Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


УМЕЛАСЦІ


РАБІ З ІМ, ШТО ХОЧАШ

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

Прэзентацыя кнігі Ніла Гілевіча «На флейце самоты»

13–14 красавіка 2005 г. у Гродна прайшлі творчыя сустрэчы з народным паэтам Беларусі, заслужаным дзеячам навукі, прафесарам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Я. Купалы Нілам Гілевічам. Падчас гэтых сустрэчаў адбылася прэзентацыя новай кнігі паэта «На флейце самоты», якая нядаўна з’явілася ў выдавецтве «Pro Christo». Актыўны ўдзел у сустрэчы прыняла галоўны рэдактар «Бібліятэкі часопіса “Наша вера”» пісьменніца Крыстына Лялько.

Найперш гасцей прымаў Гродзенскі каледж мастацтваў. У 11.00 у актавай зале былі заняты амаль усе месцы. За кулісамі таксама хваляваліся студэнты — яны рыхтавалі сюрпрыз для паэта. На пачатку Ніл Сымонавіч, якога аудыторыя прывітала цёплымі апладысментамі, расказаў крыху пра сябе, пасля прачытаў некалькі сваіх вершаў. Вельмі пранікнёна гучаў з вуснаў аўтара яго верш «Жыта, сосны і валуны...». Што дзіўна, паэт расказваў пра сваё, патаемнае, і ў той жа час, напэўна, кожны з прысутных неяк незаўважна перанёсся на сваю малую радзіму, да свайго самага запаветнага.

Пасля выступіла пісьменніца Крыстына Лялько. Яна расказала пра тое, як нараджалася справа каталіцкага друку на Беларусі, пра цяжкасці, з гэтым звязаныя, пра сучасныя праблемы, якія датычаць выдання каталіцкай прэсы.

Пазней навучэнцы каледжа дэкламавалі вершы Ніла Гілевіча, спявалі песні на яго словы (музыку да гэтых песень напісала адна з выкладчыц каледжа).

Пасля заканчэння сустрэчы паэт падпісваў жадаючым сваю новую кнігу. Часопісы «Ave Maria», «Наша Вера», «Каталіцкія навіны», экцыклікі і кнігі Святога Айца Яна Паўла ІІ (дарэчы, у перакладзе пісьменніцы Крыстыны Лялько), і іншыя выданні, прадстаўленыя выдавецтвам «Pro Christo», таксама карысталіся вялікім поспехам у студэнтаў і выкладчыкаў каледжа.

У 14.00 адбылася яшчэ адна творчая сустрэча — на філалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я. Купалы. Акрамя Н. Гілевіча і К. Лялько ў сустрэчы прынялі ўдзел гродзенскія літаратары — вядомая паэтка Д. Бічэль, літаратуразнаўца А. Пяткевіч, паэт Ю. Голуб. У гэты дзень у актавай зале ГрДУ сабраліся вельмі актыўныя слухачы — пытанні ліліся ракой. Пасля заканчэння сустрэчы каля пісьменнікаў утварылася доўгая чарга — усе жадалі атрымаць кнігу з аўтарскім подпісам.

На наступны дзень у 10.00 адбылася сустрэча ў Гродзенскай гарадской бібліятэцы. Прысутнічалі на ёй супрацоўнікі ўсіх бібліятэк горада. Зала тут была меншая, слухачоў адпаведна было не вельмі шмат, але сустрэча прайшла ў цёплай, камернай атмасферы.

Таксама і тут, як і на папярэдніх сустрэчах, была магчымасць атрымаць новую кнігу Ніла Гілевіча з подпісам аўтара, а таксама набыць кнігі і часопісы, выдадзеныя выдавецтвам «Pro Christo». Асаблівым поспехам карысталіся часопісы «Наша вера» і «Ave Maria» са спецыяльным выпускам, прысвечаным святой памяці Папу Яну Паўлу ІІ. Жадаючыя маглі таксама набыць новую кнігу народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля «Блакітны зніч» (выдавецтва «Pro Christo»). Іван Антонавіч спецыяльна для землякоў падпісаў каля сотні экзэмпляраў свае новай кнігі.

Т. Мухляда

 

 

 



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар