Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.

Publishing House PRO CHRISTO
Rating All.BY
evden eve nakliyat goztepe evden eve nakliyat bostanci evden eve nakliyat acibadem evden eve nakliyat erenköy evden eve nakliyat yakacık evden eve nakliyat
 

Данута Бічэль
НА БЕЛЫХ АБЛОКАХ СНОЎ - ВЕРШЫ

ЗМЕСТ

ПАМІЖ БЯССОННЕМ СОНЦА І БЯССОННЕМ ЗЯМЛІ
СВЯТЫЯ ПАКІНУЛІ ГРЭШНЫМ СУМНЕННІ
УРАЧЫСТАСЦЬ САМОТЫ

ПАМІЖ БЯССОННЕМ СОНЦА І БЯССОННЕМ ЗЯМЛІ

* * *
утварае дарога
знак крыжа старога
і апроч мяне анікога

край зямлі свабодны ад зорак
нібы там пракаціўся паморак
маладзік як ножык-сцізорык

адна пры ўсім небакраі
каменне ў жменю збіраю
апроч неба нічога не маю

* * *
Пан Езус дарогай Апосталаў вёў
а Маці ўсіх дома чакала
а гэтых дзвюх тысяч кароткіх гадоў
мінулі і як не бывала

Пан Езус ідзе на Крыжовую смерць
даруе мне смерцю збаўленне
не бойся маленькае сэрца балець
не бойся свайго паражэння

* * *
мой ціхі Пане маё адхланне
прашу ў Цябе даравання
дарую ўсім хто крыўдзіць да болю
дзеля Тваёй любові

ва ўсіх раслін пачвараў стварэнняў
сама прашу прабачэння
прашу прабачыць маё абурэнне
дзеля майго збаўлення

ДА МАЦІ БОЖАЙ СТУДЭНЦКАЙ
з Божага Краю Студэнцкая Маці
дай быць багатай духоўным багаццем
дай мне духоўныя выпрабаванні
каб не застацца на вечным выгнанні

дай мне на побыт дачэсны цярпенне
каб перад небам ачысціць сумленне
дай мне пакуты за грэх каб па смерці
не расцягалі душу маю чэрці

дай прытуліцца да ног Тваіх зоркай
смуткам умыцца слязінаю горкай
дай мне студэнткаю ў небе застацца
ля Твайго Сына а майго Збаўцы

МАЛІТВА НАІЎНОТЫ
не абмінай нашу хатку
прынясі майму татачку працы
ці на сподачку тым як святому ягнятку
ці ў якім пераплеценым гарцы

а як зорка з нябёс залатая
у гарачынь нашу студзеньку студзіць
мама ў зоркі студнёвай пра шчасце спытае
шчасце з неба няхай жа так будзе

Ты як Сонейка поўнае ласкі
саграваеш лагоднае лета
сустракаю Цябе каля той пералазкі
дзе слядочкі Твае з Назарэту

ЖЫРОВІЧЫ
з надзеяй малітваў будуем хаціну
Жыровіцкай Маці і Божаму Сыну
складаем далоні ў малітве як стрэшкі
ўзышла тут то выбрала гэтыя ўзмежкі

на ўзмежку ў жыровіцкай цёплай жвірынцы
ў замружанай смуткам слязінцы-жарынцы
ізноў узыходзіць у кожнай хвіліне
і гэтай прыгожай зямлі не пакіне

дзядуля зажурана вочы прыжмурыў
глядзіць а з балота ўздымаецца жораў
тут падаюць з неба не грошы а грушы
на грушцы ўзышла і ратуе ўсім душы

БУДСЛАЎ НАШ САНКТУАРЫЙ
Божая Маці ў кароне спакою
хлопчыка туліць да сэрца рукою
ён Ёй трымае палец правіцы
Будслаў вышэй палітычнай сталіцы

выбрацца ў людзі з пяску не маглі мы
цёплаю цемрай ідзём пілігрымы
на літургію ліпнёвую ў Будслаў
збудзем крылатых пакорнымі будзем

Бог не смяецца ні з якага краю
чысты прагал ад Маскоўі да немцаў
Божы прытулак ад сэрцаў да смерцяў
Будслаў сваіх пілігрымаў збірае

МАЦІ БОЖАЯ СНЕЖНАЯ
у свіце сняжынак лета ўзнікае Ясная Пані
падае снег на горад у ім ніколі не спяць
у ноч ліпнёвага снегу ўсе надта моцна спалі
а як прачнуліся ранкам убачылі снежны пляц

пад плашчык Яе пурпуровы схаваліся цёмныя стрэхі
дзявочае сэрца Снежкі растапіла глухія ільды
ад маладога дыхання мяняюць кірунак стрэлы
мяняюць сусветаў лёсы Яе святыя сляды

каму Высокая Пані жывыя сумёты сцеле
каму ўпрыгожвае снегам зялёны дол нібы стол
каму не бывае спакойна дома ў цёплай пасцелі
каму белы свет адзіны святы сусветны касцёл

ДА БУДСЛАЎСКАЙ БОЖАЙ МАЦІ
О Мадонна малога мястэчка ў кароне світання
калі Тваё белае войска перад Табою паўстане
на чыстых Тваіх дарогах Тваіх пілігрымаў калоны
на ясных Тваіх нябёсах Тваіх анёлаў заслоны
спакой на ўсход і на захад перадаюць Твае хоры
і чуе хвалебную песню глухі забіты і хворы
і я стаю пасяродку Твайго святога з'яўлення
а Ты ад мяне прымаеш слязу любоў і маленне

БОЖАЯ МАЦІ ФАЦІМЫ
іду наўзбоч у няхвалу
аж за зялёныя мілі
дзе Арханёлу Міхалу
да рамкі крылле прыбілі

каго пакрыўдзілі суддзі
тых Божа з болю астудзіць
тых Божа з крыўды падыме
з Табой у збаўчай Фаціме

ратунку Маці з Фацімы
вядзі мяне са святымі
балеснай і бесцялеснай
па сцежцы яснай нябеснай

ІМПРЭСІЯ
маўчанне пад Крыжам
параскіданыя думкі
паміж зямлёю і небам
на воблаку
у кантэмпляцыі
сэрца мякчэе цяплее
боль адпускае знікае
званочкі на шыі ягнятка
зорка
світання светлая поўня
творцы прастора

РУЖАНЕЦ
ружанец сцяжына ў нябёсы
малітва і пацеркі слёзы
малітва на беразе лодка
маліцца на беразе лёгка
на беразе светла маліцца
як поўная сэрца крыніца
але як засушана сэрца
любоў дапаможа сагрэцца

іду праз бяду на Твой голас
іду праз нястачу і холад
іду праз пакуты зняменне
выносіць без вёсел цячэнне
ў прастору дзе слова праўдзіва
дзе слова і тарча і дзіда

мой Божа мой Божа мой Божа
з Табой і нядоля прыгожа
святое святло Тваё Ойча
святла не тушы не азмрочвай

ІШЛА
як жа ішла я
і не выходзіла з цемры
у пустэчы ўва мне і навокал
не ведала меры

ці жыву я не чую
ці мне толькі сніцца
не пытала ні ў кога:
што маю - як тым падзяліцца

не ўзнімаю вачэй ад сябе
папяровай грашовай
да Таго хто сам сябе ўнізіў
да смерці крыжовай

у нікчэмных парожніх спакусах
ажно патанула
аж пакуль не патраціла ўсё

тады ўсё і вярнула

і натуру сваю і жыццё
і над лугам прастору
добры Божа мне рукі прасцёр
і падняў мяне ўгору

* * *
з малітвай цёплай і цёпла вельмі
як сонейка прагравае вадзіцу
уберажы мяне Божа ад ведзьмы
ды адгані ад мяне ваўчыцу

з малітвай цёплай на цёплай градцы
душа святлее як свечка ў храме
падай руку як буду вяртацца
па кладцы ў Край, скуль няма вяртання

як буду ехаць у свет бялюткі
ляцець на крылах Святога Духа
анёлак будзе іграць на лютні
і Ты тады пра мяне падумай

КСЁНЖА
паміж мною і правам Божым
за мяне заступаецца ксёнжа

дае мне поўную ласку
цудам святой Эўхарыстыі
сумленне маё ў ім чыстае

ад мяне апрача грахоў
ксёнжа не мае нічога

мае ўсмешку Бога жывога

АПЯКУН
Xavier1
на Крыжы ўсміхаецца Укрыжаваны

птах
пагаі на маіх нагах
Яго раны

мільёны
выводзіў з вечнае ночы

заімглёны
сон на востраве Сончын2

адпачынак у Індыі ў Гоа3
асвячае святасцю Гродна

  1. чытаецца Хавэ, радзіма Францішка Ксаверыя, майго Святога
  2. востраў недалёка Ганконгу, дзе памёр Святы
  3. у касцёле ў алтары астанкі Святога

* * *
калі паміж мною і Духам Святым
ніякая моц не паўстане
тады не збірайце з лісточкаў вады
тады не будзіце світанне

калі ж і да сноў дзе спачыла любоў
прасочыцца Божае слова
тады адусюль пазбіраемся зноў
на светлае свята Хрыстова

ВЯЧЭРНІ
Божа будзь са мною ў сне
я люблю твой Божы соннік
а сарвецца сон як сончык
будзь як сонейка пры мне

Дух Святы Твой галубок
добрых дзён збірае пёркі
не згрызотаў прысмак горкі
асвятляй мой цёмны бок

Божа болем не карай
як жыццёвых сіл не стане
не адводзь святое ззянне
не тушы не адбірай

ДА МАЦІ БОЖАЙ У ВОСТРАЙ БРАМЕ
адчынена сэрца Марыі перад сусветам
над скрыжаваннем пагоджаных з воляю рук
вось гэты горкі аповед Бог пра мяне даўно ведае
кладу пацалунак пакутны на мой вастрабрамскі брук

жыццё мяне сцісне а сэрца жывога не вырве
абступяць з балота падлюгі паставяць сумненні сцяной
прыходжу я з-за балота да вастрабрамскае Вільні
ціха кажу падымі мяне адну мяне нада мной

ТОЛЬКІ ТАБЕ МОЙ БОЖА
АДДАЮ СВАЁ СЭРЦА
Ты размягчы Мой Божа маё каменнае сэрца
вылепі добрае сэрца як лепяць з воску ды з гліны
Ты прымацуй Мой Божа да сэрца святыя дзверцы
толькі Табе Мой Божа адчыняецца сэрца гасцінна

Ты о Мой Божа і Збаўца да Цябе працягваю рукі
Ты супакой мае думкі ды не трывож мае мукі
Ты не карай сваім гневам заходзь да мяне як дадому

хвала Айцу і Сыну і Духу Святому
аман

У СНАХ НА АБЛОКАХ
была я лёгкай як белы птах
тады я лётала ў снах
чыстай была як белы анёл
у снах не ўпала на дол

была я грэшнай ведзьмай была
лётаць у снах я магла
маланкай з громам у буры слоў
гарэла і лётала зноў

цяпер жыццё святое ў мяне
цяпер я лётаю ў сне
не ў вырай лячу а лячу дамоў
на белых аблоках сноў

двухрадкоўе
двух жывых сагрэтых струменяў
у сардэчнай пакоры імгненняў

святыя пакінулі грэшным сумненні

 

двухрадкоўе
двух жывых сагрэтых струменяў
у сардэчнай пакоры імгненняў

СВЯТЫЯ ПАКІНУЛІ ГРЭШНЫМ СУМНЕННІ

ВЯРТАННЕ
з чыстых нябёсаў злятае малая слязінка
ціха ідзе па загонах па жыце дажджом
кубак гарачага грому ці біскуп Лазінскі
ветрам як Духам Святым адчыняе мой дом

цуд абразы абнаўляе святлее хаціна
проста і слёзна на мове суседняй зямлі
просім збаўлення і долі ад Божага Сына
хлебачка просім і маем калі-нікалі

БІСКУПЦЫ ВЁСКА ІМЯ БІСКУПА
не спыталі ці хочам але Бог тое ведаў
не хацелі мы фермаў чужых сельсаветаў
не маглі ад прышэльцаў рукамі адбіцца
у захопленай духамі злымі капліцы

наша вёсачка мела святое імя
ад парадкаў нячыстых парадку няма
душы біскупаў не аддаюць свае вёскі
перасяляюць людзей пад бярозкі

AVE MARIA
да мяне Ты прыходзіла
ў домік маленькі
праз пабітыя шашалем сценкі

і гуляла праменьчыкам сонца
на лаве
Ave Maria Ave

за Табою прыходзім
з нікчэмнае смерці
па птушыных слядах
у абжытыя месцы
па лабірынтах знявагі і зла
да святога святла
да святла

У ЧЫСЦІНІ
зацвіла ў азерцы лілея
ад лілеі далеч святлее
туліць лілею святы Антоні
туліць Дзіцятка Святое

як азёрны квет у трысці
як мне быць куды мне ісці
каб нікога не зачапіць не чарніць
у чыстай да дна чысціні

шукаю сэрцам няспынна
у будныя дні і ў святы
сама вінавата і ўсім вінавата
ад здзічэлага Лоева
да запалячаных Крынак

СЯБРОЎКА
ёсць у мяне сяброўка
забалела яе галоўка

вясной улетку і ўзімку
збіраецца ў пілігрымку

збіраецца ісці пехатою
адна з малітвай святою

паскладвала чыста абновы
святы абразок папяровы

няма паміж намі прорвы
сяброўства высокай пробы

начальніц ветлівы тон
цяпер нас не данімае

злучае сляпы тэлефон
пенсія наша малая

УСЁ ДУХОВАЕ ВЕЧНАЕ
ад бяссоння па смерці
у бязгрэшныя сны
да найцяплейшай сцяны
да пакінутых статкаў
да расіцы з градкаў
да ўрослых у мох каміноў
да мокрых ад слёз камянёў
дамоў дамоў дамоў

словы духі сіроты
ад святой наіўноты
набіраюцца соладу
нібы мёду асоты
і мучацца ў цемрах стагоддзяў
аж пакуль на праменьчыку
нехта іх знойдзе

МАЛІТВА
АБ ХУТКАЙ БЕАТЫФІКАЦЫІ
Божа з нашага беднага Краю
намеснік Святога Пятра назначае
слугаў Тваіх на святыя пасады

з іх дапамогай праз Тваю ласку
пазбаў ад словаў чужых
дай нам свае словы

абарані ад духовай галечы
ад алкаголю
ад дзетазабойства

ад прагавітых абдымкаў суседзяў
якія нас душаць сваёю няволяй

няхай у святыя
дарога будзе добрай
як усе Твае цуды наш Божа

ЛЯМАНТ ДУШЫ ПОЛЬНАЙ ПАЭТКІ
паспрабавала прабрацца з хутару ў горад
з польным снапком за душой думала хопіць
любові цяпла на аўру містычнага плоту
застацца сярод прафесійных забойцаў
забіваюць цвікі забіваюць і не забываюць

завязніла ў камеры коціка шэрага
залізваць пустэчу польныя кветкі
засохлі ад грызні грызуноў гарадніцы
у Гародні ваўчыц карануюць канторы

ягнятка за плотам мастацтва скубае
сухую былінку вачамі колеру спелага моху
бачыць дваццаць стагоддзяў шыхт
усяго толькі ста пакаленняў

вочы Маці Хрыста з Галілеі галактыкі
а на хутары сцены адагравае прымурак
пятае пакаленне плот падае і ляжыць
абараняе ляжачы дзяўчаты і хлопцы
вяртаюцца на шарачку прасці кудзелю
стагоддзяў

нябёсы нябёсы нябёсы нябёсы
не баюся не бойся босенькая

ПАМІЖ ЧАСАМ І СОНЦАМ
неяк трымаюся
смерцю Тваёй пераможана
Крыжам за грэх перапрошана

нібы ў сярэдзіне часу
які прыпыніўся і дрэмле
а паміж мною і сонцам
анёлы на дрэве

раптам зачэрпне ад грому
ўтопіць вядзёрка па воселка
возьме ў нябёсы дадому
хмарку ягнятка і восліка

з сонечнай песняй
прышле мне замежную візу
Брат мой духоўны
Паэта Францішак з Асізі

быццам ніякіх навацый
думкай запоўніць навейшай
сэрцы святыні і пляцы
прастору бязмежжа

святой любові агні
гараць у святой глыбіні
урачыстасць самоты

 

святой любові агні
гараць у святой глыбіні

УРАЧЫСТАСЦЬ САМОТЫ

БЕЛЫ ГАЛУБОК
у тым блакіце дзе анёлаў крылы
спляліся з хмаркамі ў вяночак мілы
сусвет трымае белы галубок
сусвет трымаць яму даў права Бог

давайце ж заспяваем са святымі
няхай на крылцах галубок падыме
наш Край з дрыгвы аж да нябёсных брам
і прывядзе ў высокі Божы Храм

* * *
хто злосці ўскладае малітвы
ад страху на полі бітвы
а хто ратуецца ў чыстых вачах
колеру спелай алівы

у проламках маці-Зямлі
ад болю шукаюць смерці
у сэрцы якое ўмее гаіць
у вогнішчы міласэрдзя

нічога не мусіць стацца
мой страх адкупіў мой Збаўца
змагу схавацца ў дупло душы
змагу сабою застацца

* * *
стамляюцца струны
ў старым піяніна
пабіўся збаночак
стамілася гліна

як бура ў бары
гэтак сэрданька ные
так сэрданька ные
а людзі зямныя

а кожны з іх першы
і кожнага здрадзіць
і ўсё гэта ведае
Божая Маці

БЕЗ СВЕДКАЎ
шнурую словы ў шнурочак
так посна так нескаромна
таму мне светлыя ночы
што цёмнаму ноччу цёмна

іду разоркай начною
як зорка да вадапою
ідзе дарога ў бяссмерце
на гэтым на гэтым свеце

а людзі хочуць як лепей
таму без іх мне раскоша
наш Ойча хто ёсць на небе
свяціся Імя Тваё Божа

пакуль шнурую шнурочкі
з сабой іду сабе ў прочкі
сухія думкі ламаю
ламаць з кім хлеба не маю

ВЕДАЮ ЎСЁ
ранкам прачнулася перажагналася
добраму Богу слязой спавядалася
ціха паплакала бы прагулялася

белым сувоем вымытай вуліцы
соннай ракою дзе плавалі вуліцы

ў небе спаткаліся вочы з каметаю
ўголас падумала так усё ведаю
ведаю тое што ведаць баялася

але мой Божа ці мае значэнне
несці жыццё сваё супраць цячэння
вулічным тлумам насупраць упарта
але мой Божа ці ўсё гэта варта

ЗІМОВАЕ
гэты пустэльны сусвет
змрок гэты гэта мой дзед
гэты халодны бы вуж
плот гэты гэта мой муж

