Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


КСЁНДЗ ЮЗАФ БАРАДЗЮЛЯ


C’EST LA CONFIANCE

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

Прэзентацыя кнігі
Хрысціны Лялько «На далонях любові»

19 красавіка 2006 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы прайшла вечарына, прысвечаная прэзентацыі кнігі паэзіі «На далонях любові» вядомай беларускай пісьменніцы Хрысціны Лялько. Кніга «На далонях любові», у якую ўпершыню ўвайшлі асабістыя вершы пісьменніцы, яе пераклады вершаў замежных аўтараў, пераважна польскіх святароў.

Кніга была падрыхтавана супрацоўнікамі выдавецтва «Pro Christo» і выдадзена выдавецтвам «Канфіда» да залатога юбілею пісьменніцы.

Вечарына, у якой удзельнічала творчая інтэлігенцыя, пісьменнікі, мастакі, музыканты, супрацоўнікі выдавецтва «Pro Christo», распачалася цудоўным музычным творам «Ave Maria» у выкананні Алёны Калечыц (скрыпка) і Анастасіі Юшко (фартэпіяна). Імпрэзу адкрыў дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы С. Вечар, які ад імя ўсіх супрацоўнікаў музея, дзе пачала свой працоўны шлях Хрысціна Лялько, выказаў радасць з нагоды юбілею і павіншаваў паэтку з выхадам яе кнігі. Потым слова ўзяла вядучая вечарыны — загадчыца навукова-асветніцкага аддзела Л. Давідоўская, якая пазнаёміла прысутных з жыццёвым шляхам Хрысціны Лялько.

Народны паэт Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы Ніл Гілевіч вельмі высока ацаніў уклад Хрысціны Лялько ў беларускую літаратуру. Да яго разрагаў далучыліся прамовамі крытык і вядомая пісьменніца Ала Сямёнава, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы Данута Бічэль, якая прачытала верш-прысвячэнне сяброўцы-аднадумцы. Пісьменніца Ірына Жарнасек, даўняя сяброўка Хрысціны Лялько, успомніла іх першую сустрэчу ў Каралішчавічах на семінары маладых пісьменнікаў. Паэтка і даследчыца Ірына Багдановіч, таксама чытала верш-прысвячэнне аўтарцы. Затым паследавала яскравае слова пісьменніка Франца Сіўко, які акрамя асабістага віншавання, агучыў цёплае прывітальнае слова ад ардынарыя Віцебскай быяцэзіі біскупа Уладзіслава Бліна, якое не пакінула раўнадушным нікога.

Вершы з кнігі Хрысціны Лялько «На далонях любові» і апавяданне «Мурза» прагучалі на вечары ў майстарскім выкананнні артыста Анатоля Жука. Вечарына была таксама аздоблена прыгожымі рамансамі ў выкананні Віктара Шабуні і музычнымі творамі, якія выконвалі Марына і Алёна Калечыц і Анастасія Юшко.

Напрыканцы вечарыны Хрысціна Лялько па гарачай просьбе ўсіх прысутных сама прачытала некалькі сваіх вершаў, шчыра падзякавала ўсім, хто прыйшоў на гэтую ўрачыстасць, і падзялілася некаторымі ўспамінамі аб сваім жыцці і творчасці, а таксама аб працы ў музеі.

У час вечарыны прагучала шмат добрых шчырых слоў у адрас адметнай беларускай паэткі і празаіка, галоўнага рэдактара часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера» Хрысціны Лялько, якая прысвяціла сваю стваральную працу людзям і Богу.

Алена Сямёнава

 



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар