі ксяндза арцыбіскупа. На самым пачатку вучобы ён пазнаёміў нас з маладым святаром, нашым духоўным айцом. Ім быў ксёндз Станіслаў Смаленскі, чалавек вялікай духовасці, які закончыў вучобу ў Рыме. Цяпер ён біскуп-суфраган у Кракаве, ужо на пенсіі.

Ксёндз Смаленскі распачаў з намі рэгулярную працу над падрыхтоўкаю да святарства. Раней мы мелі толькі аднаго кіраўніка-прэфекта, ксяндза Казімежа Клусака, прафесара філасофіі, чалавека, які імпанаваў нам сваёю аскезаю і дабрынёю. Ён падпарадкоўваўся непасрэдна самому ксяндзу мітрапаліту, так як і ўся наша падпольная семінарыя. Пасля вакацый 1945 года рэктарам быў прызначаны вадавічанін кс. Караль Казлоўскі, пераемнік кс. Яна Піваварчыка. У даваенны перыяд ён быў духоўным айцом у семінарыі, дзе прайшло амаль усё яго святарскае жыццё.

Так мінаў час семінарскага фармавання. Працуючы рабочым, я падпольна скончыў два першыя гады, г.зн. тыя, што ў curriculum (курсе. - Заўв. пер.) навучання прысвечаны філасофіі. Наступныя 1944 і 1945 гады былі паяднаны з вучобаю ў Ягелонскім універсітэце, хоць першы пасляваенны год быў яшчэ вельмі няпоўны. Нармальны быў ажно толькі 1945/1946 навучальны год. На тэалагічным факультэце мне пашчасціла сустрэць такіх вопытных выкладчыкаў, як, напрыклад, кс. Уладыслаў Віхэр, прафесар маральнай тэалогіі, альбо кс. Ігнацы Ружыцкі, прафесар дагматычнай тэалогіі, які ўвёў мяне ў навуковы тэалагічны курс.

Сёння ўдзячна ўспамінаю ўсіх маіх кіраўнікоў, духоўных айцоў і прафесараў, якія ў перыяд семінарскага жыцця фармавалі маё пакліканне. Няхай Пан Бог узнагародзіць іх за працу і самаахвярнасць!

Напачатку пятага года навучання ксёндз арцыбіскуп скіраваў мяне ў Рым працягваць вучобу. У сувязі з гэтым я раней за маіх аднакурснікаў атрымаў святарскае пасвячэнне. Было гэта 1 лістапада 1946 г. Зразумела, выпуск наш быў невялікі: усяго сямёра чалавек. Цяпер у жывых засталося трое. Менавіта таму, што калектыў наш быў такі невялікі, паміж намі ўзніклі глыбокія сяброўскія і таварыскія сувязі. Тое ж можна сказаць пра нашых кіраўнікоў і прафесараў, як у перыяд падполля, так і ў кароткі перыяд адкрытай вучобы ва універсітэце.

Студэнцкія вакацыі

З таго часу, як я стаў клерыкам семінарыі, для мяне адкрылася новая магчымасць праводзіць вакацыі. Я быў пасланы ксяндзом арцыбіскупам у парафію у Рацібаравіцах пад Кракавам. Не магу не выказаць глыбокай удзячнасці рацібаравіцкаму пробашчу, ксяндзу Юзафу Ямрозу і ксяндзам вікарыям, якія былі сябрамі жыцця маладога падпольнага семінарыста. Асабліва ўспамінаю ксяндза Францішка Шымонка, які потым у часы сталінскага тэрору быў абвінавачаны на паказальным працэсе Кракаўскай курыі і атрымаў смяротны вырак. На шчасце, праз некаторы час яго памілавалі. Успамінаецца мне таксама ксёндз Адам Беля, мой старэйшы сябра з Вадавіцкай гімназіі. Дзякуючы гэтым маладым святарам, я мог пазнаёміцца з рэлігійным жыццём усяе парафіі. У хуткім часе на тэрыторыі вёскі Беньчыцы, якая належала да парафіі ў Рацібаравіцах, вырас вялікі пасёлак, звязаны з Новаю Гутаю. Я не раз бываў там у часе вакацый і ў 1944-ым, і ў 1945 годзе, пасля вайны. Шмат гадзінаў праводзіў я ў старым рацібаравіцкім касцёле, які вядзе сваю гісторыю яшчэ з часоў Яна Длугаша. Падоўгу хадзіў я ў роздуме па мясцовым могільніку. У Рацібаравіцы прывозіў таксама тое, над чым працаваў у часе вучобы - тамы святога Тамаша з каментарамі. Вывучаў я тэалогію, у пэўным сэнсе, у самым «цэнтры» вялікай тэалагічнай традыцыі. Ужо тады я пісаў працу пра святога Яна ад Крыжа. Кіраўніком гэтай працы ў Кракаве, ужо пасля адкрыцця універсітэта, стаў ксёндз прафесар Ігнацы Ружыцкі. Закончыў я яе ў Анджэлікум (універсітэт у Рыме. - Заўв. пер.) пад кіраўніцтвам айца прафесара Garrigon - Langrange'a.

Кардынал Адам Стэфан Сапега

Ва ўсім нашым фармаванні і падрыхтоўцы да святарства асаблівым чынам вызначылася незвычайная асоба князя мітрапаліта, а пасля кардынала Адама Стэфана Сапегі, якога ўспамінаю з хваляваннем і ўдзячнасцю. Яго ўплыў быў тым большы, што ў пераходны перыяд, пакуль не ўдалося вярнуцца ў семінарскі будынак, мы жылі ў яго рэзідэнцыі і штодня сустракаліся з ім. Кракаўскі мітрапаліт быў пакліканы ў кардынальскую калегію пасля заканчэння вайны, у адносна сталым узросце. Уся грамадскасць успрыняла тую намінацыю як знак прызнання гэтага вялікага чалавека, які ў часе акупацыі быў па сутнасці адзіным прадстаўніком народу, які выражаў ягоную годнасць відавочным для ўсіх чынам.

Памятаю той сакавіцкі дзень у Вялікім Посце, калі арцыбіскуп вярнуўся з Рыма з толькі што атрыманым кардынальскім берэтам. Студэнты ўзнялі на плечы яго машыну і перанеслі да Мар'яцкага касцёла. Гэта было выяўленнем рэлігійнага і патрыятычнага ўздыму, які тая кардынальская намінацыя абудзіла ў грамадстве.

РАЗДЗЕЛ ІІІ

Уплыў розных асяродкаў і асобаў на маё пакліканне

Я шмат распавядаў пра семінарскае асяроддзе, паколькі яно мела, несумненна, вялікі ўплыў на маё святарскае фармаванне. Аднак ясна ўсведамляю, што Бог дазволіў мне ўслухоўвацца ў Ягоны голас, дзякуючы таксама асабліваму ўдзелу многіх іншых асяродкаў і асобаў.

Сям'я

Мая семінарская падрыхтоўка да святарства была ў пэўнай ступені прадвызначана. У нейкім сэнсе спрычыніліся да таго мае бацькі ў родным доме, асабліва мой бацька, які рана аўдавеў. Маці я страціў яшчэ перад Першаю Св. Камуніяй у дзевяцігадовым узросце і таму менш яе памятаю і менш усведамляю яе ўклад у маё рэлігійнае выхаванне, а быў ён, несумненна, вельмі вялікі. Пасля яе смерці, а затым і пасля смерці майго старэйшага брата, мы з бацькам засталіся ўдвух. Я мог кожны дзень бачыць суровае жыццё свайго бацькі. Па прафесіі ён быў вайскоўцам, а калі аўдавеў, жыццё яго яшчэ ў большай ступені стала жыццём пастаяннай малітвы. Часта, абудзіўшыся ноччу, я бачыў свайго бацьку на каленях. Таксама на каленях заўсёды бачыў яго ў нашым парафіяльным касцёле. Ніколі не размаўлялі мы між сабою пра святарскае пакліканне, але гэты прыклад майго бацькі быў як бы першаю хатняю семінарыяй.

Завод Сольвай

Потым, калі мінулі гады ранняга юнацтва, такою семінарыяй стала для мяне каменяломня і цэх ачысткі вады на содавым заводзе ў Фалэнцкім Барку. Але гэта ўжо не была толькі перадсемінарыя, як у Вадавіцах. Завод на пэўным этапе стаў для мяне сапраўднай духоўнай семінарыяй, хоць і падпольнаю. Я працаваў у каменяломні з верасня 1940 года, а праз год перайшоў у цэх ачысткі вады на заводзе. Такім чынам, гады, звязаныя з фармаваннем канчатковага рашэння наконт семінарыі, адносяцца менавіта да гэтага перыяду. Восенню 1942 года я распачаў вучобу ў падпольнай семінарыі як даўні студэнт польскай філалогіі і як чорнарабочы Сольвай. Тады я яшчэ не ўяўляў, якое вялікае значэнне гэта для мяне мае. Толькі тады, калі ўжо як святар падчас вучобы ў Рыме праз маіх сяброў з Бельгійскага калегіума я сутыкнуўся з праблемаю святароў-рабочых і з рухам Хрысціянскай Рабочай Моладзі (JOC), толькі тады я ўсвядоміў: тое, што сталася надзвычай важным для Касцёла і для святарства на Захадзе, а менавіта - кантакт са светам працы - я, уласна кажучы, ужо ўпісаў у свой асабісты жыццёвы вопыт.

Праўда, я меў за плячыма вопыт не святара-рабочага, а семінарыста-рабочага. Я ведаў, што такое фізічная праца, бо быў рабочым. Штодня сустракаўся я з людзьмі цяжкай працы, ведаў іх асяроддзе, іх сем'і, кола іх інтарэсаў, іх чалавечую вартасць і годнасць. Асабіста адчуў ад іх шмат зычлівасці. Яны ведалі, што я студэнт, і ведалі, што калі толькі дазволяць абставіны, я вярнуся зноў да вучобы. Аднак ніколі з-за гэтага не было з іх боку незычлівасці. Не раздражняла іх і тое, што на працу я прыносіў кнігі. Казалі мне: «Мы тут наглянем, а Вы сабе пачытайце». Здаралася так звычайна на начных зменах. Яны не раз гаварылі: «Вы сабе адпачніце, а мы тут наглянем».

Я пасябраваў з многімі рабочымі. Яны часта запрашалі мяне да сябе дадому. Ужо як святар і біскуп я хрысціў іх дзяцей і ўнукаў, благаслаўляў шлюбы і адпраўляў многіх з іх у апошнюю дарогу.

Я таксама меў магчымасць пераканацца ў тым, колькі дрэмле ў іх рэлігійных зацікаўленняў і жыццёвай мудрасці. Тыя кантакты, як ужо адзначалася, праіснавалі доўгі час пасля акупацыі, уласна кажучы, ажно да маіх выбараў на біскупа Рыма, а некаторыя доўжацца і сёння ў форме ліставання.

Парафія ксяндзоў салезіянаў у Дэмбніках

Вяртаючыся яшчэ да перадсемінарскага перыяду, не магу абмінуць аднаго асяродку і аднае асобы, якая вельмі шмат дала мне ў той час. Гэта менавіта супольнасць мае парафіі святога Станіслава Косткі на Дэмбніках у Кракаве. У парафіі працавалі ксяндзы салезіяне, якіх аднойчы гітлераўцы забралі ў канцэнтрацыйны лагер. Засталіся толькі стары пробашч і інспектар правінцыі, усе ж астатнія былі вывезены ў Дахау. Думаю, што ў працэсе фармавання майго паклікання салезіянскае асяроддзе адыграла важную ролю.

У парафіі была незвычайная асоба. Гаворка ідзе пра Яна Тыраноўскага. Быў ён па прафесіі служачы, але выбраў працу ў швейнай майстэрні свайго бацькі. Сцвярджаў, што гэта найбольш спрыяе яго ўнутранаму жыццю. Быў ён чалавекам незвычайна глыбокай духовасці. Ксяндзы салезіяне, якія ў той цяжкі перыяд адважыліся весці душпастырства моладзі, даверылі яму заданне, якое заключалася ва ўстанаўленні кантактаў з маладымі людзьмі ў рамках так званага Жывога Ружанца. Ян Тыраноўскі спраўляўся з гэтым заданнем не толькі ў сэнсе арганізацыйным, але таксама і ў сэнсе сапраўднай духовай адукацыі, якую даваў звязаным з ім маладым людзям. Ад яго між іншым я навучыўся элементарным метадам працы над сабою, якія апярэдзілі тое, што потым я знайшоў у семінарыі. Тыраноўскі, які сам выхоўваўся на творах св. Яна ад Крыжа і св. Тэрэсы ад Езуса, упершыню ўвёў мяне ў тую незвычайную, на мой тагачасны ўзрост, літаратуру.

Айцы кармэліты

Падтрымліваў я кантакты і з законам айцоў кармэлітаў босых, якія ў Кракаве мелі кляштар на вуліцы Ракавецкай. Я наведаў іх, а аднаго разу адправіў там свае закрытыя рэкалекцыі, карыстаючыся дапамогаю а. Леанарда ад Маці Божай Балеснай.

У пэўны перыяд я нават падумваў, ці не ўступіць мне ў Кармэль. Мае сумненні развеяў ксёндз кардынал Сапега, сказаўшы, як звычайна, коратка: «Трэба найперш закончыць пачатае». І так сталася.

Ксёндз Казімеж Фіглевіч

На працягу ўсіх тых гадоў маім спаведніком і непасрэдным духоўным кіраўніком быў ксёндз Казімеж Фіглевіч. Упершыню я сустрэўся з ім, калі быў вучнем першага класа гімназіі ў Вадавіцах. Ксёндз Фіглевіч як вікары вадавіцкай парафіі вучыў нас тады рэлігіі. Дзякуючы яму я наблізіўся да парафіі, стаў міністрантам і нават арганізаваў нешта накшталт гуртка міністрантаў. Калі ён адышоў з Вадавіцаў у Вавэльскую катэдру, то я і надалей быў з ім у кантакце. Памятаю, што ў пятым класе гімназіі ксёндз Фіглевіч запрасіў мяне ў Кракаў, каб я мог удзельнічаць у Triduum Sacrum, пачынаючы з Цёмнай Ютрані ў Вялікую Сераду ў другой палове дня. Гэта было для мяне хвалюючай падзеяй.

Калі пасля іспытаў на атэстат сталасці я пераехаў з бацькам у Кракаў, то аднавіў свае кантакты з ксяндзом падкусташам катэдральным (такая тады была функцыя кс. Фіглевіча). Я хадзіў да яго да споведзі і не раз сустракаўся з ім у часе акупацыі.

Асабліва запомніўся мне дзень 1 верасня 1939 года. Была гэта першая пятніца месяца. Я прыйшоў на Вавэль, каб выспавядацца. Катэдра была пустая. Гэта быў, хіба, апошні раз, калі я мог свабодна ўвайсці ў яе. Пазней яна была замкнёна, а Каралеўскі Замак на Вавэлі стаў сядзібаю генеральнага губернатара Ганса Франка. Ксёндз Фіглевіч быў адзіным святаром, які мог два разы на тыдзень адпраўляць Святую Імшу ў замкнёнай катэдры пад наглядам нямецкіх паліцыянтаў. У той цяжкі час стала яшчэ больш ясна, чым для ксяндза Фіглевіча была катэдра, алтар св. Станіслава, біскупа і мучаніка... Да канца жыцця ён застаўся верным апекуном гэтага асаблівага санктуарыя Касцёла і народу, а мяне навучыў вялікай любові да Вавэльскай катэдры, якая некалі павінна была стаць маёю біскупскаю катэдраю.

Калі 1 лістапада 1946 года я атрымаў святарскае пасвячэнне, то праз дзень адправіў першую Святую Імшу ў Катэдры, у раманскай крыпце св. Леанарда. Ксёндз Фіглевіч прысутнічаў пры мне як так званы манудуктар. Некалькі гадоў таму ксяндза пралата не стала. Адзін толькі Пан Бог можа аддзячыць гэтаму святару за тую дабрадзейнасць, якую ён мне аказаў.

Марыйная лінія паклікання

Гаворачы пра крыніцы святарскага паклікання, не магу, зразумела, абмінуць марыйнай лініі. Ушанаванне Маці Божай у традыцыйнай форме я вынес з бацькоўскага дому і з вадавіцкай парафіі. У парафіяльным касцёле памятаю бочную капліцу Маці Божай Нястомнай Дапамогі, у якую рана перад лекцыямі ішлі гімназісты. Потым, пасля лекцый, у другой палове дня тая самая грамада вучняў ішла ў касцёл на малітву.

Акрамя таго, у Вадавіцах быў Кармэль, кляштар на Горцы, які часам свайго заснавання звязаны з асобаю св. Рафала Каліноўскага. Многія вадавічане наведвалі кляштар, а гэта азначала паяднанне з кармэлітанскаю традыцыяй шкаплера. Я таксама запісаўся ў шкаплер, маючы, хіба, дзесяць гадоў і да сёння нашу яго. Да кармэлітаў хадзілі таксама на споведзь. Такім чынам, як парафіяльны касцёл, так і кляштар на Горцы фармавалі маю марыйную пабожнасць і тады, калі я быў хлапчуком, і потым, калі быў юнаком і гімназістам, ажно да экзаменаў на атэстат сталасці.

Калі я апынуўся ў Кракаве на Дэмбніках, то ўвайшоў у кола «Жывога Ружанца» ў салезіянскай парафіі, а гэта было звязана з асабліваю пашанаю да Марыі Дапаможніцы Вернікаў. На Дэмбніках у той перыяд, у які крышталізавалася справа майго святарскага паклікання, а таксама пад уплывам асобы Яна Тыраноўскага, маё разуменне пашаноты да Маці Божай пэўным чынам змянілася. І калі раней я быў перакананы, што Марыя вядзе нас да Хрыста, то ў гэты перыяд пачаў разумець, што таксама і Хрыстус вядзе нас да свае Маці. Быў такі момант, калі я ў нейкай ступені паставіў пад сумненне сваю марыйную пабожнасць, лічачы, што яна мае перабольшанае першынство перад ушанаваннем самога Хрыста. Павінен сказаць, што дапамагла мне тады кніжачка св. Людвіка Марыі Грыньёна дэ Мантфорта пад назваю «Трактат аб сапраўдным ушанаванні Найсвяцейшай Марыі Панны». У той кніжачцы я знайшоў у нейкім сэнсе гатовы адказ на мае пытанні. Так, Марыя набліжае нас да Хрыста, вядзе нас да Яго, але пры ўмове, што мы перажываем Яе таямніцу ў Хрысце. Трактат св. Людвіка Марыі Грыньёна дэ Мантфорта можа адштурхоўваць сваім напышлівым барокавым стылем, але сам стрыжань тэалагічных ісцінаў, якія ёсць у гэтым трактаце, - бясцэнны. Аўтар - тэолаг высокага класа. Яго марыялагічная думка ўкаранёна ў трынітарнай таямніцы і ў праўдзе аб Уцелаўленні Слова Божага. Тады я зразумеў, чаму Касцёл тры разы на працягу дня адгаворвае «Анёл Панскі», зразумеў таксама, наколькі важныя словы гэтай малітвы: «Анёл Панскі звеставаў Панне Марыі і пачала з Духа Святога... Вось я слуга Панская, няхай станецца мне паводле слова Твайго... А Слова сталася целам і пасялілася між нас...» Сапраўды, важныя словы! Выяўляюць яны галоўны змест найвялікшай падзеі, якая адбылася ў гісторыі чалавецтва.

Тут тлумачыцца паходжанне гэтага Totus Tuus. Бярэ яно пачатак менавіта ад св. Людвіка Марыі Грыньёна дэ Мантфорта. Гэта, уласна кажучы, скарачэнне больш поўнай формулы аддання Маці Божай, якая гучыць так: Totus Tuus ego sum et omnia mea Tua sunt. Accipio te in mea omnia. Praebe mihi cor Tuum, Maria.

Такім чынам, дзякуючы св. Людвіку я пачаў наноў адкрываць усе скарбы існуючай да таго часу марыйнай пабожнасці, але як бы з новых пазіцый. Напрыклад, яшчэ малым дзіцем я слухаў «Гадзінкі аб Беззаганным Пачацці Найсвяцейшай Марыі Панны», што спяваліся ў парафіяльным касцёле, але толькі ў той час заўважыў, якое багацце тэалагічнага і біблійнага зместу ў іх заключана. Тое самае ў пэўнай ступені датычыць і народных песняў, хоць бы і польскіх календаў на Божае Нараджэнне, Горкіх Жальбаў на Вялікі Пост, у якіх асобнае месца займае дыялог душы з Маці Балеснаю.

Увесь гэты духоўны вопыт вызначаў як бы малітоўную і кантэмпляцыйную лінію мае дарогі да святарства, а потым у святарстве - ажно да дня сённяшняга. Дарога тая, у пэўным сэнсе з дзіцячага ўзросту, але яшчэ больш потым, калі быў святаром і біскупам, прыводзіла мяне не раз на «марыйныя сцежкі» ў Кальварыі Зэбжыдоўскай. Кальварыя - галоўны марыйны санктуарый Кракаўскай архідыяцэзіі. Я часта прыязджаў туды, каб на адзіноце вандраваць па тых «сцежках», малітоўна абдумваючы розныя справы Касцёла, асабліва ў цяжкі перыяд змагання з камунізмам. Сёння бачу, якое гэта ўсё аднароднае, як моцна знаходзімся мы ў сферы праменявання тае самае таямніцы.

Святы Брат Альберт

Якую ролю адыграла ў маім пакліканні асоба св. Брата Альберта? Брат Альберт - яго сапраўдныя імя і прозвішча Адам Хмялёўскі - не быў святаром. У Польшчы ўсе ведаюць, кім ён быў. У перыяд майго кантакту з тэатрам, з мастацтвам, постаць гэтага чалавека, поўнага адвагі, удзельніка Студзеньскага паўстання 1863 года, што ў паўстанцкай бітве страціў нагу, валодала якойсьці асабліваю духоваю прывабнасцю. Вядома, што Брат Альберт быў мастаком, жывапісцам: адукацыю ён атрымаў у Мюнхене. Пакінутая ім мастацкая спадчына сведчыць пра тое, што гэта быў вялікі талент. І вось гэты чалавек у пэўны перыяд жыцця парывае з мастацтвам, бо прыходзіць да высновы, што Бог дае яму больш важнае заданне. Пазнаёміўшыся з асяроддзем кракаўскіх беднякоў, якія збіраліся вакол так званай Абагравальні на вуліцы Кракаўскай, Адам Хмялёўскі вырашае стаць у нейкай ступені адным з іх, а значыць не чалавекам, што прыходзіць аднекуль звонку, каб дзяліць дары, а чалавекам, які аддае ўсяго сябе, каб служыць тым абяздоленым людзям. Гэты захапляльны прыклад пасвячэння знаходзіць сваіх паслядоўнікаў. Вакол Брата Альберта збіраюцца мужчыны і жанчыны.

Узнікаюць дзве супольнасці людзей, якія служаць самым убогім. Адбываецца ўсё гэта на пачатку нашага стагоддзя, акурат у той перыяд, які папярэднічаў першай сусветнай вайне.

Брат Альберт не дачакаў вяртання незалежнасці Польшчы. Ён памёр на Божае Нараджэнне ў 1916 годзе. Яго справа стала своеасаблівым праяўленнем польскіх традыцый евангелічнага радыкалізму, звязаных з духам св. Францішка з Асізі, а таксама св. Яна ад Крыжа.

У гісторыі польскай духовасці св. Брат Альберт займае выключнае месца. Для мяне яго асоба мела вызначальнае значэнне, паколькі ў перыяд майго ўласнага адыходу ад мастацтва, ад літаратуры і ад тэатра, я знайшоў у ім асаблівую духовую падтрымку і прыклад радыкальнага выбару шляху паклікання. Мяне вельмі радуе тое, што ўжо будучы Папам, я мог вынесці кракаўскага бедачыну ў шэрым габіце да хвалы алтароў найперш праз беатыфікацыю ў часе свае пілігрымкі ў Польшчу ў 1983 г., а затым праз кананізацыю ў Рыме, у лістападзе памятнага 1989 года. Многія аўтары ўвекапомнілі Брата Альберта ў польскай літаратуры. Заслугоўвае ўвагі, апрача шматлікіх мастацкіх твораў, аповесцяў і п'есаў, прысвечаная яму манаграфія, якую напісаў ксёндз Канстанты Міхальскі. Таксама і я, будучы маладым святаром, у часе свайго вікарыяту ў касцёле св. Фларыяна ў Кракаве, прысвяціў яму драматургічны твор пад назваю «Брат нашага Бога», аддаючы такім чынам доўг удзячнасці, які адчуваў перад ім.

Досвед вайны

Час канчатковага выспявання майго святарскага паклікання, як я ўжо згадваў, супадае з часам другой сусветнай вайны, з перыядам нацысцкай акупацыі. Ці можна гэта лічыць звычайным збегам абставінаў? Ці таксама існуе якаясь больш глыбокая сувязь паміж тым, што выспявала ў ва мне і падзеямі гістарычнымі? Цяжка адказаць на такое пытанне. У Божых планах няма нічога выпадковага. Мяркую, што паколькі Бог мяне клікаў, то ў адпаведны момант пакліканне гэтае павінна было аб'явіцца. А тое, што момантам тым аказалася другая сусветная вайна, надае ўсяму працэсу асаблівае адценне. Пакліканне, якое выспявае ў такіх абставінах, набывае новую вартасць і значэнне.

Перад разлівам зла і жахам вайны сэнс святарства і яго місія ў свеце станавіліся для мяне надзвычай ясныя і чытэльныя.

У сувязі з пачаткам вайны я быў адарваны ад вучобы і ад універсітэцкага асяроддзя. У той час я страціў бацьку, апошняга чалавека з мае блізкай радні. Усё гэта, у сэнсе аб'ектыўным, уяўляла таксама якісь працэс адрыву ад ранейшых уласных намераў, як бы вырывання з глебы, на якой да гэтага часу расла мая чалавечнасць.

Аднак жа гэта не быў толькі негатыўны працэс. Бо разам з тым усё часцей з'яўлялася ў маёй свядомасці святло: Бог хоча, каб я стаў святаром. Аднаго разу я ўбачыў гэта вельмі выразна: было тое нечым накшталт якогась унутранага азарэння. Азарэння, што несла ў сабе радасць і пэўнасць іншага паклікання. І тое ўсведамленне напоўніла мяне якімсьці вялікім унутраным спакоем.

Адбывалася ўсё гэта на фоне страшных падзеяў, якія разгортваліся вакол мяне ў Кракаве, у Польшчы, у Еўропе і ў свеце. Я непасрэдна ўдзельнічаў толькі ў нейкай нязначнай частцы таго, што ў перыяд пасля 1939 года перажывалі мае суайчыннікі. Маю на ўвазе асабліва блізкіх майму сэрцу сяброў, таксама тых, габрэйскага паходжання, з выпускнога класа Вадавіцкай гімназіі. Былі сярод іх такія, што выбралі вайсковую службу яшчэ ў 1938 г. Здаецца, самы першы загінуў на вайне наймалодшы з нашага класа. А пасля я ўжо толькі ў агульных рысах ведаў пра лёсы іншых, што палеглі на розных франтах, загінулі ў канцэнтрацыйных лагерах; пра тых, што змагаліся пад Табрукам, пад Монтэ Касіно, і ў сваю чаргу таксама і пра тых, што апынуліся на тэрыторыі Савецкага Саюза: у Расіі і Казахстане. Пра ўсё тое я даведваўся паступова, асабліва ў часе першага з'езду аднакласнікаў у 1948 г. у сувязі з дзесяцігоддзем нашага выпуску ў Вадавіцах.

Такім чынам, у тым вялікім і жахлівым тэатры другой сусветнай вайны многае было мне захавана. Бо ў любы дзень мяне маглі схапіць на вуліцы, забраць з каменяломні альбо з завода і вывезці ў лагер. Я не раз нават пытаў у самога сябе: гэтулькі маіх равеснікаў гіне, а чаму не я? Сёння я ведаю, што было тое невыпадкова. У кантэксце таго вялікага зла, якім з'яўлялася вайна, у маім асабістым жыцці яксьці ўсё дзеелася ў кірунку дабра, у кірунку паклікання. Усё нейкім чынам складвалася на добрае. Не магу забыць дабра, якое зведаў у той цяжкі перыяд ад людзей, якіх Бог паставіў на маёй дарозе: як з мае радні, так і з маіх знаёмых і сяброў.

Ахвяра польскіх святароў

Адкрываецца тут яшчэ адно, асабліва важнае вымярэнне гісторыі майго паклікання. Гады другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі на Захадзе і савецкай акупацыі на Усходзе пацягнулі за сабою агромністую колькасць арыштаў і высылак польскіх святароў у канцэнтрацыйныя лагеры. У адным толькі Дахау іх было каля трох тысяч. А былі таксама іншыя лагеры, хоць бы і Асвенцім, дзе аддаў жыццё за Хрыста першы святар, кананізаваны пасля вайны, - св. Максіміліян Марыя Кольбэ, францішканін з Непакалянава. Сярод вязняў у Дахау знаходзіўся Влоцлаўскі біскуп Міхал Козаль, якога я меў шчасце беатыфікаваць у Варшаве ў 1987 годзе. Пасля вайны некалькі святароў, даўніх вязняў канцэнтрацыйных лагераў, былі ўзняты да біскупскай годнасці. Сярод іх ксяндзы арцыбіскупы Казімеж Майданьскі і Адам Казлавецкі, а таксама ксёндз біскуп Ігнацы Еж. Яны сведкі таго, чым былі канцэнтрацыйныя лагеры і які след пакінуў той досвед у жыцці гэтулькіх святароў.

Дзеля паўнаты карціны трэба згадаць з таго ж перыяду і нямецкіх святароў, якія таксама зведалі падобны лёс у лагерах. Я меў шчасце беатыфікаваць некаторых з іх: найперш кс. Руперта Маера з Мюнхена, а потым, у часе апошняга побыту ў Берліне, кс. Бернарда Ліхтэнберга, пробашча берлінскай катэдры і кс. Караля Лейснера з дыяцэзіі ў Мюнстэр, высвечанага ў канцэнтрацыйным лагеры ў 1944 годзе (пасля пасвячэння ён змог адправіць толькі адну Св. Імшу).

Асаблівай памяці заслугоўвае мартыралог святароў у сібірскіх альбо іншых лагерах на тэрыторыі Савецкага Саюза. Дазволю сабе згадаць тут вядомую ў Польшчы постаць кс. Тадэвуша Федаровіча, якому асабіста я вельмі многім абавязаны як свайму духоўнаму кіраўніку. Ксёндз Федаровіч, будучы маладым святаром Львоўскай архідыяцэзіі, звярнуўся да свайго арцыбіскупа з просьбаю аб дазволе выехаць з эшалонам палякаў, дэпартаваных на Усход. Арцыбіскуп Твардоўскі даў яму такі дазвол, і ксёндз Тадэвуш Федаровіч мог выканаць гэту святарскую місію сярод суайчыннікаў, раскіданых па тэрыторыі Савецкага Саюза, асабліва ў Казахстане. Нядаўна ён апісаў тую сваю трагічную эпапею ў цікавай кнізе.

Усё, што я тут сказаў на тэму канцэнтрацыйных лагераў, - гэта, зразумела, толькі частка таго драматычнага апакаліпсіса нашага стагоддзя. Кажу ж пра гэта дзеля таго, каб падкрэсліць, што маё святарства менавіта на тым першым этапе ўпісвалася ў якуюсь агромністую ахвяру людзей майго пакалення, мужчынаў і жанчын. Провід захаваў мяне ад таго самага цяжкага досведу, але таму я маю тым большае пачуццё абавязку ў адносінах да гэтулькі знаёмых мне людзей, а таксама да яшчэ большай колькасці безыменных, не зважаючы на нацыянальнасць і мову, якія сваёю ахвяраю на вялікім алтары гісторыі якімсьці чынам спрычыніліся да майго святарскага паклікання. У пэўным сэнсе яны прывялі мяне на гэты шлях, у святле ахвяры ўказалі мне праўду - самую глыбокую і самую істотную праўду Хрыстовага святарства.

Дабро, спазнанае ў цяжкі перыяд вайны

У цяжкія гады вайны, як ужо адзначалася, я спазнаў ад людзей шмат дабра. Маю на ўвазе перш за ўсё сям'ю ці нават некалькі сем'яў, з якімі пазнаёміўся ў часе акупацыі. З Юльюшам Кыдрыньскім мы разам працавалі спачатку ў каменяломні, а потым на заводзе Сольвай. Да гэтай групы рабочых-студэнтаў належаў таксама Войцех Жукроўскі з яго малодшым братам Антоніем і Веслаў Качмарык. З Юльюшам Кыдрыньскім мы сустрэліся перад вайною на першым курсе паланістыкі. У часе вайны гэтыя сяброўскія стасункі вельмі значна ўмацаваліся. Я пазнаёміўся з яго маці-ўдавою, з сястрою і малодшым братам. У 1941 годзе памёр мой бацька. Было гэта 18 лютага. Я вярнуўся з працы дамоў і знайшоў бацьку нежывога. Менавіта ў гэты час сям'я Кыдрыньскіх шмат клапацілася пра мяне, а іх сяброўства было для мяне вялікаю дапамогаю. Сябраваў я і з іншымі сем'ямі, асабліва з сям'ёю Шкоцкіх, якая жыла на вуліцы Князя Юзафа. Там я пачаў вывучаць французскую мову, дзякуючы пані Ядвізе Левай, што жыла ў іх доме. Самая старэйшая дачка Шкоцкіх, Зоф'я Пазнякова, муж якой знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных, часта запрашала нас на хатнія канцэрты. Такім чынам, змрочны перыяд вайны і акупацыі быў апраменены святлом таго хараства, якое мы чэрпалі з музыкі і паэзіі. Было гэта яшчэ да майго рашэння паступіць у семінарыю.

РАЗДЗЕЛ ІV

Святар!

Маё святарскае пасвячэнне адбывалася ў дзень, калі звычайна гэты сакрамэнт не ўдзяляецца: 1 лістапада Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых і літургія цалкам скіравана на перажыванне таямніцы Еднасці Святых і падрыхтоўку да Задушнага Дня. Аднак князь мітрапаліт выбраў гэты дзень у сувязі з тым, што я ў хуткім часе павінен быў выехаць у Рым для далейшай вучобы. Пасвячэнне я прымаў адзін, у прыватнай капліцы Кракаўскіх Біскупаў. Мае аднакурснікі павінны былі атрымаць пасвячэнне толькі ў Вербную Нядзелю на наступны год.

Увесь кастрычнік быў для мяне месяцам пасвячэння субдыяканату і дыяканату і трох цыклаў рэкалекцый, якія папярэднічалі пасвячэнню. Найперш я адправіў шасцідзённыя рэкалекцыі перад субдыяканатам, потым пасля некалькіх дзён перапынку - тры дні рэкалекцый перад дыяканатам і тут жа пасля гэтага - шэсць дзён рэкалекцый перад прэзбітэратам. Гэтыя апошнія адправіў адзін у семінарскай капліцы. Затым, у дзень Усіх Святых, я прыбыў раніцаю ў рэзідэнцыю Кракаўскіх Арцыбіскупаў на вуліцы Францішканскай, 3, каб атрымаць святарскае пасвячэнне. У гэтай цырымоніі ўдзельнічала толькі некалькі маіх сваякоў і сяброў.

Згадка пра брата ў святарскім пакліканні

Месцам майго пасвячэння, як я ўжо сказаў, была прыватная капліца Кракаўскіх Арцыбіскупаў. Памятаю, што ў часе акупацыі я часта прыходзіў раніцою ў гэту капліцу, каб служыць як клерык у часе Св. Імшы князю мітрапаліту. Памятаю таксама, што пэўны час прыходзіў са мною другі падпольны клерык - Ежы Захута. Аднойчы ён не з'явіўся. Калі пасля Св. Імшы я зайшоў да яго на кватэру на Людвінове (недалёка ад Дэмбнікаў), то даведаўся, што ноччу яго забрала гестапа. У хуткім часе ягонае прозвішча з'явілася ў спісах палякаў, прыгавораных да расстрэлу. Прымаючы святарскае пасвячэнне ў той самай капліцы, я не мог не памятаць гэтага майго брата ў святарскім пакліканні, якога Хрыстус іншым чынам паяднаў з таямніцаю свае смерці і свайго змёртвыхпаўстання.

Veni, Сreator Spiritus!

Такім чынам, у гэтай капліцы ў часе спеву Veni, Сreator Spiritus (Прыйдзі, Дух Створца) і Літаніі да Усіх Святых, лежачы крыжам, я чакаў моманту ўскладання рук. Гэта асабліва хвалюючая хвіліна. Пазней шмат разоў я выконваў гэты абрад як біскуп, а таксама як Папа. Ёсць штосьці глыбока хвалюючае ў такой прастрацыі ардынандаў: сімвал глыбокага прыніжэння перад веліччу самога Бога і разам з тым іх цалкавітай адкрытасці, каб мог сысці Дух Святы, бо гэта ж Ён сам з'яўляецца выканаўцам кансэкрацыі. Veni, Сreator Spiritus, mentes tuorum visita, imple superna gratia quae Tu creasti pectora. Так, як у Св. Імшы выконвае Ён перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста, так і ў Сакрамэнце Святарства Ён - выканаўца святарскай альбо біскупскай кансэкрацыі. Біскуп, які ўдзяляе пасвячэнне - гэта толькі даўца Божай таямніцы. Ускладанне біскупскіх рук - працяг жэсту, які ўжываўся ў першапачатковым Касцёле на знак дару Духа Святога, што ўдзяляецца для пэўнай місіі (пар. Дз 6, 6; 8, 17; 13, 3). Гэты жэст ускладання рук ужыў св. Павел у адносінах да свайго вучня Тыматэя (пар. 2 Тым 1, 6; 1 Тым 4, 14), і ён застаўся ў Касцёле (пар. 1 Тым 5, 22) як дзейсны знак актыўнай прысутнасці Духа Святога ў сакрамэнце пасвячэння.

Падлога капліцы

Той, хто атрымлівае пасвячэнне, падае на твар, усім целам, ілбом датыкае падлогі святыні, і ў такой паставе выяўляецца вызнанне якойсьці цалкавітай гатоўнасці да службы, што будзе яму даверана. Цырымонія гэта пакінула глыбокі след у маім святарскім жыцці. Калісьці, праз гады, у Базыліцы св. Пятра, напачатку Сабору, маючы перад вачыма гэты момант святарскага пасвячэння, я напісаў паэтычны твор, фрагмент якога тут варта прывесці:

Гэта Ты, Пётр. Хочаш быць тут Падлогаю,
                каб па Табе праходзілі...
Каб ішлі там, дзе кіруеш іх крокі...
Хочаш быць Тым, хто служыць нагам -
                як скала капыткам авечак:
Скала - гэта таксама падлога гіганцкай святыні.
                Пашай з'яўляецца Крыж.
(Касцёл: Пастыры і крыніцы.
Базыліка св. Пятра,
восень, 1962: 11 Х-8 ХІІ, Падлога.)

Пішучы гэтыя словы, я думаў як пра Пятра, так і пра ўсю рэальнасць службовага святарства, імкнучыся падкрэсліць глыбіню значэння гэтай літургічнай прастрацыі. У такой паставе ляжання крыжам перад атрыманнем пасвячэння выяўляецца найглыбейшы сэнс святарскай духовасці: так, як Пётр, прыняць ва ўласным жыцці Крыж Хрыста і стаць «падлогаю» для братоў.

Прыміцыйная Святая Імша

У сувязі з тым, што святарскае пасвячэнне я атрымаў ва ўрачыстасць Усіх Святых, прыміцыйную Св. Імшу мне выпала адправіць у Задушны Дзень, 2 лістапада 1946 года. У гэты дзень кожны святар можа адправіць тры Св. Імшы і таму таксама мае Прыміцыі мелі «траісты» характар. Я адправіў гэтыя тры Св. Імшы ў крыпце св. Леанарда, якая складае частку ранейшай так званай Германаўскай біскупскай Катэдры ў Кракаве на Вавелі. Цяпер крыпта св. Леанарда належыць да аднаго цэлага каралеўскіх захаванняў.

Выбіраючы гэтую крыпту месцам першых Св. Імшаў, я хацеў выразіць асаблівую духовую сувязь з усімі, хто ў гэтай катэдры спачывае. Вавельская Катэдра - незвычайны феномен. Бо яна, як ні адна іншая святыня ў Польшчы, прасякнута гістарычным і разам з тым тэалагічным зместам. У ёй спачываюць польскія каралі, пачынаючы ад Уладзіслава Лакеткі. У гэтай святыні яны былі каранаваныя і тут пазней хаваліся іх дачасныя астанкі. Той, хто наведвае Вавельскую Катэдру, павінен твар у твар стаць з гісторыяй Народу.

Адпраўляючы прыміцыйную Св. Імшу ў крыпце св. Леанарда, я прагнуў падкрэсліць маю жывую духовую сувязь з гісторыяй Народу, якая на Вавельскім Узгор'і знайшла сваю своеасаблівую скандэнсаванасць. Але не толькі. Ёсць у гэтым факце таксама глыбокі тэалагічны момант. Святарскае пасвячэнне, як я ўжо згадваў, прыняў я ва ўрачыстасць Усіх Святых, калі Касцёл выяўляе ў Літургіі праўду пра Еднасць Святых - Communio Sanctorum. Святыя - гэта тыя, хто праз веру мае ўдзел у пасхальнай таямніцы Хрыста і чакае канчатковага змёртвыхпаўстання.

Тыя людзі, чые саркафагі знаходзяцца ў Вавельскай Катэдры, таксама чакаюць там змёртвыхпаўстання. Здаецца, што ўся Катэдра паўтарае словы апостальскага Сімвалу: «Веру ў змёртвыхпаўстанне цела і жыццё вечнае». А людзі, якія ў ёй спачываюць - гэта вялікія «Каралі-Духі», што вядуць народ праз стагоддзі. Гэта не толькі каранаваныя ўладары і іх сужонкі, альбо біскупы і кардыналы, гэта таксама вешчуны, вялікія майстры слова, якія мелі такое агромністае значэнне для майго хрысціянскага і патрыятычнага фармавання.

У тых вавельскіх Прыміцыях удзельнічала няшмат людзей. Памятаю, што прысутнічала мая хросная маці, старэйшая сястра мае роднай маці, Марыя Вядроўская. Памятаю таксама, што ў Св. Імшы служыў мне Мечыслаў Маліньскі. Быў ён знакам лучнасці з асяроддзем Яна Тыраноўскага, які тады ўжо цяжка хварэў.

Як святар, а потым як біскуп я заўсёды наведваў крыпту св. Леанарда з вялікім хваляваннем. Вельмі б хацеў адправіць там Св. Імшу на Пяцідзесяцігоддзе майго святарскага пасвячэння.

Сярод Люду Божага

Потым былі іншыя прыміцыі, найперш у парафіяльным касцёле св. Станіслава Косткі на Дэмбніках, а ў наступную нядзелю - у парафіяльным касцёле Ахвяравання Найсвяцейшай Марыі Панны ў Вадавіцах. Адправіў я таксама Св. Імшу пры Канфесіі св. Станіслава ў Вавельскай Катэдры для калектыву Эпічнага Тэатра і падпольнай арганізацыі «Унія», з якою быў звязаны ў часе акупацыі.

РАЗДЗЕЛ V

Рым

У канцы лістапада прыйшоў час выезду ў Рым. У вызначаны дзень з вялікім хваляваннем я сеў у цягнік. Выязджалі мы разам з Станіславам Старавейскім, маім малодшым калегам, які павінен быў у Рыме прайсці поўны курс тэалагічнага навучання. Я ўпершыню апынуўся за межамі Айчыны. Глядзеў з вагоннага акна на гарады, вядомыя мне з падручнікаў па геаграфіі. Упершыню бачыў Прагу, Нюрнберг, Страсбург і Парыж, дзе спыніліся мы ў Польскай семінарыі на ру дэ Ірлянд. Час прыспешваў, а таму неўзабаве мы выехалі ў Рым. Гэта былі апошнія дні лістапада. У Рыме найперш наведалі гасцінных ксяндзоў палятынаў. Памятаю, што ў першую нядзелю пасля прыезду мы з Станіславам Старавейскім пайшлі ў Базыліку св. Пятра, каб удзельнічаць ва ўрачыстым набажэнстве ў гонар новага благаславёнага. Здалёк бачыў я постаць Папы Пія ХІІ, якога неслі на sedia gestatoria. Удзел Папы ў беатыфікацыі абмяжоўваўся тады адмаўленнем малітвы да новага благаславёнага, сам жа абрад цэлебраваў у першай палове дня адзін з кардыналаў. Гэта традыцыя змянілася толькі пры беатыфікацыі Максіміліяна Марыі Кольбэ ў кастрычніку 1971 г. Папа Павел VІ асабіста кіраваў абрадам беатыфікацыі польскага мучаніка з Асвенціма ў часе Св. Імшы, канцэлебраванай разам з кардыналам Вышынскім і польскімі біскупамі, у якой і я таксама меў гонар удзельнічаць.

«Вывучаць Рым»

Ніколі не забуду ўражанняў ад маіх першых «рымскіх» дзён, калі ў 1946 г. я пачынаў знаёміцца з Вечным Горадам. Я запісаўся на biennium ad lauream у Анджэлікум. Дэканам філалагічнага факультэта быў тады а. прафесар Чаппі ОР, які стаў пазней тэолагам Папскага Дому і кардыналам.

Ксёндз Караль Казлоўскі, рэктар Кракаўскай семінарыі, неаднаразова казаў мне, што для таго, хто мае шчасце затрымацца ў сталіцы хрысціянства, важнейшым за вучобу (дысертацыю па тэалогіі можна напісаць усюды) з'яўляецца вывучэнне самога Рыма. Я стараўся выкарыстаць яго параду. Прыехаў я ў Рым, прагнучы распачаць знаёмства з Рымам распачаць з катакомбаў. І так сталася. Потым разам з сябрамі з Бельгійскага Калегіума, дзе я пасяліўся, мы сістэматычна знаёміліся з Рымам пад кіраўніцтвам тонкіх знаўцаў яго гісторыі і яго помнікаў. А ў часе вакацыяў на Божае Нараджэнне і Вялікдзень мы наведвалі іншыя гарады Італіі. Памятаю першыя такія вакацыі, калі ідучы за кнігаю дацкага пісьменніка Ёргэнсэна наведалі мы мясціны, звязаныя з жыццём св. Францішка.

Аднак пастаянна ў цэнтры нашай увагі быў сам Рым. Штодня з Бельгійскага Калегіума, што па вуліцы Квірынале, 26, я хадзіў на лекцыі ў Анджэлікум, зазіраючы па дарозе ў езуіцкі касцёл св. Андрэя на Квірынале, дзе спачываюць рэліквіі св. Станіслава Косткі, які жыў у прылягаючым да гэтага касцёла навіцыяце. Там ён і закончыў сваё жыццё. Памятаю, што сярод тых, хто наведваў яго гроб, было шмат семінарыстаў з Джэрманікум (Germanicum, Pontificio Collegio Germanico-Ungavico, папскі коледж, заснаваны ў 1552 г. у Рыме папам Юліем ІІІ па ініцыятыве Ігнацыя Лаёлі. - Заўв. пер.), якіх лёгка можна было распазнаць па чырвоных сутанах. У сэрцы хрысціянства і ў святле святых традыцый сустракаліся народы і ўздымаючыся па-над трагедыяй вайны, якая нас глыбока закранула, станавіліся як бы пачаткам з'яднанага свету.

Душпастырскі вопыт

Такім чынам, маё святарства, маё тэалагічнае і душпастырскае фармаванне амаль з самага пачатку ўпісаны ў вопыт Рыма. Два гады вучобы, якія завяршыліся ў 1948 годзе доктарскаю дысертацыяй, былі разам з тым і гадамі інтэнсіўнага «вывучэння Рыма». Бельгійскі Калегіум дапамагаў мне ў штодзённым узбагачэнні майго святарства вопытам сталіцы хрысціянства. Гэта аблягчала ўстанаўленне кантактаў з пэўнымі авангарднымі формамі апасталату, якія ў той перыяд развіваліся ў Касцёле.

Я маю на ўвазе найперш сустрэчы з ксяндзом Ёзафам Кардыйнам, заснавальнікам JOC і будучым кардыналам. Ён часам прыязджаў у Калегіум і сустракаўся з святарамі-студэнтамі. Ксёндз Ёзаф уводзіў нас у асаблівы вопыт людзей фізічнай працы. Я ў пэўнай ступені быў падрыхтаваны да гэтага вопыту дзякуючы маёй ранейшай працы ў каменяломні і ў цэху ачысткі вады на заводзе Сольвай. Аднак у Рыме я меў мажлівасць лепш убачыць, як святарства звязана з душпастырствам і апостальствам свецкіх. Паміж паслугаю святара і апостальствам свецкіх існуе глыбокая сувязь, больш таго - узаемная скаардынаванасць. Раздумваючы над гэтымі душпастырскімі праблемамі, я ўсё больш адкрываў сэнс і вартасць службовага святарства.

Еўрапейскі гарызонт

Вопыт, набыты ў Бельгійскім Калегіуме, потым быў паглыблены дзякуючы непасрэдным кантактам не толькі з бельгійскім, але таксама з французскім і галандскім асяроддзем. Бо са згоды кардынала Сапегі мы разам з Станіславам Старавейскім маглі ў часе летніх канікулаў наведаць гэтыя краіны. Такім чынам узбагацілася маё пазнанне Еўропы. У Парыжы, жывучы ў Польскай семінарыі, я мог зблізку пазнаёміцца з праблемаю святароў-рабочых. Гэта праблематыка склала змест кнігі кс. Генры Годзіна і Івана Даніэля «La France, paus de mission?». Пазнаёміўся я таксама з місійным душпастырствам на ўскраінах Парыжа, асабліва ў парафіі, у якой працаваў кс. Мішано. Усё гэта на працягу першага і другога гадоў святарства мела для мяне велізарнае значэнне.

Памятаю, што дзякуючы дапамозе маіх сяброў, асабліва бацькоў памерлага ўжо кс. Альфрэда Дэльмэ, мы разам з Станіславам Старавейскім маглі правесці дзесяць дзён у Галандыі. Мяне надзвычай здзівіла моцная структура Касцёла і душпастырства ў гэтай краіне, дынамічныя арганізацыі і жыццядзейныя касцёльныя супольнасці.

Такім чынам, з розных бакоў усё больш адкрывалася мне Заходняя Еўропа, Еўропа пасляваенная, Еўропа цудоўных гатычных катэдраў і разам з тым Еўропа, падвержаная небяспецы секулярызацыі. Я бачыў пагрозу, якую гэта сітуацыя несла Касцёлу, а таксама неабходнасць выйсці насустрач гэтай пагрозе праз адпаведныя формы душпастырства, адкрытыя для большай заангажаванасці свецкіх.

Сярод эмігрантаў

Большую частку гэтага вакацыйнага часу я правёў у Бельгіі. Увесь верасень 1947 года працаваў душпастырам польскай каталіцкай місіі сярод шахцёраў недалёка ад Харлероі. Гэта быў вельмі плённы вопыт. Менавіта там я ўпершыню пабываў у шахце каменнага вугля і мог пазнаёміцца з цяжкаю працаю шахцёраў. Я наведваў сем'і гэтых польскіх эмігрантаў, размаўляў з імі, сустракаўся з моладдзю і з дзецьмі. І там прымалі мяне з зычлівасцю і шчырасцю, якія я зведаў у часе працы на заводзе Сольвай.

Постаць святога Яна Марыі Вяннэя

Вяртаючыся з Бельгіі ў Рым, я меў шчасце ўпершыню наведаць Арс. Было гэта ўжо ў канцы кастрычніка 1947 года. Прыпадала нядзеля Хрыста Валадара. З вялікаю пашанаю я аглядаў стары касцёлік. Той, у якім св. Ян Марыя Вяннэй спавядаў, катэхізаваў і гаварыў свае казанні. Я перажыў там глыбокае ўзрушэнне. Са студэнцкіх гадоў у семінарыі я быў пад уражаннем асобы пробашча з Арс, асабліва пасля таго, як прачытаў кнігу кс. Троху. Св. Ян Марыя Вяннэй захапляе перш за ўсё тым, што адкрывае сілу ласкі, што дзейнічае праз убоства людскіх сродкаў. Я быў асабліва ўражаны яго гераічным служэннем у канфесіянале. Гэты пакорны святар, які спавядаў больш за дзесяць гадзін у суткі, надзвычай сціпла харчуючыся, адводзячы на адпачынак толькі некалькі гадзін, здолеў у той цяжкі перыяд здзейсніць духовую рэвалюцыю ў Францыі і не толькі ў Францыі. Тысячы людзей праходзілі праз Арс і кленчылі пры яго канфесіянале. На фоне секулярызацыі і антыклерыкалізму ХІХ ст. яго сведчанне было сапраўды рэвалюцыйным.