гэты што гнецца з-за крат
сад гэты гэта мой брат
гэты як вецер і снег
свіст гэты сон гэты брэх

хто калі мерзла адцёр
бегла чародка сясцёр
нехта прынёс мне на стол
лісцік Міхал Арханёл

болей сябе не аддам
рваць мяне напапалам
маю ў нябёсы квіток
там не дастане ніхто

* * *
стогнуць стагоддзі
бескарысна ніхто не прыходзіў
шчэ ніхто не прыходзіў каб знікнуць
душам трэба да неба прывыкнуць

КАЛЯДЫ
каляды пасярод начы
ступае Божанька па снезе
срабрысты месячык уверсе
і сагравае і маўчыць

як быццам творыцца Імша
Імша ўрачыстая пад небам
Хрыстовым целам Божым хлебам
святая корміцца душа

куды прапаў мой вечны страх
а быў страшнейшы за мядзведзя
куды прапаў згубіўся недзе
у тых заснежаных кустах

памерці у галечы жыць
больш не баюся анічога
іду сцяжынаю да Бога
срабрысты месячык дрыжыць

РАНАК
на сівое соннае балота
ціха апускаецца яснота
сонца не ўзышло а разлілося
будзіць сонца соннае калоссе

нехта добры хто пануе цішай
нехта дужы гэты свет калыша
нехта цішу цэдзіць
млявай жменяй
меней
меней

КОНІК ГНЯДЫ Ў ЯБЛЫКІ
НАВОРВАЕ БУЛЬБАЧКУ
ЯКУЮ КАПАЮ
ЯКУЮ НЕ САДЗІЛА
думаю Божа мой Божа
дні прападаюць у сне
як бы жыла я прыгожа
конік вазіў бы мяне

як жа ты там да відзэнька
зоркі згрызаеш з расы
косю мой косю гнядзенькі
згрыз ты мае дзве слязы

на здратаваным гасцінцы
каля халодных магіл
яблыкі ў косі на спінцы
хай не закоцяцца ў пыл

лепшую долю з-пад пылу
выцягнуць можна было б
косю ты косю мой мілы
цёплыя губы і лоб

ЦЯБЕ Я ЎСПАМІНАЮ
адна ў заснежаным зімовым Краі
забытая няма ў мяне нікога
быў ты Кастусь цябе я ўспамінаю
падобнага да Бога маладога

пакораны народ не чуе болю
не мае абароны як святы
усё прайгралі і здалі без бою
згубілі Вільню і твае сляды

пайду па гэтай не сваёй сталіцы
усім гуртом пакінуты няхай
там буду ціха плакаць і маліцца
а ты з нябёсаў хустачкай махай

СІНІЦА
месячык сонна гарэў
у светлазорай старонцы
ткала сініца красёнцы
шчыглік ёй ручанькі грэў

ветрык ёй вочы гаіў
вочы ад працы балелі
ткала сувой на арэлі
гожы маленства наіў

пеўні вялі на прастор
градам бялілі аснову
песні бяссоннай абнову
шчырасць адзін яе ўбор

сцежку сную ад вады
ніткі пакручаны ў долі
я не шукаю патолі
сціснуты вусны заўжды

БУСЛІК І ХЛОПЧЫК
нёс маленькага хлопчыка бусел
да святой Маці Божай у Будслаў
каб яго ахрысціла сказала ты мой
а пасля аддала яго маці зямной

не згубіўся малы ў балаціне
на той кладачцы тонкай націне
нарадзіўся таму не згубіўся
той згубіўся хто не нарадзіўся

маці-грэшніцы родзяць анёлкаў
Божа склейвае сэрцы з асколкаў

СЫНАВА СЭРЦА
так мне сэрданька сынава ные
нашы душы таннеюць як грошы
паміры нас Святая Марыя
і прабач мне і сыну Сын Божы

