Belarussian Russian Polish English Germany
Увага! Даступныя поўныя тэксты некаторых выданняў.

Новыя выданні


КСЁНДЗ ЮЗАФ БАРАДЗЮЛЯ


C’EST LA CONFIANCE

Яшчэ>>>

Рыхтуецца да друку


ТВІТАР З БОГАМ


Я ВЕДАЛА ЭДЭЛЬ КУІН

Яшчэ>>>



АКЦЫІ

Прэзентацыя кнігі Ніны Мацяш «Богава дрэва»

27 красавіка 2005 г. у Беларускім дзяржаўным універсітэце на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта адбылася творчая сустрэча з паэткай і перакладчыцай, лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова Нінай Іосіфаўнай Мацяш. Падчас гэтай сустрэчы адбылася прэзентацыя яе новай кнігі вершаў «Богава дрэва», якая нядаўна выйшла ў выдавецтве «Pro Christo».

Аўдыторыя вітала пісьменніцу апладысментамі, стоячы — у зале не было свабодных месцаў. Акрамя студэнтаў і гасцей на сустрэчы прысутнічалі таксама сябры і калегі Ніны Мацяш — Н. С. Гілевіч, С. С. Панізнік, А. І. Вярцінскі і інш.

У сваіх першых словах Ніна Іосіфаўна папрасіла прабачэння за сваё спазненне (прычынай стала паломка аўтамабіля, які давялося рэмантаваць амаль цэлую гадзіну), пасля чаго сардэчна падзякавала арганізатарам сустрэчы і ўсім прысутным на ёй.

На пачатку свайго выступлення паэтка прадставіла слухачам сваю дзіцячую кнігу «Адведзіны лета» (пра беларускую флору і фауну). Ніна Іосіфаўна адзначыла, між іншым, што гэтая кніга разлічана на чытача ва ўзросце «ад піянера да пенсіянера» — гэта значыць, што кожны чытач знойдзе ў ёй нешта цікавае для сябе.

Пасля Ніна Мацяш зачытала некалькі ўрыўкаў з кнігі «Поры года» — перакладу паэтычнай сімфоніі бельгійскага паэта Франсуа Жакмэна. Вясна, лета, зіма, восень — поры года, якія сімвалізуюць у кнізе адпаведны душэўны стан чалавека. «Звычайная доля — сядзець пад лістком», — чытала Ніна Іосіфаўна і міжволі прымушала кожнага з прысутных задумацца пра ўласную долю, пра штодзённае змаганне, адміранне і аднаўленне...

Разам з Нінай Мацяш на сустрэчу прыехалі яе сябры з музычнага гурту «Бэз». У выпадку назвы гэтага гурту «бэз» — гэта не толькі прыгожая і пахучая кветка, але таксама абрэвіятура (БЭЗ — Белаазёрскі энергаметалургічны завод). Спявачка з гэтага гурту, якая, дарэчы, працуе інжынерам-металургам на гэтым заводзе, глыбока кранула прысутных сваім «неметалічным», чароўным голасам. Яна праспявала некалькі песень на вершы Ніны Мацяш: да адной з іх Ніна Іосіфаўна таксама напісала (ці «намармытала», як яна сама кажа) музыку. Іншая песня была прысвечана ўспаміну пра ахвяры катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Адной з ахвяраў гэтай трагедыі стала і аўтарка музыкі да гэтай песні — дзяўчына памерла 12 гадоў таму назад.

Урэшце, Ніна Мацяш прадставіла слухачам сваю новую кнігу «Богава дрэва». Ад усяе душы яна падзякавала рэдактару бібліятэчкі часопіса «Наша вера» і рэдактару кнігі — пісьменніцы Крыстыне Лялько — за яе душэўную дабрыню і арганізатарскія здольнасці, дзякуючы якім стала магчымым выданне гэтай кнігі.

Пасля слова ўзяў народны паэт Беларусі, заслужаны дзеяч навукі, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусі імя Я. Купалы Н. С. Гілевіч. Ён назваў Ніну Мацяш «паэткай вялікага таленту, вялікай шчырасці і шчодрасці душэўнай». Ён адзначыў, што ў паэзіі Ніны Іосіфаўны не знойдзеш «пустых» радкоў, а гэта сведчыць пра высокі прафесіяналізм, агульную культуру працы ў літаратуры. «Перад намі высокаінтэлектуальная паэзія. Вершы напісаны не проста паэтам, але асобай. Бо не кожны паэт — асоба...», — працягваў Гілевіч. «Светланосная Ніна» — так напрыканцы сваёй прамовы звярнуўся Ніл Гілевіч да паэткі з падзякай за тое, што ў яе паэзіі столькі святла, дабрыні і любові.

На заканчэнне сустрэчы Ніна Мацяш шчыра пажадала ўсім здароўя і шчасця. Узгадваючы верш «Купальскае» са сваёй новай кнігі, Ніна Іосіфаўна з асаблівым заклікам звярнулася да маладых людзей, прысутных у аўдыторыі: «Шукайце сваю ўласную папараць-кветку. Верце, што знойдзецца яна і для беларуса».

 


 

 


 



Выдавецтва | Бібліятэка | Новае | Рыхтуецца | Кантакт | Веб-майстар