З сустрэчы з яго асобаю я вынес перакананне, што святар рэалізуе асноўную частку свайго пасланніцтва праз канфесіянал - «стаць вольным чынам вязнем канфесіяналу». Не раз, спавядаючы ў Негавіці, у першай сваёй парафіі, а потым у Кракаве, я вяртаўся думкаю да таго незабыўнага вопыту. А сувязь з канфесіяналам стараўся захаваць як у часе навуковай працы ў Кракаве, спавядаючы пераважна ў Мар'яцкім касцёле, так і цяпер, у Рыме, вяртаючыся амаль што сімвалічна штогод у канфесіянал у Вялікую Пятніцу ў Базыліцы св. Пятра.

Словы ўдзячнасці

Не магу закончыць гэтых разважанняў, не выказаўшы сардэчнай падзякі асяродку Бельгійскага Калегіума ў Рыме, кіраўнікам і ўсім маім калегам. Шмат каго з іх ужо няма ў жывых. Мая асаблівая падзяка рэктару а. Максіміліяну дэ Фурштэнбэргу, які потым стаў кардыналам. Не магу таксама забыць, што ў часе канклавэ ў 1978 г. мой былы рэктар кардынал дэ Фурштэнбэрг у пэўны момант сказаў мне знамянальныя словы: Dominus adest et vocat te. Гэта было як бы кропкаю над і ў сэнсе майго святарскага фармавання, над якім ён працаваў калісьці як рэктар Бельгійскага Калегіума.

Вяртанне ў Польшчу

На пачатку ліпеня 1948 года я абараніў кандыдацкую дысертацыю ў Анджэлікум і неўзабаве пасля гэтага сабраўся ў зваротную дарогу ў Польшчу. Я ўжо згадваў, што на працягу гэтых амаль двух гадоў побыту ў Вечным Горадзе я інтэнсіўна «вывучаў Рым»: Рым катакомбаў, Рым мучанікаў, Рым Пятра і Паўла, Рым вызнаўцаў. Гэта быў час, у які я заўсёды вяртаюся з глыбокім хваляваннем. Выязджаючы з Рыма, я вывозіў адтуль не толькі пэўную суму тэалагічных ведаў, але таксама ўгрунтаванне майго святарства і паглыбленае бачанне Касцёла. Той перыяд інтэнсіўнай вучобы пры грабніцах Апосталаў даў мне ў гэтым сэнсе вельмі шмат.

Можна было б яшчэ многае сказаць на тэму таго вызначальнага вопыту, але, падсумоўваючы, хачу толькі падкрэсліць, што дзякуючы Рыму маё маладое святарства ўпісалася ў якоесь новае еўрапейскае і універсальнае вымярэнне.

Такім чынам, я вярнуўся з Рыма ў Кракаў з пэўным адчуваннем універсальнасці святарскай місіі, што потым было так дакладна сфармулявана Другім Ватыканскім Саборам, перадусім у дагматычнай Канстытуцыі пра Касцёл Lumen gentium. Не толькі біскуп, але таксама кожны святар павінен жыць клопатам пра ўвесь Касцёл і ў пэўнай ступені адчуваць сваю адказнасць за яго.

РАЗДЗЕЛ VI

У вясковай парафіі ў Негавіці

Калі я вярнуўся ў Кракаў, то знайшоў у Мітрапалітальнай Курыі першае «размеркаванне на працу», так званае накіраванне. Князь мітрапаліт быў тады ў Рыме і таму да мяне яго воля дайшла праз гэты ліст. Я прыняў яе з радасцю. Найперш даведаўся, як дабрацца да Негавіці і ў вызначаны дзень выехаў туды. Даехаў з Кракава да Гдова, а адтуль якісь селянін падвёз мяне шашою ў бок вёскі Маршавіцы і потым параіў ісці сцежкаю праз поле, бо так было бліжэй. Здалёк ужо віднеўся Негавіцкі касцёл. А быў якраз час жніва. Я ішоў праз жыта, якое часткова было зжата, а часткова чакала свае пары. Памятаю, што ў пэўны момант, калі пераходзіў мяжу парафіі ў Негавіці, укленчыў і пацалаваў зямлю. Навучыўся я гэтаму жэсту, хіба, ад св. Яна Марыі Вяннэя. У касцёле пакланіўся Найсвяцейшаму Сакрамэнту, а потым пайшоў прадставіцца майму пробашчу. Ксёндз пралат Казімеж Бузала, Непаламіцкі дзекан і пробашч у Негавіці, прыняў мяне вельмі сардэчна і пасля кароткай размовы паказаў кватэру ў доме вікарыя.

Так распачалася мая душпастырская праца ў першай парафіі. Працягвалася яна толькі год і была напоўнена звыклымі абавязкамі вікарыя і катэхета.

Я навучаў рэлігіі ў пяці васьмігадовых школах у вёсках, якія належалі да парафіі ў Негавіці. Дабіраўся я туды возам альбо брычкаю. Запомнілася зычлівасць і з боку настаўніцкага калектыву і з боку парафіянаў. Класы былі розныя. Некаторыя - выхаваныя і спакойныя, некаторыя - свавольныя і непаседлівыя. Да сённяшняга дня памятаюцца цішыня і засяроджанасць, якія панавалі ў класах, калі ў Вялікім Посце праводзіў я лекцыі на тэму Хрыстовай мукі.

У той час парафія ў Негавіці рыхтавалася адзначыць 50-годдзе святарскага пасвячэння свайго пробашча. Паколькі старога касцёла ўжо не хапала для душпастырскіх патрэбаў, то парафіяне вырашылі, што найлепшым дарам юбіляру будзе будова новай святыні. Аднак мяне даволі хутка забралі з гэтай прыгожай супольнасці.

У святога Фларыяна ў Кракаве

Праз год мяне перавялі ў парафію св. Фларыяна ў Кракаве.

Па волі пробашча, ксяндза пралата Тадэвуша Куроўскага, я распачаў катэхізацыю старэйшых ліцэйных класаў, а таксама душпастырства сярод студэнтаў вышэйшых навучальных установаў. Цэнтрам студэнцкага душпастырства ў Кракаве быў касцёл св. Анны, але ў сувязі з адкрыццём новых вучэльняў узнікла неабходнасць стварэння яшчэ аднаго асяродка менавіта пры касцёле св. Фларыяна. Там я і пачаў кожны чацвер чытаць лекцыі для студэнцкай моладзі, уздымаючы асноўныя пытанні, што датычылі існавання Бога і чалавечай душы - пытанні вельмі актуальныя ў кантэксце ваяўнічага атэізму камуністычных уладаў.

Навуковая праца

У часе канікулаў 1951 года, пасля двух гадоў працы ў парафіі св. Фларыяна, кс. арцыбіскуп Эўгэніюш Базяк, які прыняў кіраўніцтва Кракаўскай архідыяцэзіяй пасля смерці кардынала Сапегі, скіраваў мяне займацца навуковаю працаю. Я павінен быў падрыхтаваць да абароны доктарскую дысертацыю па этыцы і маральнай тэалогіі. Гэта выклікала пэўнае абмежаванне маіх душпастырскіх заняткаў, да якіх так моцна рвалася маё сэрца... З таго часу мой галоўны клопат заключаўся ў тым, каб, аддаючыся навуцы, вывучаючы тэалогію і філасофію, не толькі «не забываць» быць святаром, але каб навука дапамагала мне быць ім у поўнай меры.

РАЗДЗЕЛ VII

Дзякую табе, Касцёл у Польшчы!

У гэтым маім юбілейным сведчанні не можа не быць слова ўдзячнасці ўсяму польскаму Касцёлу. Бо ў ім нарадзілася і выспявала маё святарства. А гэта Касцёл з тысячагадоваю спадчынаю веры; Касцёл, які даў на працягу вякоў гэтулькі святых і благаславёных, і якім апякуюцца два святыя біскупы і мучанікі - Войцех і Станіслаў. Касцёл, глыбока звязаны з народам і яго культураю. Касцёл, які заўсёды падтрымліваў і бараніў народ, асабліва ў трагічныя хвіліны ягонай гісторыі. Але разам з тым гэта Касцёл, які ў нашым стагоддзі зведаў шмат выпрабаванняў. Бо павінен ён быў весці драматычны бой, каб выстаяць у сутыкненні з дзвюма таталітарнымі сістэмамі: найперш у часе другой сусветнай вайны - з сістэмаю нацысцкай ідэалогіі, а потым, на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў пасляваеннай гісторыі, - з камуністычнаю дыктатураю разам з яе ваяўнічым атэізмам.

З абодвух гэтых выпрабаванняў Касцёл выйшаў пераможцам, дзякуючы ахвярнасці біскупаў, святароў і мноства свецкіх людзей, дзякуючы польскай сям'і, «Богам моцнай». Сярод біскупаў перыяду вайны трэба абавязкова ўспомніць постаць нязломнага Князя, Кракаўскага Мітрапаліта Адама Стэфана Сапегі, а з перыяду пасляваеннага - постаці слугі Божага Кардынала Стэфана Вышынскага. Гэта Касцёл, які абараняе чалавека, яго годнасць і яго асноўныя правы, Касцёл, які адважна змагаецца за права веруючых людзей на вызнаванне свае веры. Касцёл надзвычай дынамічны, нягледзячы на перашкоды і цяжкасці, якія ствараліся на яго шляху.

У такой вось духоўнай атмасферы развівалася маё святарскае і біскупскае жыццё. Гэтыя дзве таталітарныя сістэмы: з аднаго боку - небяспека вайны, канцэнтрацыйных лагераў нацызму, а з другога - камуністычны гнёт і тэрор, якія так адмоўна адбіліся на нашым стагоддзі, дадзена мне было спазнаць як бы знутры. Таму лёгка зразумець маю неабыякавасць да пытанняў ушанавання годнасці кожнага чалавека і яго правоў, асабліва права на жыццё. Фармавалася яна ўжо ў першыя гады майго святарскага служэння і спадарожнічае мне па сённяшні дзень. Лёгка зразумець таксама мой клопат пра сям'ю і моладзь. Усё гэта арганічна вырастае менавіта з таго драматычнага вопыту.

Святарская супольнасць Кракаўскага Касцёла

У дні святкавання Залатога Юбілею майго святарскага пасвячэння я ў думках асаблівым чынам звяртаюся да ўсяе святарскай супольнасці Кракаўскага Касцёла, да ўсяго прэзбітэрыюма, членам якога я быў як святар, а потым - яго галавою як арцыбіскуп. Сёння паўстаюць перад маімі вачыма постаці выдатных святароў, пробашчаў і вікарыяў. Калі б я хацеў іх усіх назваць, спіс атрымаўся б вельмі доўгі. З многімі з іх ядналі мяне і надалей яднаюць сувязі блізкага сяброўства. Мяне заўсёды натхнялі прыклады іх душпастырскай святасці і адданасці. Несумненна, яны зрабілі глыбокі ўплыў на маё святарства. У іх я вучыўся быць сапраўдным душпастырам.

Я глыбока перакананы ў важнай ролі дыяцэзіяльнай святарскай супольнасці ў асабістым жыцці кожнага святара. Святарская супольнасць, ажыўленая духам сакрамэнтальнага братэрства, - гэта вельмі важны асяродак духовага і душпастырскага фармавання. Яна - неабходны асяродак жыцця кожнага святара, паколькі дапамагае яму ўзрастаць у святасці і з'яўляецца надзейнаю падтрымкаю ў цяжкасцях. Таму, карыстаючыся нагодаю гэтага Залатога Юбілею, не магу не выказаць удзячнасці святарам Кракаўскай Архідыяцэзіі за іх уклад у маё святарства!

Дар свецкіх людзей

У гэтыя дні я таксама думаю пра людзей свецкіх, якіх Пан Бог паставіў на шляху майго святарскага і біскупскага служэння. Яны сталі для мяне асаблівым дарам, за які я не перастаю дзякаваць Божаму Провіду. Іх шмат і немагчыма ўсіх тут успомніць. Аднак захоўваю іх у сэрцы, бо яны адыгралі сваю ролю ў маім святарстве. Пэўным чынам яны ўказалі мне шлях, дапамагалі лепш зразумець маё святарскае служэнне і больш поўна ім жыць. Я шмат браў з асабістых кантактаў са свецкімі, многаму ў іх вучыўся. Былі сярод іх простыя рабочыя, людзі мастацтва і культуры, а таксама вялікія вучоныя. Многія з гэтых кантактаў перараслі ў сяброўства, з многімі сяброўства працягваецца й сёння. Дзякуючы ім, маё душпастырства пашыралася, пераадольваючы бар'еры і даходзячы да цяжка даступных асяродкаў.