змарнавалі дашчэнту што мелі
ні прыбытку ні чыстай нядзелі
і вясніца а холадна ўсюды
і маўчым як якія прыблуды

* * *
не прызнаная песня бядача
хто спявае цябе той і плача
цябе не сагрэе любоў

ты вяртаешся ціха дадому
а сустрэўшы нахабных знаёмых
пераходзіш на другі бок

можна пець як паэткі падлеткі
ды збірацца ў суполкі чародкі
можна блытаць жыццё і гульню

можна выйсці з духовай галечы
перад Богам высокім укленчыць
і згарэць перад Ім без агню

ГРАВЮРА
я падарую сабе
каб забыць пра няўдачы
графіку неба начного
у рамцы акна

ні змарнаваць ні згубіць
і не перайначыць
месячык зоркі і вербачку ў рамцы

аднак

Бога на небе начным
у акне я не бачу
але калі я не плачу
то я не адна

а на крыжовых дарогах
галодны жабрачы
мокры лядачы і спячы
край свету вайна

МІСТЫКА ЛІКАЎ
У БЕСМЯРОТНЫМ ЛЮСТЭРКУ НЕБА
1221

2002

поўнае шчасце маю ад бессмяротных кніжак
час бессмяротна трымае святыя высі
час бессмяротных вулак святога Асізі
дзе бессмяротныя лікі аднойчы сышліся
шэсць з пазалотай зорак у німбе святога Францішка
у цішы Яго касцёла такое святое сутонне
святы Антоні галубку пускае ў неба святое
а я перад імі на зэдлічку ніжэй за ўсіх мнішак

* * *
маё балота мой смутак
не плачу некалькі сутак
ні ў полі ні на балоце
ні з Богам ані ў ясноце

але ж іду прытуліцца
да той крацінай зямліцы
іду пагрэцца гасцінай
да цёплай норкі крацінай

БАЛЬСАН
нядзелькай светлаю хадзіла
бальсан сармацкае кадзіла
казельчыкі каціну мяту
сушыць закідвала на мату

падол андарака каляны
прапахлы ў кропе і каляндры
трапаўся да ўсяго быў падкі
ніколі не драмалі складкі

бальсан сармацкае кадзіла
начнога жаўранка будзіла
сунічкі вуснамі спяліла
супольна з Богам дзень бяліла

СНЕГ
закалыхалася гуленькі гушкі
сеюць муку невідочныя мельнікі
лётаюць лётаюць лёгкія гускі
і белалобыя і гуменнікі

кліча іх цёплае сіняе мора
вецер бяссонны ім звоніць у гуслікі
гыля гыля світальныя гусачкі
белым пер'ем засыпала горад

НЕЧАГА
нечага
што чысцей чым сляза жывічкі
ад цямна
пакуль сонца гляне
нечага шукала прамоклі чаравічкі
а чаго
і не ўспомніла зрання

цвітуць незабудкі ў даліне
суцэльным сінім каберцам
я ведаю Божа малую не кіне
а што з маім робіцца сэрцам

як з горкі да горкі
празрысты туман
прасейвае зоркі
такі ў мяне стан
ад роспачы да захаплення
як быццам злавіла аленя

НЕБА ДАЛЁКА
не замучыце неба грамамі
не закурыце неба дымамі
не задыміце і цыгарэтамі
не застрэліце неба ракетамі

не захопіце неба і танкамі
не затопчаце дзікімі танцамі
ні сваімі пампезнымі святамі
ні сваімі дарамі багатымі

САНЕТ
мой цэнтральны пляц свету
я на ім не жабрую манеты
ні санетаў чужых ні саветаў
і ад Бога ніякіх сакрэтаў

ночка чыстая мы не адны
побач Коця схавалася ў сны
дрэмле знічка ля шэрай сцяны
навакол размаўляюць званы