Тут я павінен прызнацца, што мне заўсёды спадарожнічала глыбокае ўсведамленне пільнай патрэбы апостальства свецкіх у Касцёле. Таму, калі Другі Ватыканскі Сабор гаварыў аб пакліканні і місіі свецкіх людзей у Касцёле і свеце, я прымаў гэта з вялікаю радасцю: вучэнне Сабору з'яўлялася пацвярджэннем усяго таго, што кіравала мною з першых гадоў святарскага служэння.

РАЗДЗЕЛ VIII

Што значыць быць святаром?

У гэтым маім сведчанні, успамінаючы падзеі і асобы, я хацеў бы крыху глыбей пранікнуць у таямніцу святарства, у якую Божы Провід уключыў мяне пяцьдзесят гадоў таму.

Што значыць быць святаром? Паводле св. Паўла святар перадусім з'яўляецца ўпраўнікам Божых таямніцаў: «Няхай людзі лічаць нас слугамі Хрыстовымі і ўпраўнікамі таямніцаў Божых; ад упраўнікаў жа патрабуецца, каб кожны быў верны» (пар. 1 Кар 4, 1-2). Гэтае слова «ўпраўнік» нельга замяніць ніякім іншым. Яно глыбока ўкаранёна ў Евангеллі. Варта ў гэтым кантэксце прыгадаць прыпавесць пра вернага і нявернага ўпраўніка (пар. Лк 12, 41-48). Упраўнік не з'яўляецца ўладальнікам. Ён той, каму ўладальнік давярае свае багацці, каб справядліва і адказна распараджаўся імі. Менавіта так святар атрымлівае ад Хрыста багацце збаўлення, каб адпаведным чынам раздзяляць яго людзям, да якіх ён пасланы. Гаворка ідзе пра багацце веры. І таму святар - гэта таксама чалавек слова Божага, чалавек сакрамэнту, чалавек «таямніцы веры». Праз веру мы атрымліваем доступ да нябачнага багацця, якое з'яўляецца спадчынаю Адкуплення свету Сынам Божым. Ніхто не можа лічыцца «ўладальнікам» гэтага багацця. Яно прызначана для ўсіх нас. Аднак сілаю Хрыстовага ўстанаўлення святар павінен удзяляць гэтае багацце іншым.

Admirabile сommercium!

Святарскае пакліканне - гэта таямніца. Яно з'яўляецца таямніцаю «асаблівага абмену» - аdmirabile сommercium - паміж Богам і чалавекам. Чалавек аддае Хрысту сваю чалавечнасць, каб Ён мог паслугоўвацца ім як прыладаю збаўлення. Хрыстус жа, прымаючы гэты дар, робіць такога чалавека як бы сваім alter ego. Калі не ўнікнуць у таямніцу гэтага «абмену», то нельга зразумець, як так здараецца, што малады чалавек, чуючы словы: «Ідзі за мною!», адракаецца ад усяго дзеля Хрыста, перакананы, што на гэтым шляху яго чалавечая індывідуальнасць рэалізуецца найбольш поўна.

Бо праз што чалавек рэалізуе сябе найбольш поўна, як не праз магчымасць штодзённа складаць in persona Christi адкупленчую Ахвяру, тую самую, якую Хрыстус склаў на крыжы? У гэтай Ахвяры прысутнічае глыбінным чынам, з аднаго боку, трынітарная таямніца, а з другога боку - ёсць у ёй як бы «паяднаны» ўвесь створаны сусвет (пар. Эф 1, 10). Як прыгожа сказаў Тэйльхард дэ Хардзін, выконваецца Эўхарыстыя таксама дзеля ахвяравання на «алтары ўсяе зямлі» працы і цярпення свету. Гэтым тлумачыцца і тое, што падзяка пасля Св. Імшы заключае ў сабе спеў трох юнакоў з Старога Запавету: Benedicite, omnia opera Domini, Domino... Бо ў Эўхарыстыі ўсе бачныя і нябачныя стварэнні, і асабліва чалавек, благаслаўляюць Бога як Стварыцеля і Айца. Благаслаўляюць Яго словамі і чынам Хрыста, Сына Божага.

Святар і Эўхарыстыя

»Хвала Табе, Ойча, Пане неба й зямлі, што ўтаіў Ты гэтае ад мудрых і разумных і адкрыў малым. (...) І хто ёсць Сын, не ведае ніхто, апрача Айца, і хто ёсць Айцец, не ведае ніхто, апрача Сына і каму Сын хоча адкрыць» (Лк 10, 21-22). Гэтыя словы з Евангелля св. Лукі ўводзяць нас у глыбіню таямніцы Хрыста, дазваляюць нам таксама наблізіцца да таямніцы Эўхарыстыі. Гэта ў ёй Сын адзінасутны з Айцом, Той, якога толькі сам Айцец ведае, складае таму ж Айцу сябе самога ў ахвяры за чалавецтва і за ўсё стварэнне. У Эўхарыстыі Хрыстус аддае Айцу ўсё тое, што ад Яго паходзіць. У Эўхарыстыі рэалізуецца якаясь глыбінная таямніца справядлівасці стварэння ў адносінах да Стварыцеля. Бо трэба, каб чалавек аддаваў Стварыцелю пашану з удзячнасцю і пакланеннем за ўсё, што атрымаў ад Яго. Чалавек не можа страціць пачуцця таго доўгу, які толькі ён адзін з усіх зямных істотаў можа распазнаць і сплочваць як стварэнне, учыненае на вобраз і падабенства Божае. Але разам з тым, улічваючы чалавечую абмежаванасць як стварэння і ягоную пазначанасць грахом, чалавек не быў бы здольны да таго акту справядлівасці ў адносінах да Стварыцеля, калі б сам Хрыстус, Сын, адзінасутны з Айцом, і сапраўдны чалавек, не здзейсніў гэтай эўхарыстычнай ініцыятывы.

Святарства да самых сваіх каранёў з'яўляецца святарствам Хрыста. Гэта Ён складае ў ахвяры Богу сябе самога, сваё Цела і Кроў, і гэтаю асабістаю Ахвяраю апраўдвае ў вачах Айца ўсё чалавецтва, а ўскосна - усё стварэнне. Святар, здзяйсняючы штодзённа Эўхарыстыю, сыходзіць да глыбіні гэтай таямніцы. Таму справаванне Эўхарыстыі павінна быць для яго самаю важнаю і святою падзеяй дня і цэнтрам усяго жыцця.

In persona Christi

Словы, якія мы паўтараем на заканчэнне прэфацыі: «Благаславёны той, хто прыходзіць у імя Панскае...», прыпамінаюць нам драматычныя падзеі Вербнай Нядзелі. Хрыстус прыходзіць у Ерузалем, каб скласці крывавую Ахвяру Вялікай Пятніцы. Напярэдадні ж, у часе Апошняй Вячэры, Ён устанаўлівае сакрамэнт гэтай Ахвяры. Хрыстус прамаўляе над хлебам і віном словы кансэкрацыі: «Гэта ёсць Цела маё, якое за вас будзе выдана. (...) Гэта ёсць келіх Крыві мае, новага і вечнага Запавету, якая за вас і за многіх будзе праліта дзеля адпушчэння грахоў. Гэта чыніце на маю памяць».

Пра якую «памяць» тут ідзе гаворка? Мы ведаем, што гэтаму паняццю трэба надаць канкрэтны сэнс, які выходзіць за звыклы гістарычны ўспамін. Мы тут маем дачыненне з «памяццю» ў біблійным значэнні, якая выклікае ўяўленне пра саму падзею. Гэта памяць - прысутнасць! Таямніца гэтага цуду заключаецца ў дзеянні Духа Святога, якога святар прызывае, выцягваючы рукі над дарамі хлеба і віна: «Асвяці гэтыя дары моцаю Твайго Духа, каб яны сталіся для нас Целам і Крывёю нашага Пана Езуса Хрыста». А значыць, гэта не толькі святар прыпамінае падзею Мукі, Смерці і Змёртвыхпаўстання Хрыста, гэта Дух Святы ўчыняе, што гэтыя падзеі ажыццяўляюцца на алтары праз паслугу святара. Святар сапраўды дзейнічае in persona Christi. Тое, што Хрыстус здзейсніў на алтары крыжа, а перад тым устанавіў як Сакрамэнт у Вячэрніку, тое святар здзяйсняе ў моцы Духа Святога. У гэты момант святара як бы абдымае Яго моц і словы, якія ён вымаўляе, набываюць тое самае значэнне, якое мелі словы Хрыста ў часе Апошняй Вячэры.

Mysterium fidei

У часе Святой Імшы пасля перамянення святар прамаўляе словы: Mysterium fidei, «Гэта вялікая таямніца веры». Словы гэтыя адносяцца, зразумела, да Эўхарыстыі, але якімсьці чынам адносяцца таксама і да святарства. Бо няма Эўхарыстыі без святарства, як і не існуе святарства без Эўхарыстыі. Не толькі службовае святарства цесна звязана з Эўхарыстыяй, але і паўсюднае святарства ўсіх ахрышчаных укаранёна ў той самай таямніцы. На словы цэлебранса вернікі адказваюць: «Абвяшчаем смерць Тваю, Пане Езу, вызнаем Тваё ўваскрашэнне і чакаем Твайго прыйсця ў хвале». Праз удзел у Эўхарыстычнай Ахвяры вернікі становяцца сведкамі ўкрыжаванага і ўваскрослага Хрыста, абавязваючы сябе да ўдзелу ў Яго патройнай місіі: святарскай, прарочай і валадарскай, у якую яны былі ўключаны ад самога хросту, як гэта падкрэсліваў Другі Ватыканскі Сабор. Святар як даўца «Божых таямніцаў» служыць разам з тым і супольнаму святарству вернікаў. Гэта ён, абвяшчаючы слова і здзяйсняючы сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыю, усведамляе ўсяму Люду Божаму яго ўдзел у святарстве Хрыста і разам з тым натхняе яго да актуалізацыі гэтага ўдзелу. Калі пасля перамянення гучаць словы Misterium fidei, усе закліканы ўсвядоміць сабе якуюсьці асаблівую экзістэнцыяльную кандэнсацыю таго, чым ёсць таямніца Хрыста, Эўхарыстыі і святарства.

Ці ж з гэтага ўсяго не чэрпае свае найглыбейшай матывацыі святарскае пакліканне? У момант прыняцця пасвячэння ўся гэта матывацыя ўжо прысутнічае, але яе трэба ўнутрана аднаўляць і паглыбляць на працягу ўсяго жыцця. Толькі такім чынам святар можа штораз глыбей усведамляць сабе вялікае багацце, якое было яму даверана. Пасля пяцідзесяці гадоў святарства я магу сказаць, што з дня ў дзень усё больш поўна адкрываецца ў гэтым Misterium fidei сэнс уласнага святарства: велічыня дару, які яно складае і ступень адказнасці, якой гэты дар патрабуе. Дар заўсёды большы! І добра, што так ёсць. Добра, што чалавек ніколі не можа сказаць, што ўжо цалкам адказаў на дар. Гэты дар яму пастаянна зададзены! Усведамляць гэта - значыць ва ўсёй паўнаце жыць сваім святарствам.

Хрыстус - Святар і Ахвяра

Праўда пра Хрыстовае святарства заўсёды прамаўляла да мяне з асабліваю сілаю праз Літанію, якая адгаворвалася ў Кракаўскай семінарыі, асабліва напярэдадні святарскага пасвячэння. Я маю на ўвазе Літанію да Хрыста Святара і Ахвяры. Колькі ж глыбокіх пачуццяў абуджала яна ўва мне! У Ахвяры Крыжа, якая адзначаецца і паўтараецца ў кожнай Эўхарыстыі, Хрыстус ахвяроўвае сябе за збаўленне свету. Літанійныя заклікі адлюстроўваюць усё багацце гэтай таямніцы.

Згадваюцца яны мне разам з усёю сімволікаю біблійных вобразаў, якою напоўнены. Просяцца з вуснаў на лацінскай мове, на якой адгаворваў іх у семінарыі, а потым гэтулькі разоў у пазнейшыя гады:

Jesu, Sacerdos et Victima,
Jesu, Sacerdos in aeternum, secundum ordinem Melchisedech, ...
Jesu, Pontifex ex hominibus assumpte,
Jesu, Pontifex pro hominibus constitute, ...
Jesu, Pontifex futurorum bonorum, ...
Jesu, Pontifex fidelis et misericors, ...
Jesu, Pontifex qui dilexisti nos et lavisti nos a peccatis in sanquine tuo,
Jesu, Pontifex qui tradidisti temetipsum Deo oblationem et hostiam, ...
Jesu, Hostia sancta et immaculata, ...
Jesu, Hostia in qua habemus fiduciam et accessum ad Deum,
Jesu, Hostia vivens in saecula saeculorum, ...