выпаўзаюць з цямрэчы пачваркі
іх музычка бутэлькі і чаркі
тут вядзьмаркі і ўсе недавяркі

што мне гэтых пачварак баяцца
тут не месца співацца страляцца
выганяю ўсіх вон з майго пляцу

* * *
не маю аніякага жадання
няма жадання каб было жаданне
нікому смутак мой не замінае
Бог з-за мяне загадаў не мяняе

дарогу крэсляць на палоскі цені
дратуюць конікі бруяць струмені
сястрыца-смерць заўсёды за спіной
і добра перад Богам быць адной

якога ж колеру душа малая
куды яна мае грахі хавае
мае грахі якой нейтральнай масці
мае малітвы на мае няшчасці

БАЛОТНАЕ РАННЕ
палоскі дзён праменяцца ў прасторы
на купінах балотных спеюць зоры
лятуць і прападаюць думкі-стрэлы
у сны заспаныя у ранак спелы

а чапля лапкі падціскае ў лёце
а крык яе зяленіцца ў балоце
а навакол азёр жывых яскрота
а ў Бога вочы колеру балота

РУКІ КАШТАНА
а шурпатыя рукі старога каштана
пазбіралі на кніжку мяне нечакана

МАЦЯРЫНСКАЕ
ці ёсць такая краіна
вось зараз дзе ў людскай хаце
маці выхоўвае сына
як Езуса Хрыстуса маці

Драгічын Скідаль і Мядзель
там ёсць зацішны куточак
дзе аслабелыя маці
сваіх не баяцца дочак

астатнія людскія справы
вершацца самі сабою
што даў нам Божа ласкавы
трымаецца толькі любоўю

НА ДОСВІТКУ
хто закінуў на хмаркі мярэжы
гэта вецер з заснежанай вежы
ён бяссонны і грэшны ён першы
б'юцца словы бы рыбіны ў вершы

нехта ж грае на лютні наверсе
на святой вышыні паднябесся
пачынаецца ветрава песня
галубок чысціць перыйка ў снезе

шчэ бяссонная хмарка заспана
шчэ не дыхаюць духі аргана
шчэ прасветлена плакаць зарана
шчэ нічогачкі не змарнавана

ДОЖДЖ
вось едзе едзе дзядзька багаты
вон выганяе сонейка з хаты
гром

за дзядзькам громам мокры і босы
чые сястрычкі буйныя росы
дождж

ім вандраваць зусім недалёка
дожджык шаптаў а гром за валокай
граў

там дзе зрабіла рака грымака
крэмзаў прастору гарачым рабром
кола раскручваў над кручаю гром
роў і рыкаў

дождж перастаў ісці з макратою
спяць у дзядоўніку чмелікаў трое
чмелікаў трое

ВЫЦІНАНКА
на дзве роўныя лісцінкі
чысты ліст паперы склаў
ад слязінкі да слязінкі
выцінанку выцінаў

гэтак Божа свет стварае
нібы свой жывы абраз
так прыгожа паўтарае
толькі ўверх нагамі нас

тата мама Рэня я
наша рэчанька Гаўя
а за рэчанькай Гаўёй
тыя ж мы ўніз галавой

так дваімся ўчатырох
так нас паўтарае Бог
а хто стаў да Божых Брам
мы ўсе разам тут і там

У КАПЛІЦЫ
у снах маіх цёмных сніцца
на свянцонай зямлі капліца

між глухіх нямых
аслеплых пагоркаў
гучыць святое барока

ДУША
душа салоўка
замрэ салодка
на самай горцы
прастора Творцы

 

між сонным сонцам і соннай зямлёй
душа размаўляе з душой

 

Publishing House PRO CHRISTO
Copyright © 2003 PRO CHRISTO
Тэксты і выбраныя фрагменты прызначаны толькі для асабістага карыстання,
без якіх-небудзь зменаў,
з абавязковым указаннем аўтарскіх правоў і спасылкі на крыніцу.