У гэтых закліках закладзена вялікае багацце тэалагічнай візіі святарства. Гэта Літанія цесна звязана з Святым Пісаннем і асабліва з Лістом да Габрэяў. Прывяду толькі адзін фрагмент: «Хрыстус, (...) як Архісвятар будучага дабра (...) не праз кроў казлоў і цялят, але праз уласную кроў увайшоў раз і назаўсёды ў Месца Святое, здабыўшы вечнае адкупленне. Бо калі кроў казлоў і цялят (...), асвячае на чыстасць цела, то наколькі больш кроў Хрыста, які праз Духа вечнага склаў Богу самога сябе як беззаганную ахвяру, ачысціць ваша сумленне ад мёртвых учынкаў, каб вы маглі служыць Богу жывому» (пар. Гбр 9, 11-15). А таму Хрыстус з'яўляецца святаром як Адкупіцель свету. Святарства ўсіх прэзбітараў упісана ў таямніцу Адкуплення. Гэтая праўда аб Адкупленні і Адкупіцелі аказалася ў самым цэнтры мае свядомасці і спадарожнічала мне праз усе гэтыя гады, пранізвала ўвесь душпастырскі вопыт, штораз адкрываючы ўсё новы сэнс.

За пяцьдзесят гадоў святарскага жыцця я ўсвядоміў сабе, што Адкупленне - гэта цана, якую трэба было заплаціць за грэх, але таксама новае адкрыццё, як бы «новае стварэнне» ўсяго, што створана: паўторнае адкрыццё чалавека як асобы, чалавека, якога Бог стварыў мужчынам і жанчынаю, паўторнае адкрыццё ўсіх спраў чалавека, яго культуры і цывілізацыі, яго ўсіх дасягненняў, яго творчых здзяйсненняў.

Калісьці, пасля абрання мяне Папам, як бы першым маім духовым парывам быў зварот да Хрыста Адкупіцеля. Гэта знайшло сваё праяўленне ў энцыкліцы Redemptor hominis. Думаючы над усім тым працэсам, я штораз лепей бачу цесную сувязь паміж энцыклікаю і тым, што ўпісваецца ў душу чалавека праз удзел у святарстве Хрыста.

РАЗДЗЕЛ ІХ

Быць святаром сёння

Пяцьдзесят гадоў святарства - гэта шмат. Колькі ж падзеяў адбылося за гэтага паўвеку гісторыі! З'яўляліся новыя праблемы, новыя стылі жыцця і новыя выклікі. Амаль спантанна ўзнікае пытанне: што значыць быць святаром сёння, у кантэксце вялікіх пераменаў, калі ўсе мы знаходзімся на парозе трэцяга тысячагоддзя?

Няма сумнення, што святар разам з усім Касцёлам жыве ў сваю эпоху і з'яўляецца ўважлівым і зычлівым, але разам з тым крытычным і чуйным сузіральнікам таго, што адбываецца ў гісторыі. Сабор указаў, наколькі магчымае і абавязковае сапраўднае аднаўленне пры захаванні поўнай вернасці Слову Божаму і Традыцыі. Але я перакананы, што незалежна ад абавязковай душпастырскай адновы, святар не павінен баяцца быць «несучасным», паколькі гэтае людское «сёння» кожнага святара ўмешчана ў «сёння» Хрыста Адкупіцеля. Самае вялікае заданне для святара кожнага часу - з дня ў дзень адшукваць гэтае сваё святарскае «сёння» ў Хрыстовым «сёння» - у тым «сёння», пра якое гаворыць Ліст да Габрэяў. Гэта Хрыстова «сёння» пэўным чынам заглыблена ва ўсёй гісторыі - у мінулым і адначасова ў будучыні свету і кожнага чалавека, а таксама кожнага святара. «Езус Хрыстус учора і сёння той самы, дый навекі» (Гбр 13, 8). Такім чынам, калі мы з нашым чалавечым, святарскім «сёння» заглыблены ў гэтае «сёння» Езуса Хрыста, то няма, у прынцыпе, страху, што станем «учарашнімі», адсталымі... Хрыстус - гэта мера ўсіх часоў. У Хрысце, у Яго Боска-чалавечым, у Яго святарскім «сёння» ў асноўным вырашаецца ўся антыномія паміж «традыцыяналізмам» і «прагрэсізмам», якая калісьці выклікала такія вялікія дыскусіі.

Насустрач людскім спадзяванням

Беручы пад увагу спадзяванні сучаснага чалавека ў адносінах да святара, мы бачым, што, па сутнасці, яны зводзяцца да аднаго вялікага спадзявання: чалавек прагне Хрыста. Па ўсё тое, чаго патрабуе ў эканамічным, сацыяльным і палітычным сэнсе, ён можа звярнуцца да іншых. У святара ж просіць Хрыста! І мае права чакаць гэтага ад святара, асабліва праз абвяшчэнне Слова Божага. Прэзбітары, як вучыць Сабор, - «перш за ўсё абавязаны абвяшчаць Евангелле Божае» (Presbyterorum ordinis, 4). Але гэтае абвяшчэнне павінна быць скіравана на тое, каб чалавек сустрэў Хрыста, асабліва ў Таямніцы Эўхарыстыі, якая з'яўляецца жывым сэрцам Касцёла і святарскага жыцця. Гэта таемная, хвалюючая ўлада, якую святар мае над Эўхарыстычным Целам Хрыста. Сілаю гэтай улады ён становіцца даўцам найвялікшага дабра Адкуплення, бо дае людзям самога Адкупіцеля. Такім чынам, справаванне Эўхарыстыі - самы вялікі і самы святы чын кожнага прэзбітара. А для мяне, з першых гадоў святарства, справаванне Эўхарыстыі стала не толькі самым святым абавязкам, але перш за ўсё - самаю глыбокаю патрэбаю душы.

Даўца Міласэрнасці

Як даўца сакрамэнту паяднання, святар выконвае Хрыстовы наказ, перададзены Апосталам пасля паўстання з мёртвых: «Прыміце Духа Святога! Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым астануцца» (Ян 20, 22-23). Святар - сведка і прылада Божае Міласэрнасці! Якая ж важная паслуга канфесіяналу ў жыцці святара! Бо менавіта ў канфесіянале яго духовае айцоўства рэалізуецца найбольш поўна. У канфесіянале кожны святар становіцца сведкам вялікіх цудаў, якія Божая Міласэрнасць здзяйсняе ў чалавечай душы, што прымае ласку навяртання. Аднак абавязкова, каб кожны святар, служачы братам у канфесіянале, сам здолеў адчуць гэтую Божую Міласэрнасць праз рэгулярную асабістую споведзь і духоўнае кіраўніцтва.

Як даўца Божых таямніцаў, святар - асаблівы сведка Нябачнага ў свеце. Бо ён - даўца нябачнага і невымернага багацця, якое належыць да духовага і звышнатуральнага парадку.

Чалавек, які кантактуе з Богам

Як даўца менавіта гэтага багацця, святар асаблівым чынам увесь час знаходзіцца ў кантакце з Божаю святасцю. «Святы, Святы, Святы, Пан Бог Усемагутны. Неба і зямля поўныя хвалы Тваёй». Усемагутнасць Божая - гэта ўсемагутнасць святасці. У святарстве чалавек уздымаецца да гэтай святасці сваёю душою, пэўным чынам узыходзіць на тыя вышыні, на якія калісьці быў узведзены прарок Ісая. Гэтае прарочае бачанне рэхам адбіваецца ў эўхарыстычнай літургіі: Sanctus, Sanctus, Sanctus, Dominus Deus Sabaoth. Pleni sunt caeli et terra gloria Tua. Hosanna in excelsis.

Разам з тым святар штодня перажывае, у пэўнай ступені пастаянна, сыходжанне гэтай святасці Бога да чалавека: Benedictus qui venit in nomine Domini. Такімі словамі вітаў ерузалемскі натоўп Хрыста, каторы ўваходзіў у горад, каб там скласці ахвяру дзеля адкуплення свету. Святасць трансцэндэнтная, у пэўнай ступені «па-засветавая», становіцца ў Хрысце святасцю «ўнутрана-светаваю». Становіцца святасцю Пасхальнай Таямніцы.

Пакліканы да святасці

Такім чынам, святар, што ўвесь час кантактуе з гэтаю святасцю Бога, пакліканы, каб стаць святым. Таксама і ягонае служэнне схіляе яго да выбару жыцця, натхнёнага евангелічным радыкалізмам. Гэтым тлумачыцца абавязковасць евангелічнага духу ў яго жыцці: чыстасці, убоства і паслухмянасці. У такой перспектыве становіцца найбольш зразумелаю асаблівая слушнасць жыцця ў цэлібаце. Адсюль вынікае перш за ўсё вялікая патрэба малітвы ў жыцці святара. Малітва сыходзіць са святасці Бога і разам з тым з'яўляецца адказам на гэту святасць. Я калісьці напісаў: «Малітва стварае святара і святар ствараецца праз малітву». Так, святар перадусім павінен быць чалавекам малітвы, перакананым, што час, прызначаны для блізкага кантакту з Богам, - гэта найлепей выкарыстаны час, паколькі падтрымлівае не толькі яго самога, але і апостальскую працу.

Калі Другі Ватыканскі Сабор гаворыць пра ўсеагульнае пакліканне да святасці, то ў выпадку святара, трэба гаварыць пра якоесьці асаблівае пакліканне да святасці. Хрыстус патрабуе святых святароў! Сённяшні свет прагне святых святароў! Толькі святы святар можа стаць у сённяшнім зсекулярызаваным свеце яскравым сведкам Хрыста і Яго Евангелля. Толькі такім чынам святар можа станавіцца для людзей правадніком і настаўнікам на шляху да святасці, а людзі, асабліва маладыя, такога правадніка чакаюць. Святар можа быць правадніком і настаўнікам настолькі, наколькі стане сапраўдным сведкам!

Cura animarum

У святле багатага вопыту, сярод гэтулькі самых розных сітуацый, я пераканаўся, што толькі на глебе святарскай святасці можа вырастаць дзейснае душпастырства - cura animarum. Бо матэрыяльныя сродкі не з'яўляюцца сакрэтам сапраўдных душпастырскіх поспехаў. Трывалы плён душпастырскай працы выспявае на грунце святасці святарскіх сэрцаў. Гэта аснова! Зразумела, неабходна адукацыя, вучоба, aggiornamento; а значыць, адпаведная падрыхтоўка, якая зробіць святара здольным выйсці насустрач пільным душпастырскім патрэбам. Аднак можна канстатаваць, што гэтыя прыярытэты залежаць таксама ад абставінаў і што задача кожнага святара вызначыць іх і жыць імі ў супрацоўніцтве з сваім біскупам і ў згодзе з указаннямі паўсюднага Касцёла. У маім жыцці гэтыя прыярытэты праявіліся ў апостальстве свецкіх і асабліва ў душпастырстве сем'яў, у чым самі свецкія мне заўсёды вельмі дапамагалі, у клопаце пра моладзь і ў інтэнсіўным дыялогу са светам навукі і культуры. Гэта таксама знайшло адлюстраванне ў маёй навуковай і літаратурнай творчасці. На гэтым шляху з'явілася даследаванне «Любоў і адказнасць», а таксама між іншым літаратурны твор «Перад магазінам ювеліра», які мае падзагаловак «Разважанне пра Сакрамэнт Сужэнства». Асаблівую ўвагу сёння трэба прысвяціць клопату пра ўбогіх, пра людзей, якія аказаліся на абочыне жыцця, і пра эмігрантаў. Для іх святар павінен быць сапраўдным «бацькам». Зразумела, ёсць таксама і матэрыяльныя сродкі, у тым ліку і тыя, што дае нам сучасная тэхніка. Аднак заўсёды застаецца таямніцаю святасць святарскага жыцця, якая выяўляецца ў малітве і медытацыі, у духу ахвяры і місійнай адданасці. Калі я думаю пра гады майго душпастырскага служэння як святара і як біскупа, то ўсё больш выразна бачу, наколькі гэты прынцып спраўджваецца ў жыцці.

Чалавек Слова Божага

Я ўжо згадваў, што святар як сапраўдны кіраўнік супольнасці і сапраўдны даўца Божых таямніцаў, пакліканы, каб быць чалавекам Слова Божага, ахвярным і нястомным прапаведнікам Евангелля. Сёння, перад вялікім заданнем «новай евангелізацыі» адчуваецца ў тым яшчэ больш пільная неабходнасць.

Пасля многіх гадоў абвяшчэння Слова, асабліва з таго часу, калі я як Папа пілігрымую, наведваючы амаль што ўсе закуткі свету, хацеў бы прысвяціць яшчэ некалькі думак гэтаму вымярэнню святарскага жыцця. Гэта цяжкае заданне, бо сучасны чалавек чакае ад святара не столькі «абвешчанага» Слова, колькі «пацверджанага жыццём». Прэзбітар павінен «жыць Словам». Разам з тым ён павінен дбаць пра інтэлектуальную падрыхтоўку, каб пазнаць глыбіню гэтага Слова і эфектыўна яго абвяшчаць. У нашу эпоху, якая вызначаецца высокаю ступенню спецыялізацыі амаль што ў кожнай галіне жыцця, інтэлектуальная адукацыя асабліва важная. Яна дае магчымасць весці інтэнсіўны і творчы дыялог з сучаснаю думкаю. Гуманістычная і філасофская адукацыя, а таксама веданне тэалогіі дазваляюць дасягнуць такога інтэлектуальнага ўзроўню, які святар павінен паглыбляць на працягу ўсяго свайго жыцця. Каб вучоба сапраўды спрыяла фармаванню, ёй павінна пастаянна спадарожнічаць малітва, медытацыя і просьба, асабліва аб дарах Духа Святога: аб дары мудрасці, розуму, ведаў, развагі, мужнасці, пабожнасці і боязі Божай. Св. Тамаш з Аквіну тлумачыць, якім чынам з дапамогаю дароў Духа Святога ўвесь духовы арганізм чалавека становіцца адчувальны на святло Божае, на святло пазнання, а таксама на натхненне любові. Малітва аб дарах Духа Святога спадарожнічала мне з ранняга юнацтва і ў далейшым я застаюся ёй верны.

Паглыбленне ведаў

Аднак жа, як слушна вучыць св. Тамаш, веды ўлітыя (scientia infusa), якія з'яўляюцца плодам спецыяльнага дзеяння Духа Святога, не вызваляюць ад абавязку дбаць пра веды набытыя (scientia acquisita).

Што датычыць мяне, то, як тут ужо згадвалася, адразу пасля святарскага пасвячэння, я быў накіраваны на вучобу ў Рым. Пазней, па волі майго біскупа, я павінен быў займацца навукаю як выкладчык і прафесар этыкі на тэалагічным факультэце ў Кракаве і ў Люблінскім Каталіцкім універсітэце. Вынікам гэтай вучобы была найперш кандыдацкая дысертацыя пра св. Яна ад Крыжа, а потым доктарская дысертацыя на тэму думкі Макса Шэлера, а дакладней, пра тое, наколькі яго фенаменалагічная этычная сістэма можа паспрыяць фармаванню маральнай тэалогіі. Гэтай працы я вельмі многім абавязаны. На грунце мае ранейшай арыстоцелеўска-тамістычнай адукацыі цяпер быў прышчэплены фенаменалагічны метад. Гэта дазволіла мне здзейсніць шэраг творчых даследаванняў у той сферы. Перадусім я маю на ўвазе кнігу «Асоба і ўчынак». Так я далучыўся да цячэння сучаснага філасофскага персаналізму, а такая школа дае таксама пэўныя душпастырскія плады. Не раз я пераканаўся, наколькі дапамагаюць мне разважанні, якія знаходзяцца ў тых маіх працах, пры сустрэчах з асобнымі людзьмі, а таксама з вялікімі масамі вернікаў у часе маіх апостальскіх падарожжаў. Гэта дасведчанасць у культурным кантэксце персаналізму дазволіла мне глыбей усвядоміць, што кожны чалавек - адзіная і непаўторная асоба, а такое ўсведамленне для святара душпастыра вельмі важнае.

Дыялог з сучаснаю думкаю

Я навучыўся цаніць таксама значэнне іншых галінаў навукі, у тым ліку і эксперыментальных дысцыплінаў, а сталася гэта найперш дзякуючы сустрэчам і дыскусіям з прыродазнаўцамі, фізікамі і біёлагамі, а ў пэўнай ступені і з гісторыкамі. Усім гэтым навуковым дысцыплінам зададзена праўда ў розных формах. Значыць трэба, каб бляск праўды - veritatis splendor - пастаянна спадарожнічаў ім, дазваляючы людзям сустракацца паміж сабою і абменьвацца думкамі, узаемна ўзбагачаючыся. Я прынёс з сабою з Кракава ў Рым традыцыю такіх інтэрдысцыплінарных сустрэчаў, якія рэгулярна адбываюцца ў летні перыяд у Кастэль Гандольфа. Такім чынам я стараюся захоўваць вернасць гэтай добрай традыцыі.

Labia sacerdotum scientiam custodiant... (пар. Мал 2, 7). Я ахвотна прыгадваю гэтыя словы прарока Малахіі, паўтораныя ў Літаніі да Хрыста Святара і Ахвяры, бо ў іх закладзена, у пэўным сэнсе, праграма для кожнага, хто пакліканы быць даўцам слова Божага. Павінен ён быць сапраўды чалавекам ведаў у сэнсе найбольш узнёслым і духовым. Ён павінен мець і перадаваць гэтыя «веды Божыя», якія не з'яўляюцца адно толькі зборам дактрынальных ісцінаў, але асабістым і жывым досведам Таямніцы, як гэта ўказвае архісвятарская малітва з Евангелля ад св. Яна: «Гэтае ж жыццё вечнае ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і Езуса Хрыста, якога Ты паслаў» (17, 3).

РАЗДЗЕЛ Х

Да братоў у святарстве

Заканчваючы гэтае сведчанне аб маім святарскім пакліканні, я прагну звярнуцца да ўсіх братоў у святарстве - да ўсіх без выключэння! Раблю гэта словамі св. Пятра: «Браты, яшчэ больш старайцеся ўмацаваць вашае пакліканне і выбар! Бо гэтак чынячы, ніколі не спаткнецеся» (пар. 2 П 1, 10-11). «Любіце вашае святарства! Будзьце яму верныя аж да канца! Умейце ўбачыць у ім той евангелічны скарб, за які варта аддаць усё» (пар. Мц 13, 44).

Асаблівым жа чынам звяртаюся да тых, хто перажывае перыяд цяжкасцяў ці проста крызісу свайго паклікання. Я хацеў бы, каб гэта маё асабістае сведчанне - сведчанне святара і біскупа Рыма, які адзначае свой Залаты Юбілей пасвячэння, было для вас дапамогаю і стымулам да вернасці. Я пісаў гэтыя словы, думаючы пра кожнага з вас, кожнага з вас абдымаючы маёю малітваю.

Pupilla oculi

Я меў на ўвазе таксама маладых семінарыстаў, якія рыхтуюцца да святарства. Кожны біскуп часта вяртаецца думкаю і сэрцам у семінарыю. Яна складае асаблівы прадмет яго клопату. Гаворыцца, што духоўная семінарыя з'яўляецца «зрэнкаю вока» (pupilla oculi) кожнага біскупа. Чалавек беражэ і ахоўвае зрэнку свайго вока, бо яна дазваляе яму бачыць акаляючую яго рэчаіснасць. І таксама біскуп бачыць свой Касцёл праз семінарыю, праз святарскія пакліканні. Ласка шматлікіх і святых святарскіх пакліканняў дазваляе яму глядзець з даверам у будучыню свае місіі.

Я кажу гэта на падставе многіх гадоў майго біскупскага досведу. Праз дванаццаць гадоў пасля святарскага пасвячэння я стаў біскупам і таму значная частка гэтага пяцідзесяцігоддзя пазначана тым біскупскім клопатам пра пакліканні.

Біскуп радуецца, калі Пан Бог дае Касцёлу пакліканні, а іх недахоп заўсёды выклікае трывогу і неспакой. Гэты клопат Пан Езус параўнаў з клопатам жняца: «Жніво багатае, ды работнікаў мала. Прасіце Пана жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё» (пар. Мц 9, 37).

Deo gratias!

Заканчваючы гэтае разважанне ў год майго святарскага Залатога Юбілею, прагну выказаць Пану жніва найглыбейшую ўдзячнасць за дар паклікання, за ласку святарства і за ўсе святарскія пакліканні на ўсім свеце. Раблю гэта ў еднасці з усімі біскупамі, якія дзеляць той самы клопат пра пакліканні і перажываюць тую самую радасць, калі іх лічба ўзрастае. Дзякуй Богу, пэўны крызіс святарскіх пакліканняў цяпер у Касцёле пераадолены. Кожны новы святар нясе з сабою асаблівае благаславенне: «Благаславёны, які ідзе ў імя Панскае!» Бо ў кожным святары, тым, які прыходзіць, ёсць сам Хрыстус. Бо калі св. Цыпрыян сказаў, што хрысціянін - гэта «другі Хрыстус», Сhristianus alter Christus, то тым больш можна сказаць: Sacerdos alter Christus.

Няхай Бог дасць, каб святары з жывою ўдзячнасцю заўсёды памяталі пра атрыманы дар; няхай скіруе шмат маладых, каб велікадушна прынялі Яго заклік да поўнага пасвячэння сябе справе Евангелля. Гэта прынясе карысць людзям нашага часу, якія так патрабуюць надзеі, і напоўніць радасцю хрысціянскую Супольнасць, якая зможа з даверам глядзець у будучыню і прымаць выклікі блізкага ўжо Трэцяга Тысячагоддзя.

Панна Марыя няхай прыме гэта маё сведчанне як выяўленне сыноўняй пашаны, на хвалу Тройцы Найсвяцейшай. Няхай учыніць, каб дало яно плён у сэрцах маіх братоў у святарстве і многіх іншых сыноў Касцёла. Няхай учыніць з яго засеў братэрства таксама сярод тых, што не вызнаюць тае самай веры, але часта адорваюць мяне зычліваю ўвагаю, аказваючы гатоўнасць да шчырага дыялогу.

Дадатак

Літанія да Хрыста Святара і Ахвяры

Kyrie eleison.
Chryste eleison. Kyrie eleison.
Хрыстэ, пачуй нас.
Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба Божа, змілуйся над намі
Сыне, Адкупіцелю свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзіны Божа,
Езу, Святар на векі, змілуйся над намі.
Езу, названы праз Бога Святаром на ўзор Мэльхізэдэка,
Езу, Свтар, якога Бог намасціў Духам Святым і моцаю,
Езу, Святар вялікі,
Езу, Святар з людзей узяты,
Езу, Святар для людзей устаноўлены,
Езу, Святар нашага вызнання,
Езу, Святар большай за Майсея пашаны годны,
Езу, Святар сапраўднай святыні,
Езу, Святар будучага багацця,
Езу, Святар святы, нявінны і беззаганны,
Езу, Святар верны,
Езу, Святар міласэрны,
Езу, Святар дабрадзейны,
Езу, Святар, што палае самаадданасцю для Бога і людзей,
Езу, Святар на вечнасць дасканалы,
Езу, Святар, які ўзышоў на неба,
Езу, Святар, што сядзіць праваруч Велічы на вышынях,
Езу, Святар, што заступаецца за нас перад абліччам Бога,
Езу, Святар, які нам адкрыў шлях жывы і новы,
Езу, Святар, які ўмілаваў нас і абмыў ад грахоў Крывёю сваёю,
Езу, Святар, які сябе самога выдаў як ахвяру і гостыю для Бога,
Езу, Ахвяра Бога і людзей,
Езу, Ахвяра святая,
Езу, Ахвяра беззаганная,
Езу, Ахвяра прынятая Богам,
Езу, Ахвяра паяднаная,
Езу, Ахвяра ўрачыстая,
Езу, Ахвяра хвалы,
Езу, Ахвяра спакою,
Езу, Ахвяра прабачэння,
Езу, Ахвяра збавення,
Езу, Ахвяра, у якой маем давер і смелы доступ да Бога,
Езу, Ахвяра, якая дваіх адным учыніла,
Езу, Ахвяра ад заснавання свету ахвяраваная,
Езу, Ахвяра жывая праз усе вякі.

Будзь да нас літасцівы, даруй нам, Езу.
Будзь да нас літасцівы, выслухай нас, Езу.

Ад зла ўсялякага, выбаў нас, Езу.
Ад безразважнага прыйсця на службу Касцёлу,
Ад граху святатацтва,
Ад духу нястрыманасці,
Ад пагоні за грашыма,
Ад усялякай хцівасці,
Ад неадпаведнага выкарыстання касцельнай маёмасці,
Ад захопленасці светам і яго пыхаю,
Ад недастойнага справавання Святых Сакрамэнтаў,
Праз адвечнае Святарства Тваё,
Праз святое намашчэнне Боскасці, сілаю якога Бог Айцец учыніў Цябе Святаром,
Праз Твой Дух святарскі,
Праз паслугу Тваю, якою на зямлі Айца Свайго Ты ўславіў,
Праз крывавую Ахвяру, якую з Сябе Ты на Крыжы склаў,
Праз тую ж Ахвяру, якая штодзённа на алтары аднаўляецца,
Праз Боскую ўладу, якую Ты - адзіны і нябачны Святар - выконваеш праз Сваіх святароў,
Каб усіх слугаў Касцёла ў святой пабожнасці захаваў, Цябе просім выслухай нас, Пане.
Каб іх напоўніў дух Святарства Твайго,
Каб вусны святароў захоўвалі веды,
Каб на жніво сваё работнікаў нязломных паслаў Ты,
Каб слугаў сваіх у паходні палаючыя перамяніў Ты,
Каб пастыраў, адпаведных Сэрцу Твайму, абудзіў Ты,
Каб усе святары бездакорнымі і без заганаў былі,
Каб усе, хто ўбачыць слугаў алтара, Пана ўшанавалі,
Каб складалі Табе ахвяры справядліва,
Каб праз іх хвалу Найсвяцешага Сакрамэнту Ты распаўсюдзіў,
Святар і Ахвяра, Цябе просім выслухай нас, Пане.

МОЛІМСЯ
Божа, Асвячальнік і Апякун Свайго Касцёла, узбудзі ў ім праз Духа Твайго годных і верных даўцаў святых Таямніцаў, каб праз іх паслугу і прыклад, пры Тваёй дапамозе, люд хрысціянскі кіраваўся на шлях збаўлення. Божа, Ты загадаў вучням, што маліліся і пасцілі, выбраць Паўла і Барнабу для справы, да якой Ты іх прызначыў, будзь цяпер з Тваім Касцёлам, што трывае на малітве, і ўкажы тых, каго Ты для службы Тваёй выбраў. Праз Хрыста Пана нашага. Амэн.

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.